Вы тут

У літаратурнай газеце — паэзія кітайскай моладзі


Развіццё беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў звязана з многімі імёнамі. І тых беларускіх пісьменнікаў, чые кнігі, асобныя творы друкаваліся ў перакладах на кітайскую мову ў Паднябеснай. І тых кітайскіх паэтаў і празаікаў, чые вершы, апавяданні, аповесці і раманы друкаваліся ў Беларусі ў пераўвасабленні на мову Янкі Купалы і Якуба Коласа. 


Толькі за апошнія дзесяць гадоў асобнымі кнігамі, у перыядычных выданнях нашай краіны па-беларуску прыйшлі да чытача творы Ай Ціна, Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Лі Цінчжаа, Вэнь Ідо, Сюй Чжыма і іншых пісьменнікаў. І ў гэты перыяд часопісы «Маладосць», «Нёман» (дзе друкуюцца творы сучасных кітайскіх літаратараў у перакладзе на рускую мову), іншыя выданні імкнуліся прадстаўляць творчасць маладых паэтаў, празаікаў. 

А сёлета, 16 чэрвеня, на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» выходзяць пераклады вершаў адразу 18 кітайскіх паэтаў, якія вучацца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце: Ло Хэсіцзы, Чэнь Шуаюй, Цай Цзысінь, Ма Дучуань, Фу Сіньпін, Ян Мэнтун, У Юйцзян, У Чжэнь, Тан Шыюэ, Цянь Сіньцзэ, Лю Цзофу, Сюэ Цзіна, Лі Юйчэнь, І Хунжуй, Чжан Шаовэй, Чжао Юйчэнь, Лі Сіньчжэ, Ван Ін. Перакладчыкам усіх твораў выступіла вядомая беларуская пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Людміла Рублеўская. 

Газета «Літаратура і мастацтва» выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда». Адзін з заснавальнікаў штотыднёвіка — Саюз пісьменнікаў Беларусі. З просьбай пракаменціраваць публікацыю мы звярнуліся да намесніка дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксея Чароты:

— Раздзел нашай газеты «Літаратура і мастацтва», які называецца «Дыпламатыя перакладу» і надалей будзе ўважлівым да сучаснай літаратурнай моладзі Кітая. Спадзяюся, што ўжо ў гэтым годзе надрукуем новую падборку вершаў юных мастакоў слова з Паднябеснай. А мо з часам выйдзем і на асобнае кніжнае выданне маладой кітайскай паэзіі XXI стагоддзя ў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», якая ўжо набыла сваю вядомасць. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.