Вы тут

Сусвет Васіля Быкава


Налета мы будзем адзначаць 100-годдзе Васіля Быкава, народнага пісьменніка Беларусі. Сёлета, 19 чэрвеня, з ягонага дня нараджэння споўнілася 99 гадоў, самы час пачаць грунтоўную размову... Бо творчасць гэтага класіка — цэлы сусвет, які яшчэ доўга будзе вывучацца, па-новаму адкрывацца з розных ракурсаў, у розных кантэкстах. Да гутаркі пра творчасць і асобу Васіля Быкава мы запрасілі аўтарытэтных навукоўцаў, даследчыкаў, дзеячаў культуры з розных куткоў Беларусі. Пра аўтара «Сотнікава» і «Знака бяды» разважаюць доктар архітэктуры, прафесар, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў, доктар філалагічных навук, загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людміла Саянкова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Русілка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Сабуць і кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, прафесар Акадэміі ваенных навук Расіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Афанасьеў.


У чым наватарства прозы Васіля Быкава?

А. Сардараў: Наватарства Васіля Быкава ў тым, што ён адным з першых сярод нашых пісьменнікаў пачаў заглядаць унутр байца, салдата, наогул чалавека, якому выпала найбольш цяжкае выпрабаванне — удзел ў вайне. І раней, да яго, былі творцы, якія ўвасаблялі ў сваіх творах лёс чалавека, але перш за ўсё як лёс героя, барацьбіта з ворагам, а не асобы.

Як архітэктар я заўсёды павінен разглядаць рэчаіснасць звонку і знутры. Тут якраз з боку маёй прафесіі магчыма для прыкладу згадаць творчасць нашых майстроў выяўленчага мастацтва. Вялікія скульптары Заір Азгур і Андрэй Бембель стваралі таленавітыя творы, прысвечаныя вайне, дзе галоўным было паказаць сілу і моц героя ў яго подзвігу. Таму з'яўляліся зробленыя рукамі майстроў манументальна-парадныя партрэты. Надышлі 60-я гады, прыйшлі думкі аб лёсе простых людзей. Вось тут і з'явіўся ўдзельнік вайны, таленавіты пісьменнік Васіль Быкаў. У ягонай творчасці галоўным было тое, што ён паказаў простага чалавека з яго сумненнямі, слабасцямі, пакутамі...

Л. Саянкова: Ніхто так не гаварыў пра чалавека на вайне, як Васіль Быкаў. Апісваючы як быццам камерныя, асабістыя сітуацыі, ён узнімаўся на ўзровень эпічных аповедаў, дзе ў цэнтры — лёс чалавека. Паказваючы чалавека ў канкрэтным часе, ён узнімаўся да пазачасавых вышынь, да той сутнасці, якая суадносіцца з вечным.

В. Русілка: Самы звыклы і, безумоўна, правільны адказ на гэтае пытанне адносіцца да катэгорыі зместу: Васіль Быкаў адкрыў чытачу горкую праўду вайны. Пісьменнік даследаваў трагедыю праз экзістэнцыяльныя катэгорыі абавязку і маральнага выбару, глыбока паказаў пакуты чалавека і антыгуманную сутнасць вайны. Аднак Васіль Быкаў зусім не пісьменнік адной тэмы, ён па-наватарску ўвасобіў і іншыя: сталінскія рэпрэсіі, пасляваенны час, філасофія нацыянальнага характару. Важна, што заўсёды ў цэнтры ўвагі пісьменніка быў чалавек, а не падзея.

Пра наватарства Быкава ў галіне формы можна разважаць доўга: адкрыццё жанру малой франтавой аповесці, філасофія прыпавесці, так званы лабараторны рэалізм, калі аўтар ставіць глыбока распрацаваныя характары ў змадэляваныя ім выключныя ўмовы і назірае за магчымымі варыянтамі паводзін.

А. Сабуць: Васіль Быкаў і наватар, і традыцыяналіст. Услед за класікамі Янкам Купалам, Максімам Гарэцкім, Якубам Коласам Васіль Быкаў самавіта сцвердзіў матыў шляху (дакладней, яго пошуку), беларускі архетып дому (што знакава і лёсавызначальна і ў герояў, і ў самога аўтара: вяртацца паміраць дахаты, як адбываецца і ў аповесці «Аблава», і ў аўтабіяграфічнай прозе «Доўгая дарога дадому»...). Невыпадкова Купалавы паязджане («Паязджане» (1918)) адгукнуліся ў быкаўскіх пахаджанах (зборнік «Пахаджане»): тыя ж блуднікі, са стратай гістарычнай памяці на беларускіх прасторах пачатку ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў.

Безумоўна, Васіль Быкаў — наватар у адкрыцці часу (умеў паказаць беларусам страчаныя імі магчымасці), акцэнтацыі выбару (сугучна з купалаўскім «Больш самачыннасці»). Быкаў правакаваў чытача да нацыянальнай самасці, да пазбаўлення ад комплексу нацыянальнай непаўнацэннасці: беларус сам павінен ладкаваць свой лёс, а не сядзець і чакаць, што гэта нехта за яго зробіць, зрэшты, да расшыфроўкі самога сябе, сваёй асабовасці...

І. Афанасьеў: А мне хацелася б згадаць адну сустрэчу з Васілём Уладзіміравічам, якая адбылася ў жніўні 2001 года ў Франкфурце-на-Майне. З усяго, пра што гаварылася ў той дзень пад кубачак кавы і смачную піцу, вылучу адно, што вельмі ўразіла (як тады, так і цяпер). Быкаў з вялікім сумам распавёў, што атрымаў ліст ад сябра-франтавіка, дзе той дакараў Васіля Уладзіміравіча нібыта за ягоныя словы пра тое, што з гістарычных прычын Смаленшчыну трэба далучыць да Беларусі. Вядома ж, нічога падобнага Быкаў не казаў, і, можа, найбольшае, на што намагаўся ў нейкім выказванні, — нагадаць пра супольнае існаванне ў сівой даўніне цяперашніх розных дзяржаў і земляў. Аднак журналісцкая плётка спрацавала і параніла самога Васіля Уладзіміравіча не менш, чым ягонага баявога сябра. Стала зразумела, якое важнае для Быкава менавіта вось гэтае, франтавое, паразуменне з паплечнікамі ваеннага пакалення. Лёс такой еднасці ў безвыходнасці ваенных абставін і ў будучыні, што настане за парогам Перамогі, — нерв быкаўскай прозы: аб вайне і аб міры. Звярніце, калі ласка, увагу: разлом 1990-х у літаратараў (у тым ліку і ў пісьменнікаў-франтавікоў), праз які ў сваім дзённіку так пакутаваў Ігар Дзядкоў — выдатны знаўца і шчыры сябра беларускай літаратуры, у Быкава не закрануў менавіта тое, акопнае братэрства. Ведаеце, у нашай сям'і была традыцыя: напярэдадні дня нараджэння Быкава зрэзаць у нашым садзе ружы і завітаць да Васіля Уладзіміравіча і Ірыны Міхайлаўны ў Мінск. Цеплыню гэтых сустрэч і па-дзіцячаму адкрытай быкаўскай усмешкі не забыць дагэтуль. Гасцямі Васіля Уладзіміравіча мы бывалі ўтрох: мой тата, дзядуля — партызан і франтавы сувязіст (прафесія, да якой Быкаў ставіўся з найвялікшай павагай) і я. У дзеда на грудзях быў прышпілены знак «Ветэран КПСС», які выдавалі за 50 гадоў бездакорнага знаходжання ў партыі, куды дзед уступіў на фронце. Помню, як у «беспартыйныя» і часам нават антыкамуністычныя 1990-я гады Васіль Быкаў па-сяброўску абдымаў Івана Гарунова і з нейкай пяшчотай гаварыў: «Мой дарагі ветэран КПСС».

Васіль Быкаў увесь час ставіць сваіх герояў перад складаным выбарам у экстрэмальных абставінах, змушае чытача да роздуму над іх учынкамі. Як бы вы акрэслілі філасофію пісьменніка?

А. Сардараў: Філасофія гэтага пісьменніка, безумоўна — хрысціянская. Калі чалавек нават у цяжкія часы выпрабаванняў заглядае ўнутр сябе, сувымярае свае паводзіны з сумленнем — да гэтага якраз і заклікаў Хрыстос. Не выбар ідэалу, за якім ісці ў жыцці, а перш за ўсё выбар унутры сябе: не нашкодзіць блізкаму — гэта і ёсць выбар сапраўднага хрысціяніна.

Л. Саянкова: Паколькі ўся ўвага пісьменніка была засяроджана на пераадоленні чалавекам сваіх сутнасных асаблівасцяў, ён быў адным з першых аўтараў у беларускай літаратуры, у творах якіх былі рэалізаваныя асновы экзістэнцыяльнай філасофіі.

В. Русілка: Сутнасць яго філасофіі — заставацца чалавекам у любых умовах.

А. Сабуць: Філасофія пісьменніка-экзістэнцыяліста, якога вабіць моц чалавечага духу, які і чытача свайго спакушае да ўмення рабіць выбар адносна сумлення (сапраўдная «звышлітаратура», па-адамовічаўску!), да спробы адольваць хаос.

І. Афанасьеў: Для ўсіх, хто вывучае творчасць Васіля Быкава, хто чытае пісьменніка, гэтая тэма адвечная. Такой была — такой і застанецца. У 1989 годзе ў гутарцы з Феліксам Мядзведзевым на старонках часопіса «Огонёк» Васіль Уладзіміравіч сам разважаў аб магчымых экзістэнцыялісцкіх уплывах і вылучаў раман Камю «Чума», падтрымліваючы ацэнку Твардоўскага («Евангелле ХХ стагоддзя»). Дарэчы, Твардоўскі як галоўны рэдактар часопіса «Новый мир» шмат сіл і гадоў палажыў на тое, каб надрукаваць раман у сябе, але не здолеў гэтага зрабіць. Здолеў надрукаваць, так бы мовіць, экзістэнцыяльныя творы Быкава, у якіх паўстаў той самы выбар, што спарадзіў традыцыю еўрапейскага экзістэнцыялізму: альбо ёсць чалавек, які ва ўсякіх абставінах застаецца чалавекам, альбо свет гіне. Гіне чалавек — разбураецца, знікае свет. Хіба не так у Васіля Быкава? Хіба гэта не вызначальная адметнасць прозы пісьменніка? Гуманістычны пафас рамана «Чума» ўвасабляецца ў думцы пра непазбежнасць паражэння ў вайне для маці, якая страчвае сына, і для мужчыны, які хавае сябра — нават калі дасягнута ўсеагульная перамога. Аднак ці адмаўляе гэта саму перамогу? Вядома ж, не. З такога пункта гледжання, проза Быкава — не пра цану Перамогі, а пра яе сутнасць, усечалавечую годнасць, што захоўваецца менавіта ў такой памяці: пра невычэрпнае гора маці, пра слёзы воіна на магіле сябра. І пра адоленне сусветнага зла, што з'яўляецца ў выглядзе знешняга ворага, і ў спакусах чалавечай слабасці і здрадніцтва па гэты бок траншэй. У Быкава і блізка няма таго, што Алесь Адамовіч называў «ахаладжальнай прыладай» у літаратуры, калі эпапея ўраўнаважвае ўсенароднай перамогай незваротнасць гібелі асобнага чалавека. Даведаўшыся з яго інтэрв'ю пра тое, як Васіль Уладзіміравіч у 1944 годзе трапіў у штабныя спісы загінулых, я з вялікім здзіўленнем усвядоміў падабенства яго гісторыі з гісторыяй майго дзеда, Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Аляксандра Лізюкова. Знойдзеная на месцы бою сумка Быкава дала падставы лічыць яго мёртвым, а знойдзеная каля падбітага танка рэчавая кніжка Аляксандра Лізюкова на працягу дзесяцігоддзяў перашкаджала знайсці шлях да яго сапраўднай франтавой магілы. Яе знайшлі толькі ў 2008 годзе.

Амаль паводле канонаў экзістэнцыялізму: выбіраючы сябе, Васіль Быкаў «выбраў» і нашу сямейную гісторыю... А яшчэ трапіў пасля таго жудаснага ранення ў шпіталь Пятай танкавай арміі, стваральнікам і першым камандуючым якой быў Аляксандр Лізюкоў, і правёў аднаго з герояў сваёй аповесці «Балота» праз Салаўёву пераправу пад Смаленскам 1941 года, ваенным камендантам якой быў Лізюкоў, за што адным з першых у пачатковы перыяд вайны атрымаў званне Героя Савецкага Саюза ў жніўні 1941 года.

Вось такі экзістэнцыялізм...

Як вядома, Васіль Быкаў меркаваў стаць скульптарам, але галеча перашкодзіла працягнуць мастакоўскую адукацыю. Якога маштабу ён, на вашу думку, мог дасягнуць у выяўленчым мастацтве?

Л. Саянкова: Яго творы добра візуалізаваныя. Нават калі ён апісвае прыроду, яе можна не толькі бачыць, але і цалкам адчуць, дакрануцца. Цяжка сказаць, якога маштабу быў бы Быкаў-мастак, але ў любым выпадку, думаю, гэта было б па-мастацку.

А. Сардараў: Ці былі ў Васіля здольнасці ў выяўленчым мастацтве і як бы яны былі разгорнуты? Тут самае важнае не памыліцца і зразумець — што ёсць менавіта гэтыя здольнасці? Таму што калі я сёння вучу нашу моладзь, студэнтаў, я кажу сваім вучням: мастацкія здольнасці — гэта далёка не ўсе. Трэба прысвяціць жыццё творчасці і шмат працаваць, каб стаць сапраўдным творцам. Галоўнае — знайсці свой, асабісты шлях у жыцці: «Я — шлях, якому век няма спакою...» Гэта мае любімыя радкі нашага вялікага песняра...

В. Русілка: На гэтае пытанне прагнознага характару цяжка адказаць нават мастацтвазнаўцам. Я не бяруся, бо ў збітую журналісцкую фразу «таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім» не веру.

А. Сабуць: Здаецца, дастаткова таго, што Быкаў выявіў сябе ў мастацтве слова, у дагаворванні праўды, часам надта суровай. Не маючы філалагічнай адукацыі, маляваў сапраўдныя людскія характары, прычым розныя...

А зрэшты, здаецца, выяўленчае мастацтва не здраджвала Быкаву ніколі, дапаўняла нават эпісталярый (згадваю яго характарныя, гаваркія малюнкі ў кнізе «Дажыць да зялёнай травы: ліставанне Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960—2003)» (2008).

І. Афанасьеў: Аднойчы, завітаўшы ў госці да Ірыны Міхайлаўны, звярнуў увагу на бюст Васіля Уладзіміравіча: рэалістычна-фундаментальны, надзвычай падобны. Ірына Міхайлаўна не падтрымала маё станоўчае ўражанне, і менавіта з прычыны такога манументальнага традыцыяналізму. Сапраўды, малюнкі самога Васіля Уладзіміравіча ўражваюць своеасаблівай празрыстасцю. Выява таго, што датычыцца і мінуўшчыны, і дня сённяшняга, так знітавана з сучаснасцю, так вымагае прысутнасці сучасніка-мастака ў сатканай са святла і ценю карціне свету, што пярэчыць любой класічнай завершанасці. Мне здаецца, у гэтай стылёвай яснасці, пэўнай аскетычнасці — адзінства Васіля Быкава і як мастака, і як пісьменніка.

«Замоўчванне «горкай праўды» можа саслужыць кепскую службу народу» — пісаў Васіль Быкаў у адным з артыкулаў, прысвечаных літаратуры аб вайне. Які твор пра вайну Васіля Быкава вас найбольш уразіў той «горкай праўдай»?

А. Сардараў: Творчасць Васіля Быкава, безумоўна, мае для мяне важнае значэнне, бо пазнаёміўся з кнігамі пісьменніка я ў маладыя гады, калі ўсё адчуваецца ярка, яскрава і шчыра прымаецца да самага сэрца. Мой любімы твор пісьменніка — «Мёртвым не баліць». Я прачытаў яго самым першым яшчэ ў маладосці. Нешта здарылася тады ў маім разуменні людзей, вайны, жыцця.

Л. Саянкова: Ніводны твор не пакінуў абыякавым, кожны быў на ўзроўні адкрыцця, кожны змушаў і думаць, і перажываць. Але калі казаць пра тое, што найбольш закранула, то, напэўна, гэта быў «Круглянскі мост». Усё там быкаўскае — і тэма, і драматургія. Тым не менш, там ёсць сітуацыя з героем (бацька Міці), які застаўся на акупаванай тэрыторыі, праўда якога раптам зрабілася зразумелай і прымальнай. Для мяне, выхаванай у тым часе, калі адна прысутнасць на акупаванай тэрыторыі лічылася здрадай, гэта было адкрыццём. І гэта вельмі беларуская гісторыя, пра якую мы, праўду кажучы, і цяпер мала ведаем.

В. Русілка: Яшчэ ў юнацтве ўразіў «горкай праўдай» «Круглянскі мост», потым «Аблава», «Пакахай мяне, салдацік». А ўвогуле гэтая гарката ёсць у большасці твораў пісьменніка.

А. Сабуць: Для мяне самым уражальным творам аказаўся «Знак бяды».

І. Афанасьеў: Дзякуючы майму дзядулі-партызану бачу ў аповесці «Сотнікаў» не толькі глыбока філасофскі твор, дзе невымоўны цяжар партызанскай барацьбы заручаны са спавяданнем вечных пытанняў чалавецтва, але і свет, адухоўлены нейкім пакаленчым пачуццём, знаёмым з дзяцінства, з партызанскіх сустрэч, што ладзіліся ў нашым доме. Вінтоўка СВТ, з якой пачынаюцца няшчасці герояў у «Дажыць да світання», для мяне, перш за ўсё, — гэта франтавыя гісторыі дзеда. У раз'юшанасці Гарбацюка з «Мёртвым не баліць» паўстае чырвоны твар тылавіка, які вёў допыт дзеда пасля вызвалення Гомеля, калі партызан Іван Гаруноў прасіўся на фронт і праходзіў «чысцілішча» камісій. У апавяданні «Падоранае жыццё» сустрэчу аўтара з немцам у пекле бою перажываю праз пакутлівую бездапаможнасць параненага дзеда, над якім схіліўся вораг, чамусьці вырашыўшы не дабіваць... Для мяне асабіста адметнасць твораў Васіля Быкава ў тым, што яны дапамагаюць захоўваць жывую памяць пра дарагіх людзей.

У адной з гутарак Васіль Быкаў сказаў: «Шчыра кажучы, літаратурныя героі мне больш падабаюцца, чым кінематаграфічныя і тэатральныя, за рэдкім выключэннем». Якія ўвасабленні твораў Быкава ў тэатры, кіно, выяўленчым мастацтве вам здаюцца найбольш удалымі і чаму?

Л. Саянкова: Непераўзыдзенай экранізацыяй застаецца фільм Ларысы Шапіцькі «Узыходжанне» па аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў», які быў у свой час уганараваны галоўнай узнагародай Берлінскага кінафестывалю. Ларыса Шапіцька ўбачыла ў прозе Васіля Быкава біблейскія матывы, тым самым угледзеўшы за ваеннай сітуацыяй сітуацыю пазачасавую. Супрацьстаянне Сотнікава і Рыбака праецыравалася на сітуацыю супрацьстаяння Хрыста і Іуды. Была знойдзена неверагодная вертыкаль, што імкнецца ад зямлі ў неба. Невыпадкова, што візуальнай асновай стала бессмяротная фрэска Джота «Пацалунак Іуды». Вось так усё з'ядналася — бытавое і быційнае, часовае і вечнае, нацыянальнае і агульначалавечае, беларускае і сусветнае.

А. Сардараў: Маё любімае ўвасабленне ў кінематографе — фільм «Круглянскі мост» 1989 года, зняты рэжысёрам Аляксандрам Марозам. Безумоўна, «Узыходжанне» — надзвычайная экранізацыя, але ў ёй адчуваеш самастойную аўтарскую творчасць рэжысёра, аператара, акцёраў. Яны таксама зрабілі ўсё вельмі пафасна. «Круглянскі мост», аднак, збліжае экранізатараў менавіта з самім аўтарам-пісьменнікам: няяркае, някідкае, усё ў глыбіні.

В. Русілка: Самым удалым лічу фільм Ларысы Шапіцькі «Узыходжанне», хоць ён, вядома, адрозніваецца ад аповесці «Сотнікаў» і ад яе непадцэнзурнага варыянта пад назвай «Ліквідацыя». Гэта не проста экранізацыя, а асобны мастацкі твор са сваёй філасофіяй. Так і павінна быць.

А. Сабуць: З кінематаграфічных увасабленняў назаву «У тумане» рэжысёра Сяргея Лазніцы.

І. Афанасьеў: Безумоўна, «Узыходжанне» Ларысы Шапіцькі паводле «Сотнікава». На маю думку, гэты твор роўны літаратурнай першакрыніцы па эстэтычнай глыбіні і чысціні, але здабытай у іншым відзе мастацтва. А яшчэ — сапраўдныя беларускія краявіды і паселішчы ў фільме. Такая кінематаграфічная натура сама па сабе была скарбніцай памяці і гісторыі, чаго ніколі не дамагчыся дэкарацыямі і камп'ютарнымі эфектамі.

Ці можна сёння гаварыць па сусветную вядомасць Васіля Быкава?

А. Сабуць: Трэба і неабходна. «Чалавек стагоддзя» (2001), уладальнік прэстыжнай Міжнароднай залатой прэміі святога Валянціна за прынцыповасць і гуманізм творчасці (сам жа падкрэсліваў, што ў мастацтве важныя дзве ўніверсаліі: талент і сумленне, што можа быць вышэй?), «апошні рэаліст» (як, здаецца, згадвала пра яго адна шведская газета)...

А. Сардараў: Сусветная вядомасць — гэта, магчыма, не столькі важна цяпер. Чаму? Таму што мы прыйшлі да часу «інфармацыйнай прасторы», дзе гэтую «сусветную вядомасць» бяздарныя асобы атрымліваюць праз агаленне, выверты, грымасы і скандалы. Галоўнае, што Васіль Быкаў — наш беларускі творца і майстар, і творчасць ягоная адпавядае характару беларускага жыцця і мастацтва — не кідкае, але сціплае, не знешняе, але ўнутранае... Дарэчы, ужо шмат гадоў я працую над помнікам Быкаву ў Мінску (скульптар Бацвінёнак). На мой погляд, гэты помнік можа быць не на самай параднай магістралі, але на вуліцы Фрунзэ, побач з Домам літаратара і паркам Горкага. Тут якраз ціхае месца не дзеля парадаў, а дзеля роздуму аб мінулым, аб сучаснасці і будучыні.

Л. Саянкова: Зразумела, можна. Але ўсё адно ёсць такое адчуванне, што Васіль Быкаў да канца не ацэнены, што час адкрыццяў філасофіі яго твораў яшчэ наперадзе.

В. Русілка: Сёння ўвогуле цяжка казаць пра сусветную вядомасць класічнай літаратуры, у тым ліку і беларускай. Але калі ўжо каго і згадаюць, то Васіль Быкаў — у шэрагу першых.

І. Афанасьеў: Яшчэ адно пытанне, на якое няма лёгкага адказу. Так, «учора», дзесяцігоддзі таму ўсё было празрыста: наклады, папулярнасць у свеце. Сёння ж... Пасля вяртання з Германіі атрымаў ад Васіля Уладзіміравіча ліст (нагадаю, 2001 год), дзе ён дзякаваў за дасланыя яму фатаграфіі і з сумам прызнаваўся: «...немцы мала ведаюць пра Беларусь наогул, а пра нашу літаратуру — тым больш. Пра тое, як сёння яны «ведаюць» Беларусь, не трэба і казаць. Ці было іначай раней? Мабыць, і так. У 1994 годзе мой сябра, нямецкі студэнт-фізік Андрэас Людвіг спецыяльна прыязджаў у Беларусь, каб сустрэцца з Васілём Быкавым. Як сямейную рэліквію захоўваем аўтамабільны атлас, на якім Быкаў чырвоным фламастарам пазначыў маршрут ад яго дома на Хатынь, куды мы з нямецкім сябрам паехалі пасля сустрэчы з пісьменнікам-франтавіком. Але тады, у тыя часы, Андрэас трымаў у руках выдадзеную па-нямецку ў Заходняй Германіі кнігу Алеся Адамовіча «Карнікі», назва якой была надрукавана на вокладцы без перакладу, мовай арыгінала на лацініцы: «Karatelі». Тады, у 1990 годзе, ад сям'і Людвігаў мы атрымалі падарунак: відэакасету з запісам фільма «Ідзі і глядзі», які дэманстраваўся на адным з цэнтральных тэлевізійных каналаў ФРГ. Гэта ўсё было. Аднак ужо тады не было Нобелеўскай прэміі Васілю Быкаву, дастойным уладальнікам якой ён павінен быў стаць. Калі гэтага не адбылося, падумалася: не далі прэмію салдату Быкаву, не даравалі яму Перамогі. У канцы 1990-х такое адчуванне падавалася перабольшаннем, а сёння думаеш пра тое з нейкай засяроджанай, халоднай зацятасцю. І згадваеш паплечніка Васіля Быкава — Данііла Граніна, які ў студзені 2014 года выйшаў на трыбуну бундэстага не як пісьменнік, а як Салдат, каб звярнуцца да Еўропы ад імя савецкага франтавога пакалення.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.