Вы тут

Узнагароды, маёўка, фантаны. У Беларусі адзначаюць Свята працы


Сёння прафсаюзы па ўсёй краіне арганізуюць святочныя мерапрыемствы. Тысячы чалавек атрымаюць заслужаныя ўзнагароды за добрасумленную працу і значны ўклад у развіццё сваіх прадпрыемстваў.


У Магілёве людзей працы ўшанавалі ў гарадскім парку Падніколле

Магілёў прымеркаваў да свята шмат мерапрыемстваў, якія з раніцы адбываюцца ў горадзе на розных пляцоўках. Асабліва ўрачыста сёння было ў гарадскім парку Падніколле, дзе ўшанавалі людзей працы. Тут пад адкрытым небам быў устаноўлены партэр на 300 месцаў і сцэна. Некалькі тысяч чалавек з ліку прадстаўнікоў працоўных калектываў, сілавых структур, дэпутатаў, моладзі, грамадскасці прыйшлі, каб павіншаваць калег, падтрымаць калектывы прадпрыемстваў і арганізацый вобласці, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы. Сёння тут апладзіравалі лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы, прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, уладальнікам пасведчанняў аб занясенні на Магілёўскую абласную дошку Гонару. Узнагароды былі ўручаны і ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Сярод лепшых прадпрыемстваў, якія былі адзначаны за высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці за мінулы год, а таксама правядзенне і ўкараненне навуковых даследаванняў і распрацовак, адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Зеніт», «Стужка», «ТАіМ», ТАА «БелЭмса», «Магілёўліфтмаш», прыватнае прадпрыемства «Газасілікат Магілёў» і іншыя. Са сцэны гучалі віншаванні і словы падзякі, людзям працы прысвячалі песні і танцавальныя нумары.

— Тое, што сёння мы святкуем Першамай, падтрымліваем традыцыю, якая склалася на працягу дзесяцігоддзяў, гэта цудоўна, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Мы дзякуем людзям, якія сумленна працуюць, запрашаем іх на сцэну, уручаем узнагароды. Гэта важна для чалавека, для яго сям’і, для рэгіёна ў цэлым. Чым багацей становіцца наш рэгіён, тым багацей людзі. Той лозунг, які знаёмы нам з Савецкага Саюза — Мір! Праца! Май! — набывае сёння яшчэ большую актуальнасць і значэнне. Што можа быць лепш спакою, магчымасці працаваць, вясновага настрою, сонца? Галоўнае, што мы жывем у мірнай, прыгожай краіне. Мір — гэта наша праца, наш спакой, наша стварэнне, наш рух наперад.

Святочныя гулянні ў традыцыі савецкіх маёвак на сучасны лад працягнуцца ў парку да самага вечара. Магіляўчане прыйшлі адпачыць сем’ямі, дарослыя і дзеці ўдзельнічаюць у шматлікіх гульнях, віктарынах, конкурсах, квэстах. Шматлюдна вакол пляцовак ратавальнікаў і сілавых структур. Для дзяцей арганізаваная праца бясплатных батутаў. У паветры лунаюць смачныя пахі ад мясных страў і рыбнай юшкі, гучыць музыка, дзіцячы смех. На алеях парка размясціліся палаткі гандлёвых прадпрыемстваў вобласці, рамеснікаў. Шмат розных дэгустацый, выстаў. Установы адукацыі, напрыклад, дэманструюць рэчы часоў СССР. Як паведаміў карэспандэнту «Звязды» кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі № 1 Ігар Турло, экспанаты для выставы «Магілёў савецкі» дапамаглі сабраць вучні і іх бацькі. «Гэта таксама важна для патрыятычнага выхавання, — лічыць суразмоўнік. — Шмат хто цікавіцца значкамі, эмблемамі, з цікаўнасцю разглядаюць фотаздымкі, копіі якіх мы ўзялі ў краязнаўчым музеі. Трэба ведаць сваю гісторыю і берагчы яе».

Прыемным сюрпрызам для гараджан стала прымеркаванае да свята адкрыццё фантанаў. У Падніколлі іх запуск адбыўся пад апладысменты і радасныя воклічы адпачываючых.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


У кожным раёне Міншчыны падрыхтавалі цікавыя праграмы святкавання Першамая

Ва ўсіх 22 раёнах Мінскай вобласці і ў горадзе Жодзіна праходзяць мерапрыемствы з нагоды Першамая — шэсці працоўных калектываў, народныя гулянні, канцэрты, адкрытыя дыялогі на тэмы, якія хвалююць грамадства, дыскатэкі і шмат іншага.


У сталічным Парку Перамогі адсвяткавалі 1 Мая


 

У прыватнасці, у Барысаве прафсаюзы зладзілі свята ў гарадскім парку культуры і адпачынку, якое сабрала шматлікую аўдыторыю — школьнікаў, моладзь, дарослых. Старт мерапрыемству дало ўзнагароджанне ветэранаў працы, прафсаюзных актывістаў, працоўных дынастый, сацыяльных партнёраў. Затым для ўдзельнікаў свята і гасцей адбыўся канцэрт з удзелам самадзейных творчых калектываў раёна.

У Вілейцы свята адкрылася мітынгам з удзелам прадстаўнікоў прафсаюза. Відовішчным і маляўнічым атрымалася шоу мыльных бурбалак. Шмат людзей сабрала адкрыццё гарадскога фантана. Падчас свята працавалі выставы народных майстроў, дзіцячыя гульнявыя зоны.

Фота: БелТА.

Насычана цікавымі падзеямі і свята ў Дзяржынску. У дзіцячым парку адкрыўся сезон атракцыёнаў. Дарэчы, малых тут чакаў падарунак—новая карусель.

У гарадскім парку прайшло вялікае сямейнае свята з гульнямі, конкурсамі, канцэртам. Не забылі і аб ветэранах працы, працоўных дынастыях, лепшых па прафесіі. Усе яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Жыхары Валожына паглядзелі канцэрт ансамбля народнай песні «Сваякі». Паўдзельнічалі ў адкрытым моладзевым дыялогу «Беларусь у сучасным свеце».

Дадам, што ў раёнах святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Першамаю, пачаліся яшчэ 29 красавіка і будуць працягвацца сёння, 1 мая, да канца дня.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.