Вы тут

У Светлагорскім раёне ўзнагародзілі актыўных дзеячаў мясцовага самакіравання


Чаёўнічаць і абмяркоўваць новыя ідэі добраўпарадкавання роднага населенага пункта... Днямі самыя актыўныя жыхары гарадскога пасёлка Парычы Светлагорскага раёна атрымалі з рук старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярыны Зенкевіч адрасны падарунак — чайны сервіз. Так актывісты калегіяльнага тэрытарыяльнага органа самакіравання, створанага ў Парычах, сталі аднымі з удзельнікаў цырымоніі ўшанавання найлепшых памочнікаў старшынь сельвыканкамаў і дэпутатаў сельсаветаў Светлагоршчыны.


— Наш орган самакіравання на тэрыторыі Парыцкага сельсавета быў створаны восем гадоў таму і аб'яднаў 21 актывіста. Асноўная задача — дапамагаць вырашаць актуальныя праблемы нашых жыхароў пры супрацоўніцтве з сельскім саветам, акумуляваць ідэі, якія людзі мараць увасобіць у жыццё. Штогод збіраемся на суботнікі, наводзім парадак на нашай набярэжнай Бярэзіны — самым любімым месцы адпачынку жыхароў гарадскога пасёлка, — падзялілася старшыня калегіяльнага тэрытарыяльнага органа з Парычаў Алена Хандзецкая.

Алена Васільеўна ад сябе асабіста і ад імя актывістаў роднага населенага пункта перадала словы падзякі за тое, што работу сельскіх актывістаў заўважаюць і цэняць, а гэта дае сілы і настрой працаваць.

Між тым падзякі і грашовыя ўзнагароды ад кіраўніцтва Гомельскага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў атрымалі амаль тры дзясяткі памочнікаў старшынь сельвыканкамаў і дэпутатаў сельсаветаў. Ушанаванне актывістаў прайшло ў Доме культуры аграгарадка Чыркавічы Светлагорскага раёна.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч уручыла памочнікам старшынь шасці сельсаветаў раёна падзячныя лісты за іх уклад у вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, ажыццяўленне мясцовых ініцыятыў на тэрыторыі Светлагорскага раёна. Нягледзячы на тое, што памочнікі старшыняў сельвыканкамаў — людзі розных узростаў і прафесій, іх аб'ядноўвае любоў да роднага краю і шчырае жаданне, каб іх раён жыў і развіваўся, падзякавала вяскоўцам Светлагоршчыны кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна.

— Вы ўсім сэрцам хварэеце за родны край, гатовы прыйсці на дапамогу сваім землякам, выслухаць кожнага і дапамагчы. Вы — правая рука старшыняў сельвыканкамаў, іх верныя памочнікі: ведаеце, якія пытанні хвалююць мясцовае насельніцтва, з якімі праблемамі сутыкаюцца людзі і якія радасныя падзеі адбываюцца ў іх жыцці, — звярнулася да прысутных старшыня Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў Людміла Вялічка.

Па яе словах, традыцыю ўшаноўваць актыўных, неабыякавых да жыцця свайго роднага краю людзей у раёне распачалі ў 2018 годзе. З-за эпідэміі каранавіруса святочнае ўшанаванне лепшых актывістаў на вёсцы вымушаны былі абмежаваць. Сёлета зноў гэтую традыцыю аднавілі.

— Спадзяюся, што ў нашым вялікім раёне з кожным годам будзе ўсё больш і больш людзей далучацца да актыўнай грамадскай работы на тэрыторыі сваіх сельсаветаў, — заклікала кіраўнік Светлагорскага райсавета дэпутатаў.

Праца на вёсцы немагчыма без узаемадзеяння з усімі службамі, арганізацыямі.

— Своечасова аказаная дапамога, падстаўленае плячо, цярпенне і разуменне — гэта тое, з чаго складаецца супрацоўніцтва і сумесная праца, — нагадала сельскім актывістам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Светлагорскага райвыканкама Марына Граюшава. Яна падзякавала ўсім, хто прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, выступае з ініцыятывамі і прымае непасрэдны ўдзел у іх ажыццяўленні.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота sn.by.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.