Вы тут

Аб чым Аляксандр Лукашэнка гаварыў пасля перагавораў з кіраўніком Зімбабвэ


Учора Прэзідэнты Беларусі і Зімбабвэ Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва правялі перамовы ў Дзяржаўным Доме (Стэйт-Хаўс) — афіцыйнай рэзідэнцыі зімбабвійскага лідара.


Пасля завяршэння перагавораў у фармаце «адзін на адзін» бакі сустрэліся ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.

Потым адбылася цырымонія падпісання двухбаковых дакументаў. У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаны пагадненні аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб стварэнні сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве. Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Зімбабвэ аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі. Таксама падпісана міжурадавае пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і прадухіленні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць. Яшчэ адно пагадненне — аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж гарадамі Мінск і Харарэ.

Па выніках па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ беларускі лідар адзначыў: «Мы падрабязна абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, якое значна актывізавалася за апошнія гады».

Асабліва кіраўнік беларускай дзяржавы акцэнтаваў увагу на дамоўленасці па падрыхтоўцы спецыялістаў па ўсіх напрамках, якія цікавяць зімбабвійскі бок. Дамовіліся таксама аб рэалізацыі інвестыцыйных і кааперацыйных праектаў у розных сферах, што стане асновай для прадаўжэння супрацоўніцтва. «У галіне прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і здабычы карысных выкапняў. Мы таксама дамовіліся, што гэтыя кантракты і нашы дамоўленасці, якіх мы сёння дасягнулі, стануць асновай для прадаўжэння нашага супрацоўніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Патэнцыял нашага ўзаемадзеяння вялікі, — дадаў Прэзідэнт. — І я ўпэўнены, рэгулярныя прамыя кантакты рознага ўзроўню дадуць магчымасць раскрыць яго як найлепш».

«Калі зімбабвійскаму боку будзе цікава стварэнне сумесных вытворчасцей у Зімбабвэ і ў Беларусі, мы гатовы на гэта ісці. Атрымліваючы сыравіну з Зімбабвэ, мы будзем разам з вашымі спецыялістамі перапрацоўваць гэтую сыравіну на прадпрыемствах у Беларусі. І такім чынам дзяліць адпаведны прыбытак. Таксама мы вітаем уваходжанне зімбабвійскага капіталу ў капітал нашых прадпрыемстваў», — сказаў беларускі лідар.

«Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць такая краіна — Беларусь, якая заўсёды гатова падставіць вам плячо ў любой сітуацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вынікі гэтага візіту пакладзем на шалі миру і прагрэсу».

Ён звярнуўся да жыхароў краіны, адзначыўшы, што сёння найбуйнейшыя дзяржавы планеты — уладныя людзі — спрабуюць падзяліць і перадзяліць гэты свет. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што Зімбабвэ багатая на карысныя выкапні, а таму спакойнага жыцця гэтай краіне ніхто не дасць. І ў гэтым у тым ліку прычына санкцый. «Санкцыі амерыканцы ўвялі супраць вас не таму, што вы не дэмакратычныя. А таму, што вы вырашылі ўзяць пад кантроль сваю краіну і карысныя выкапні. Вы не пускаеце сюды рознага кшталту міжнародных прайдзісветаў і жулікаў, каб яны карысталіся вашымі нетрамі. У гэтым прычына санкцый. Вас зноў, як гэта было ў мінулыя стагоддзі, хочуць паставіць на калені. А Прэзідэнт і ўлада Зімбабвэ гэтага не хочуць. Вось адсюль санкцыі», — сказаў ён. «Вас будуць узмоцнена разгойдваць, каб пасеяць смуту ў вашым грамадстве, вас будуць ставіць на калені. Але вы павінны вытрымаць. І вы вытрымаеце, калі вы будзеце адзіныя, калі не дапусціце ўнутры краіны сутыкненні ўласнага народа з-за нейкіх палітычных амбіцый або ілюзорных абяцанняў Захаду і Амерыкі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нам што б там ні было трэба прайсці гэты складаны перыяд у жыцці нашай планеты. Беражыце мір! Не здолееце гэта зрабіць — зноў трапіце пад каланіяльны прыгнёт». Прамова Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова суправаджалася апладысментамі.

«Афрыка даўно прачнулася. Без Афрыкі не можа быць перспектывы ў свеце наогул. Без Афрыкі свет развівацца не можа. Будучыня за Афрыкай», — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Ён адзначыў, што ў рамках пачатай у 2020 годзе праграмы па механізацыі ў фермерскія гаспадаркі Зімбабвэ беларускі бок паставіў больш як 1,8 тысячы трактароў і каля 80 збожжаўборачных камбайнаў. Гэта тэхніка дапамагла гарантаваць харчовую бяспеку краіны. «Але гэта толькі пачатак. Мы далі старт трэцяй фазе гэтай праграмы на суму звыш $66 млн. Яна прадугледжвае больш як 3,7 тысячы адзінак трактарнай тэхнікі, 60 камбайнаў для мясцовых аграрыяў на працягу бліжэйшых паўтара года», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, для патрэб мясцовых муніцыпалітэтаў у Зімбабвэ пачаты пастаўкі пажарных аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Акрамя таго, у Зімбабвэ ўжо паспяхова эксплуатуецца кар’ерная тэхніка БелАЗ. У бліжэйшы час плануецца паставіць яшчэ больш за 30 самазвалаў. Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Зімбабвэ забяспечваецца і сэрвіснае абслугоўванне беларускай тэхнікі.

На перагаворах з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай былі ў тым ліку абмеркаваны перспектывы развіцця супрацоўніцтва з Мазамбікам і тое, як можна перанесці напрацаваны з зімбабвійскім бокам вопыт на гэту краіну. Кіраўнік беларускай дзяржавы растлумачыў, што ў Эмерсана Мнангагвы добрыя адносіны з кіраўніцтвам Мазамбіка і ён можа аказаць садзейнічанне ў гэтым пытанні.

Эмерсан Мнангагва ў час размовы з журналістамі па выніках перагавораў падкрэсліў: «Гэты візіт умацоўвае, пашырае і кансалідуе нашы двухбаковыя адносіны». Ён адзначыў, што Беларусь аказвае вялікую падтрымку ў механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, развіваецца супрацоўніцтва і ў іншых сферах.

Учора з удзелам кіраўнікоў дзяржаў адбылася цырымонія перадачы беларускай тэхнікі. Тут ім коратка далажылі аб рабоце па пастаўках і абслугоўванні беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ.

Прэзідэнтаў сустракалі зімбабвійскія дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах з караваем у руках. Ён быў выпечаны з мясцовага ўраджаю, сабранага з дапамогай беларускай тэхнікі. 

У сваім выступленні на цырымоніі Прэзідэнт Беларусі сказаў: «Хачу падзякаваць амерыканцам і ўсяму заходняму свету за тое, што яны ўвялі супраць нас санкцыі. У адваротным выпадку на гэтым вялікім полі стаялі б не беларускія трактары, а амерыканскія і нямецкія», — сказаў Аляксандр Лукашэнка..

«Вы павінны памятаць: нас падзяляюць немалыя адлегласці, але мы гатовы заўсёды дапамагаць вам, мы гатовы прыняць вашу дапамогу. Мы гатовы вам падставіць плячо ў любы час, у любым месцы, вырашаючы самыя складаныя праблемы і задачы», — запэўніў беларускі лідар. Ён заклікаў народ Зімбабвэ захоўваць адзінства і пажадаў усім шчасця, міру і дабра, а таксама хлеба на сталах.

Аляксандр Лукашэнка падарыў калегу трактар для яго асабістай падсобнай гаспадаркі. У сваю чаргу Эмерсан Мнангагва падарыў Прэзідэнту Беларусі чучала льва — цара звяроў і адной з самых моцных жывёл у Афрыцы.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.