Вы тут

У Беларусі прайшоў заключны ЦЭ па выбары


Беларускія 11-класнікі напісалі другі і заключны цэнтралізаваны экзамен па прадметах на выбар. Большасць (амаль 20,6 тыс. выпускнікоў) выбрала матэматыку, на другім месцы біялогія, на трэцім — англійская мова. Па ўсёй краіне працавала 144 пункты правядзення ЦЭ, больш за 53 тыс. чалавек наведалі іх і прынялі ўдзел у выпрабаваннях, паведамляе БелТА.


Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт у другі дзень цэнтралізаванага экзамену наведаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Да пачатку выпрабаванняў ён прайшоў па ВНУ, праверыў захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў, зазірнуў у аўдыторыі, даў наказ 11-класнікам. «Мы глядзелі гатоўнасць аўдыторый, прапускны рэжым, самае галоўнае — гатоўнасць рабят. Ёсць пэўная катэгорыя дзяцей, якая сур’ёзна настроена, яны адразу занялі свае месцы. Некаторыя рабяты спакойныя, ходзяць, гутараць адзін з адным. Па іх водгуках, тое, што ім прадастаўлена права выбраць профільны прадмет і ў далейшым вызначыць сваю траекторыю і лагістыку паступлення, для іх камфортнае рашэнне. Яны ўсе яго падтрымліваюць і вітаюць. З пункту гледжання арганізацыйных пытанняў БНТУ — гэта доследная ўстанова, пры правядзенні ЦТ тут адпрацаваны ўсе практыкі і методыкі. Тут ніякіх нечаканасцяў мы не ўбачылі», — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

Дзяржаўны інспектар КДК Ганна Казак таксама адзначыла поўную гатоўнасць ВНУ да правядзення ЦЭ. «Мы ажыццяўляем кантроль за выкананнем заканадаўства пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену ў форме кантрольна-выязных мерапрыемстваў. Сёння мы ў БНТУ. Тут задзейнічана 89 аўдыторый, 4 карпусы, прадстаўлены ўсе прадметы. Здаюць экзамен больш за 2,5 тыс. будучых выпускнікоў. Хацелася б адзначыць добрую арганізацыю. Мы звярталі ўвагу на наяўнасць пашпартоў, пропускаў, адсутнасць тэлефонаў, каб выпускнікам своечасова, дакладна і аператыўна даводзілі ўсе дадзеныя і інфармацыю, якая зберажэ іх ад парушэнняў. Пакуль што ўсё добра», — распавяла яна.

Пасля рэпетыцыі ЦЭ і першага экзамену па дзяржаўных мовах збор дзяцей у школах і прыезд у пункты правядзення не выклікаў ніякіх цяжкасцяў. Усё арганізавана і своечасова прыбылі на месцы. Дзеці зайшлі ўнутр, большасць настаўнікаў засталіся ў двары ВНУ на лаўках пад бэзам. У іх было каля двух гадзін, каб атрымаць асалоду ад цёплага, сонечнага надвор’я.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сталічнай школы № 180 Ганна Працкевіч падкрэсліа, што новая сістэма адназначна лягчэй і больш эфектыўна. «Навучэнцам даводзіцца здаваць два цэнтралізаваныя экзамены і адно ЦТ. Яны атрымліваюць сертыфікаты — і гэта ўжо пропуск для паступлення. Раней ім трэба было здаць іспыты ў школе, потым яшчэ здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах. Гэта падвойная нагрузка. Дзецям цяпер адназначна лягчэй, яны самі пра гэта кажуць. Мы рыхтаваліся з дзецьмі да ЦЭ. З імі працавалі настаўнікі, гэта былі дадатковыя заняткі і заданні. У нас 18 чалавек сёння здаюць матэматыку. Дзеці, вядома, перажывалі, але моцнага хвалявання не было, таму што першы экзамен ужо здадзены», — падзялілася яна.

Дырэктар школы № 180 Наталля Нарбунтовіч ужо сустрэла траіх навучэнцаў, якія завяршылі ЦЭ па матэматыцы. «Дзеці распавядаюць, што сюрпрызаў не было, заданні аб’ектыўныя, дубліруюць школьную праграму. Некаторыя сказалі, што па заданнях яны ўбачылі, што могуць палепшыць сваю гадавую адзнаку па матэматыцы ў школе. Каля 80% нашых выпускнікоў арыентуюцца на вышэйшую адукацыю. Сучасная моладзь хоча паступаць на дызайн, паліталогію, педагагічныя спецыяльнасці іх цікавяць. У нас у школе тры выпускнікі атрымалі мэтавыя напрамкі, яны прыйдуць да нас праз чатыры гады ў якасці маладых настаўнікаў. Акрамя таго, з наступнага навучальнага года ў нашай школе будзе адкрыты інжынерны клас БНТУ, мы падпісалі пагадненне. Там ухіл будзе зроблены на фізіку і матэматыку», — праінфармавала кіраўнік школы.

Пра тое, што новая сістэма выніковай атэстацыі здымае з 11-класнікаў каласальную нагрузку, кажа і настаўніца англійскай мовы школы № 95 Мінска Алена Русалімчык. «Добра, што з дапамогай ЦЭ можна пратэставаць адразу вялікую колькасць навучэнцаў. Сёння ў нас усё прайшло спакойна. Усе сабраліся своечасова, арганізавана выехалі, грамадскі транспарт ходзіць добра. Хтосьці з дзяцей казаў, што хвалюецца, хто — не. Але мы ж ведаем, што трывожнасць у дзяцей ёсць, хоць і невялікая», — распавяла яна.

Выпускнікі з аўдыторый сталі выходзіць ужо праз гадзіну пасля пачатку выпрабаванняў, асабліва тых, на якія было адведзена 90 і 120 хвілін. На матэматыцы, на якую было выдзелена 210 хвілін, тых, хто спяшаўся, было менш.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.