У Вялікім тэатры маэстра чакаюць 11 сакавіка, калі адбудзецца паказ рамантычнай оперы «Лятучы галандзец». У гэты вечар Вільгельм Кайтэль стане за дырыжорскі пульт аркестра. Гледачы, якія даўно сочаць за жыццём Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, ведаюць гэтае імя і разумеюць, што ў дадзеным выпадку няма сумневу ў добрым кантакце паміж запрошаным дырыжорам і музыкантамі — яны знаёмыя і маюць паразуменне.
Наогул айчынныя аматары музыкі маглі ацаніць унёсак нямецкага дырыжора Вільгельма Кайтэля ў развіццё беларускай культуры. Яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў ён стварыў калектыў пад назвай MINSK ORCHESTRA, з якім шмат выступаў у Еўропе і здзейсніў адметныя праекты. А ў 2000 годзе маэстра пачаў супрацоўнічаць з Вялікім тэатрам Беларусі. Гэтае супрацоўніцтва мела плён у частцы гастрольнага жыцця: некаторыя спектаклі беларускага тэатра пабачылі гледачы Германіі, Аўстрыі, Францыі...
На гэты раз сустрэча абяцае асаблівае выкананне оперы «Лятучы галандзец» Рыхарда Вагнера, класікі нямецкай рамантычнай оперы. Прэм’ера спектаклю ў 2013 годзе была гучнай менавіта з-за звароту да гэтага нямецкага кампазітара: музыка, якую трэба ўмець выконваць. І не толькі аркестру, але і салістам. У галоўнай партыі будзе заслужаны артыст Беларусі Станіслаў Трыфанаў. Ён выйдзе на сцэну, каб у вобразе Галандца шукаць жанчыну, якая будзе гатовая стаць яго жонкай і дапаможа зняць пракляцце, што зрабіла яго бессмяротным. У ролі Сенты выйдзе на сцэну народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, Віктара Мендзелева пачуем у партыі Эрыка, Аляксандр Гелах выканае ролю Рулявога, Дзмітрый Капілаў — Даланда, Кацярына Міхнавец — Мэры. Сама пастаноўка нямецкага рэжысёра Ханса-Ёахіма Фрая настройвае на містычны лад. Гісторыя Галандца, які прырэчаны да вечнага скітання, калі не знойдзе сапраўднае каханне, развіваецца ў трох дзеях. Опера гучыць на нямецкай мове, але ўсе пачуцці герояў перадае музыка Рыхарда Вагнера. Нямецкі дырыжор Вільгельм Кайтэль дапаможа аркестру тэатра і салістам найбольш ярка распавесці легенду пра Лятучага галандца праз мову музыкі, якую аднолькава разумеюць усе.
Ларыса ЦІМОШЫК
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.