14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Героі, лаўрэаты, члены ЦК... Што з сябе ўяўляў Саюз пісьменнікаў БССР у канцы 1980-х


Больш за трыццаць гадоў мінула з 1 студзеня 1989 года... Чаму менавіта гэтая дата ўзята за пункт адліку? Нічога асаблівага. Усё досыць трывіяльна: на 1 студзеня 1989 года ў ЦК Камуністычнай партыі Беларусі была падрыхтавана выключна статыстычная даведка. Як той казаў, нічога лішняга...

Часам штосьці ў ёй, гэтай паперчыне, калі ўсё ацэньваць толькі з вышыні сённяшняга часу, прачытваецца не вельмі выразна. Але чамусьці за шматабліччам архіўных дакументаў яна, даведка, кідаецца ў вочы, прымушае пра многае паразважаць. Таму запрашаю разам паглядзець на лічбы, праз якія высокія службоўцы паспрабавалі некаторым чынам ахарактарызаваць стан спраў у творчых саюзах Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Найперш — у пісьменніцкай арганізацыі...


Усе яны працавалі ў Саюзе пісьменнікаў БССР: народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, Генадзь Пашкоў, Яўген Каршуноў.

«Саюз пісьменнікаў БССР аб'ядноўвае 387 чалавек, з іх 219 члены КПСС, у партыйнай арганізацыі СП 153 камуністы, у т. л. членаў СП 117...»

У той час працавалі пяць аддзяленняў СП БССР: у Брэсцкай вобласці (9 членаў), Віцебскай (12), Гомельскай (7), Гродзенскай (11), Магілёўскай (10) абласцях. У праўленне грамадскага аб'яднання ўваходзілі 85 літаратараў, прэзідыум складаўся з 35 пісьменнікаў, сакратарыят СП — з пяці...

Што ўяўлялі з сябе на студзень 1989 года друкаваныя перыядычныя выданні, у якіх удзельнічала пісьменніцкая арганізацыя?.. Газета «Літаратура і мастацтва» выдавалася накладам 18,5 тысячы экзэмпляраў. Часопіс «Полымя» — дзевяць тысяч... «Беларусь» — 16 тысяч экзэмпляраў. «Нёман» — 110 тысяч экзэмпляраў. «Маладосць» — 11,1 тысячы экз. «Крыніца» («Родник») — 45 тысяч і 350 тысяч экзэмпляраў адпаведна: часопіс выдаваўся па-беларуску і па-руску. Сёння, дарэчы, Саюз пісьменнікаў з'яўляецца сузаснавальнікам пяці перыядычных выданняў: газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Роднае слова».

У даведцы ў «цэкоўскім» выкананні нагадалі, што з беларускай літаратурай атаясамліваюцца імёны пяці Герояў Сацыялістычнай Працы: Пятрусь Броўка (1905 — 1980) — 1972; Кандрат Крапіва (1895) — 1975; Максім Танк (1912) — 1974; Іван Шамякін (1921) — 1981; Васіль Быкаў (1924) — 1984. Вядома ж, відавочным падаецца і тое, што па маштабе таленту, згодна з грамадзянскай пазіцыяй, тагачасным месцам у творчай іерархіі гэтае званне магло б быць прысвоена і Пімену Панчанку, і, магчыма, камусьці яшчэ з аўтарытэтных пісьменнікаў Беларусі — напрыклад, Міхасю Лынькову, Івану Мележу, Аркадзю Куляшову... Тым больш што Міхась Лынькоў быў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна. Аркадзь Куляшоў, двойчы лаўрэат Сталінскай прэміі (1946 і 1949 гады), быў двойчы адзначаны ордэнам Леніна. Быў узнагароджаны ордэнам Леніна і Пімен Панчанка. Але ж, але ж...

Цытуем з «цэкоўскай» даведкі: «Народныя паэты БССР: Я. Купала (1882 — 1942) — 1925; Я. Колас (1882 — 1956) — 1926; П. Броўка (1905 — 1980) — 1962; А. Куляшоў (1914 — 1978) — 1968; Максім Танк (1912) — 1968; Пімен Панчанка (1917) — 1973.

Народныя пісьменнікі БССР: К. Крапіва (1896) — 1956; М. Лынькоў (1899 — 1975) — 1962; І. Мележ (1921 — 1976) — 1972; І. Шамякін (1921) — 1972; А. Макаёнак (1920 — 1982) — 1977; В. Быкаў (1924) — 1980; Я. Брыль (1917) — 1981...»

Відаць, дарэчы будзе нагадаць, што ўжо пасля 1989 года ў кагорту народных паэтаў і народных пісьменнікаў Беларусі ўвайшлі паэты Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Іван Чыгрынаў, Іван Навуменка, Мікалай Чаргінец.

Высокай ацэнкай укладу ў вялікую літаратуру ў савецкія часы лічылася Ленінская прэмія. Ды і яе грашовы памер па тым часе ўражваў — 10 тысяч рублёў атрымліваў кожны лаўрэат. Прэмія прысуджалася ў 1926 — 1935 гг. і мела назву — Прэмія імя У. І. Леніна, а таксама ў 1957 — 1991 гг. — ужо як Ленінская прэмія. Была яшчэ і Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» (ёй папярэднічала Сталінская прэмія з такой самай назвай). Яе атрымлівалі, як правіла, замежныя грамадскія, палітычныя дзеячы. У тым ліку — і пісьменнікі. Напрыклад, Го Мажо (Кітай), Ганна Зэгерс (ГДР), Жоржы Амаду (Бразілія), Ёханес Роберт Бехер (ГДР), Лявон Кручкоўскі (Польшча), Пабла Неруда (Чылі), Говард Мелвін Фаст (ЗША), Бертольд Брэхт (ГДР), Нікалас Гільен (Куба), Такін Кода Хмайн (Бірма), Артур Лундквіст (Швецыя), Варналіс Костас (Грэцыя)... З пісьменнікаў савецкіх — Ілья Эрэнбург, Мікалай Ціханаў. Што ж да «звычайнай», «унутрысавецкай» Ленінскай прэміі, то з беларускіх пісьменнікаў яе атрымалі Пятрусь Броўка — за зборнік вершаў «А дні ідуць...»; Іван Мележ — за раманы з цыкла «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»; Максім Танк — за кнігу вершаў «Нарачанскія сосны»; Васіль Быкаў — за аповесць «Знак бяды».

Пададзены ў запісцы і звесткі пра пісьменнікаў — лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР. За гісторыю беларускай савецкай літаратуры іх было 11: Пятрусь Броўка (двойчы), Янка Брыль, Васіль Быкаў, Аляксей Дудараў (у 1985 годзе — за п'есу «Радавыя»; Аляксею Ануфрыевічу было ўсяго толькі 35 гадоў), Якуб Колас, Кандрат Крапіва (тры разы!), Аркадзь Куляшоў (двойчы), Янка Купала, Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Шамякін. Што цікава, і дзве прэміі Петруся Броўкі, і дзве — Кандрата Крапівы, і дзве прэміі Якуба Коласа, і дзве прэміі Аркадзя Куляшова, і прэміі Янкі Брыля, Івана Шамякіна — гэта Сталінскія прэміі (аналаг Дзяржаўнай СССР). І толькі чатыры ўзнагароджанні Дзяржаўнай прэміяй СССР па назве — у «паслясталінскі» час... Атрымліваецца, што на агульную статыстыку ў значнай ступені паўплывала ўвага сталінскай палітыкі да развіцця нацыянальных літаратур?!.

«Дзяржаўнымі прэміямі БССР з моманту іх заснавання (1966 г.) ушанаваны 46 пісьменнікаў», — гаворыцца ў запісцы. Дарэчы, варта заўважыць, што сёння ў Саюзе пісьменнікаў таксама нямала літаратараў, чыя праца адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь: Георгій Марчук, Міхась Башлакоў, Уладзімір Саламаха, Алесь Марціновіч, Генадзь Пашкоў, Васіль Шырко, Уладзімір Глушакоў, Міхась Шыманскі, Уладзімір Ліпскі, Уладзімір Скарынкін. Параўнальна нядаўна пайшлі з жыцця члены СП Беларусі — лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Лукша, Уладзімір Вялічка, Мікола Мятліцкі.

Ордэнамі і медалямі на 1 студзеня 1989-га былі адзначаны 193 пісьменнікі. 69 членаў СП мелі навуковую ступень. 57 пісьменнікаў адзначаны ганаровымі званнямі рэспублікі. Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР: Максім Танк, Іван Шамякін. Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР: Кандрат Крапіва (1896 — год нараджэння), Пімен Панчанка (1917), Васіль Быкаў (1924), Іван Навуменка (1925), Генадзь Бураўкін (1936), Ніл Гілевіч (1931), Савелій Паўлаў (1934), Іван Чыгрынаў (1934).

У склад ЦК Камуністычнай партыі Беларусі ўваходзілі на 1 студзеня 1989 года Максім Танк, Іван Шамякін, Генадзь Бураўкін, Савелій Паўлаў. У склад Мінскага абкама КПБ — Іван Чыгрынаў. Членам бюро Мінскага гаркама КПБ быў Васіль Зуёнак. Членам Партызанскага райкама КПБ — Генадзь Пашкоў.

Пра тое, якія пытанні ставіліся ў пісьменніцкай арганізацыі, сведчыць наступны пералік: «Некаторыя пленумы праўлення: 14 сакавіка 1985 г. «Сучаснасць і літаратура: герой, ідэйнасць, майстэрства»; 25 красавіка 1985 г. аб'яднаны пленум усіх творчых саюзаў, прысвечаны 40-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; 20 чэрвеня 1985 г. «Задачы пісьменніцкай арганізацыі па падрыхтоўцы да XXVІІ з'езда КПСС і XXX з'езда КПБ»; 4 чэрвеня 1987 г. «Сацыяльныя і маральныя праблемы ў жыцці і літаратуры»; 2 лістапада 1987 г. «Вялікі Кастрычнік і задачы развіцця беларускай савецкай літаратуры на сучасным этапе»; 19-20 мая 1988 г. «Гісторыя народа і літаратура», «Выкананне рашэнняў ІX з'езда пісьменнікаў Беларусі і шляхі перабудовы арганізацыйна-творчай дзейнасці Саюза пісьменнікаў БССР»; 8 снежня 1988 г. «Сучасны літаратурны працэс і малады пісьменнік».

Апарат праўлення СП БССР на той час складала па штату 28,5 адзінкі.

Беларускае аддзяленне Літфонду СССР мела па штату 9 чалавек.

Паліклініка Літфонду абслугоўвала каля дзвюх тысяч чалавек. Пагартайце пісьменніцкія ўспаміны 1960—1980-х гадоў — даволі шмат згадак пра тых, хто працаваў у паліклініцы.

Існавала і Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР — у яго ўваходзіла 16 чалавек, у тым ліку дзевяць з іх працавалі па працоўных пагадненнях. Колькасць пісьменніцкіх выступленняў склала ў 1988 годзе 6 912 (рост 115,2 працэнта да плана — відаць, да плана, які быў зададзены папярэднім годам). Прыбытак (за выступленні плацілі грошы!) склаў 185 тысяч рублёў. Гэта — толькі прыбытак, за выключэннем, відавочна, грошай, заробленых непасрэдна літаратарамі, тых, якія яны атрымалі ў сваю кішэню, за якія былі аплачаны камандзіровачныя разлікі. Працаваў Дом творчасці «Іслач» на 100 месцаў. Штат абслуговага персаналу складаў 110,5 адзінкі. Штат Дома літаратара — 39 чалавек. Зала — на 320 месцаў.

Не ведаю, наколькі красамоўная гэтая статыстыка, але тое, што яна дадае пэўны штрых у гісторыю функцыянавання творчай арганізацыі, — гэта несумненна.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.