Вы тут

Пабываць у гасцях у пісьменнікаў і паэтаў. Сабралі галоўныя адрасы


У прыхільнікаў беларускай літаратуры (а такіх сярод нашых чытачоў вельмі шмат) ёсць магчымасць зазірнуць у госці да класікаў. Спачатку прапануем пазнаёміцца з нашай падборкай, каб выбраць патрэбны для сябе адрас, а потым адправіцца ў літаратурную вандроўку ў госці да беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. А калі ў вас неўзабаве адпачынак, гэта наогул вельмі арыгінальная ідэя, як правесці свой вольны час цікава і адначасова карысна для сябе.


Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны»

Гэты маёнтак Багушэвічы набылі ажно ў 1749 годзе і да 1940-га яго карысталі. З 1990 года ў Кушлянах адкрыты Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Ф. Багушэвіча. На тэрыторыі сядзібы захаваліся хата паэта 1896 года пабудовы і каменная абора, а таксама стары парк. Маюцца ў ім дрэвы, пасаджаныя ў XIX і нават XVIII стагоддзі. Сядзіба дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у тыя часы. Прагульваючыся па тутэйшых алеях, можна адчуць сябе свабодным шляхціцам з высокім пачуццём годнасці.

Музей-дача Васіля Быкава

У 1993 годзе музей атрымаў у дар ад Васіля Уладзіміравіча больш за 1000 адзінак каштоўных матэрыялаў. У 2012-м удавой пісьменніка Ірынай Міхайлаўнай музею былі перададзены рэчы, якія знаходзіліся на дачы славутага творцы пры яго жыцці, а таксама некаторыя матэрыялы з кватэры ў Мінску (агулам — каля 1600 адзінак захоўвання). Нарэшце, у 2014-м, да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Васіля Быкава, на літаратурнай карце Беларусі з’явіўся новы музей. Экспазіцыя размясцілася ў памяшканнях колішняй пісьменніцкай дачы.

Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»

Першыя дакументальныя ўспаміны аб Завоссі датуюцца 1775 годам. Крыху больш чым праз два дзесяцігоддзі, 24 снежня 1798 года, тут нарадзіўся Адам Міцкевіч. На жаль, у ліпені 1916 года дом паэта згарэў, і толькі да 200-годдзя з дня нараджэння класіка было прынята рашэнне аб рэканструкцыі сядзібы ў Завоссі і стварэнні на яе тэрыторыі адпаведнага музея. Асновай архітэктурнага праекта стаў малюнак Э. Паўловіча, мастака з Навагрудка, які ён зрабіў летам 1843 года. 8 верасня 1998 года музей, які стаіць на падмурку згарэлага дома Міцкевічаў, адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

У адным з самых прыгожых месцаў сталіцы — Траецкім прадмесці — размясціўся музей, прысвечаны жыццю і творчасці паэта, усе творы якога былі прасякнуты любоўю да Радзімы. Літаратурны музей Максіма Багдановіча заснаваны 23 ліпеня 1981 года ў Мінску рашэннем Мінскага гарвыканкама, а адкрыты для наведвання 8 снежня 1991-га — да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта. Асноўны музейны фонд налічвае больш ад 14 тыс. адзінак захоўвання. Сярод іх асабліва вылучаюцца 5 экзэмпляраў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў М. Багдановіча «Вянок» (3 экзэмпляры з аўтографам паэта).

Беларуская хатка

Філіял знаходзіцца ў доме, пабудаваным у 1904 годзе на вул. Мала-Георгіеўскай (сучасная вул. Талстога). Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з постаццю Багдановіча (паэт жыў тут з кастрычніка 1916 да лютага 1917 гг.). У 1980-я будынак быў уратаваны ад зносу, зняты са свайго гістарычнага падмурка і перанесены на вуліцу Рабкораўскую (прыкладна на сто метраў ад свайго колішняга месцазнаходжання). Тады ж распачалася праца па стварэнні экспазіцыі філіяла. Шляхам рэстаўрацыі дому вярнулі першапачатковы выгляд, і 25 чэрвеня 1991 года адбылося адкрыццё.

Літаратурны музей Петруся Броўкі

У Мінску ў доме нумар 30 па вуліцы Карла Маркса, у чацвёртай кватэры з 1951 да 1980 года жыў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка. 10 ліпеня 1980 года ў былой кватэры паэта быў адкрыты літаратурны музей яго імя, які і сёння гасцінна прымае наведвальнікаў.

Хата-музей Петруся Броўкі

10 ліпеня 1980 года ў вёсцы Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі, таксама быў заснаваны мемарыяльны музей. Адкрылі ж хату-музей П. Броўкі ў ліпені 1985-га. Дом адноўлены на месцы радавой сядзібы творцы, у якой сям’я пражывала з 1925 года.

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

У старажытных Цімкавічах (упершыню ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца ажно ў 1499 годзе) прайшло дзяцінства і юнацтва знакамітага пісьменніка. Тут Кузьма Чорны скончыў двухгадовае вучылішча, працаваў у аддзеле народнай асветы і настаўнічаў. Музей пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам былога дырэктара навучальнай установы, заслужанай настаўніцы БССР Зінаіды Раманенкі. У 1993 годзе музею нададзены статус дзяржаўнага і створана новая эскпазіцыя.

Фальварак Ракуцёўшчына

Аднаўленне сядзібы Лычкоўскіх, стварэнне новага філіяла пачалося ў 1991-м. Сёння ён уключае наступныя музейныя аб’екты: Дом арандатара, Дом гаспадара, гумно, Максімаву крыніцу, помнік і Максімаў сад. Адразу быў адноўлены Дом арандатара, дзе ўлетку 1911 года жыў Максім Багдановіч. У гэтым доме, дзе, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася, створана музейная экспазіцыя.

Фота з архіва ДМГБЛ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.