Вы тут

Што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?


Зімой, асабліва ў моцныя маразы і ветранае надвор'е, павышаецца рызыка сардэчнага прыступу, які называюць халадовым інфарктам. Каму ён пагражае і як яго пазбегнуць? Пра гэта расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.


— Святлана Аляксандраўна, раскажыце, што такое халадовы інфаркт?

— Пад халадовай стэнакардыяй (інфарктам) разумеюць прыступ загрудзінных боляў, які здараецца пры рэзкім перападзе тэмпературы. Узнікае ён з-за спазмы сасудаў, напрыклад у раёне канечнасцяў. Пры гэтым рэзка павялічваецца нагрузка на сэрца і можа развіцца рэфлекторная спазма сасудаў, якая пагоршыць кровазабеспячэнне галоўнай сардэчнай мышцы — міякарда. Не выключаецца развіццё нават паўнацэннага інфаркту.

— Калі і пры якіх абставінах гэта можа здарыцца?

— Часцей за ўсё праблема адзначаецца, калі чалавек выходзіць з цёплага памяшкання на вуліцу пры марозе. Найбольш часта такі інфаркт узнікае пасля моцных псіхаэмацыянальных перажыванняў, а таксама ў курцоў. У такіх людзей парушана работа вегетатыўнай нервовай сістэмы, што і з'яўляецца прычынай хваробы.

— У якіх выпадках гэта небяспечна і варта звяртацца да ўрача?

— Калі пры выхадзе на мароз ці, наадварот, пры заходзе ў цёплае памяшканне пасля марозу ўзнікаюць боль і дыскамфорт у грудной клетцы, то гэта нагода звярнуцца да ўрача. Ён прызначыць ЭКГ, аналізы, нагрузачны стрэс-тэст і халадовую пробу, падчас якой рукі пацыента апускаюць у халодную ваду і сочаць за рэакцыяй сэрца на ЭКГ.

— Ці можна неяк загартаваць свой арганізм, каб пазбегнуць халадовай стэнакардыі? Якія меры яе прафілактыкі?

— У якасці прафілактыкі інфаркту неабходна весці здаровы лад жыцця: паўнацэнна харчавацца, памятаць аб фізічнай актыўнасці, пазбягаць стрэсаў. Акрамя таго, пазбягаць рэзкіх перападаў тэмпературы, насіць цёплае адзенне па сезоне, выкарыстоўваць шалік і пальчаткі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.