Вы тут

З увагай да стыхіі, з павагай да людзей


У абласным цэнтры паўднёва-ўсходняга рэгіёна адпрацоўваецца гатоўнасць да любых сцэнарыяў развіцця паводкавай сітуацыі. Абстаноўка з падтапленнямі гарадской тэрыторыі застаецца напружанай, але кантралюецца. У Гомелі прайшло пасяджэнне гарадскога штаба па паводкавай абстаноўцы з удзелам старшыні гарвыканкама Уладзіміра Прывалава, спецыялістаў усіх адказных службаў і райадміністрацый, ратавальнікаў і кіраўніцтва Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.


— Сітуацыя па паводцы ў горадзе цалкам кантралюецца. Тым не менш мы яшчэ раз павінны прапрацаваць увесь комплекс мерапрыемстваў, які будзе прыняты пры магчымым пагаршэнні сітуацыі, — звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння Уладзімір Прывалаў.

Старшыня гарвыканкама заклікаў усе зацікаўленыя службы да адпрацоўкі алгарытму дзеянняў, які забяспечыць гатоўнасць да любых сцэнарыяў развіцця паводкавай сітуацыі ў горадзе.

Як адзначыў начальнік Гомельскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Асадчы, паводле аператыўных даных на 7 красавіка, узровень вады ў рацэ Сож на тэрыторыі Гомеля склаў 608 сантыметраў. За суткі кантрольная адзнака вырасла на 19 сантыметраў. У горадзе падтоплена 232 падворкі, 30 гаспадарчых пабудоў, 17 падвалаў жылых дамоў, тэрыторыі аднаго адміністрацыйнага комплексу і цэнтральнай гарадской набярэжнай, а таксама чатыры ўчасткі дарогі.

У мікрараёне Якубоўка Навабеліцкага раёна Гомеля перавозку грамадзян, якія пражываюць у зоне падтаплення, забяспечваюць супрацоўнікі МНС. Пост ратавальнікаў з плаўсродкамі нясе кругласутачнае дзяжурства на вуліцы Палявой. Выстаўлены пост МНС на 3-м Палявым завулку.

У Савецкім раёне Гомеля, у мікрараёне Манастырок арганізавана дзяжурства двух пастоў супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах на вуліцы Любенскай (кругласутачна) і Дальняй. Таксама ў Манастырку арганізаваны кантроль за станам супрацьпаводкавых насыпаў. Папераджальныя меры па ўмацаванні дамбы, якая абараняе ад падтапленняў домаўладанні па вуліцы Старавалатаўской, прыняты і адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Гомеля.

На пасяджэнні штаба па паводкавай сітуацыі ацанілі гатоўнасць райадміністрацый да адсялення грамадзян на перыяд паводкі і фінансавання іх пражывання. Як было адзначана, у Навабеліцкім раёне супрацоўнікамі гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённай уладай на час паводкі пераселены цяжка хворы жыхар вуліцы Палявой. Мужчына 1973 года нараджэння — інвалід І групы, дом якога быў поўнасцю адрэзаны паводкай, шпіталізаваны ў Гомельскую ўніверсітэцкую клініку — абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама з Якубоўкі адселена сям'я з маленькім дзіцем. Іх дом аказаўся часткова ў вадзе, і далей знаходзіцца ў жыллі стала немагчыма.

Як адзначыла член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ала Смаляк, спецыялісты абласной арганізацыі ў пастаянным узаемадзеянні са структурамі МНС, а таксама самастойна сочаць за развіццём паводкавай сітуацыі як у абласным цэнтры, так і рэгіёнах вобласці.

— Мы гатовы аказаць дапамогу насельніцтву. Валанцёры каманды рэагавання на надзвычайныя сітуацыі даставяць гуманітарную дапамогу, чыстую ваду. Варта адзначыць, што ў некаторых раёнах і Гомелі выдача дапамогі ўжо вядзецца. Напярэдадні нашы супрацоўнікі пачалі дастаўку гігіенічных і прадуктовых набораў, гэтая праца працягваецца, — адзначыла Ала Смаляк.

Сенатар таксама нагадала, што ў Гомелі ахвотныя пераехаць на час паводкі з падтопленых домаўладанняў могуць размясціцца ў крызісным цэнтры Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Між тым кіраўніцтва гарвыканкама прыняло рашэнне дадаткова ўзмацніць дзяжурныя пасты МНС і Таварыства ратавання на водах медработнікамі і супрацоўнікамі міліцыі.

— Асаблівую ўвагу павінны ўдзяліць здароўю грамадзян, якія застаюцца ў домаўладаннях на падтопленых тэрыторыях. Асаблівая ўвага тым, хто мае хранічныя захворванні. Прымацоўваем медыцынскіх супрацоўнікаў да кожнага дзяжурнага паста, калі трэба — варта арганізаваць дзяжурства брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Супрацоўнікі міліцыі таксама будуць несці дзяжурства, каб не дапусціць выпадкаў марадзёрства ці іншых правапарушэнняў. Усе меры павінны быць прыняты для таго, каб быў парадак. Маніторынг сітуацыі не аслабляем ні на секунду, — заклікаў усе зацікаўленыя службы старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.