Вы тут

«Горад, які чытае» — новая выстава ў культурным духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг»


Гэты цэнтр Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску прыняў эстафету мерапрыемстваў, прысвечаных Дню праваслаўнай кнігі. Выстава «Горад, які чытае» адкрылася ўрачыстым набажэнствам на пачатак добрай справы, пасля якой дзіцячыя і маладзёжныя самадзейныя калектывы падарылі прысутным невялікую, але вельмі цікавую канцэртную праграму.


У пакоях суседніх з канцэртнай пляцоўкай былі разгорнуты выставы кніжных навінак беларускіх і расійскіх выдавецтваў і выданняў, што захаваліся з далёкіх стагоддзяў. Экспазіцыя старажытнай рукапіснай майстэрняй знаёміла з прыладамі для напісання і пераплёту першых кніг. Там жа было паказана, як захоўвалі рукапісныя каштоўнасці. 

Праграма выставы прадугледжвае мноства мерапрыемстваў. Да 16 сакавіка тут будуць праходзіць адукацыйныя семінары, сустрэчы з пісьменнікамі Беларусі і Расіі, майстар-класы па каліграфіі, вырабу акладаў і вышываных кніжных закладак, урокі работы з бісерам. Для падлеткаў штодзень будуць праводзіць пазнавальныя квесты.

Тэматычныя кінапаказы пазнаёмяць з гісторыяй пісьменства, царкоўнаславянскай азбукі, з дзейнасцю першадрукароў.

Перад уваходам на выставу прадстаўлена калекцыя самаробных кніг — гэта праца дзяцей, якія займаюцца ў нядзельных школах пры праваслаўных храмах Мінскага раёна. Прыгожа аформленыя вокладкі і старонкі сведчаць не толькі пра майстэрства маленькіх выдаўцоў, але і пра іх цікавасць да духоўна-асветніцкай тэматыкі.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.