Вы тут

«Туркменскае, спрадвечнае і вечнае...»: Алег Лойка ў Каракумскім краі


Выдаўшы ў 2013 годзе кнігу «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь — Туркменістан» ( а пасля — у дапоўненым і адрэдагаваным выглядзе — «Каракумскае сонца») на тэму беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў, я неяк пакінуў у баку імя Алега Антонавіча Лойкі. А між тым, вядомы беларускі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца быў звязаны з Туркменістанам, туркменскай літаратурай даволі сімпатычным і выразным штрышком свайго творчага жыцця. І не толькі як перакладчык вершаў легендарнага Махтумкулі для яго першай беларускай кнігі «Салавей шукае ружу» (зборнік у серыі «Паэзія народаў СССР» «Мастацкая літаратура» выдала ў 1983 годзе. Тады ў кнігу ўвайшлі восем перакладзеных Лойкам вершаў). Праз многія гады, наноў пераўвасобіўшы паэтычную спадчыну Махтумкулі, адзін з найлепшых нашых сучасных паэтаў і перакладчыкаў Казімір Камейша збярэ новую кнігу Махтумкулі — «З кубка вечнасці мёд». Да сваіх перакладаў Вялікага Фрагі дадасць Казімір Вікенцьевіч і 81 пераклад папярэднікаў. І лепшымі сярод тых, хто прайшоў дарогай прадстаўлення Махтумкулі ў Беларусі назаве Анатоля Клышку, Артура Вольскага, Алеся Звонака, Уладзіміра Паўлава, Валянціну Коўтун, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Шахаўца, Пятра Прыходзьку. У гэтым пачэсным пераліку аўтарытэтнага беларускага знаўцы Махтумкулі Казіміра Камейшы — і Алег Лойка... 


Падштурхнула мяне звярнуцца да «тукрменскай тэмы» у творчасці Алега Лойкі яшчэ і кантактаванне з туркменскімі пісьменнікамі. Мерэтгылыч Ягмурадаў з газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва») настойліва некалькі разоў пісаў мне... " У кнізе, якая выдадзена ў 2014 годзе ў гонар Махтумкулі Фрагі, знайшоў прыгожы верш вашага земляка Алега Лойкі на туркменскай мове. Твор прысвечаны нашаму класіку. А верш называецца «Манумент Махтумкулі» ці «Помнік Махтумкулі»..." І вельмі прасіў нешта напісаць, пастарацца ўнікнуць у гісторыю стварэння гэтага важнага для туркменскай культуры верша…

І вось пачынаецца пошук... Перш-наперш зазірнуў у незаменны біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (які подзвіг гістарычнага, літаратуразнаўчага характару здзейсніла «каманда Мальдзіса», сабраўшы гэтую ўнікальную бібліяграфічную кнігу, дапоўніўшы яе кароткімі і разам з тым вычарпальнымі біяграфіямі пісьменнікаў розных стагоддзяў! Мо з часам подзвіг паўтораць і новыя супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі?! Бібліяграфія ж у «слоўніку Мальдзіса» улічана да 1985 года. Прайшло амаль сорак гадоў...) Так, у звестках у дачыненні да Алега Антонавіча (яны сабраны Т. М. Махнач) пададзены восем перакладаў Лойкі з Махтумкулі: «Народ шукаюць», «Дай дажджу, мой султане», «Вестку — дай! — Шлём адказ», «Мо любімы, арабскай мовай слаўны», «У мяне ёсць», «Да душы», «Заплачуць, мяне ўбачыўшы, і трупы», «Перад музыкай». Тыя пераклады, якія змешчаны ў кнізе Махтумкаулі «Салавей шукае ружу». 

А яшчэ ранейшая "туркменская«згадка ў творчым лёсе Алега Лойкі — «лімаўская» публікацыя вершаў самога Алега Антонавіча. Дыпціх «Песні дутара» ( з двух вершаў — «Чым сустракаеш, Сярэдняя Азія?..» і «Ля помніка Махтумкулі ў Ашхабадзе»), вершы «Нарклыч іграе на дутары», «Капетдаг», «Ашхабад — любові, любых горад...» публікацыя здзейснілася 5 жніўня 1977 года. І не выпадкова менавіта ў гэты дзень, у гэтым нумары. У Беларусі 1 жніўня ва ўрачыстай абстаноўцы на Цэнтральнай плошчы горада-героя Мінска ўзняты флаг Туркменскай ССР. У рэспубліцы пачаліся Дні Туркменістана. І якраз той самы жнівеньскі нумар друкуе падборку перакладаў з туркменскай паэзіі. Верш Берды Кербабаева «Ёсць сад у нас» пераўвасобіў Рыгор Барадулін, Кара Сейтліева «Мой рускі брат» — Юрась Свірка, Ата Атаджанава «Не, не дамасед я» — Казімір Камейша, Курбаназара Эзізава «Мая зямля» — Віктар Шымук. 

Працытую верш Курбаназара Эзізава, які пайшоў з жыцця даволі ў маладым узросце:

Я еў твой хлеб, я браў тваю соль, 
Ішоў тваім шляхам, цярпеў твой боль. 
І спатыкаўся, і зноўку ўставаў, 
Але ніколі табе не ілгаў. 

Першае слова маё — табе,
Першая ласка мая — табе. 
Я хлеб і соль тваю паважаў
І аніколі табе не ілгаў.
Зімы твае — зімы мае, 
Вёсны твае — вёсны мае. 

За белым садам, ля скал крутых, 
Ляжаць магілы родных маіх...
Вось тут калісьці маленькім быў
І халадок садоў тваіх піў. 

І дзе б ні быў я — са мною ты, 
Мой край дзівоснае пекнаты. 
Люблю барханы і арыкі, 
Люблю калючкі твае і пяскі. 

... Алег Антонавіч Лойка, нараджэннем з 1931 года, у нулявыя гады новага стагоддзя вельмі моцна хварэў. Цукровы дыябет і іншыя хваробы літаральна «даядалі» яго. А яшчэ моцныя душэўныя трывогі, якія звычайна чамусьці ў лёсе творчых людзей падаюцца болей пякучымі... Памёр паэт 19 лістапада 2008 года. А перад гэтым быў частым вымушаным госцем у бальніцы лечкамісіі ў Мінску. Жыў ён тады ўжо пастаянна ў Слоніме, у сябе на радзіме. І ведаючы мае зацікаўленні, жаданні як выдаўца (працаваў я тады ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і мастацтва»), мой добры і чулы да ўсіх людзей на свеце сябра, а яшчэ і ўдзячны вучань Лойкі Іван Адамавіч Зяньковіч, папярэдне атрымаўшы дазвол ад Алега Антонавіча, запрасіў наведаць хворага паэта. У бальніцы заўсёды журботна. Як бы пры гэтым хворы, цяжка хворы чалавек не ўсміхаўся. А Алег Антонавіч якраз усміхацца мог. І гаварыў цікава, няшмат, мо толькі ў нейкай звязцы, пра свае хваробы, а ўсё болей — пра літаратуру, пра зробленае, пра сяброў, з асаблівым піетэтам пра вучняў таленавітых, а ў час нашай сустрэчы — вельмі цёпла, сардэчна пра Івана Адамавіча... З таго паходу «выраслі» два выдавецкіх праекты: неўзабаве пасля смерці Алега Антонавіча мы выдалі дзве яго кнігі: «Займальную літаратуру» (2009 год) і ў зборніку «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы» — эсэ ( так пазначыў жанр аўтар, а на самай справе, лічы, біяграфічны раман пра сябра і класіка — «Уладзімір Караткевіч, або паэма Гарсія Лойкі»). Шкадую дагэтуль, што не паспелі зрабіць гэта ў адведзены пісьменніку жыццёвы час... На той сустрэчы Алег Антонавіч падпісаў мне свой даўні зборнік вершаў «Блакітнае азерца». А пасля пры розных нагодах стараўся перадаць штосьці яшчэ са сваіх кніг, апошніх па часе выдання. Выдаваў іх ён за свой уласны кошт. Як і выдадзены ў Слонімскай друкарні зборнік артыкулаў, успамінаў, інтэрв’ю «Дрэва жыцця: кніга аднаго лёсу». 

Вось і знайшоў з часам я ў згаданым фаліянце (сапраўдны фаліянт! у кнізе — 624 старонкі!) у другой частцы «Мікрафоны ў кроне» у главе N 4 «Прамаўляю» назву (гляджу па змесце): «Душанбе. 1981, май. «Песня слышна далеко...» І падзагаловак: «на VII съезде писателей Туркменистана». Не магу зразумець: чаму раптам з’езд пісьменнікаў праходзіць у Душанбэ (сталіца Таджыкістана), а не ў Ашхабадзе — сталіцы Туркменістана... Звяртаюся да тэкста — і становіцца зразумелым, што выступленне «прамоўленае» усё ж у Душанбэ... «... Почему я не могу считать, не считаю себя здесь, среди Вас, случайным?.. Три причины есть у меня на это. Во-первых, та, что Ваша земля — это и земля моих предков, ибо мама моя, родившись воле Ферганы, провела свое детство и юность не только в Коканде, но и в Канибадаме. Ее родители, белорусские крестьяне, еще до революции 1905 года уехали из родной им Белоруссии в поисках работы сюда, что бы сказками моего детства стали затем их рассказы о Вашей сказочной стране. Любовь мамы к Вашей земле, она стала и моей любовью. 

Но не только любовь мамы. Ведь если Янка Купала — классик белорусской литературы — любил Лахути, он и нам это чувство передал. А второй классик нашей дореволюционной поэзии Максим Богданович, который жил всего двадцать пять лет, он успел и в этот короткий свой век привить белорусской поэзии не только традиции Пушкина, но и традиции народной классической поэзии украинцев, финов, шведов, японцев и — о чем мне здесь особенно лестно сказать Рудаки, Джами, Саади. Это под пером Максима Богдановича по-белорусски заулыбалась впервые Зулейка, а ведь поэзию Максима Богдановича в Белоруссии все любят, — значит, все любят и Зулейку...»

Усход? Так, Усход. Сярэдняя Азія? Так, Сярэдняя Азія. Ды ўсё адно не той патрэбен мне геаграфічна-літаратурны адрас... Пераблытана тут нешта. Відаць, рэдактары не праявілі ўдумлівасць, не паспрабавалі зазірнуць ў энцыклапедыі, каб дзеля звычайнага рэдактарскага кантролю ўзнавіць веды ў галіне геаграфіі... Але ў кнізе ёсць такая вось даведка: «...Хроніка выступленняў за межамі Беларусі», дзе ясна напісана: «12 мая 1976 — Туркменістан: выступленне на VII з’ездзе пісьменнікаў Туркменістан». Душанбэ, Таджыкістан ужо з даведкі чамусьці выпалі... 

Такім чынам, атрымліваецца, што сваё туркменскае падарожжа Алег Антонавіч Лойка здзейсніў у 1976 годзе. І надрукаваная ў 1977 годзе «лімаўская» падборка, вершы з якой носяць выразны характар твораў, матэрыялам для якіх найперш паслужылі жывыя, непасрэдныя ўражанні чалавека, які хадзіў вуліцамі канкрэтнага горада, адкрыў для сябе канкрэтны помнік, быў у гасцях у канкрэтнага пісьменніка — празаіка і перакладчыка Нарклыча Хаджагельдыева. Што цікава, у 1986 годзе наш беларускі краязнаўца, публіцыст Мікола Калінковіч пазнаёміў мяне таксама з Нарклычам Хаджагельдыевым прама ў яго кабінеце першага намесніка галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага часопіса «Совет эдэбіяты». Праз некаторы час я прынёс да Нарклыча ага свой артыкул пра беларуска-туркменскія літаратурныя сувязі (артыкул быў надрукаваны ў другім, лютаўскім, за 1987 год, нумары часопіса «Совет эдэбіяты»). А вось размовы ў нас, добра гэта памятаю, пра Лойку не было. Чаму?!. Мо сцёрлася ў Нарклыча Хаджагельдыева з памяці сустрэча з нашым беларускім паэтам? Мо і пра верш, прысвечаны яму, нічога туркменскі літаратар не ведаў... Цытуем Алега Лойку — «Нарклыч іграе на дутары...»:

Нарклычу Хаджагельдыеву

Нарклыч іграе на дутары ціха
Гудлівае, сумлвіае, спрадвечнае.
Баліць і тое, што мінула, ліха — 
Гудлівае, сумлівае, спрадвечнае. 

Нарклыч іграе на дутары звонка
Вясёлае, святочнае, спрадвечнае. 
І поўніць сэрца сонечнаю слонкай
Вясёлае, святочнае, спрадвечнае. 

Нарклыч іграе на дутары ўдала
Юнацкае, вірлівае, спрадвечнае. 
І абуджае дух мой, як цымбалы, 
Юнацкае, вірлівае, спрадвечнае. 

Нарклыч іграе на дутары з жарам
Джыгіцкае, булатнае, спрадвечнае. 
Шугае і ў маіх вачах пажарам
Джыгіцкае, булатнае, спрадвечнае. 

Нарклыч іграе на дутары горда
Туркменскае, спрадвечнае і вечнае. 
І робіць нас сябрамі назаўсёды
Туркменскае, спрадвечнае і вечнае. 

... Шкада, што на той час я не ведаў пра гэты верш. Шкада, што не адбылася ў нас з Нарклычам Хаджагельдыевам размова пра іх сустрэчу з Алегам Антонавічам. Відаць, зусім ужо не шэраговую, калі чалавек, калега-пісьменнік так шчыраваў у ігры на дутары, што гэта запомнілася Алегу Лойка эмацыйным, шчырым вершам. Дарэчы, некалькі ўсё ж слоў пра Нарклыча Атаевіча Хаджагельдыева. Народны пісьменнік Туркменістана. Аўтар рамана-трылогіі «Гёк-Тэпэ», раманаў «Параненыя каласы», «Прабач, каханая», іншых прыкметных твораў. Узнагароджаны туркменскім медалём «За любоў да радзімы». Пераклаў на туркменскую мову раманы Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві». На жаль, Нарклыч Хаджагельдыеў даўно пайшоў з жыцця... 

І ўсё ж вяртаемся да туркменскіх вершаў Алега Антонавіча. У зборніку «Лінія жыцця» (вельмі прыкметная кніга; здалёк кідаецца ў вочы і афармленне, выкананае маладым тады яшчэ Міколам Селяшчуком), які выйшаў у свет у 1978 годзе, Алег Лойка прадстаўляе творы, вытокі якіх — у Ашхабадзе, асобным цыклам пад назваю «Песні дутара»... Эх, гэты загадкавы для беларускай душы дутар!.. Дутар — старадаўні персідскі двухструнны шчыпковы музычны інструмент. Іграюць на ім уйгуры, таджыкі, туркмены, узбекі, курды. Той, хто іграе на дутары, у курдаў (і ў туркмен таксама!) завецца бахшы. У азербайджанцаў — ашык. Струны ў даўніну чабаны выраблялі з кішак баранаў. А як з’яввіўся Шаўковы шлях, то і ў Сярэднюю Азію, Туркменістан дайшлі шаўковыя струны. Зараз, праўда, часта выкарыстоўваюцца нейлонавыя струны... Прагрэс!.. А майстэрства ўсё ж ідзе з даўніны. І менавіта майстэрства, няхай сабе і непрафесійным выканаўцам, перададзенае, і захапіла беларускага паэта. Ён пачуў у выкананні і душу, і сэрца чужога народа, а мо яшчэ сваю справу зрабілі гены маці, якая, пэўна ж, і ва Узбекістане, і ў Таджыкістане з нараджэння чула гэтую натхняльную музыку... 

Ужо ў кніжны цыкл «Песні дутара» увайшлі 12 твораў. «Ля помніка Махтумкулі ў Ашхабадзе», верш, пра які мне нагадаў Мерэтгылыч Ягмурадаў, і які даўно перакладзены на туркменскую мову, — другі ў гэтым цыкле: 

І заўсёды час настае, калі 
Прыходзяць Махтумкулі — 
З разгорнутай кнігай людзі, 
Што марна зямлі не пакінуць, 
Што адсейваюць зерні ад ямкіны.
І сеюць яны тыя зерні, 
І — узыходзіць Народ,
І — 
няма болей чэрні,
Ёсць у будучыню Паход;

Ёсць вочы, якім, 
Як зорам, святлом вечным ліцца,
Ёсць памяць, якая — 
Не лёду халоднага крыга,
Ёсць рукі, што вычэсваюць
У самым сэрцы сталіцы
З граніту 
воблік Чалавека
З разгорнутай кнігай!..

Ці ведаў тады, як любаваўся хараством помніка Махтумкулі ў туркменскай сталіцы, як пісаў гэтыя паэтычныя радкі, Алег Антонавіч штосьці пра самога аўтара помніка... У той час помнік знаходзіўся ў самым цэнтры горада. Усталяваны ён быў у 1971 годзе (гэта па звестках у Вікіпедыі). Скульптар — В. Папоў. Архітэктар — В. Высоцін і В. Кутумаў. Помнік выраблены з бетона і прыроднага каменя. Знаходзіўся ў скверы Махтумкулі. Акружаны фантанамі. Насупраць — будынак міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі. Біяграфія Віктара Барысавіча Папова (1923 — 1981), 100-годдзе з дня нараджэння якога можна было адзначаць 1 красавіка 2023 года, — у персанальным артыкуле «Энцыклапедыі літартауры і мастацтва Беларусі». Год выдання чацвёртага тома з патрэбным тэкстам выйшаў у 1987 годзе. Мне было прасцей ведаць усё гэта у свой ашхабадскі перыяд жыцця (1985 — 1988), бо некаторыя кнігі для мяне куплялі ў Беларусі і перасылалі родныя людзі альбо я замаўляў іх праз сістэму «Кніга — поштай». Тады ўсё гэта было проста і не вельмі каб дорага... Так што, яшчэ тады, у 1980-я, прачытаў пра Віктара Папова наступнае: помнік Махтумкулі ён усталяваў у 1970 годзе. Год розніцы з сучаснай электроннай інфармацыяй... А яшчэ ў Туркменістане скульптар адзначыўся двума помнікамі правадыру сусветнага пралетарыяту У. І. Леніну. У самім Ашхабадзе (1966 год) і ў Небіт-Дагу (1967). Зараз горад называецца Балканабат. А ў 1933 — 1946 гг. горад называўся Нафтадаг. Гісторыя паселішча, зразумела, самым цесным чынам звязана з нафтаздабычай. У сярэдзіне 1980-х гг. паблізу горада праходзілі здымкі славутага кінафільма «Кін-дза-дза», сатырычнай трагікамедыі Георгія Данэлія, у якой здымаліся Станіслаў Любшын, Юрый Якаўлеў, Яўген Лявонаў... Ёсць і ў Балканабаце помнік Махтумкулі Фрагі... Але гэта ўжо іншая гісторыя…

І што вельмі істотна і дапамагае расставіць кропкі над «І» у звязку з сумненнямі, дзе ўсё ж такі і калі быў Алег Лойка, — верш «На пасяджэнні VII з’езда пісьменнікаў Туркменіі». «Ружа расцвіла не ў садзе,/Не ў заценьку арыка, — /Проста ў зале ў шостым радзе — /У туркменачкі ў руках!../Як зара, з рук узыходзіць/ І трымціць, як страказа. /Зал вачэй з яе не зводзіць, /І прэзідыум, і зал./ А вачэй дзявоых позірк/ Заклапочан ёй адной. / Ці мо гэта мне здалося,/ Неспакой мой, неспакой?/ Ружа — нібы проста ружа,/ Недрыготкая рука.../ Вейкі ад чаго ж прымружыў/ Першы сакратар ЦК?.. / Не адводзяць, бачу, вочы/ Ад пялёсткаў агнявых/ І ўсміхаюцца святочна/ І таварышы з Масквы,/ І з Баку, і з Ерэвана... / Чэсць паэзіі, красе!../ Вас, я быў перакананы, / Разумелі ў зале ўсе!..» Такі вось лірычны дакумент паэта, частка справаздачы пра камнадзіроўку. Як такому вершу-«дакументу» не паверыць?!. 

У 2024 годзе — 300-годдзе з дня нараджэння Махтумкулі. Міжнародная арганізацыя цюркскай культуры («ТюрКСОЙ»). 5 лістапада 2022 года «ТюрКСОЙ» аб’явіў 2024 год Годам класіка туркменскай літаратуры Махтумкулі Фрагі. Будзем спадзявацца, што наноў будзе надрукаваны даўні цёплы і шчыры верш Алега Лойкі «Ля помніка Махтумкулі ў Ашхабадзе», як і іншыя «туркменскія» творы беларускага паэта. А на самых вялікіх урачыстасцях у гонар трохсотгадовага юбілея Махтумкулі прыгадаюць і Алега Лойку, і іншых перакладчыкаў паэзіі Вялікага Фрагі на беларускую мову. 

... Дарэччы, аднойчы большасць вершаў з «туркменскага» цыкла Алега Лойкі (восем твораў) ужо друкавалася па-туркменску — у газеце «Эдэбіят ве сунгат» 14 мая 1977 года. Перакладчык — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Турмкенскай ССР імя Махтумкулі Аналы Бердыеў. А верш «Капетдаг» быў перадрукаваны яшчэ і ў часопісе «Савет эдэбіяты» — у дзесятым, кастрычніцкім, нумары за 1984 год... 

У Алега Лойкі ўнікальная творчая біяграфія. Па-першае, уражвае яго высокая працаздольнасць. Ён не выпісаўся і ў сталыя свае гады. Выключна шмат што збіраўся сказаць сучасніку, а можа быць — імкнуўся нешта вартае давесці і наступнікам. Па-другое, працаваў у розных відах і жанрах літаратуры. І ў літаратуразнаўстве — таксама, працаваў, як сапраўдны вол. У прозе стварыў унікальныя, багатыя па сутнасці, нечаканыя для многіх кнігі пра Янку Купалу і Францыску Скарыну. Дамогся іх выдання ў маскоўскай серыі «Жыццё знакамітых людзей». Пэўна, зрабіў бы яшчэ і для «ЖЗЛ» і кнігі пра Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, творчасцю якіх быў захоплены. І вельмі шмат перакладаў... І з паэзіі народаў Савецкага Саюза — Шухрат, Зульфія, Гелавані, Расул Гамзатаў, Мікалай Ціханаў, Геворг Эмін... Перакладаў Міцкеіча. Не мог яго не перакладаць!.. Першая дысертацыя, кандыдацкая, — «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура». Асобна выдаў кнігі перакладаў з Верлена — «У месяцавым ззянні» і Гётэ — «Спатканне і ростань»... І захапленне, а мо і шчырае здзіўленне новым, раней невядомым у Туркменістане — гэта толькі эпізод яго творчага жыцця. Але эпізод з сардэчным раскрыццём і ўражлівай дабрынёю... Іначай у яго, таленавітага, яркага творцы, і быць не магло!..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.