Вы тут

Як працуецца мясцовай уладзе ў Мінскім раёне


«Дэпутат — пасада не кабінетная»,— сцвярджае старшыня Мінскага раённага Савета дэпутатаў Наталля ЖУК. Па колькасці насельніцтва Мінскі раён самы вялікі ў краіне (каля 260 тысяч чалавек), значыцца, самых разнастайных пытанняў, чалавечых праблем тут даводзіцца вырашаць вельмі шмат. Дэпутаты раённага і мясцовых Саветаў бяруць у гэтай рабоце непасрэдны і самы актыўны ўдзел.

Наталля Анатолеўна на пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў была абрана ў жніўні мінулага года. Але досвед у яе вялікі — раней была дэпутатам раённага Савета, доўгі час узначальвала Сеніцкі сельсавет, лічы, у прыгарадзе сталіцы. Так што аб спецыфіцы работы мясцовай улады «пад бокам» у мегаполіса ведае не па чутках.


— Наколькі вам сёння дапамагаюць калегі — дэпутаты райсавета, старшыні сельскіх Саветаў? — пачынаю гутарку з асабістага пытання.

— Хачу адразу адзначыць, што ў Мінскім раёне за апошні час сфарміравалася добрая і дружная дэпутацкая каманда. Гэта людзі, якія сапраўды хварэюць за сваю справу, за сваю выбарчую акругу і за раён у цэлым. Не памылюся, калі скажу, што з такой камандай можна выканаць практычна любую задачу.

Вялікую дапамогу парадай мне аказвала і аказвае да сёння старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Віктараўна Якубіцкая. Не раз яна ўдзельнічала ў сустрэчах з грамадзянамі, разам з намі знаходзіла аптымальнае вырашэнне некаторых пытанняў.

З усімі старшынямі сельсаветаў я была добра знаёмая раней. Але з тэрыторыяй мясцовых Саветаў мне прыйшлося пасля выбрання знаёміцца вельмі падрабязна. І без дапамогі старшынь гэта было б цяжка ажыццявіць. А яшчэ хачу адзначыць, што ўсе старшыні мясцовых Саветаў у Мінскім раёне валодаюць высокімі дзелавымі якасцямі, маюць багаты працоўны і жыццёвы вопыт. З імі сапраўды працуецца з задавальненнем!

А яшчэ мне вельмі падабаецца, што паміж старшынямі сельсаветаў Мінскага раёна наладжаны актыўны абмен вопытам. Напрыклад, у Крупіцкім Савеце створана база даных адносна людзей, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, знаходзяцца на розных відах уліку, злоўжываюць алкаголем, не працуюць. За такімі, як разумееце, патрэбны грамадскі кантроль. Гэта добры прыклад для іншых мясцовых Саветаў. Старшыні сельсаветаў, на тэрыторыі якіх ідзе актыўнае жыллёвае будаўніцтва, таксама гатовыя падзяліцца вопытам па вырашэнні праблем, што ўзнікаюць у ходзе выканання работ. Прыкладаў шмат.

— Дарэчы, пра жыллёвае будаўніцтва. Упэўнены, што ў краіне няма іншага раёна, дзе будаўніцтва жылля ідзе такімі бурнымі тэмпамі, а зямельныя ўчасткі карыстаюцца павышаным попытам. Пэўна, і ў мясцовай улады клопатаў тут больш, чым у калег з іншых рэгіёнаў?

— Асноўнай задачай органаў мясцовай улады з'яўляецца маніторынг правільнага выкарыстання зямельных участкаў. Каб не было такіх выпадкаў, калі ўчастак выдзелены для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, а там, напрыклад, пабудавалі дом альбо іншы будынак.

А яшчэ вельмі важная задача мясцовых Саветаў — падтрыманне парадку на зямлі. Каб не было пустазелля, інвазійных раслін, каб усе ўладальнікі зямельных участкаў былі добрасумленнымі землекарыстальнікамі. Прычым не толькі фізічныя, але і юрыдычныя асобы. Менавіта ў апошніх часцей бывае такое, што адна частка зямлі выкарыстоўваецца, а другая знаходіцца ў занядбаным выглядзе. Тут і ўключаюцца ў работу сельсаветы.

Нядаўна зямельнае заканадаўства змянілася. Новымі нарматыўнымі дакументамі, у прыватнасці, прадугледжана больш хуткае вырашэнне некаторых пытанняў. Напрыклад, дзяленне зямельных участкаў, выдзяленне дадатковых зямельных участкаў без правядзення аўкцыёнаў і іншае. Усё гэта вырашаецца калегіяльна органамі выканаўчай улады.

Некаторыя ж пытанні абавязкова вырашаюцца з удзелам Саветаў дэпутатаў. Напрыклад, людзі пасадзілі агарод, але пры будаўніцтве новага жылля праз іх участак неабходна пракласці інжынерныя сеткі да новых аб'ектаў. Увогуле, чыста жыццёвыя пытанні і займаюць большую частку дзейнасці мясцовых органаў прадстаўнічай улады.

На жаль, часта даводзіцца займацца і адабраннем незаконна занятых зямельных участкаў. Такія рэчы адбываюцца літаральна паўсюдна. І да кожнага выпадку трэба падыходзіць індывідуальна.

На мой погляд, самы эфектыўны інструмент у падобнай рабоце — своечасовае інфармаванне насельніцтва аб магчымых парушэннях заканадаўства. Вось на гэта мы і робім асаблівы акцэнт.

— Не магу не закрануць такое пытанне, як выхаваўчую работу сярод насельніцтва, асабліва сярод моладзі. Наколькі вялікую ролю падобная дзейнасць займае ў штодзённай рабоце раённага і мясцовых Саветаў?

— Пры раённым Савеце дэпутатаў існуе маладзёжны парламент. Гэта нашы найлепшыя маладыя актывісты. Я з імі працую з вялікім задавальненнем. З іх удзелам праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Асабліва папулярныя сустрэчы з грамадскімі дзеячамі, творчымі работнікамі. Нашых маладых парламентарыяў цікавяць пытанні таго, як навучыцца ўспрымаць сучасны паток інфармацыі, як аддзяляць дакладную ад недакладнай, якія прымаць рашэнні ў складаных становішчах. Але яны літаральна кожны дзень вучацца. І гэта дае вынікі.

Прывяду толькі адзін прыклад. Напярэдадні Новага году мы наведалі адну сям'ю, у якой выхоўваюцца шасцёра дзяцей. На жаль, гэтыя дзеці нядаўна засталіся без бацькі. Маладыя парламентарыі падрыхтавалі дзецям падарункі, а яны склалі для нас цэлую канцэртную праграму, якую вельмі цікава было назіраць. А ўвогуле падобных мерапрыемстваў праводзіцца шмат. Прыемна, што нашы маладыя калегі з'яўляюцца не толькі ўдзельнікамі, але і ініцыятарамі падобных мерапрыемстваў. Дадам, што вельмі цесныя і плённыя сувязі ў раённага Савета дэпутатаў склаліся з раённым камітэтам БРСМ.

І яшчэ: за кожны членам маладзёжнага парламента мы замацавалі сям'ю, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Зрабілі тое не дзеля таго, каб проста ажыццяўляць кантроль, а для таго, каб дзеці з такіх сем'яў мелі перад сабой прыклад маладога чалавека, які дабіўся ў жыцці поспеху.

Хачу падкрэсліць, што многія людзі проста не ведаюць, як працуюць дэпутаты. А яны, між іншым, не сядзяць у сваіх кабінетах, а ў найбольшай ступені працуюць сярод людзей, не шкадуючы сваіх сіл і часу дзеля таго, каб дапамагчы.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.