Вы тут

Кацярына Шаблінская: «Расці як доктар, а не па кар'ернай лесвіцы»


Нашай суразмоўніцы — 28, і сёння яна ўзначальвае кардыялагічнае аддзяленне Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы. Да яе меркавання прыслухоўваюцца і больш вопытныя калегі, і нават самыя скептычна настроеныя пацыенты, многім з якіх яна па ўзросце прыходзіцца ва ўнучкі. Пры гэтым дзяўчына ўпэўненая, што сама найперш не кіраўнік, а ўрач, задача якога — штодзень дапамагаць. «Важна расці не па кар'ернай лесвіцы, а як доктар» — з такім прынцыпам яна штодзень імкнецца атрымліваць новыя веды, без якіх у сучаснай медыцыне немагчыма. І працуе ў тых месцах, дзе найбольш складана — і яе аддзяленне, і начныя дзяжурствы ў прыёмным пакоі якраз з такіх.

Кацярына перакананая, што жыццё можа быць цікавым і насычаным і ў невялікім горадзе, а калі нешта не задавальняе — можна пастарацца тое выправіць, праявіўшы ініцыятыву.


«Ведала, што вярнуся працаваць у родны горад»

— Кацярына, спачатку раскажыце, чаму вырашылі стаць урачом?

— У маёй сям'і не было медыкаў. Ні бацькі, ні дзядулі з бабулямі не мелі дачынення да медыцыны. У школе думала, што буду настаўніцай ці доктарам. Я, дарэчы, вучылася ў сельскай школе. На выбар паўплывалі мае настаўнікі. Мне добра даваліся хімія і біялогія, я іх любіла. У 11-м класе дзякуючы настаўнікам пачала задумвацца, што, напэўна, буду паступаць у медыцынскі. Узмоцнена рыхтавалася. І з маёй аднакласніцай мы паступілі ў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт.

Паступала па мэтавым накіраванні, хоць і па балах я праходзіла. Аднак ведала, што прыеду працаваць па месцы жыхарства, у Смаргонь, іншых варыянтаў не разглядала. І цяпер не памяняла б свайго меркавання, бо не шкадую, што прыехала сюды.

У Смаргонскай ЦРБ мы праходзілі практыку, пазнаёміліся з калегамі, таму было прасцей прыходзіць на інтэрнатуру. Праўда, яна ў нас атрымалася выпрабаваннем у пэўным сэнсе. Мы ўпершыню адчулі сябе самастойнымі, працавалі нароўні з урачамі — вялі палаты, прызначалі лячэнне, абслугоўвалі выклікі, хоць і пад кантролем вопытных калег. Давялося папрацаваць у розных аддзяленнях: пералівання крыві, інфекцыйным, прыёмным, урачом агульнай практыкі і больш за ўсё ў кардыялагічным. Гэта і паўплывала на выбар спецыялізацыі.

— На сваё першае працоўнае месца вы прыйшлі ўжо ў якасці кардыёлага?

— Я размеркавалася як урач агульнай практыкі, ва ўніверсітэце праходзіла субардынатуру па гэтай спецыялізацыі. Прызначылі ўчастак — мікрараён Усходні. Мне вельмі падабалася: добры ўчастак, добрыя людзі, у мяне атрымлівалася з імі ўзаемадзейнічаць. Хоць я была зусім малады доктар, яны да мяне прыслухоўваліся. На ўчастку была вопытная медсястра Ніна Іванаўна Самахвастоўская, якая ведала характар усіх пацыентаў, падыход да іх, яна мяне і навучала.

Ніне Іванаўне «шанцавала» на ўрачоў. Звычайна яны працавалі толькі па два гады, а потым сыходзілі на павышэнне. Яна і мне сказала, як я толькі прыйшла: «Ты не затрымаешся». Спрачалася: «Нікуды не пайду, хачу застацца тут». Але Ніна Іванаўна не памылілася: я папрацавала на ўчастку ўсяго два гады.

Падпрацоўвала ў стацыянары ў кардыялагічным аддзяленні на замене калег, якія былі ў водпусках і на бальнічных. І потым перайшла на стаўку ў стацыянар, хоць яшчэ нейкі час заставалася падпрацоўваць у паліклініцы на ўчастку. Мне там падабалася, і калі б у мяне было больш вольнага часу, я і цяпер там бы падпрацоўвала.

«У прыёмным пакоі заўсёды даводзіцца праводзіць маленькае расследаванне»

— Чым цікавая работа на ўчастку?

— Дынамікай, бо бачыш вынік у пацыентаў. Працуеш з самымі рознымі дыягназамі і падцягваешся па самых розных паталогіях. Мне падабалася і тое, што ўчастак быў размешчаны блізка, на выклікі я хадзіла пешшу, гэта не выклікала ніякіх цяжкасцяў.

А са жніўня 2020 года запрасілі працаваць у стацыянар урачом-кардыёлагам. Пазней скончыла чатырохмесячныя курсы па гэтай спецыялізацыі.

Працую кардыёлагам ужо трэці год, але кожны дзень — як першы. Здаецца, ужо маю пэўны досвед, але штодня з'яўляецца тое, з чым раней не сустракалася. Апрача таго, бяру дзяжурствы ў прыёмным пакоі. Кожны раз ідзеш на іх, і абавязкова прывозяць пацыента з дыягназам, з якім раней не сутыкалася, ці пацыента, якога раней не лячыла, і трэба вырашаць галаваломку, як лепш паступіць. Тут трэба ўвесь час вучыцца.

— Ці частыя сітуацыі, якія ставілі вас як маладога доктара ў тупік?

— І дагэтуль так часам здараецца. Большасць паталогій у пацыентаў — камарбідныя (калі адначасова развіваецца некалькі захворванняў, і яны ўплываюць адно на адно) ці з прычыны ўзросту тыя маюць шмат захворванняў рознага профілю. Але ёсць старэйшыя калегі, у якіх можна спытаць.

Папярэдняя загадчыца майго аддзялення, Алена Іванаўна Саўко, заўсёды параіць, што рабіць. Яна доўга ўзначальвала аддзяленне, яе вельмі любяць і паважаюць пацыенты. І яна, нягледзячы на пенсіённы ўзрост, яшчэ працуе на палову стаўкі, каб падвучыць мяне і дапамагчы. У яе вялікі досвед, яна ведае, як дзейнічаць у сумніўных сітуацыях.

Да таго ж дзяжуру ў прыёмным пакоі і па бальніцы як урач-тэрапеўт, а акрамя мяне ёсць дзяжурныя хірург, анестэзіёлаг, з дзецьмі працуе ўрач-педыятр. Вядома, з рознымі паталогіямі прывозяць. Калі нейкія надзвычайныя сітуацыі, скажам, цяжкае ДТЗ, нам тэлефануюць з «хуткай», і мы ўсе напагатове: і рэаніматолагі, і хірургі, і тэрапеўты.

У прыёмным аддзяленні заўсёды даводзіцца праводзіць маленькае расследаванне, каб вызначыцца з характарам паталогіі і з прычынай, якая магла выклікаць той ці іншы стан. Амаль кожны дзень паступаюць цяжкія пацыенты, якія шпіталізуюцца ў рэанімацыю, і тут без расследавання не абысціся, асабліва калі пацыент без прытомнасці. У яго не спытаеш, што непакоіць, можаш толькі аб'ектыўна і па аналізах ставіць дыягназ і строіць здагадкі.

Але гэтымі непрадказальнасцю і неабходнасцю пастаянна вучыцца і цікавая работа ў прыёмным пакоі. У кардыялагічным аддзяленні крыху іншая спецыфіка. Тут у асноўным пацыенты пажылога ўзросту. І ў нас сабрана ўся кардыялагічная паталогія, у адрозненне ад вялікіх бальніц, дзе ёсць інфарктныя, постінфарктыя аддзяленні.

Падчас ковіду, калі іншыя аддзяленні закрываліся, наша працавала і па кардыялагічнай паталогіі, і па тэрапеўтычнай — тут лячыліся ўсе неінфіцыраваныя пацыенты.

Маладая доктар заўсёды працуе там, дзе складана, — падчас пандэміі ўзначальвала ковіднае аддзяленне.

— А вам падчас пандэміі давялося працаваць з ковіднымі пацыентамі?

— Так, я працавала менавіта з такімі. Гэта быў самы цікавы час. Мне здаецца, я тады вельмі істотна расла як доктар. У першую хвалю вяла прыём у паліклініцы і абслугоўвала выклікі. А калі перафарміроўвалі стацыянар, працавала загадчыкам у адным з ковідных аддзяленняў. У мяне быў цэлы корпус з хворымі. Мы там праводзілі ўвесь свой час, толькі спаць ішлі дадому.

Я не пашкадавала пра гэты перыяд, бо бачыла дынаміку пацыентаў. Чалавек паступае ў крытычным стане, ты яму дапамагаеш, ён выпісваецца і кажа табе «дзякуй» — гэта тое, дзеля чаго працуе кожны доктар. Я была ім і як урач, і як сябар, і як псіхатэрапеўт. Амаль увесь час праводзіла ў палатах з хворымі. Было цяжка, часам не вытрымлівала. Але ніколі не пашкадавала, што пагадзілася там працаваць.

Падчас пандэміі амаль ва ўсіх сітуацыях ты працуеш як Шэрлак Холмс: думаеш, чаму такія вынікі аналізаў прыйшлі, высвятляеш, шукаеш прычыну. У рэанімацыю штодзень пераводзілі пацыентаў, былі смяротныя выпадкі. І ты ўжо інстынктыўна адчуваеш, якая дынаміка будзе і ў які момант трэба рэагаваць.

— Якія самыя цяжкія моманты ў рабоце?

— Калі пацыенту не ўдаецца дапамагчы. Асабліва калі пачынаеш сумнявацца: а магчыма, яшчэ штосьці трэба было паспрабаваць, магчыма, штосьці яшчэ ты мог зрабіць. Ёсць выпадкі, калі ты і сапраўды не мог дапамагчы, але ўсё роўна ў галаве пракручваеш: а магчыма, трэба было яшчэ, а магчыма, штосьці іншае. Цяжка думаць, што не паспеў, памыліўся, няпроста прымаць рашэнні, ад якіх залежыць жыццё чалавека. І самае складанае, калі ты бачыш, што нічым не можаш дапамагчы, калі на лячэнне арганізм пацыента не рэагуе.

Кожны раз ідзеш на абход і думаеш: «Ну, калі ласка, скажыце, што вам лепш, ну хоць крыху». Усё прызначаеш, як трэба, а стан пацыента не паляпшаецца, — на жаль, бывае і так.

— Ёсць рашэнні, магчыма, нестандартныя, якімі вы ганарыцеся, якія выратавалі жыццё?

— Яны былі ў асноўным падчас каранавіруса, тады быў больш заўважны такі эфект работы. Звычайна я не засяроджваю на гэтым увагу. Радуюся нават маленькаму выніку. Вядома, ёсць і вялікія, асабліва гэта датычыцца інфарктных пацыентаў, у якіх своечасова заўважылі паталогію, зрэагавалі і правялі тромбалізіс.

— Якое, на ваш погляд, самае складанае аддзяленне?

— Кардыялагічнае: гэта складаная і адначасова цікавая работа. Тут кожны дзень прыходзіцца прымаць важныя рашэнні. Штодзень іду на работу і думаю: што ж мяне чакае?

Успрымаюць як дачку ці ўнучку

— Ці цяжка знаходзіць агульную мову з пацыентамі, асабліва ўзроставымі?

— Вельмі проста. Яны мяне ўспрымаюць як унучку ці дачку. Стараюся іх пераконваць, што варта прымаць лекі і дома — пастаянна. Яны да мяне прыслухоўваюцца. Калі прыходжу ў іншыя аддзяленні, сама магу не памятаць, што некалі лячыла гэтага пацыента, а яны помняць, усміхаюцца, дзякуюць. І мне вельмі прыемна.

Ёсць пацыенты, якія першапачаткова настроеныя негатыўна і, не ведаючы цябе, упэўнены, што ты так сабе доктар. Але ў любым выпадку трэба імкнуцца знайсці кантакт і пераканаць іх. З дабрынёй стаўлюся да ўсіх пацыентаў.

Прыходзіш да бабуль — ім часта вельмі не хапае ўвагі. Прызначаеш прэпараты, і яны працуюць, калі ты размаўляеш з людзьмі, расказваеш, чаму павышаецца ціск, чаму змяненні ў ЭКГ. Калі кантактуеш з пажылымі людзьмі, у іх мяняецца настрой, яны перастаюць хандрыць і папраўляюцца. Мае бабулі часта пішуць падзякі ў журнал водгукаў. Нам іх потым зачытваюць на «пяціхвілінках».

— Вы згодныя, што ў хваробах сэрца і сасудаў у многім вінаваты спосаб жыцця чалавека?

— І гэта таксама. Сёння ўсе хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы маладзеюць. У нашым аддзяленні можна сустрэць пацыентаў, якім крыху за 40, у асноўным з артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Шмат што залежыць ад харчавання. Пацыенты не жадаюць прытрымлівацца дыеты і разумець, што ёсць прадукты, якія ім нельга. Расказваеш пра халестэрын, атэрасклероз, які з'яўляецца асноўным наступствам ужывання тлустай ежы і парушэння абмену рэчываў, але не ўсе гэта ўспрымаюць.

З фізічнай нагрузкай дзве крайнасці. Ёсць пацыенты, якія яе вельмі любяць, нават калі ім нельга перагружацца. А многія не могуць з-за захворванняў, у прыватнасці, хваробы суставаў, рухацца больш. З усімі праводзім работу. У нас працуе школа гіпертоніка — лекцыі, якія мы чытаем для пацыентаў. Часта я проста ў палатах расказваю пра артэрыяльную гіпертэнзію, важнасць дыеты, атэрасклероз.

Вельмі важна пастаянна прымаць прызначаныя лекі. Нярэдка пацыенты пап'юць прэпараты пэўны час, дапамагло — і перастаюць прымаць. Варта ўсё ж слухаць і прытрымлівацца ўсіх рэкамендацый урача. Не прымаць па-свойму і тое, што сам набыў, таксама не цярпець боль і прыязджаць па дапамогу не ноччу на чацвёртыя суткі, а прыслухоўвацца да свайго стану і ўсё рабіць своечасова.

Ад участковага ўрача да загадчыка аддзялення

— Раскажыце пра сваё аддзяленне.

— У нас дзесяць палат на 35 ложкаў. Працуюць тры ўрачы: я на 1,25 стаўкі, ёсць доктар-сумяшчальнік на чвэрць стаўкі і ўрач на палову стаўкі. Яны вядуць па адной-дзве палаты, а я — усе астатнія. Стабільна мае шэсць палат.

Я сумяшчаю абавязкі загадчыка, гэта ў тым ліку кансультацыі пацыентаў з кардыялагічнай паталогіяй у прыёмным і іншых аддзяленнях, у рэанімацыйным аддзяленні, прыём цяжарных пацыентак з кардыялагічнай паталогіяй. Работы шмат, галоўнае — усё паспець.

— Як праходзіць ваш рабочы дзень?

— Я прыходжу раней, прыкладна за гадзіну, каб падрыхтавацца да абходу, перагледзець яшчэ раз гісторыі хваробы, аформіць гісторыі пацыентаў, якія рыхтуюцца да выпіскі, запоўніць дакументы. Магу пачаць абход пацыентаў яшчэ да «пяціхвілінкі», да 8.30. Медсёстры паведамляюць, хто з пацыентаў дрэнна сябе адчуваў уначы, да іх абавязкова падыходжу.

Пасля «пяціхвілінкі» мы накіроўваемся ў рэанімацыю, раблю свае агляды кардыялагічных пацыентаў, прызначэнні, праводзім кансіліумы. Потым пачынаю абход у сваім аддзяленні, тут і выпіска, і паступленне пацыентаў, якія ідуць на працягу цэлага дня. Калі патрэбна, даю кансультацыі. Шмат часу займае папяровая работа, часам даводзіцца браць яе на выхадныя дадому. Цяпер мы пераходзім на электронныя гісторыі, але ўсё роўна гэта займае шмат часу. Пакуль мая калега ў водпуску, працую на паўтары стаўкі — прынамсі да сямі вечара знаходжуся на рабоце. Калі дзяжуру, то застаюся і на ноч.

Пакуль маладая і энергічная, з такім графікам пачуваюся нармальна. Бяру дзяжурствы ў прыёмным пакоі. Усё паспяваю. Стараюся ўсё рабіць хутка: хутка хаджу, хутка пішу, заўсёды чымсьці занятая і амаль не сяджу. Проста пасядзець і адпачыць часу няма: з'явілася хвілінка — запаўняю гісторыю хваробы. Пастаянна нехта з пацыентаў адчувае сябе дрэнна, хтосьці паступае і трэба яго паглядзець, або выпіска і афармленне. Пастаянны рух.

— Як вы ў 28 гадоў сталі загадчыкам аддзялення?

— Я пакуль выконваю абавязкі загадчыка аддзялення, бо адносна нядаўна прайшла курсы па перакваліфікацыі, і пакуль недастаткова стажу, каб здаць на кваліфікацыйную катэгорыю па кардыялогіі. Гэта мяне чакае ў верасні, і тады пайду на зацвярджэнне.

Яшчэ падчас інтэрнатуры мы шмат працавалі ў аддзяленні кардыялогіі, і я ведала спецыфіку. Пасля падчас работы ўрачом агульнай практыкі замяняла калег, і мне прапанавалі папрацаваць у стацыянары.

Пагадзілася, бо гэта іншая работа, чым у паліклініцы — больш складаная, пацыенты цяжкія. І гэта развіццё ў прафесійным плане.

Калі мая старэйшая калега Алена Іванаўна пайшла на заслужаны адпачынак, мне прапанавалі ўзначаліць аддзяленне. З таго часу выконваю абавязкі загадчыка.

— Вы ўжо дасягнулі таго, да чаго многія вашы калегі прыходзяць у больш познім узросце...

— Не адчуваю сябе загадчыкам, найперш я — проста доктар. Стаўлю сабе іншыя «плюсікі»: сёння дапамагла пацыентцы, усё зрабіла правільна, значыць — малайчына. Мне важна расці як урач, а не па кар'ернай лесвіцы. Калі маіх ведаў становіцца больш, пачуваюся больш упэўнена. Гэта дазваляе хутчэй рэагаваць, хутчэй разабрацца ў праблеме і быць больш эфектыўнай. Важна расці ўнутры сябе.

— Ці ёсць магчымасці атрымліваць новыя веды, праходзіць дадатковыя курсы?

— Цяпер для гэтага нават неабавязкова кудысьці ездзіць, іх шмат праводзіцца анлайн. Ёсць адпаведныя лекцыі, і мы падпісаныя на іх. І нават калі запаўняю дакументацыю, абавязкова штосьці слухаю. Калі вучылася на курсах па першай спецыялізацыі, нашы паважаныя выкладчыкі далі шмат інфармацыі, але яна базавая. Многае даводзіцца шукаць самастойна. Часам нас накіроўваюць на спецыялізаваныя канферэнцыі, там таксама можна атрымаць новыя веды. І на сваім досведзе штодзень вучымся, гэта самае галоўнае.

Вырасла ў творчай сям'і

— Жадання пераехаць у абласны цэнтр ці сталіцу няма?

— Наўрад ці з'еду, бо мне падабаецца мой горад. Я тут нарадзілася, тут мой муж, мае сваякі, сябры, і я не задумвалася, каб пераехаць.

Цяпер у нашай бальніцы з'явілася больш маладых дактароў. Прыйшло некалькі маіх аднагодак — і ўрачоў агульнай практыкі, і вузкіх спецыялістаў. Вядома, ёсць цякучасць кадраў, але калі людзі ствараюць тут сям'ю, то, як правіла, застаюцца. У нас цяпер маюцца ўсе спецыялісты, апошні год бальніца нават не падавала заявак на размеркаванне.

— Як для маладых спецыялістаў вырашаецца жыллёвае пытанне?

— Спачатку, калі размяркоўваліся як маладыя спецыялісты, мы з аднакурсніцай атрымалі месца ў інтэрнаце, паколькі мы з раёна. Пасля я дастаткова актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, выйграла ў раёне конкурс маладых спецыялістаў, і мне далі ад бальніцы арэнднае жыллё, якое на той час вызвалілася...

— Раскажыце падрабязней пра актыўнасці, у якіх удзельнічалі.

— Пачынаючы з інтэрнатуры, мы з маімі аднагодкамі дастаткова актыўна бралі ўдзел у жыцці бальніцы: ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах, турзлётах, творчых конкурсах. Праводзіўся конкурс маладых спецыялістаў раёна, дзе ўдзельнічалі прадстаўнікі розных арганізацый.

Сама напісала сваю праграму, у тым ліку верш пра медыцыну. У мяне добра атрымліваецца пісаць вершы з нагоды, і мне гэта падабаецца. Падрыхтавала песню, іншыя нумары і заняла першае месца. У абласным конкурсе паўдзельнічаць не давялося, бо пачаўся ковід, і яго не праводзілі.

Часта ўдзельнічала ў музычных мерапрыемствах. Я вырасла ў творчай сям'і. Мая мама працуе ў Доме культуры, і дома ўсе спяваюць і іграюць на музычных інструментах. Я таксама заканчвала музычную школу па класе акардэона, на гітары навучылася іграць самастойна і песні сама пісала, з якімі мы ездзілі на турзлёты ў школе. Напэўна таму валодаю непераадольным абаяннем перад бабулямі. Цяпер, вядома, вольнага часу не стае, а калі працавала ў паліклініцы, пастаянна дзесьці ўдзельнічала.

Знайсці занятак даспадобы ў невялікім горадзе

— Чым цяпер запоўнены ваш вольны час?

— Калі ў горадзе праводзяцца мерапрыемствы — музычныя ці інтэлектуальныя гульні, — мы з сябрамі ўдзельнічаем. Наведваю трэнажорную залу ці фітнес, гэта добра мяне разгружае пасля работы. Люблю любую актыўнасць, шмат хаджу пешшу.

У грамадскім жыцці ўдзельнічаю, выступаю на мерапрыемствах. Я член БРСМ, а таксама адказваю за работу з моладдзю ў прафсаюзе. Імкнуся прыцягнуць іх да розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў раёне. Для маладых спецыялістаў іх шмат — і спартыўныя, і інтэлектуальныя конкурсы, і турзлёты, і экскурсійныя паездкі. Шмат магчымасцяў. Да таго ж прафсаюз заўсёды выдаткоўвае прэмію за актыўнасць.

— Наколькі цікавая для моладзі Смаргонь? Ці ёсць месцы, дзе можна правесці вольны час?

— Горад маленькі і кампактны. Не хапае скейт-парку. Шмат моладзі любіць катацца на скейтах, часта проста на прыступках усіх магазінаў. Цяпер, здаецца, гэта пытанне вырашаецца. Няма ў нас і кінатэатра, найбліжэйшы толькі ў Маладзечне.

Але ўтульныя месцы, дзе можна правесці час, ёсць. Маюцца кавярня, басейн, спартыўныя залы, вось нядаўна адчынілася новая трэнажорная зала. У горадзе актыўна працуе БРСМ, праводзіць шмат мерапрыемстваў для працуючай моладзі — спартыўных, інтэлектуальных. «Штольня», «Мазгабойня», іншыя інтэлектуальныя конкурсы, куды можна прыйсці сваёй камандай і паўдзельнічаць. Пры жаданні цікава і карысна правесці час заўсёды можна знайсці сабе занятак.

Алена КРАВЕЦ

фота аўтара і з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?