Вы тут

Рарытэтныя фатаграфіі, касцюмы і атрыбуты: «Музей цырка» — новая візітная картка Гомеля


У абласным цэнтры пачаў працаваць гісторыка-дэманстрацыйны пакой «Музей цырка». Яго адкрыццё — падарунак жыхарам Гомельшчыны ў Год гістарычнай памяці і з нагоды паўвекавога юбілею Гомельскага дзяржаўнага цырку. Падрыхтаваная экспазіцыя дае магчымасць пазнаёміцца з этапамі развіцця цыркавога мастацтва ў рэгіёне.


Сярод эксклюзіўных экспанатаў музейнага пакоя — фатаграфіі першых цыркаў Расійскай імперыі і Гомеля, рэквізіт цыркавых артыстаў 70 — 80-х гадоў, а таксама касцюмы і іншыя атрыбуты сучасных зорак цыркавога мастацтва. Напрыклад, вядомы цыркавы прадзюсар, заслужаны артыст Расійскай Фэдэрацыі Гіі Эрадзэ асабіста перадаў у музейную калекцыю касцюмы, у якіх выступаў менавіта на гомельскай арэне. 

Удзел у адкрыцці гісторыка-дэманстрацыйнага пакоя «Музей цырка» ў Гомелі прынялі міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч і старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

У Беларусі стацыянарна працуюць толькі два цыркі — у Мінску і Гомелі. Музейны пакой у Гомельскім дзяржаўным цырку — сур’ёзны ўклад у захаванне гісторыі развіцця гэтага мастацтва, звярнуў увагу міністр культуры Анатоль Маркевіч:

— У гэтым унікальным месцы адбываюцца цуды. І дзеці, і дарослыя забываюцца на паўсядзённую мітусню, атрымліваюць асалоду ад цудоўнага дзейства, якое адбываецца на арэне. Юбілейны год — час для аналізу пройдзенага шляху, рэалізаваных ідэй і пастаноўкі новых мэтаў. Паўгода таму мы сустракаліся тут з калектывам — тады і прагучала думка стварыць музейны пакой, які раскажа пра ўнікальную гісторыю цырка. Сёння мы бачым, што наша задумка спраўдзілася, і я ўпэўнены, што людзі, якія прыходзяць сюды, будуць атрымліваць задавальненне ад наведвання музея і бачыць далейшыя перспектывы ў гэтай важнай і цікавай працы.

На цырымоніі адкрыцця музейнага пакоя старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко перадаў у экспазіцыю дакумент аб прызначэнні на пасаду 2 снежня 1972 года першага дырэктара Гомельскага дзяржаўнага цырка. Менавіта гэта дата — дзень афіцыйнага адкрыцця відовішчна-культурнай установы. 

— Я перакананы, што да таго матэрыялу, які вы ўжо сабралі, будуць дадавацца новыя экспанаты. Бо не адно пакаленне прыходзіла на прадстаўленні, у кагосьці засталіся афішы, фатаграфіі і нейкія ўнікальныя рэчы, звязаныя з гісторыяй развіцця цырка, — выказаў упэўненасць у тым, што з папаўненнем экспазіцыі музейнага пакоя дапамогуць жыхары Гомельшчыны Іван Крупко.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.