Вы тут

Мэр Мінска Уладзімір Кухараў правёў прамую тэлефонную лінію


Сёння з 9.00 да 12.00 у рамках прамой тэлефоннай лініі мінчане маглі звярнуцца па дапамогу ў вырашэнні сваіх пытанняў да старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра Кухарава. Пра тое, з якімі пытаннямі звярталіся мінчане, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА.

У самым пачатку прамой лініі жанчына патэлефанавала мэру з заявай, што стаіць на чарзе па будаўніцтве жылля з 1996 года, працуе ў сферы аховы здароўя, але да цяперашняга часу пражывае ў інтэрнаце. Мінчанка хоча пабудаваць кватэру ў Смалявічах, але скардзіцца, што для такой катэгорыі маючых патрэбу, як у яе, там кватэры не размяркоўваюць. Жанчына акцэнтавала ўвагу на тым, што людзей з аналагічнай праблемай у інтэрнаце шмат.

Уладзімір Кухараў патлумачыў, што для атрымання кватэры неабходна было падаць заяву на будаўніцтва жылля ў Смалявічах у раённую адміністрацыю, чаго жанчына не зрабіла. Заяўніцы растлумачылі, што, па-першае, цяпер кватэры атрымліваюць і тыя, хто стаяў на чарзе задоўга да яе, па-другое, такі парадак. Старшыня Мінгарвыканкама прапанаваў мінчанцы падумаць пра жыллё ў мікрараёне Сокал. Жанчына катэгарычна адмовілася, абгрунтаваўшы тым, што дарога да працы будзе займаць шмат часу. Яна заявіла, што не хоча падаваць заяву.

Наступным старшыні Мінгарвыканкама ў рамках прамой лініі патэлефанаваў мінчанін, юрыст па адукацыі, са скаргай на няякаснае аказанне паслуг ЖКГ, у прыватнасці, дрэнную ўборку тэрыторыі. «Я запытаў дагаворы на работы па аказанні жыллёва-камунальных паслуг і сутыкнуўся з праблемай, што яны заключаны не ў інтарэсах спажыўца. Мяне гэта пазбаўляе магчымасці выстаўляць прэтэнзіі выканаўцам паслуг», — заявіў мінчанін. На гэта яму растлумачылі, што тыпавыя дагаворы распрацоўвае Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Уладзімір Кухараў заўважыў, што кожны чалавек не можа выбіраць выканаўцаў для правядзення капітальнага рамонту жылога дома — гэтым займаецца арганізацыя, якая абслуговае дом.

Трэці званок быў звязаны з больш прыемнай нагодай. Мінчанін перадаў старшыні Мінгарвыканкама асабістыя словы падзякі за аператыўны рамонт пуцеправода на МКАД у Фрунзенскім раёне горада, які вядзе ў вёску Тарасава. Таксама заяўнік прасіў звярнуць увагу на рэалізацыю забароны аб выгуле вялікіх сабак у горадзе без наморднікаў і прыняць рашэнне аб забароне курэння на ходніках. З апошнім пытаннем мінчанін ужо звяртаўся да старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэя Бугрова, які ўзяў пытанне на кантроль. Акрамя таго, жыхар сталіцы прапанаваў прыцягнуць да кантролю за выгулам сабак дружыннікаў. «Калі Андрэй Аляксандравіч (Бугроў. — Заўвага БелТА) паабяцаў, што прыме рашэнне, значыць, прыме. Але грамадзяне, як вы правільна заўважылі, таксама павінны мець грамадзянскую пазіцыю. Убачыў, што сабака без намордніка, — апавясціў», — падкрэсліў Уладзімір Кухараў.

Падчас прамой тэлефоннай лініі да старшыні Мінгарвыканкама таксама звярнуліся дзве шматдзетныя мамы па пытаннях будаўніцтва жылля на вул. Кнорына без абавязковай куплі машына-месца. Праблема Уладзіміру Кухараву знаёмая і знаходзіцца на кантролі. Мэр сталіцы акцэнтаваў увагу на тым, што горад гатовы пачаць будаўніцтва на наступны дзень пасля прыняцця адпаведнага нарматыўнага прававога дакумента, які дазваляе куплю жылля без абавязковага набыцця машына-месца ў паркінгу. «Мы чакаем пастанову Саўміна. Праектная дакументацыя падрыхтаваная, падрадчыкі вызначаныя, таму прамаруджванняў не будзе», — паабяцаў Уладзімір Кухараў. Былі зададзены пытанні і па кошце квадратнага метра жылля, і па тэрмінах пачатку будаўніцтва і ўводу дома ў эксплуатацыю.

«Пасля капітальнага рамонту нашага дома на вул. Ванеева, 14, у нас адсутнічае гарачая вада, хоць трубы ў доме замянілі», — папрасіла старшыню Мінгарвыканкама вырашыць пытанне яшчэ адна жыхарка сталіцы. У доме няма газу, ваду даводзіцца грэць. «Мы баімся думаць, колькі заплацім у гэтым месяцы за электрычнасць», — паскардзілася мінчанка. Пры садзейнічанні ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» гэтае пытанне вырашылася яшчэ да заканчэння прамой тэлефоннай лініі.

Узнімалася пытанне аб кошце квадратнага метра ў жылым комплексе «Грушаўскі пасад». Жанчыну трывожыла пытанне аб даплатах, а таксама тое, якім чынам будзе весціся выніковы разлік.

Адзін са званкоў падчас прамой лініі быў ад мінчаніна, занепакоенага выкананнем кіроўцамі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні пешаходных пераходаў. У прыватнасці, размова ішла аб пешаходных пераходах на пр. Незалежнасці паблізу Нацыянальнай бібліятэкі і на скрыжаванні вул. Натуралістаў і вул. Кядышка. Уладзімір Кухараў патлумачыў, што такія пытанні вырашае камісія па бяспецы дарожнага руху.

За час правядзення прамой тэлефоннай лініі старшыні Мінгарвыканкама паступіла 43 званкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.