Вы тут

У Доме літаратара — рэдакцыя «Москвы»


Па традыцыі на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы частымі гасцямі з’яўляюцца пісьменнікі Расіі. І здараецца, што яны болей працуюць на выстаўцы, расказваюць пра сваю творчасць чытачам, наведвальнікам выстаўкі, а вось стасункі паміж беларускімі і расійскімі калегамі адсутнічаюць. 


Сёлета шмат хто з пісьменнікаў, якія прыехалі з іншых краін, наведалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Дом літаратара, правялі перамовы, гутаркі з калегамі. Так склалася ў адзін з выставачных дзён і сустрэча з калектывам рэдакцыі часопіса «Москва». 

Перад беларускімі пісьменнікамі выступілі галоўны рэдактар часопіса «Москва» паэт і празаік Уладзіслаў АРЦЁМАЎ, намеснік галоўнага рэдактара часопіса паэт і празаік Міхаіл ПАПОЎ

Часопіс даволі вядомы сярод перыядычных літаратурна-мастацкіх выданняў Расіі. Выдаецца ў Маскве з 1957 года. Сярод дасягненняў выдання, пра гэта і гаварыў У. Арцёмаў, — публікацыя перакладу на рускую мову казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц» у перакладзе Норы Галь. У 1966 і 1967 гадах часопіс надрукаваў раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта». У 1989 — 1990 гг. упершыню пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі надрукавана «Гісторыя дзяржавы Расійскай» М. М. Карамзіна. У розныя дзесяцігоддзі сярод галоўных рэдактараў часопіса былі Мікалай Атараў, Яўген Папоўкін, Леанід Барадзін, Міхаіл Аляксееў, Уладзімір Крупін... З лютага 2012 года — Уладзіслаў Арцёмаў. Напрыканцы 1980-х гг. тыраж часопіса «Москва» даходзіў да 775 000 экзэмпляраў. 

Размова у мемарыяльнай зале Дома літаратара ішла ў асноўным пра тое, як фарміруецца партфель часопіса. У. Арцёмаў адзначыў тое, што даволі шмат дзе ездзіць. І не толькі па рэгіёнах Расіі, а і за яе межамі. У рэдакцыі імкнуцца сачыць і за развіццём сучаснай беларускай літаратуры. Найперш — той яе часткі, якая ствараецца на рускай мове. Галоўны рэдактар «Москвы» пацвердзіў і тое, што з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Беларусі дасягнута дамоўленасць пра выпуск ў 2023 годзе «беларускага нумара» часопіса. Мяркуецца, што падтрымку фінансавага характару акажа ў гэтым і беларускі бок, выкупіўшы частку тыража для чытача ў Беларусі. 

Выступіў на сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі і празаік Міхаіл Папоў. Дарэчы, і ён, і У. Арцёмаў цесна звязаны з Беларуссю. Уладзіслаў Віктаравіч нарадзіўся ў Бярэзінскім раёне, на Міншчыне. Правёў у Беларусі частку свайго дзяцінства, юнацтва. Вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Міхаіл Папоў таксама ў дзяцінстве жыў у Беларусі. Закончыў Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Беларусі, падзеям на тэрыторыі Гродзеншчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны раман М. Папова «На кресах всходних». Кнігу, між іншым, можна набыць у кнігарнях дзяржаўнай сеткі кнігагандлю — ААТ «Белкніга». Міхаіл Папоў расказаў і працу над раманам, і пра тую частку партфеля рукапісаў часопіса, якая складаецца з празаічных твораў, запрасіў беларускіх аўтараў да болей шырокага супрацоўніцтва з «Москвой». Удзел у сустрэчы прымаў і вядомы расійскі пісьменнік Мікалая ЧАРКАШЫН, кнігі якога, між іншым, выдаюцца і ў Беларусі. 

Была выказана на сустрэчы і такая думка — часцей арганізоўваць сумсесныя сустрэчы расійскіх і беларускіх пісьменнікаў перад чытачамі: у бібліятэках і навучальных установах Мінска, іншых гарадоў Беларусі. Часам многія здабыткі сучаснай рускай літаратуры застаюцца па-за ўвагай беларускага чытача. Хацелася б гэтую сітуацыю выправіць. Зацікаўленасць у гэтым ёсць і ў беларускіх, і ў расійскіх літаратараў. 

У бліжэйшыя месяцы ў Доме літаратара запланаваны сустрэчы з іншымі пісьменнікамі з Расійскай Федэрацыі, паэтамі, празаікамі, якія працуюць у розных перыядычных літаратурна-мастацкіх выданнях.

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.