Вы тут

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»


 «Чырвонка. Чырвоная змена» сустрэлася з галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса «Маладосць», выданнем, старонкі якога сталі стартавай пляцоўкай для юных паэтаў і празаікаў. Мы паразмаўлялі з Вольгай Рацэвіч аб літаратурных аб'яднаннях, вядомым конкурсе «БрамаМар», а таксама даведаліся, што трэба зрабіць, каб убачыць свой твор на старонках часопіса.


— Вольга Станіславаўна, вы, як галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», маеце непасрэднае дачыненне да творчасці маладых аўтараў. Распавядзіце, калі ласка, у чым адметнасць твораў сучасных аўтараў, якія толькі пачалі свой творчы шлях?

— Гэта рух у розных кірунках, і ён абсалютна натуральны, заканамерны. Маладым ва ўсе часы былі ўласцівыя пошук новых тэм і формаў, зварот да нераспаўсюджаных жанраў. Калі гаварыць пра паэзію, то адны аўтары ўсё больш адыходзяць ад класікі і выбіраюць свабодную форму верша; другія пішуць у так званай тэхніцы патоку свядомасці: без выкарыстання вялікіх літар і знакаў прыпынку. Трэція, наадварот (і адбываецца гэта значна радзей), звяртаюцца да цвёрдых формаў верша: санета, трыялета, лімерыка, запазычанага ў японцаў хайку.

Маладыя празаікі аддаюць перавагу апавяданню, радзей — аповесці. І ўжо зусім цяжка знайсці ў іх раман. Набірае моц жанр нон-фікшн. А як вынік самакапання і
самааналізу ўсё часцей узнікаюць рэфлексіі, імпрэсіі, мініяцюры, эсэ, заснаваныя на ўражанні ад той ці іншай з'явы, з уласцівымі ім лірызмам і псіхалагізмам.

— Наколькі маладыя аўтары, якія звяртаюцца ў часопіс, прагнуць эксперыментаў у літаратуры?

— Не так даўно ў рэдакцыю «Маладосці» даслала вершы студэнтка другога курса БДУ Яўгенія Касіловіч. Што здзівіла: яны напісаныя гекзаметрам — амаль забытым антычным метрам. Цікавы і даволі складаны выбар 20-гадовай дзяўчыны.

У лістападаўскім нумары ўпершыню ў «Маладосці» былі апублікаваныя творы пачынаючага паэта Алеся Гомана. У яго лірычных, часта сумных, нават у нечым фатальных вершах адчуваецца перайманне творчага стылю класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Здаецца, нейкае падабенства ёсць нават у знешнасці. Вось такі ўзор для творчасці абраў юнак.

Здзіўляюць і тэмы. Напрыклад, апавяданне Андрэя Дзічэнкі «Чатыры кілаграмы бактэрый», у якім ён апісаў адзін дзень з жыцця патолагаанатама, адкуль мы і даведваемся, якая менавіта колькасць бактэрый месціцца ў чалавечым арганізме. Альбо назіранні за сабой паўмёртвым у аповедзе Івана Мелава «Апошні дзень». Пачуваешся ніякавата, калі чытаеш.

Маладыя стараюцца звярнуць на сябе ўвагу і запомніцца ў тым ліку праз кідкія назвы ды падзагалоўкі. Напрыклад, «Філасофская рыба» ў Вольгі Шпакоўскай, «Сіррэалізм пасярод бруталізму Мінска» ў Яны Нікіфаравай, «Тварожнае возера» ў Яны Цэглы. Абіраюць незвычайныя псеўданімы: Ліндо Рандзір, Ліна Мрагі. Міфалагічныя казкі, фантастычныя нарысы, дакументальна-мастацкія біяграфіі — усё гэта ёсць у «Маладосці».

— У вашай рубрыцы «Пераклады» студэнты, якія вывучаюць замежныя мовы, друкуюць свае пераклады. Якія мовы і аўтары найбольш папулярныя ў маладых перакладчыкаў?

— Гэта даўні праект часопіса «Маладосць» і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, у рамках якога мы друкуем пераклады студэнтаў пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў. Гэта супрацоўніцтва даволі плённае і трывалае, развіваецца двума шляхамі. Праз гурток, у якім студэнты займаюцца перакладам мастацкіх твораў з англійскай мовы на беларускую пад кіраўніцтвам Марыны Васільеўны Макарыч. Таксама двойчы на год да нас на практыку прыходзяць студэнты-перакладчыкі з розных моў: кітайскай, італьянскай, іспанскай, нават арабскай. І ў першым, і ў другім выпадках студэнты атрымліваюць заданне зрабіць мастацкі пераклад твораў сусветнай літаратуры згодна са сваёй спецыялізацыяй. Найлепшыя пераклады мы публікуем.

У бягучым годзе былі апублікаваныя пераклады твораў Алана Мілна, Фрэдэрыка Джозэфа Марыета, Джэймса Джойса, Франчэска Даль Ангара, Італа Свева, Джэбрана Халіля Джэбрана.

— Літаратурны конкурс «БрамаМар» праводзіцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Наколькі ён папулярны сярод літаратурнай моладзі і якім чынам раскрывае пісьменніцкі патэнцыял?

— Сапраўды, конкурс, які распачаўся 11 гадоў таму на факультэце журналістыкі, за гэтыя гады стаў яшчэ больш папулярным. Набіраў моц, павялічвалася колькасць як твораў маладых аўтараў, так і намінацый. Акрамя «Прозы», «Паэзіі», «Мастацкага перакладу» з'явіліся «Крытыка» і «Драматургія». Спачатку толькі студэнты маглі браць удзел, пазней запрасілі праявіць свае здольнасці і школьнікаў. Думаю, сакрэт папулярнасці «БрамыМар» у самой атмасферы. Акрамя работы журы з дасланымі творамі, гэта творчыя сустрэчы, культуралагічныя і мастацтвазнаўчыя дыскусіі, майстар-класы ад вядомых пісьменнікаў.

Для мяне асабіста апошні конкурсны год быў цікавы яшчэ і тым, што я ўваходзіла ў склад журы. Прызнаюся, мы — рэдактары, выдаўцы — заўсёды чакаем вынікаў літаратурных конкурсаў, бо гэта ў тым ліку дапамагае нам заўважаць здольную моладзь. Пасля абмяркоўваем, дзелімся думкамі.

— Увогуле, ці дастаткова конкурсаў і іншых пляцовак для маладых аўтараў, дзе яны могуць рэалізаваць сябе ў творчым плане?

— Лічу, што дастаткова, прычым розных узроўняў і маштабу: рэгіянальныя, рэспубліканскія, міжнародныя. Думаю, амаль усе чулі пра конкурс апавяданняў газеты «Звязда», конкурс маладых літаратараў «Першацвет» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Звычайна да сваіх юбілеяў конкурсы праводзяць газеты і часопісы. Даволі часта іх аб'яўляюць Мінскае гарадское і абласныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. З міжнародных — «Мост дружбы» і «Садружнасць дэбютаў». Толькі ўдзельнічай!

Але заканамерна, што з'яўляюцца і новыя. Вось і часопіс «Маладосць» аб'яўляе конкурс на найлепшы празаічны твор для юнакоў і моладзі. Узрост удзельнікаў неабмежаваны, а вось аб'ём тэксту не павінен перавышаць чатырох аўтарскіх аркушаў. Творы пераможцаў складуць зборнік апавяданняў, які пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

— На вашу думку, чаму цяпер літаратурныя аб'яднанні сярод моладзі не такія папулярныя, як у мінулыя часы? Ці ўвогуле маюць патрэбу маладыя людзі ў новым «Узвышшы», «Маладняку», або зараз мы жывём у эру індывідуалістаў?

— Многія нават не ведаюць, якая іх колькасць па ўсёй краіне. Літаб'яднанні, літстудыі, гурткі працуюць пры ўніверсітэтах, бібліятэках, цэнтрах культуры і гэтак далей. Іх кіраўнікі — апантаныя, нераўнадушныя людзі, улюбёныя ў літаратуру. Яны падштурхоўваюць, падказваюць, дапамагаюць маладым. Менавіта яны дасылаюць нам у рэдакцыю творы сваіх навучэнцаў і такім чынам спрыяюць адкрыццю новых імёнаў. «Роднае слова» ў Горках, «Натхненне» ў Магілёве, «Альтанка», «Парнас», «Клумба» ў Мінску і многія іншыя. Дапамагаюць талентам прабіцца ў літаратуру і выкладчыкі, настаўнікі, накіроўваючы творы сваіх аспірантаў, студэнтаў, вучняў нам.

— Многія маладыя аўтары на пачатку свайго творчага шляху натхняюцца творамі вядомых пісьменнікаў. Некаторыя бяруць за аснову фільмы або серыялы і, кіруючыся іх сусветамі і героямі, ствараюць фанфікі. Як маладому аўтару знайсці сваю індывідуальнасць?

— Трэба зразумець, што такія пошукі — гэта норма, а пасля трэба дзейнічаць! Па-першае, неабходна развіваць свой стыль, выпрацоўваць тое, што называецца творчай індывідуальнасцю пісьменніка. Немалаважна таксама знайсці свайго творчага настаўніка, які дапаможа разабрацца, у якім кірунку рухацца.

Па-другое, неабходна ўдзельнічаць у літаратурных конкурсах і дасылаць свае творы ў літаратурныя газеты і часопісы. Альбо проста паказаць іх настаўніку ці выкладчыку. Калі ў вас ёсць цікавая гісторыя, пішаце вершы — заявіце пра сябе! І ў вас з'явіцца магчымасць папрацаваць з рэдактарам, апублікавацца. Паверце, рэдактар ніколі не пераследуе мэту пагоршыць тэкст — толькі палепшыць.

На сустрэчах са студэнтамі, моладдзю я заўсёды раю ім як мага больш чытаць. Тлумачу: калі чытаеце, выкладаць думкі будзеце правільна, станеце больш пісьменнымі. Хадзіце ў бібліятэкі, выпісвайце газеты і часопісы, наведвайце творчыя імпрэзы! Толькі праз эксперыменты, пошукі свайго стылю, дзякуючы рабоце з рэдактарам і публікацыям можна набыць літаратурную вопытнасць.

Ірына АЛЯКСЕЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?