Вы тут

«Дзякуючы дызайнерам у вялікай колькасці людзей фарміруецца эстэтычны густ»


Нядаўні мастацкі фестываль «Арт-Мінск» вылучаўся тым, што шмат твораў прадставілі маладыя аўтары. Сярод іх была Юлія Кукушкіна, якая скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў як дызайнер, а цяпер працягвае вучобу ў аспірантуры і адначасова выкладае ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. Глебава. Яна адна з тых, ад каго залежыць развіццё дызайну ў нашай краіне і прыток у гэты від мастацтва новых сіл. Вельмі адказна. Але і дзяўчына ведае моц творчай энергіі з маленства.

Калі дзядуля — народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, які шмат гадоў жыцця аддаў творчай і выкладчыцкай (быў рэктарам акадэміі мастацтваў) працы, а мама Наталля Шаранговіч — вядомы мастацтвазнавец, то натуральна, што дзяўчына была далучана да творчасці з маленства і можа пра яе шмат распавесці. Напэўна, гэта той выпадак, калі выбар справы жыцця быў шмат у чым прадвызначаны?..


— Сапраўды, сям'я — гэта падмурак, з якога ты пачынаеш, ён многае вызначае. Магу сказаць, што, з аднаго боку, цудоўна, калі цябе падтрымлівае ўся сям'я, якая сама з гэтага асяродку, — могуць ва ўсім зразумець, падтрымаць, калі трэба. А з другога боку, гэта вялікая адказнасць, таму што трэба трымаць высокую планку, якую вызначылі мае папярэднікі.

Насамрэч я спачатку пайшла ў звычайную школу. Але дзядуля са мной шмат займаўся, вучыў і пісаць, і маляваць — і мне тое падабалася. Ён уклаў у мяне ўсё, што мог і што я магла разумець на ўзроўні свайго ўзросту. А мяне з дзяцінства захапляла творчасць, я любіла займацца мадэляваннем адзення. Бацькі ўсё гэта бачылі і аддавалі мяне ў розныя гурткі, дзе была магчымасць развіваць творчыя здольнасці. Такая лінія атрымала развіццё, і пасля пачатковай школы я паступіла на вучобу ў гімназію-каледж мастацтваў.

Ужо там мы знаёміліся з асновамі дызайну. Але пасля заканчэння ўзніклі пытанні, у якім кірунку я буду рухацца далей. Разумела, што мне блізкае ўсё, што звязана з творчасцю, з выяўленчым мастацтвам, хацелася яшчэ больш паглыбіцца ў тэму. Тым не менш, памятаю, як сур'ёзна давялося тады разважаць пра будучыню: чым займацца? Бо гэта ж на ўсё жыццё... Тады і дзядуля, і яго брат Канстанцін Пятровіч, які працаваў у акадэміі мастацтваў, і мама паўплывалі на мой выбар. Яны паглядзелі, што мне падабаецца і якія могуць быць варыянты. Калі я паступала ў Беларускую акадэмію мастацтваў, была магчымасць пайсці ў манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, бо за яго адказвала вельмі моцная кафедра, а таксама ў дызайн. Я разумела, што гэта два віды мастацтва з рознай скіраванасцю работы. А я чалавек камунікабельны, мне падабаецца кантактаваць з людзьмі. Паразмаўлялі, параіліся і вырашылі, што, напэўна, мне падыдзе дызайн і ў прыватнасці графічны дызайн — у нашай акадэміі таксама сур'ёзная кафедра дызайну з добрай базай, якая ўвесь час развіваецца, выдатныя выкладчыкі.

Дзядуля з разуменнем прыняў мой выбар і быў вельмі рады, што я буду ў сферы мастацтваў. Бо дызайн — таксама мастацтва, але крыху іншае. Дызайн — цяпер кірунак вельмі актуальны, асабліва графічны дызайн. Бо гэта тое, што мы бачым навокал, за што чапляецца наша вока ў прасторы, у якой мы існуём, у якой можа быць шмат дробязяў. Пакуль я вучылася, то пачала разумець, што на гэтыя дробязі мы не звяртаем увагу ў штодзённым жыцці, а насамрэч яны ствараюць наша асяроддзе і ўплываюць на адчуванне камфорту. Дзякуючы дызайнерам у вялікай колькасці людзей фарміруецца эстэтычны густ. Магчымасць уплываць на людзей для мяне таксама мела значэнне. А калі ты разумееш, што можаш даведацца, як тое дасягнуць і як тое зрабіць добра, у якіх кірунках можна працаваць, то многія пытанні наогул знікаюць. Абраўшы дызайн як кірунак мастацтва і адвучыўшыся пяць гадоў, я зразумела, што гэта сапраўды маё: не толькі цікава, а насамрэч хочацца паглыбіцца ў прафесію і асвойваць яе больш ужо на практыцы.

— Што ёсць у згаданым кірунку мастацтва, што асабіста вас захапіла?

— Напэўна, калі я паступала, была яшчэ недастаткова дарослая, каб усвядоміць усю глыбіню магчымасцяў, якія адкрываюцца ў рабоце дызайнераў. Бо гэта не тое мастацтва, якое можа быць прадстаўлена выключна на выстаўках ці змяшчаецца ў нейкіх памяшканнях — хоць і такі від работы ёсць таксама. Але дызайн цікавы з пункту гледжання стварэння ці аздаблення нейкіх аб'ектаў — гэта работа менавіта на асяроддзе, якое вакол нас паўсюдна. Таму дызайн мае карысць для кожнага чалавека і нават можа быць выкарыстаны ў вытворчасці нейкіх прадметаў. Памятаю, якое было адкрыццё, калі прыйшло разуменне: тое, што я зраблю, можа быць выкарыстана на практыцы, у рэальным жыцці — на плакатах, на шыльдах у горадзе, у фірменных стылях. Гэта моцны эмацыянальны водгук для творцы. Насамрэч цікава рабіць праекты, каб потым убачыць свае напрацоўкі ў практычным прымяненні недзе ў горадзе, у кампаніях ці на прадпрыемствах. Калі займаешся мастацтвам у класічным яго разуменні, больш жывеш у сваім асабістым свеце. Я разумела, што дызайн, у сваю чаргу, дае магчымасці шырокіх кантактаў з рознымі людзьмі — і ўнутры прафесійнага асяродку, і з тымі, для каго працуеш. Мне бліжэй работа на шырокую практыку.

— Была магчымасць паспрабаваць сябе на практыцы ўжо падчас вучобы? Ці ёсць праекты, якія рэалізаваліся?

— Па-першае, у нас была тэхналагічная практыка, падчас якой мы ўжо «спрабавалі» будучую прафесію, працавалі над дызайнам нейкіх аб'ектаў. У нас шмат хто ішоў у рэкламныя агенцтвы. Я супрацоўнічала з агенцтвам, якое займаецца вэб-дызайнам, — нашы прапановы пасля крыху дапрацоўваліся і ішлі ў вытворчасць. Мы бачылі, што нашы ідэі і рэальна ўкараняюцца. Маштабных праектаў падчас вучобы ў мяне не было, але напрацоўкі былі. Акрамя таго, акадэмія мастацтваў нам давала магчымасць удзельнічаць у творчых конкурсах — каб мы пераадольвалі сціпласць і боязь, каб спрабавалі сябе. Выкладчыкі настойвалі, што важна спрабаваць сябе ў практыцы і нават у выставачнай дзейнасці. Таму мы стваралі шмат работ, праектаў, плакатаў. У кагосьці яны пасля былі адзначаны ў конкурсах, напрыклад, сацыяльных плакатаў. Адзін мой праект сацыяльнага плаката, прысвечаны барацьбе супраць карупцыі, адзначылі ў конкурсе, які быў абвешчаны пракуратурай, — нам урачыста ўручалі дыпломы. Акадэмія мастацтва імкнулася нас заахвоціць нейкімі практычнымі распрацоўкамі — каб была магчымасць выхаду на шырокую прастору.

— Мы гаворым пра прадукт дызайну як пра вынік творчай работы. А творчасць кожны чалавек можа ўспрымаць па-свойму. Вось як той жа плакат: з мінулых эпох людзі разумеюць яго як нейкі заклік, але каб зачапіць чалавека, ён павінен несці ідэю і быць не банальным. Ці мяняецца ў нас успрыманне плаката?

— Так, вядома. Ужо падчас маёй вучобы (з таго часу мінула амаль дзесяць гадоў) нас вучылі, што плакат — найперш ідэя, якая павінна лёгка счытвацца. Яна павінна быць яркай і дакладна вызначанай візуальна, але незвычайнай і выказанай па-новаму. За такую выяву чапляецца погляд. Калі ў нас на вуліцах з'яўляюцца нетыповыя плакаты, гэта вельмі кідаецца ў вочы, — і яно насамрэч працуе. На мой погляд, людзям, можа быць, нават не хапае нечага новага. І калі дызайнеры прапаноўваюць незвычайныя рашэнні на актуальныя тэмы — яно добра ўспрымаецца. Савецкі плакат можна лічыць адным з гістарычных стыляў. Але не адзіным. Асабліва калі гаворка пра беларускі плакат. І калі гаворка пра дызайн наогул.

Бо калі нараджаўся наш беларускі дызайн, ён меў асаблівасць, свае адмысловыя традыцыі, закладзеныя яшчэ Казімірам Малевічам і віцебскай мастацкай школай. Таму мы ідзём сваім шляхам ці, хутчэй, працягваем яго. Так, савецкі час пэўным чынам паўплываў на мастацтва, але цяпер мы вяртаемся да тых асноў, якія склаліся на беларускай зямлі яшчэ больш за стагоддзе таму. Нават калі вывучаем фармальную кампазіцыю, на якой у пэўнай ступені грунтуецца дызайн, то гэта менавіта тое, пра што пісаў яшчэ Малевіч у сваіх тэарэтычных работах. Але і практычна паказваў выкарыстанне дызайну ў шырокім асяроддзі — калі група Малевіча афармляла гарады. Яны залажылі асновы. Гэта была ўнікальная з'ява. І яна пачыналася ў нас. Таму можна сказаць, што тут свая традыцыя, якая захоўваецца і развіваецца цяпер. Традыцыя, толькі скіраваная ў іншую праяву выяўленчага мастацтва. Насамрэч розныя традыцыі могуць спалучацца і дапаўняць адна адну. А могуць мець трансфармацыю і развіццё, якое прыводзіць да новых ідэй.

На мой погляд, цяпер моладзь даволі прагрэсіўная. Калі я гляджу на сваіх студэнтаў, то заўважаю, што яны, не знаходзячыся ў нейкіх рамках, а дзякуючы свайму творчаму ўяўленню, здольныя выдаваць цікавыя ідэі. Прычым з цікавай візуалізацыяй. Думаю, трэба даваць ім магчымасць выпускаць у свет свае праекты — падаецца, што людзі добра будуць іх успрымаць.

— Чым іх прыцягвае прафесія дызайнера? Бо трэба ж быць абазнанымі, што гэта такое...

— Дызайн — той кірунак, які ў нас вельмі актыўна развіваецца ў цяперашнім свеце, пры развіцці інфармацыйных тэхналогій і наогул тэхнічным развіцці з магчымасцю выхаду ў прастору не толькі рэальную, але і віртуальную. Гэта здаецца сёння вельмі сучасным і арыентаваным на будучыню. Графічны дызайн і вэб-дызайн — тое, з чым мы сутыкаемся штодня. Шмат каго прыцягваюць ілюстрацыі, стварэнне цікавых вобразаў, карцінак. Потым студэнты паглыбляюцца і пачынаюць разглядаць з'яву сістэмна. Вядома, у акадэмію паступаюць ужо больш дарослыя людзі, што ўсведамляюць, які выбар робяць. А да нас у гімназію-каледж паступаюць пасля дзявятага класа, адчуваючы цікавасць да кірунку. А тая цікавасць іх штурхае да вялікай творчай дзейнасці, якую мы назіраем ужо на працягу чатырох гадоў вучобы. Яны могуць зрабіць шмат, бо ім усё гэта цікава.

— Чым было абумоўленае ваша рашэнне пайсці выкладаць ў «Глебаўку»?

— Па-першае, гэта цікавы досвед. Незвычайны. Таму што не ўяўляла сябе ў ролі выкладчыка, асабліва ў такім маладым узросце. Я скончыла магістратуру, але мая рабочая прастора — практычная, а не выкладчыцкая. Тым не менш, гэта была цудоўная магчымасць раскрыць для сябе дызайн з іншага боку, нейкія рэчы для сябе сістэматызаваць. Таксама гэта добры вопыт камунікацыі праз кантакты са студэнтамі і праз уваход у новы калектыў. На перспектыву тое дазволіць мне нейкія рэчы скарыстаць у сваёй практычнай дзейнасці. Дзякуючы выкладанню я атрымала добры досвед, які магу скарыстаць у шматлікіх відах дзейнасці.

— Кажуць пра талент выкладчыка... Ці можна яго раскрыць па меры работы з моладдзю?

— Мне важна, каб усё ішло ад сэрца, ад душы. Каб не было фармальнасцю: гэта ж работа з дзецьмі — у кожнага свой маленькі свет. Свая душа. Выкладчык — настаўнік — аддае часцінку сябе кожнаму і павінен умець пачуць, размаўляць. Усё трэба прапускаць праз сябе. Можа быць, у некага тое атрымліваецца прасцей, а камусьці больш складана і ён можа раскрыцца з гадамі. Самае простае, на мой погляд — напрацаваць досвед: сістэматычны, метадычны. А вось аддача сябе адбываецца ў кожнага па-свойму.

— Да вас паступаюць дзеці, захопленыя найперш уласнай творчасцю. Але «Глебаўка» — навучальная ўстанова, дзе ёсць свае адукацыйныя праграмы і каноны. Як атрымліваецца сумяшчаць патрэбнае з жаданым?

— У «Глебаўку» прыходзяць вельмі матываваныя навучэнцы, бо конкурсы вялікія, шмат ахвотных. Ідуць з асэнсаваннем таго, што хочуць вучыцца менавіта тут. Пасля школы яны сутыкаюцца з тым, што аб'ём работы рэзка павялічваецца, але яна цікавая і разнастайная. Спачатку яны павінны засвоіць базу, а з кожным годам заданні ўскладняюцца і ідуць бліжэй да практыкі — ім становіцца больш зразумела. А сёння адкрываюцца новыя спецыяльнасці — дызайн мультымедыя і выхад у лічбавую віртуальную прастору — тое, што вельмі захапляе цяперашнюю моладзь.

Вядома, ёсць свае адукацыйныя каноны, даволі дакладныя. Менавіта таму, што да нас паступаюць яшчэ дзеці, іх трэба дысцыплінаваць, у тым ліку ў творчасці. У іх трэба выхоўваць сваё бачанне і мысленне, але сістэмнае. Бо выходзяць яны ўжо маладымі людзьмі. Сістэмнае навучанне ёсць, яно дастаткова мабільнае і манеўранае. Дазваляе, каб дзеці нешта рабілі для сябе. Да мяне часта падыходзяць студэнты па падказкі, калі хочуць нешта ілюстраваць ці паўдзельнічаць у конкурсе. Я падтрымліваю. І бачу, што калі робяць нешта не толькі для сябе — ілюстрацыі, напрацоўкі, дызайн упаковак, шукаюць конкурсы і ўдзельнічаюць у іх — ім цікава. Гэта заахвочваецца, таму што ў іх павінен быць эмацыянальны выхад. Выключна на заданнях ён можа і не спрацаваць, бо нейкая тэма можа аказацца проста няблізкая. Ці не вельмі «зайшла». А калі ў студэнта ідзе ўласны творчы віток, то гэта выдатна — ён больш і прасцей уцягваецца ў работу. Тым больш на выхадзе яны праектуюць сваё партфоліа і як спецыялісты ўключаюць усе свае работы — у тым ліку і аўтарскія, каб паказаць свой стыль, які пачаў складвацца і ў якім яны ў выніку будуць ствараць. У ідэале ім бы паспрабаваць свае напрацоўкі ўключаць у вучэбны працэс. Але каледж вітае, калі ёсць магчымасць эмацыянальнага выхаду праз уласную творчасць — у сваіх аўтарскіх напрацоўках могуць рабіць усё, што хочуць. А калі выконваюць вучэбныя заданні, то мы глядзім, наколькі яны адлюстравалі тэму, ці магчымае гэта для рэалізацыі. Бо для пачаткоўцаў вельмі важна, каб яны не адрываліся ад рэальнасці цалкам. Бо як дызайнеры яны будуць пасля працаваць з заказчыкамі, над канкрэтнымі прадуктамі, таму мусяць разумець, што іх студэнцкія работы павінны быць на тым узроўні, каб іх камусьці паказаць ці нават скарыстаць на практыцы.

— Як успрымаюць маладых выкладчыкаў? Наогул які цяпер выкладчыцкі калектыў у «Глебаўкі»?

— Рознаўзроставы. У нас ёсць мэтры, якія працуюць даўно і дапамагаюць маладым выкладчыкам, што папаўняюць калектыў. У нас адбываецца ўзаемны абмен, калі хтосьці нешта можа камусьці падказаць. Бо ёсць маладыя выкладчыкі, якія прыйшлі працаваць адразу пасля таго, як атрымалі дыплом. І як маладыя выкладчыкі яны могуць прыўнесці сваё бачанне, зразумець творчы парыў студэнтаў. Мне здаецца, што ім мяне нескладана пачуць, бо я магу размаўляць з імі на адной мове. Асабліва, калі працую са студэнтамі чацвёртага курса, якім 21-22 гады, з якімі розніца ва ўзросце неістотная. Часам мы можам пагаварыць больш адкрыта, бо звяртаюцца і з асабістымі пытаннямі. Але яны паважліва ставяцца да мяне як да выкладчыка.

— А што дае мастаку і выкладчыку аспірантура? Бо асноўнае вы ўсё ж атрымалі падчас вучобы ў акадэміі?

— Магістратура і аспірантура — гэта найперш навуковая дзейнасць. Але дызайн, як любая сфера мастацтва, — вялікая сістэма, якая сілкуецца з розных сфер, не толькі з творчай і практычнай. Таксама гэта навуковыя і выкладчыцкія методыкі. І вельмі шмат таго, што ў дызайне, не вывучана. Напрыклад, па сваёй аспіранцкай рабоце я даследую тэму візуальнага брэндзіравання гарадоў — гэта цяпер нам вельмі неабходна. Але ёсць пытанне: як дызайнеру-практыку працаваць у тым кірунку, у якога яшчэ няма навуковага абгрунтавання, няма сістэматызацыі? Насамрэч адно цягне другое і прымушае больш у гэтым разбірацца. Вучоба ў магістратуры і аспірантуры для мяне — магчымасць пад іншым вуглом паглядзець на сваю ўласную дзейнасць і зрабіць унёсак у развіццё дызайну, каб практычна ажыццявіць свае распрацоўкі.

— Ці застаецца час на ўласную творчасць пры такой загружанасці?

— Так. Патрэбнае практычнае прымяненне сваіх работ, каб гэты досвед перадаваць студэнтам. Вядома, хацелася б больш рэалізацыі ў практычнай сферы паводле сваёй адукацыі. Як дызайнер з радасцю працавала б у сферы вытворчасці прадуктаў. Але стараюся, каб розныя віды работы развіваліся паралельна. У нас шмат якія выкладчыкі так існуюць: ствараюць, удзельнічаюць у выстаўках. Калі выкладаеш і адначасова выстаўляешся, гэта паказвае студэнтам, што выкладчык мае прафесійную практыку.

— З чым выстаўляецеся вы?

— Я пачала працаваць у галіне арт-фатаграфіі. У акадэміі быў курс па мастацкай фатаграфіцы. Мне цікава, я бачу, што ў нас шмат якія мастакі і фатографы паспяхова ў гэтым працуюць. Тут можна спрабаваць новыя падыходы, шмат эксперыментаваць, асабліва з прадметамі здымкаў — іх можна па-рознаму паказаць, гэта як асобная візуальная мова. Таму я выстаўляюся цяпер у асноўным з мастацкай фатаграфіяй і з плакатамі як дызайнер. Стараюся развівацца і ў адным кірунку, і ў другім. Цяпер такі час, што я магу ахапіць вялікае поле для дзейнасці, і для гэтага ёсць магчымасці. Пакуль імкнуся даведацца як мага больш новага, каб удасканаліць сябе як творцу і выкладчыка, тады буду вырашаць, па якой канкрэтна сцежцы ісці далей.

— Арт-фатаграфія — гэта больш для сябе ці дзеля мастацтва? Ці таксама з практычным выкарыстаннем?

— Асноўная роля — эстэтычна-візуальная, гэта творы для ўдзелу ў выстаўках. Але могуць быць работы, якія выкарыстоўваюцца ў інтэр'ерах, экстэр'ерах, знаходзяць сваё месца ў калекцыях — не толькі прыватных, але і ў карпаратыўных, на прадпрыемствах. На аснове арт-фатаграфіі можна ствараць плакаты, аб'екты, прадукты графічнага ці віртуальнага дызайну. Гэта цікавая мастацкая мова, з дапамогай якой можна выказаць думку. Як і праз плакат, толькі па-іншаму. А да фатаграфіі можна дадаць іншыя складнікі, каб зрабіць адмысловы прадукт. І гэта таксама можна прымяніць на практыцы.

— Мастак, які стварыў карціну, ставіць свой подпіс. А імя дызайнера не заўсёды ведаюць. Гэта не засмучае?

— Асабіста мяне — не. Таму што я ж магу рэалізавацца пад сваім іменем і ў іншых сферах. У той жа арт-фатаграфіі, ва ўдзеле ў выстаўках, у выкладчыцкай дзейнасці, у навуковых работах. Нават удзел у конкурсах — іх жа вельмі шмат. Насамрэч абазначыць сваё імя можна рознымі спосабамі. Нездарма ж мы ведаем шмат імёнаў вялікіх дызайнераў, якія працавалі ў розных сферах.

Ларыса ЦІМОШЫК

Аўдыяверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.