Вы тут

Заставацца маладым у 70? Валанцёры сярэбранага ўзросту сцвярджаюць, што гэта магчыма


Мы прызвычаіліся, што валанцёрамі становяцца пераважна маладыя людзі. Статыстыка пацвярджае — у сярэднім добраахвотнікам 24 гады. Але ёсць пажылыя людзі, якія разбіваюць гэтыя стэрэатыпы. Валанцёры ў шаноўным ўзросце дапамагаюць адзінокім старым і інвалідам, навучаюць равеснікаў камп'ютарнай грамаце і фінансавай бяспецы, спяваюць, танцуюць, ладзяць канцэрты і такім чынам даказваюць, што і ва ўзросце за 70 можна заставацца актыўным. Месцаў, дзе можна быць карысным і дзе вашу ініцыятыву падтрымаюць, таксама багата. Гэта тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, царкоўныя прыходы, прадстаўніцтвы Чырвонага Крыжа...


Фота: БелТА.

Дапамога і навучанне равеснікаў

— Значнасць валанцёрскай дзейнасці людзей сярэбранага ўзросту і неабходнасць яе развіцця адзначана ў Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030» як адна з задач уцягнення пажылых у жыццё грамадства, — адзначае кансультант упраўлення сацыяльнай падтрымкі, апекі і папячыцельства Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Дубовік.

У 146 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і 92 дамах-інтэрнатах па ўсёй краіне працуюць «сярэбраныя» валанцёры. Іх больш за тры тысячы.

— Гэта людзі, якія выйшлі на пенсію і маюць сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, гатовы бескарысліва дапамагаць людзям, навучаць іх. Пры іх дапамозе рэалізуецца вялікая колькасць ініцыятыў пры тэрытарыяльных цэнтрах і дамах-інтэрнатах, — расказвае Вольга Дубовік.

Найперш гэта клопат і падтрымка адзінокіх пажылых і людзей з інваліднасцю. Дзейнічае «Цэнтр валанцёрскай дапамогі», дзе існуюць такія паслугі, як памочнік на гадзіну, валанцёр-сувязны, а таксама школы догляду і клопату. У школах бяспекі, камп'ютарнай пісьменнасці, на моўных і курсах па фінансава-эканамічнай бяспецы валанцёры сярэбранага ўзросту працуюць па прынцыпе «роўны навучае роўнага».

Яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці — наведванне дома адзінокіх пажылых людзей для псіхалагічнай падтрымкі. Асабліва актуальным гэта стала падчас пандэміі COVІD-19, калі людзі засталіся адны. Тады атрымала развіццё анлайн-падтрымка, а ў рэалізацыі ініцыятывы для людзей старэйшага ўзросту #яанлайн дапамаглі Чырвоны Крыж і кампанія А1.

Валанцёры сярэбранага ўзросту актыўныя і ў захаванні гістарычнай памяці: яны даглядаюць магілы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць аднаўляць пахаванні.

І работа, і баўленне вольнага часу адначасова — арганізацыя клубаў па інтарэсах, дзе пажылыя людзі знаходзяць сябе ў мастацкай самадзейнасці і іншых відах творчасці. Валанцёры танцуюць, спяваюць, ладзяць дабрачынныя мерапрыемствы, святочныя канцэрты і спектаклі не толькі ў сваіх установах, а і ў дзіцячых дамах, цэнтрах карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, дамах-інтэрнатах.

— Самым вялікім попытам у нашых пажылых людзей карыстаюцца гурткі і клубы па інтарэсах, творчая дзейнасць, — адзначае Вольга Дубовік. — Ёсць выдатныя прыклады, калі людзі ствараюць музеі пры сваіх дамах, праводзяць экскурсіі. Адзін з новых цікавых кірункаў — цэнтры патрыятычнага выхавання, дзе нашы пажылыя людзі дзеляцца з моладдзю сваімі ведамі і досведам.

Што прапануе Чырвоны Крыж?

У Беларускім Чырвоным Крыжы працуе 16 тысяч валанцёраў — як моладзь, так і пенсіянеры. Людзі старэйшага ўзросту ўдзельнічаюць у медыка-сацыяльнай праграме «Дапамога», падтрымліваюць адзінокіх і пажылых людзей, якія адзінока жывуць. Акрамя таго, удзельнічаюць у ліквідацыі надзвычайных сітуацый, аказваюць псіхасацыяльную падтрымку хворым на сухоты і тым, хто жыве з ВІЧ, кансультуюць на інфармацыйнай лініі таварыства 201, распаўсюджваюць веды аб міжнародным гуманітарным праве, кансультуюць людзей па пытаннях вакцынацыі і ўдзельнічаюць у іншых валанцёрскіх ініцыятывах. Усяго ў краіне больш за тысячу валанцёрскіх груп, якія дапамагаюць спраўляцца з рознымі выклікамі.

— Нашы валанцёры самі вырашаюць, колькі часу могуць патраціць на сваю дабрачынную дзейнасць. Мы клапоцімся аб іх эмацыйным стане і фізічным здароўі, і валанцёры, якія схільныя да рызык — тыя, хто працуе ў медыка-сацыяльнай службе, па надзвычайных сітуацыях — застрахаваны, — распавядае спецыяліст па рабоце з валанцёрамі Беларускага Чырвонага Крыжа Марына Трабухіна.

Служэнне пры царкве

Заўсёды рады бачыць валанцёраў і ў Беларускай праваслаўнай царкве, дзе таксама рэалізуецца нямала праектаў. Перад тым, як працаваць, валанцёраў навучаць адмысловым навыкам. Адзін з такіх праектаў — «Летняя школа жэставай мовы», якая сёлета праходзіла другі раз.

— Валанцёры брацтва Іаана Багаслова пры Свята-Духавым кафедральным саборы і храма ў гонар Святога Уладзіміра Хіраска прымалі ўдзел у рабоце школы жэставай мовы, каб потым працаваць з глухімі і людзьмі з аслабленым слыхам, — расказвае намеснік старшыні сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Алег Лепешанкоў.

Акрамя таго, валанцёры могуць дапамагаць анкапацыентам, працуюць у хоспісах, дзіцячых ўстановах.

— Мы часта ў нашай дзейнасці сутыкаемся са смерцю, цяжкімі хваробамі, і наша задача — падтрымаць людзей, якія прыходзяць з запалам, якія нам давяраюць і хочуць дапамагаць, — кажа каардынатар добраахвотніцкага руху храма іконы Божай Маці «Усецарыца» Ірына Бабіч. — Гэта школы, трэнінгі, псіхалагічная падтрымка. Акрамя таго, пры храмах можна звярнуцца і атрымаць дапамогу ў духоўнікаў і свяшчэннікаў.

Новыя магчымасці

Работа валанцёраў сярэбранага ўзросту падтрымліваецца мясцовымі ўладамі. У кастрычніку — лістападзе праходзілі абласныя мерапрыемствы па заахвочванні валанцёраў, злёты. Усё гэта пашырае добраахвотніцкі рух. Сёлета колькасць «сярэбраных» валанцёраў у параўнанні з 2021 годам узрасла амаль на 40 %.

Стаць «сярэбраным» валанцёрам у нас у краіне можа кожны.

— Дастаткова звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання ў сваім раёне, і вам падкажуць накірункі, па якіх можна ўдзельнічаць у розных праектах. Што датычыцца дапамогі адзінокім, то тут мы адаём перавагу грамадскім арганізацыям, бо мусім быць упэўнены ў тых людзях, якія ідуць у дом да адзінокага пажылога чалавека, — тлумачыць Вольга Дубовік.

У Беларускай праваслаўнай царкве можна звяртацца ў аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні, які прымае добраахвотнікаў. Знайсці справу па душы можна ў брацтвах і прыходах, а пра ініцыятывы даведацца на сайце Беларускай праваслаўнай царквы. Ці проста патэлефанаваць па нумары сацыяльнага аддзела, расказаць пра ўласную ініцыятыву, агучыць свае пажаданні і ўключыцца ў тыя ініцыятывы, якія ўжо існуюць.

Усе рэкамендацыі, як стаць валанцёрам Чырвонага Крыжа, ёсць на сайце арганізацыі. Там жа можна запоўніць анкету са сваімі дадзенымі, пасля чаго з вамі звяжацца спецыяліст.

Памятайце, што стаць валанцёрам ніколі не позна. Звярніцеся ў згаданыя арганізацыі ці аб'яднанні, прайдзіце курсы. І ўбачыце, як з'яўляюцца магчымасці, якія раней вы лічылі нерэальнымі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.