Вы тут

Ці трэба змагацца з каларадскім жуком?


Каларадскі жук — сапраўднае бедства для агарода. Ён размнажаецца ў геаметрычнай прагрэсіі і здольны цалкам знішчыць пасевы бульбы і некаторых іншых відаў сямейства паслёнавых. Ужо прыдуманы сотні розных сродкаў для барацьбы з гэтым жуком. Але, здаецца, яго нічога не бярэ. Ён працягвае неміласэрна знішчаць ураджаі бульбы.


Фота: pexels.com

Каларадскі жук адносіцца да сямейства жукоў-лістаедаў. Сілкуецца галоўным чынам раслінамі з сямейства паслёнавых. У яго «рацыёне» бульба, баклажаны, салодкі перац, фізаліс. Галоўныя страты наносіць не сам жук, а яго лічынкі, якія знаходзяцца ў трэцяй і чацвёртай стадыях развіцця.

5 цікавых фактаў пра жука

1. Жук быў знойдзены яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Адкрыў яго ў 1824 годзе Томас Сэйем — амерыканскі навуковец-натураліст. Ён наткнуўся на некалькі насякомых у заходняй частцы ЗША.

2. Жыве жук ад аднаго да трох гадоў. На зімоўку хаваецца ў зямлю. Глыбіня хованкі пад грунтам — да 70 см. Гэта дазваляе яму перажываць нават самыя суровыя зімы.

3. Адна самка жука адкладвае да 1000 яек за лета. Такая пладавітасць значна ўскладняе барацьбу са шкоднікам.

4. Лічынка жука неверагодна пражэрлівая. Яна з'ядае да дзесяці лістоў бульбы за 2-3 тыдні. Калі ўлічыць, што самкі адкладваюць яйкі тысячамі, атрымліваецца вельмі сумная статыстыка.

5. Жук можа ўпадаць у спячку. Дарослыя асобіны каларадскага жука хаваюцца ў зямлі пры неспрыяльных умовах. Чаканне наступлення камфортнай «атмасферы» для жыцця можа доўжыцца да 2-3 гадоў.

Жыццёвы цыкл

Выхад са спячкі. Пасля зімовага сну, пры тэмпературы паветра 10 °С, прачынаюцца першыя жукі. Як правіла, яны гінуць. Ім проста не хапае ежы. Але на змену прыходзяць наступныя асобіны. Гэта адбываецца, калі паветра ўжо прагрэлася да 13-15°С.

Размнажэнне. Самкі жука могуць упадаць у спячку ўжо аплодненымі. Прачнуўшыся, яны адразу ж пачынаюць адкладванне яек. Іншыя, аднавіўшы сілы пасля зімы, прыступаюць да спаравання.

Адкладванне яек. Самка здольная адкласці да 5-8 яек у дзень. На працягу сезона яна адкладвае 450—1000 яек.

Развіццё лічынак. Праз 5-17 сутак з яек з'яўляюцца лічынкі, якія праходзяць чатыры стадыі развіцця. Спачатку яны ўвесь час ядуць бульбяныя лісты. Затым закопваюцца ў зямлю на глыбіню 10 см. Там лічынкі акукліваюцца.

Фарміраванне дарослага насякомага. Пад зямлёй з кукалкі развіваецца дарослы жук. Калі грунт да гэтага часу ўжо халодны, дарослыя насякомыя ўпадаюць у стан спакою. Калі да восені яшчэ далёка, то жук выходзіць з зямлі і пачынае актыўна есці бульбоўнік. Ад'еўшыся, насякомае ўжо праз некалькі дзён гатовае да размнажэння.

Што будзе, калі не супрацьстаяць?

Калі не змагацца з каларадскім жуком, той можа знішчыць ад 50 % да 100 % бульбяных пасадак. Ён выдатна прыстасаваны да рэзкіх змен прыроднага асяроддзя, спакойна пераносіць халодныя зімы, здольны пералятаць з аднаго поля на іншае з хуткасцю да 4-7 км/г. Да таго ж ён вельмі пладавіты. Пражэрлівасць шкодніка здзіўляе. Бульбоўнік аднаго куста без астатку знішчаць усяго 25 жукоў, не кажучы ўжо пра іх лічынкі. У лістаедаў практычна няма прыродных ворагаў, якія б змаглі знізіць яго колькасць. Жук валодае непрыемным прысмакам, на яго целе запасяцца таксіны. Таму птушкі, якія маглі б яго скляваць, — вароны, індыкі, шпакі, куры, цацаркі, часцяком адмаўляюцца ад падобнай «трапезы».

Ці можна перамагчы і як гэта зрабіць?

За час існавання бульбянога шкодніка прыдумана мноства спосабаў змагання з ім. Усіх іх можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: народныя рэцэпты і хімічныя прэпараты.

Да народных метадаў барацьбы са шкоднікам адносяцца:

Ручны збор. Жук мяцёлкай змахваецца ў вядро. Затым знішчаецца або ў вадзе, або механічна — раздушваецца.

Прыпудрыванне. Праводзіцца з выкарыстаннем попелу, кукурузнай мукі, цэменту або гіпсу. Ядучы лісце разам з такой «пудрай», жукі і лічынкі гінуць ад таго, што парашок пад дзеяннем вільгаці нашмат павялічваецца ў аб'ёме ў страўніках шкоднікаў.

Мульчыраванне міжраддзяў свежым пілавіннем. Для гэтых мэт выкарыстоўваюцца хваёвае або бярозавае пілавінне. Іх пах адганяе насякомых-шкоднікаў.

Апырскванне травянымі адварамі. Гатуюцца яны з розных раслін: грэцкага арэха, белай акацыі, таполі, сланечніку, падтынніку, дзівасілу, цыбульнай шалупіны, палыну, перцу горкага, націння памідораў, часнаку.

Пасадка раслін-рэпелентаў. Рэзкі пах некаторых раслін непрыемны жукам і здольны «адвадзіць» іх ад бульбы. Да такіх прыродных рэпелентаў адносяцца: аксаміткі, наготкі, каляндра, ляўніконія, настурка.

Але ўсе гэтыя меры, на жаль, няздольныя памагчы пры масавым нападзенні жукоў. Тады на дапамогу прыходзяць хімічныя прэпараты.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.