Вы тут

Нагляд у войсках і эканоміцы, расследаванне фактаў генацыду


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам генеральнага пракурора Андрэя Шведа. Кіраўнік дзяржавы акрэсліў асноўныя пытанні, якія на сёння маюць вялікае значэнне.


Першае пытанне — стварэнне сістэмы ваенных пракурораў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не першы раз паўстае пытанне аб кантролі, пракурорскім наглядзе за сітуацыяй ва Узброеных Сілах, за выкананнем законаў і гэтак далей. «На якім узроўні мы сёння знаходзімся? Прапаноў маса паступае, у тым ліку і стварэнне нейкай сістэмы ваенных пракурораў. Я гавару „нейкай сістэмы“, таму што гаворка не ідзе пра вяртанне да той савецкай практыкі, але нейкія элементы павінны быць», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што пунктаў погляду па гэтыя пытанні шмат. Ён пацікавіўся меркаванем генеральнага пракурора. «Тое, што нам трэба ўзмацняць кантроль за выкананнем заканадаўства сярод ваенных, неабходна. Гэта факт. Я ўжо вам пра гэта казаў, што пракуратура крыху адхілілася ад сілавога блока ў свой час», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што армія ёсць армія, пагоны носяць МНС, МУС, Камітэт дзяржбяспекі і г.д. «Усюды вока пракурора павінна быць», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён прапанаваў паглядзець на гэта пытанне ў комплексе.

Другое пытанне — раследванне крымінальнай справы «Аб генацыдзе беларускага народа». «Выкрышталізоўваецца шэраг прапаноў па больш сур’ёзным не проста разглядзе нашым грамадствам фактаў генацыду ў Вялікую Айчынную вайну беларускага народа. Але і аб прапагандзе гэтага пытання асабліва сярод моладзі, каб яна ведала, што было. Для чаго? Для таго, каб такога больш не адбылося», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён запытаў, як вядзецца гэтая работа, на якім узроўні яна знаходзіцца і што далей.

Трэцяе пытанне — даручэнні генеральнаму пракурору наконт важных пытанняў у эканоміцы. «Дапусцім, у сельскай гаспадарцы, гэта падзеж ската, выплата зарплаты, захаванасць тэхнікі і гэтак далей», — пералічыў Прэзідэнт. Перад органамі пракуратуры таксама стаяць задачы па супрацьдзеянні карупцыйным праявам. «Гэта характэрна перш за ўсё для сістэмы прамысловасці. Як справы ў гэтай галіне па Гомельшчыне? Шмат было прэтэнзій у свой час, як новы губернатар спраўляецца з гэтымі пытаннямі», — акрэсліў пытанні Прэзідэнт.

Сітуацыя стабільная

Свой даклад Андрэй Швед пачаў з кароткага аналізу крымінагеннай абстаноўкі ў краіне. «У цэлым яна характарызуецца станоўча, на тысячу злачынстваў менш зарэгістравана, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На тры працэнты менш. Менш грабяжоў, разбояў. У нас зараз самы нізкі ўзровень злачыннасці за апошнія 5 гадоў. На 12 працэнтаў менш учынена злачынстваў гвалтоўнага характару супраць асобы, гэта цяжкія цялесныя пашкоджанні, забойствы і гэтак далей. Значна менш пацярпела людзей ад злачынстваў. У цэлым сітуацыя стабільная», — далажыў генеральны пракурор.


У тэму

Прынцып непазбежнасці адказнасці за любыя злачынствы — асноўны

У размове з журналістамі Андрэй Швед растлумачыў, што ініцыятыва стварэння Галоўнай ваеннай пракуратуры не азначае вяртання да ранейшай практыкі. Ён нагадаў, што Беларуская ваенная пракуратура ліквідавана ў 2014 годзе, і тады ў свеце была зусім іншая сітуацыя, у тым ліку ў ваенным плане. «Гаворка ідзе не аб узнаўленні ў тым вобразе або абліччы, які быў, а аб стварэнні Галоўнай ваеннай пракуратуры, колькасцю ў некалькі разоў менш, чым Беларуская ваенная пракуратура. Але паўстае пытанне, што ў выпадку, калі будзе прынята такое рашэнне, ваенныя пракуроры будуць займацца выключна наглядам за выкананнем законнасці ў войсках у розныя перыяды часу. Рашэнне будзе прынята толькі па выніках дадатковай нарады ў кіраўніка дзяржавы», — падкрэсліў генпракурор. Ён адзначыў, што гэтая прапанова выкліканая шэрагам аб’ектыўных абставін, у тым ліку і сітуацыяй, якая склалася вакол нашай краіны.

Андрэй Швед таксама расказаў, што актыўнасць следчых дзеянняў у расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа не зніжаецца. «На дадзены момант намі ўсталяваныя больш за 2.5 тысячы раней невядомых населеных пунктаў, якія былі знішчаныя. У тым ліку не менш за 80 раздзялілі лёс Хатыні. Дапытаны 17 тысяч жывых сведкаў. Выканана вялікая праца па ўшанаванні памяці. Вядзецца актыўная работа з моладдзю. Вельмі важна, каб вынік расследавання аб генацыдзе, каб праўда аб генацыдзе была даведзена да кожнага грамадзяніна нашай краіны і асабліва да нашых дзяцей. У сувязі з гэтым было дакладзена аб асобных аспектах укаранення ў навучальны працэс і ідэалагічную работу выніку расследавання аб генацыдзе беларускага народа. Кіраўнік дзяржавы даў канкрэтныя даручэнні ў тым ліку па падрыхтоўцы матэрыялу, які з 1 верасня гэтага года павінен быць у кожнай школе», — адзначыў генеральны пракурор.

Кіраўніку дзяржавы даложана аб тым, што праваахоўныя органы вядуць актыўную работу па ўстараненню негатыўных з’яў, у тым ліку і ў сферы сельскай гаспадаркі. Па словах Андрэя Шведа, зараз з’явіліся станоўчыя тэндэнцыі, звязаныя з падзежом рагатай жывёлы. Гэта вынік двухгадовай працы ўсяго праваахоўнага блока і органаў улады. «Разам з тым, лічу, што пакуль аптымістычныя высновы рабіць нельга. Неабходна зрабіць аб’ектыўныя высновы па выніках года. І ў сувязі з гэтым інтэнсіўнасць праверачных мерапрыемстваў зніжацца не будзе. Яшчэ вельмі шмат недахопаў, безгаспадарлівасці, злачынных праяў. Даложана таксама аб выяўленых фактах парушэння закона пры правядзенні меліярацыі. Ужо ўзбуджана 14 крымінальных спраў, устаноўлена, што практычна ва ўсіх рэгіёнах крадуць грошы на суму не менш чым 800 тысяч рублёў паводле даных папярэдняга расследавання. Акрамя таго, каля паўтары тысячы гектараў зямлі, у якія ўкладзены бюджэтныя грошы падчас меліярацыі (каля 9 мільёнаў рублёў), на сёння яшчэ не выкарыстоўваецца, — адзначыў Андрэй Швед, — Для нас вельмі важна, каб сельгасвытворцы і тыя, хто займаецца эканомікай, разумелі, што прынцып непазбежнасці адказнасці за любыя злачынствы, для нас з’яўляецца асноўным. Мы будзем дамагацца таго, каб кожны, хто здзейсніў злачынства, панёс адказнасць. У сувязі з гэтым, я звяртаюся да кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў — рабіце ўсё неабходнае для таго, каб працаваць па законе».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.