Вы тут

Тры пытанні пра смецце


Пасля выхаду матэрыялу «Гэтае невыноснае смецце...» (гл. «Звязда» ад 8.02.2023) у рэдакцыю паступіла некалькі пытанняў ад чытачоў наконт вывазу смецця. Мы пераадрасавалі іх спецыялістам прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Кантэйнер для збору пластмасы ў Жырмонах.

«А калі мне трэба выкінуць адзін матрац?..»

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя. Мяне завуць Галіна Фёдараўна Рамановіч, мне 80 гадоў. Узімку я жыву ў Мінску. А з красавіка да кастрычніка перабіраюся з мужам на Уздзеншчыну ў вясковую хату. Прачытала ў вашай газеце, што буйнагабарытнае і будаўнічае смецце трэба вывозіць за свае грошы на палігон. Я разумею, калі людзі, як, напрыклад, мае новыя суседзі, робяць маштабны рамонт. Дык яны наймалі трактар за ўласныя грошы і вывозілі ўсю старую мэблю, якая засталася ад былых гаспадароў дома. Плацілі больш як 60 рублёў. Ну дык гэта можна зразумець, бо ў іх шмат усяго было, поўны прычэп загрузілі. А калі мне трэба адну старую канапу выкінуць, дык што я машыну буду наймаць? Вядома ж, не. Так і іншыя: нясуць і складаюць хто канапу, хто матрац, хто лінолеум, хто кавалкі шыферу каля кантэйнераў. У выніку валяецца гэта смецце, псуе выгляд вёскі на працягу некалькіх тыдняў, а то і цэлы месяц, пакуль яго не вывезуць. Дык вось я прапаноўваю зрабіць адну пляцоўку на дзве вёскі, куды людзі маглі б звозіць старую мэблю і г. д. А раз ці два ў месяц праязджаў бы трактар і з аднаго месца забіраў усё тое буйнагабарытнае і будаўнічае смецце.

— Дадатковую пляцоўку для буйнагабарытнага смецця ствараць у сельскай мясцовасці не бачу сэнсу, — кажа майстар участка па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў і абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі УП «Уздзенская ЖКГ» Таццяна ДУБОВІК. — Гэта прапанова, магчыма, мае права на жыццё ў раённых цэнтрах і пасёлках, дзе ёсць шматкватэрныя дамы. Там шмат людзей на маленькай плошчы, таму, калі зрабіць пляцоўку побач з домам, усім да яе будзе аднолькавая адлегласць. У вёсцы ж адна вуліца можа быць і два, і тры кіламетры. Калі мы зробім пляцоўку для буйнагабарытнага смецця на ўездзе, то іншая жыхарка хутчэй за ўсё скажа «а мне далёка несці» і ўсё адно выставіць сваю старую канапу каля найбліжэйшага кантэйнера ў канцы вёскі. Людзі ўсё адно будуць выкідаць смецце там, дзе ім зручней. Тым больш у нас ёсць смеццявоз з задняй загрузкай спецыяльна для збору буйнагабарытнага смецця. Перыядычна грузчык і кіроўца аб'язджаюць усе вёскі і збіраюць па кантэйнерных пляцоўках старую мэблю, дошкі, цэглу, шыфер, лінолеум... Таму, паўтаруся, узводзіць яшчэ адну дадатковую пляцоўку няма сэнсу. Гэта лішнія выдаткі. Плюс, маючы на мэце ачысціць ад будаўнічага смецця існуючыя кантэйнерныя пляцоўкі, мы зробім дадатковую звалку.

«А вось бы і ў нашай вёсцы з'явіўся такі кантэйнер...»

Чатыры гады таму мы з сям'ёй пераехалі жыць у вёску пад Уздой, — піша Уладзімір Д. — Па выхадных любім сесці ў машыну і паездзіць па раёне — так знаёмімся з новымі месцамі. Неяк праязджалі праз маленькую вёсачку Жырмоны. Прыемна здзівіліся, калі ўбачылі, што там стаіць кантэйнер для збору пластмасы. Падумалі з жонкай: цудоўна было, калі б і ў нашай вёсцы з'явіўся такі ж. Наколькі гэта рэальна і што трэба для гэтага зрабіць? Бо пакуль што мы збіраем пластыкавыя бутэлькі з-пад малака і возім іх у Мінск, калі едзем туды па справах на машыне. Гадуем дзіця, і хочацца яму змалку сваім прыкладам прывіваць клапатлівае стаўленне да прыроды.

— Каб ва ўсіх вёсках раёна паставіць кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, патрэбны асобны смеццявоз, які б хадзіў штотыдзень па маршруце і збіраў толькі другасныя матэрыяльныя рэсурсы, — кажа Таццяна Дубовік. — На сёння ў нас такога ў наяўнасці няма. А яшчэ ж і кіроўца патрэбны дадатковы, і грузчык. А гэта лішнія выдаткі. Няма сэнсу ставіць кантэйнер для збору пластмасы яшчэ ў адной вёсцы. Бо ўсё роўна з таго кантэйнера, што стаіць у Жырмонах (паставілі перад Дажынкамі), смецце забірае той жа смеццявоз, што і цвёрдыя камунальныя адходы па вёсках. У нас на палігоне ёсць сартовачная лінія, куды выгружаецца ўсё смецце. І работнікі яго перабіраюць: аддзяляюць шкляныя і ПЭТ-бутэлькі, пластыкавыя каністры, макулатуру. У любым выпадку другасныя матэрыяльныя рэсурсы не закопваюцца, а ідуць на перапрацоўку.

У ідэале, можа, і трэба паставіць кантэйнеры для раздзельнага збору смецця па ўсіх вёсках, выдзеліць асобны смеццявоз для другасных матэрыяльных рэсурсаў, і тады не трэба будзе нічога сартаваць на палігоне. Магчыма, так і будзе калісьці ў будучыні. Але, калі зараз паставіць у вёсках кантэйнеры для збору паперы, шкла і пластыку, дык гэта трэба людзей прымушаць, каб яны раздзялялі смецце. У нас жа як прывыклі: сабраў усё ў адзін пакет і выкінуў. Нават калі мы паставім тыя кантэйнеры, дзе гарантыя, што ўсе будуць раздзяляць. Так, я ведаю тых, хто старанна сартуе смецце, я таксама гэта раблю, але ж ёсць і тыя, хто і цэглу, і шыфер — усё без разбору ў адзін кантэйнер.

Цудоўна, што ёсць рупліўцы ў вёсках, якія хочуць раздзяляць смецце, тым самым паказваючы добры прыклад дзецям. Для такіх у нас ва Уздзе ёсць стацыянарны пункт прыёму другасных матэрыяльных рэсурсаў. Туды пры жаданні можна прывезці і здаць ПЭТ- і шкляныя бутэлькі, макулатуру, пластыкавыя каністры. А таксама — бытавую тэхніку, батарэйкі. Ёсць у нас і кантэйнер для лекаў, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці. Акрамя таго, працуе перасоўны нарыхтоўчы пункт збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, можна заўсёды патэлефанаваць і даць заяўку. Маўляў, я сабрала 10 мяшкоў шкляных бутэлек, хачу здаць. Мы прыязджаем са сваім грузчыкам, узважваем на месцы, разлічваем чалавека грашыма і забіраем тое шкло. Гэтаксама можна здаць старыя тэлевізары, пральныя машыны, пліты, мікрахвалеўкі, камп'ютары. Шыны забяром бясплатна. Але, канечне, калі іх дзве, сэнсу ехаць за 15—20 кіламетраў няма: гэта не рэнтабельна. Мы ж не можам упустую ганяць грузавую «газель». Калі чалавек тэлефануе і кажа: у мяне сем мяшкоў шкляных бутэлек, просім: «Давайце дазбіраеце яшчэ тыдзень-другі, і мы тады прыедзем». Акрамя таго, вяскоўцы могуць паміж сабой кааперыравацца і выклікаць нарыхтоўшчыка талакой.

«Бяздомныя каты рвуць пакеты...»

Мы жывём у прыватным доме ў Дзяржынскім раёне. Два гады таму ў нашай вёсцы, каб ліквідаваць пастаянныя звалкі каля кантэйнерных пляцовак, прыбралі металічныя бакі і зрабілі падворны аб'езд. Цяпер штосераду раніцай, перад тым як паехаць на працу, выстаўляем завязаныя пакеты са смеццем за веснічкі. Іх, канечне, забірае смеццявоз. Але перш галодныя бяздомныя каты і сабакі разрываюць іх, расцягваючы смецце па вёсцы, ды і вецер гэтаму спрыяе... Чулі, што людзям, якія заключаюць дагавор на падворны аб'езд, павінны для зручнасці выдаваць індывідуальныя кантэйнеры... Але нам чамусьці не выдалі...

— У ідэале таму, хто жыве ў прыватным доме, пры заключэнні дагавора на падворны аб'езд павінен выдавацца індывідуальны кантэйнер для камунальных адходаў на 120 літраў на колцах, — кажа начальнік участка абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі УП «Дзяржынскае ЖКГ» Вікторыя ПАЎЛОВІЧ. — Людзі ставяць яго на сваім участку і складваюць туды пакеты са смеццем. А пасля, у вызначаны дзень, згодна з графікам, вывозяць кантэйнер за межы агароджы, да дарогі, смеццявоз прыязджае і забірае пакеты са смеццем. Гэта вельмі зручна. Але, на жаль, не заўсёды такія кантэйнеры ёсць у нас у наяўнасці. Выдаём іх па меры магчымасці. Пакуль што, у сувязі з недахопам фінансавання, забяспечыць усіх індывідуальнымі кантэйнерамі не змаглі. Але да 2025 года ўсе жыхары раёна, якія заключылі дагавор на падворны аб'езд, павінны атрымаць гэтыя кантэйнеры. Каб людзям было дзе складзіраваць смецце і каб жывёлы яго не расцягвалі, раім на першы час самім прадугледзець нейкую скрыню, хтосьці прыстасоўвае металічныя бочкі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.