Вы тут

Маладзёжная ініцыятыва ў Крычаве пашырыла экспазіцыю, прысвечаную ВАВ


Пад матэрыялы на дадзеную тэматыку ў Крычаве аддадзены былы будынак банка па вуліцы Савецкай. Хроніка ваенных падзей на крычаўскай зямлі ўзноўлена тут на плошчы больш чым 70 квадратных метраў. У аснову экспазіцыі пакладзены адзін з глабальных патрыятычных праектаў, якія Крычаў прысвяціў Году гістарычнай памяці.


Летапіс вайны

Мы ўжо пісалі пра мабільную выставу «Гераічны летапіс Крычаўшчыны», якая была створана актывістамі тутэйшага маладзёжнага парламента з лёгкай рукі дэпутатаў Крычаўскага райсавета. Яе прэзентацыя адбылася сёлета ў рамках тыдня тэматычных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Гэты праект стаў адным з 18 найлепшых ініцыятыў краіны і атрымаў фінансаванне. Летапіс ахоплівае ўсе перыяды ваеннага ліхалецця: абарончыя баі ў ліпені 1941 года, час акупацыйнага рэжыму і гераічнае вызваленне Крычаўшчыны. Сярод матэрыялаў — копіі дакументаў з фондаў музея, занальнага архіва і раённай пракуратуры, якая выявіла новыя злачынствы супраць насельніцтва. На сёння гэта самая поўная інфармацыя пра ваенныя падзеі ў Крычаўскім раёне. Выстава пабывала ва ўсіх арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах Крычава, атрымала шмат станоўчых водгукаў. І менавіта яна лягла ў аснову абноўленай экспазіцыі пра вайну.

— Адкрыццё залы Вялікай Айчыннай вайны ў асобным будынку стала падарункам роднаму гораду і пацвярджэннем таго, што наша моладзь з'яўляецца дастойнай пераемніцай і захавальніцай традыцый ды заваяванняў сваіх прадзедаў, — адзначыла старшыня Крычаўскага райсавета Ірына Пруднікава. — Адметна, што інфармацыя збіралася непасрэдна маладымі людзьмі, яны прапускалі праз сябе ўсе тыя падзеі. Мы са свайго боку дапамагалі там, дзе гэта было неабходна.

Патрэба ў новым памяшканні з'явілася тады, калі стала зразумела, што зала гістарычнага музея Крычава, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны, не ў стане змясціць такую вялікую колькасць новых экспанатаў. Якраз знайшоўся падыходзячы будынак. Пасадзейнічала апошняму дэпутат райсавета Ала Змітровіч — дырэктар цэнтральнага аддзялення «Беларусбанка» горада Крычава. Банк пераехаў у новы будынак, а былы вырашана было выкарыстаць для добрай справы. Акрамя тых матэрыялаў, якія былі сабраны падчас падрыхтоўкі праекта, сюды пераехала і частка тых, што захоўваліся ў гістарычным музеі і яго фондах. Усяго ў новай музейнай экспазіцыі задзейнічана каля тысячы экспанатаў.

— Вельмі зручна, што будынак размешчаны ў цэнтры горада, — адзначае старшыня Маладзёжнага парламента, дырэктар раённага гістарычнага музея Уладзімір Мішчанка. — Экспазіцыя ўнікальная тым, што ў ёй з'явіліся раней невядомыя факты, звязаныя з генацыдам. Новыя плошчы дазволілі нават узнавіць кавалачак той жахлівай гісторыі перыяду акупацыі. Для гэтага знаходлівыя арганізатары выкарысталі былое ўмацаванае банкаўскае сховішча для грашовых сродкаў — невялічкі пакойчык, дзе раней стаялі сейфы. Нават жалезныя дзверы з кратамі спатрэбіліся. Цяпер гэта камера для ваеннапалонных, падобная да той, што была ў крычаўскім лагеры смерці, які знаходзіўся на тэрыторыі цэмзавода. Аформленая з адмысловай падсветкай, яна выразна перадае тыя жахлівыя ўмовы, у якіх фашысты трымалі людзей.

Пакуль запоўнена яшчэ не ўся музейная прастора. Ёсць некалькі асобных пакояў, дзе можна рэалізаваць шмат перспектыўных ідэй. Уладзімір Мішчанка кажа, што ў адным з іх можа матэрыялізавацца Крычаў з яго сучаснай гісторыяй. Яшчэ ў адным, напрыклад, размесцяцца этнаграфічныя экспанаты.

Генератары ідэй

Крычаўскі Маладзёжны парламент — гэта 32 ініцыятыўныя маладыя чалавекі ва ўзросце да 31 года.

— У нашым парламенце ёсць прадстаўнікі ўсіх школ, але касцяк — менавіта працоўная моладзь крычаўскіх прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, — кажа Уладзімір Мішчанка. — Дарэчы, калі мы займаліся зборам матэрыялаў для гераічнага летапісу, пра асобнае памяшканне не было і размовы. Меркавалася, што выстава будзе выключна перасовачная. Але нас чакаў прыемны сюрпрыз. Над праектам працавалі паўгода. Частка музейных работнікаў — яшчэ і члены Маладзёжнага парламента, нам было прасцей звязаць ініцыятыву з музейнай работай. Не трэба было лішні раз адрываць людзей іншых прафесій. Выключэнне складалі толькі тыя, хто цікавіўся мясцовай гісторыяй. Адным словам, справай займаліся людзі, цалкам ёй адданыя. Дарэчы, нядаўна ў Палацы моладзі ў Мінску былі падведзены вынікі першага сезона гэтага конкурсу, і мы падрабязна расказалі пра свой праект. Мы вельмі ганарымся, што сталі аднымі з 18 пераможцаў конкурсу. Гэта вельмі прэстыжна. Заявак жа на яго было пададзена аж 493!

Наогул, напрамкі работы Маладзёжнага парламента самыя розныя. Гэта і добраўпарадкаванне, і экалагічныя мерапрыемства накшталт Тыдня лесу. Маладыя хлопцы і дзяўчаты — актыўныя ўдзельнікі ў жыцці горада. З апошняга, што ім прыйшлося рабіць, — ачышчаць Крычаў ад снежных завалаў. Яны аднымі з першых выйшлі на барацьбу з наступствамі стыхіі і цалкам пачысцілі прыпынак грамадскага транспарту каля бальніцы.

Горад для моладзі

Ірына Пруднікава звяртае ўвагу на тое, што ні адно дэпутацкае мерапрыемства ці пасяджэнне райсавета не абыходзіцца без удзелу Маладзёжнага парламента. Нядаўна, напрыклад, разам распрацоўвалі канцэпцыю ўстойлівага развіцця райцэнтра да 2035 года. Такая сумесная работа з моладдзю толькі на карысць гораду. Суразмоўца ўспамінае два найбольш знакавыя праекты, якія атрымалася ажыццявіць у 2022-м. Адзін з іх — дзіцячая пляцоўка, якая была створана да Дня Незалежнасці. У гэтай лакацыі знаходзіцца некалькі тэматычных алей, якія дапамагаюць папоўніць веды пра выбітных жыхароў горада, ёсць спартыўная і канцэртная пляцоўкі, дзе выступаюць школьнікі.

Папулярнасцю карыстаецца і экагарадок, які размешчаны непадалёк ад Маладзёжнага возера. Зроблены ён па ініцыятыве старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова. Тут уздоўж возера ўстаноўлена шэсць альтанак — падарунак ад шасці лясніцтваў, якія працавалі на ліквідацыі наступстваў майскага ўрагану. Упрыгожвае экагарадок навагодняя ёлка. Каля яе гэтымі святочнымі днямі шмат цікавых прадстаўленняў.

Сродкі для ідэй

Вядома, любыя праекты патрабуюць грошай, прычым немалых. Актыўнае насельніцтва, якое дапамагае, — гэта цудоўна, але ў Крычаве знайшлі дадатковы спосаб прыцягнення фінансаў. Дэпутаты параіліся між сабой і вырашылі, што папаўняць дэпутацкую скарбонку можна сродкамі ад суботнікаў. З 34 дэпутатаў райсавета —
19 кіраўнікоў лінейных арганізацый горада. Сказана — зроблена. Прынялі адпаведнае рашэнне і цяпер не ламаюць галаву, дзе знайсці лішнюю капейку на той ці іншы праект. Гораду ж двайная карысць. Па-першае, у ім становіцца чысцей і прыгажэй. Па-другое, ёсць сродкі на рэалізацыю важных народных праектаў. Дарэчы, добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі ў скверы 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі якраз за гэтыя сродкі і рэалізавана. Ініцыятыва ўвасобілася ў рамках абласнога праекта «Спадчыннікам Вялікай Перамогі!», прысвечанага Году гістарычнай памяці. Таксама быў добраўпарадкаваны гістарычны сквер, які знаходзіцца побач з будынкам, куды пераехала зала Вялікай Айчыннай вайны. Там ёсць і іншыя напаміны пра знакавыя моманты гісторыі горада. У Крычава яна наогул вельмі цікавая. У XVІІІ стагоддзі тут была нават суднаверф для расійскага флоту. Дэпутаты гэты гістарычны момант аформілі ў малых архітэктурных формах. На перакрыжаванні вуліц Савецкая і Ленінская з'явілася цэлая кампазіцыя па матывах мінулага ў спалучэнні з сучасным — вежа са шпілем, якая нагадвае пра марское мінулае Крычава, фантан і лавачка прымірэння. Месца стала сапраўднай разыначкай горада.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.