Вучоны-археолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Лысенка абяссмерціў сваё імя многімі яскравымі адкрыццямі, якія прынеслі яму заслужаную сусветную вядомасць. Для нас ён знайшоў старажытнае Бярэсце, адзіны ў свеце драўляны горад ХІ—ХІІ стагоддзяў, дзе захаваліся сцены пабудоў, драўляныя маставыя. Прастора яго навуковай дзейнасці — гісторыя Сярэдневечча Старажытнай Русі, поле пошукаў — уся паўднёвая Беларусь.
Чытачы «Звязды» неаднаразова мелі магчымасць знаёміцца з цікавымі матэрыяламі пра гэтага славутага навукоўца. Пра яго ўдзел ў штогадовых міжнародных навукова-асветніцкіх экспедыцыях «Дарога да Святыняў» газета паведамляла ў сваіх спецыяльных рэпартажах. Пра жыццёвы шлях, багатую навуковую спадчыну Пятра Лысенкі расказвае зборнік успамінаў «Скарбаў падземных шчаслівы шукальнік», які выдаў Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.
Больш за двадцаць аўтараў артыкулаў, змешчаных у зборніку, сведчаць, што імя Пятра Лысенкі заслужана стаіць побач з імёнамі самых знакамітых гісторыкаў свету. Глыбокі даследчык мінулага Тураўскай зямлі быў адзначаны званнем Ганаровага грамадзяніна Пінска і Турава. Манаграфіі навукоўца ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай гістарыяграфіі.
На прэзентацыі зборніка «Скарбаў падземных шчаслівы шукальнік» выступілі калегі, вучні вучонага. Па традыцыі на дзвярах пакоя ў Акадэміі навук, дзе ў свой час працаваў славуты даследчык, умацавана мемарыяльная шыльда. А ў самім рабочым кабінеце захаваліся некаторыя рэчы вучонага.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.