Вы тут

Новая жамчужына сталіцы. Мінчане атрымалі выдатны падарунак


Сотні чалавек з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся на заходнім беразе Цнянскага вадасховішча ў мінулую суботу. Там адбылося ўрачыстае адкрыццё новага Lakesіde-парку. Сярод ганаровых гасцей — старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, кіраўнік інвестыцыйнай кампаніі спадар Махамед Алабар. Карэспандэнт «Звязды» таксама прагуляўся па парку, асабісты вердыкт — атрымалася прыгожа, якасна, з душой.


У дзень адкрыцця лакацыі для мінчан і гасцей горада падрыхтавалі вялікую забаўляльную праграму. Людзей было шмат. Многія прыходзілі з дзецьмі. Хтосьці адпачываў на пляжы, хтосьці абыходзіў фотазоны, а большая частка гасцей вырашыла прайсці квэст і, набраўшы патрэбную колькасць балаў, атрымаць прыгожы падарунак — беласнежнага мядзведзя. На сцэне публіку забаўляў вядучы, на фуд-зоне пахла шашлыкамі, а дзіцячая пляцоўка са шматлікім гульнявым абсталяваннем стала цэнтрам прыцягнення юных гасцей. Таксама можна было паглядзець выступленні кавер-бэндаў і святочны феерверк каля вады, які расфарбаў неба ў 22.30.

— Вельмі прыемна, што сёння мы прысутнічаем на сапраўды добрай падзеі — адкрыцці новага парку, які, вядома ж, стане ўпрыгажэннем гэтай тэрыторыі, — сказаў падчас урачыстага адкрыцця старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, — Тут вельмі прыгожая прырода, якая патрабавала прыкласці руку для таго, каб стварыць добрыя ўмовы для адпачынку як дарослых, так і дзяцей. І, вядома, людзі атрымаюць шмат задавальнення, таму што тут усё створана для чалавека. Для горада важна, калі будуюцца паркі, таму што горад — гэта заўсёды шмат машын, дамоў і асфальту. Але кожнаму чалавеку хочацца пабыць каля вады, сярод зеляніны, на прыродзе. І я ўпэўнены, што гэты парк стане яшчэ адным зялёным упрыгажэннем, жамчужынай нашай сталіцы.

Мэр горада нагадаў, што Махамед Алабар з'яўляецца інвестарам вельмі сур'ёзнага і значнага праекта для горада Мінска.

— Спадар Алабар — гэта чалавек, які думае пра будучыню, — адзначыў мэр. — Хацелася б падзякаваць яму за тое, што рэалізацыю інвестпраекта ён пачаў з будаўніцтва вось такога выдатнага парку. Ужо ідзе будаўніцтва выставачнага цэнтра, іншых аб'ектаў, жылля, якія будуць прывабныя для нашай краіны. Я рады, што ў горадзе з'явіўся такі цікавы аб'ект. Пры яго будаўніцтве выкарыстоўваліся самыя сучасныя тэхналогіі і адначасова творчы падыход. Многія беларускія скульптары змаглі рэалізаваць свае ідэі, якія мы тут бачым. Атрымаўся ўдалы сімбіёз творчых ідэй і іх рэалізацыя.

Бізнесмен прызнаўся, што яму прыемна бачыць эмацыянальную рэакцыю людзей у гэты дзень.

— Парк пабудаваны для вас, вашых дзяцей, — звярнуўся да публікі кіраўнік інвестыцыйнай кампаніі спадар Махамед Алабар. — Гэтая зона адпачынку новая, яна будзе развівацца. Вы не будзеце тут сумаваць.

Інвестар займаецца бізнесам 35 гадоў у больш чым 50 краінах.

— Асаблівую ўвагу ў рабоце аддаю якасці жыцця людзей, навакольнай прасторы. Таму ў гэтым парку мы пастараліся стварыць максімальна камфортнае асяроддзе для вас. Хачу падзякаваць мэру горада і вашаму Прэзідэнту за падтрымку праекта, — падкрэсліў спадар Алабар.

Галоўная адметнасць парку — 17 скульптур, гэта работы беларускіх майстроў. Над кожнай працавалі вельмі доўга і карпатліва.

Lakesіde арганічна спалучае прыгажосць прыроды, мастацтва і дасягненні сучаснасці. Для заняткаў спортам тут прадугледжаны спецыяльныя пляцоўкі, бегавыя і веладарожкі. Аматараў спакойнага адпачынку пацешаць уладкаваныя набярэжная і пляж. Ёсць тут і пірс для рыбалкі, і амфітэатр. Словам, усё, што трэба для добрага баўлення часу.

— У парку створаны ўсе ўмовы для адпачынку. Можна смачна паесці, пазаймацца спортам. Жыву недалёка, таму буду тут бываць часта, — падзяліўся мінчанін
Мікалай.

— Вельмі крутая інфраструктура! Жывая, зялёная, усё на вышэйшым узроўні! Галоўнае, што маім дзецям падабаецца, — адзначыла Крысціна.

— Цудоўны пляж, пабольш бы такіх... Добрае месца для прагулкі, бегу. Найлепшае месца, каб правесці дзень на адкрытым паветры з сям'ёй, — лічыць Іван.

Мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, якія прыйшлі на адкрыццё новай зоны адпачынку, можна лічыць, што парк ужо папулярны, а свята атрымалася.

Як вядома, у паўночнай частцы сталіцы будуецца шматфункцыянальны комплекс «Паўночны бераг», які плануюць цалкам уладкаваць да 2040 года. Ён разгорнецца на шасці мільёнах квадратных метраў. Тут пабудуюць жылыя дамы з усёй неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай, выставачны цэнтр і сацыяльныя аб'екты. Пакуль тэрыторыю Цнянкі змяніў толькі атмасферны парк, але побач ужо відаць абрысы шматпавярховікаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.