Вы тут

Забарона на выкарыстанне смартфонаў на ўроках і закрыццё прадпрыемстваў


У Японіі масава закрываюцца прадпрыемствы

Гэта можа адправіць эканоміку ў накдаўн

Праблема адсутнасці нашчадкаў, паведамляе АFР, да 2025 года можа негатыўна ўплываць на траціну малых прадпрыемстваў у Краіне ўзыходзячага сонца. Дэмаграфічныя праблемы стаяць настолькі востра, што можна казаць аб пачатку ў Японіі эры масавых закрыццяў, упэўнены Шыгенобу Абэ з кампаніі Tеіkоku Dаtаbаnk.


Паводле даследавання ўрада трохгадовай даўнасці, прыблізна 1,27 мільёна ўладальнікаў малых прадпрыемстваў да 2025-га перасягне праз 70-гадовы рубеж і пры гэтым не будуць мець нашчадкаў. Закрыцці прадпрыемстваў могуць прывесці да страты да 6,5 мільёна працоўных месцаў і скараціць аб’ём японскай эканомікі на 22 трыльёны іен (166 млрд долараў). Да 2029 года сітуацыя яшчэ больш ускладніцца. Да гэтага часу сярэдні ўзрост ужо згаданых пажылых уладальнікаў прадпрыемстваў дасягне, паводле даных Tеіkоku Dаtаbаnk, 81 года, што з’яўляецца сярэдняй працягласцю жыцця для японскіх мужчын. «Мы ўпэўненыя, што многія работнікі з-за такой тэндэнцыі пазбавяцца сродкаў для існавання», — папярэджвае Абэ.

Цяпер у Японіі гэтак жа, як сотні гадоў таму, шырока распаўсюджаная перадача сваёй справы ў спадчыну або давераным супрацоўнікам. Аднак з-за працяглай стагнацыі маладыя японцы не жадаюць ісці ў малы бізнес. У глыбінцы прадпрымальнікам прыходзіцца ўдвая цяжэй, бо сельская моладзь марыць пра гарадское жыццё. У выніку японская вёска паступова вымірае. Праблему ўскладняе і чыста мясцовы нюанс: у Японіі лічыцца ганебным прадаваць сямейную справу чужынцам. Не дзіўна, што нямала пажылых камерсантаў, якія, апынуўшыся ў такой сітуацыі, аддаюць перавагу закрыццю прадпрыемства.

Урад прапануе шчодрыя стымулы для таго, каб старыя прадавалі бізнес, але знайсці пакупніка нялёгка. Акрамя страты працоўных месцаў, хваля закрыццяў малых прадпрыемстваў азначае яшчэ і страту ўнікальных навыкаў, рамёстваў і ведаў, уключаючы, скажам, старадаўнія рэстаранныя рэцэпты, з якіх, між іншым, складаецца японская культура. Тэндэнцыя пагражае культурнай унікальнасці Краіны ўзыходзячага сонца і турызму, таму што пазбаўляе Японію значнай долі прывабнасці для турыстаў.

У механічнай майстэрні Кіёсі Хашымота ў Яшымоце, усходнім прыгарадзе Токіа, замест звыклага шуму стаіць цішыня, паведамляе АFР. Хашымота ідзе 83-ці год. Майстэрню ён адкрыў амаль 40 гадоў таму і ўжо даўно павінен быў пайсці на заслужаны адпачынак нават па мерках Японіі, дзе працуюць да глыбокай старасці. Напэўна, Кіёсі ўжо даўно так бы і зрабіў, калі б у яго быў нашчадак, якому ён мог бы перадаць бізнес, або пакупнік, якому мог бы яго прадаць. «Калі я зараз закрыюся, усё рассыплецца», — тлумачыць Хашымота. Быў час, калі ў яго майстэрні працавалі дзясяткі чалавек, але цяпер, калі ён абмежаваў вытворчасць, колькасць работнікаў моцна скарацілася, ды і тыя працуюць няпоўны дзень.


Германія балансуе паміж рэцэсіяй і стагнацыяй

Перспектывы галоўнай еўрапейскай эканомікі застаюцца туманнымі. Апублікаваныя эканамічныя звесткі за другі квартал дазволілі сцвярджаць аб яе выхадзе з рэцэсіі. Аднак асаблівых нагод для радасці няма. Прагнозы па нямецкай эканоміцы па-ранейшаму песімістычныя. Што ж датычыцца выхаду з рэцэсіі, то гэта хутчэй фармальны выхад, таму што ВУП не вырас нават сімвалічна, а толькі застаўся на ранейшым узроўні. У любым выпадку пытанняў да першай эканомікі Еўропы засталося дастаткова, адзначыў ехреrt.ru.

Нягледзячы на выхад з мяккай рэцэсіі, перспектывы эканомікі ФРГ застаюцца, мякка кажучы, невясёлымі. Нічога не мяняецца, напрыклад, у лепшы бок у такім важным сектары, як вытворчасць, якая зніжаецца ўжо год.

Попыт хутка згортваецца, як паказваюць апытанні, і ў іншых сектарах, у тым ліку сектары аказання паслуг.

Маласуцяшальныя паказчыкі другога квартала нашмат больш выразна сведчаць аб глыбіні і размаху праблем, з якімі сутыкнулася першая эканоміка Еўропы. Гэта, вядома, шмат хто бачыць і ў самой Германіі, і за яе межамі. МВФ, напрыклад, лічыць, што ФРГ будзе па выніках бягучага года адзіным членам G7 са спадам у эканоміцы. Увогуле, многае сведчыць аб тым, што з лакаматыва, якім нямецкая эканоміка была некалькі апошніх дзесяцігоддзяў, яна паступова ператвараецца ў цяжар, які тармозіць рост кантынента.

«Ці паўзе эканоміка наперад, як смоўж, альбо ў яе невялікі спад, па-мойму, гэта другараднае пытанне, — прыводзіць Blооmbеrg словы заснавальніка эканамічнага інстытута Flоssbасh vоn Stоrсh Rеsеаrсh Іnstіtutе Томаса Маера. — Думаю, Германія сёння змагаецца за права называцца «хворым чалавекам Еўропы». Так ужо паўтара стагоддзя называюць найбольш праблемныя краіны Старога Свету.

«Нізкія паказчыкі — гэта нават не прагноз, — кажа галоўны эканаміст Соmmеrzbаnk АG Ёрг Крэмер. — Мы ўжо ўсё гэта бачым. Мы прагназуем вяртанне рэцэсіі ў другой палове года». Настроі нямецкіх эканамістаў яскрава адлюстроўвае пазіцыя прэзідэнта аўтарытэтнага мюнхенскага Інстытута эканамічных даследаванняў Клеменса Фюста, які ўжо пасля з’яўлення навіны аб выхадзе ФРГ з рэцэсіі, заявіў, што, на яго думку, рэцэсія... працягваецца. Як растлумачыў эксперт, для яго галоўным крытэрыем з’яўляецца не адсутнасць спаду, а праблемы ў эканоміцы і, што самае галоўнае, у вытворчым сектары.


ЮНЕСКА прапанавала ўвесці глабальную забарону на выкарыстанне смартфонаў на ўроках

Арганізацыя выпусціла даклад, у якім заклікала школы па ўсім свеце забараніць выкарыстанне смартфонаў у класе, каб яны не адцягвалі ўвагу дзяцей. Эксперты сцвярджаюць, што ў выніку яно прыводзіць да зніжэння паспяховасці. У сваім новым дакладзе ЮНЕСКА перасцерагае ад празмернага выкарыстання тэхналагічных прылад, галоўным чынам, смартфонаў і камп’ютараў. Эксперты арганізацыі перакананыя: іх трэба прымяняць у меру, толькі па прызначэнні, і кіраваць працэсам павінен кваліфікаваны выкладчык. «Лічбавая рэвалюцыя мае невымерны патэнцыял. І сёння гучаць заклікі аб тым, што яна павінна рэгулявацца ў грамадстве. Трэба быць уважлівымі да таго, як яе тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў сферы адукацыі, — заявіла генеральны дырэктар ЮНЕСКА Одры Азулэ. — Іх выкарыстанне павінна быць накіравана на павышэнне якасці навучання і на карысць навучэнцаў ды выкладчыкаў, а не на шкоду ім».

Аўтары даклада прызнаюць, што новыя тэхналогіі могуць быць карысныя ў навучальным працэсе для засваення пэўных навыкаў і атрымання ведаў у канкрэтных навуковых галінах. Але школам трэба рэгламентаваць дадзеную сферу, каб пазбегнуць згубнага ўздзеяння на дзяцей. «Даныя буйнамаштабных міжнародных даследаванняў, напрыклад РІSА (Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў), сведчаць аб негатыўным уплыве празмернага выкарыстання ІКТ на паспяховасць навучэнцаў», — адзначаецца ў справаздачы.

Нават простае знаходжанне побач з мабільнай прыладай адцягвае ўвагу школьнікаў, лічаць у ЮНЕСКА. Адзначаецца, што ў кожнай чацвёртай краіне свету смартфоны ў школах забароненыя. У спісе фігуруюць Францыя, якая ўвяла такую меру ў 2018 годзе; Італія, дзе настаўнікі забіраюць смартфоны вучняў у пачатку дня. Налета да іх далучацца Фінляндыя і Нідэрланды.

«Нам неабходна атрымаць урокі з нашых мінулых памылак пры выкарыстанні тэхналогій у адукацыі, каб не паўтараць іх у будучыні», — заявіў Манас Антанініс, суаўтар справаздачы. — Мы павінны навучыць дзяцей жыць як з тэхналогіямі, так і без іх; здабываць з вялізных аб’ёмаў інфармацыі неабходнае, ігнаруючы непатрэбнае; зрабіць так, каб тэхналогіі служылі падтрымкай, але не выцяснялі чалавечае ўзаемадзеянне ў працэсах выкладання і навучання».

ЮНЕСКА з насцярожанасцю адносіцца да тэзы аб станоўчым уплыве тэхналогій у школах, паколькі аргументы на яго карысць паступаюць у асноўным з найбагацейшых краін свету, такіх як Вялікабрытанія, або ад «тых, хто спрабуе іх [тэхналогіі] прадаць».


Каля берагоў Італіі знайшлі старажытнарымскі карабель з сотнямі амфар

Каля берагоў Італіі выяўлены абломкі старажытнарымскага грузавога карабля, пабудаванага больш як дзве тысячы гадоў таму. Судна даўжынёй каля 20 метраў было знойдзена каля порта Чывітавек’я, прыкладна за 80 кіламетраў на паўночны захад ад Рыма. Яно датуецца прыкладна І—ІІ стагоддзямі да нашай эры. На борце карабля знаходзяцца сотні амфар. У заяве паліцыі, якая аб’явіла аб знаходцы, гаворыцца, што большасць вялізных збаноў выключна добра захавалася.

Карабель быў знойдзены на пясчаным марскім дне на глыбіні 160 метраў ніжэй за ўзровень мора. «Гэтая выключная знаходка — важны ўзор патанулага старажытнарымскага карабля, які папаў у бяду на моры і спрабаваў дасягнуць узбярэжжа. Яна таксама дае нам уяўленне аб марскіх гандлёвых шляхах у старажытныя часы», — паведамілі прадстаўнікі паліцыі.

Работамі, звязанымі з дадзенай археалагічнай знаходкай, кіруе спецыяльны аддзел італьянскай паліцыі, які адказвае за ахову культурнай спадчыны краіны. Яго прадстаўнікі растлумачылі,што карабель быў знойдзены і зняты на відэа з дапамогай робата з дыстанцыйным кіраваннем. Ці будуць спецыялісты спрабаваць падняць абломкі судна ці груз са дна мора на паверхню, паліцэйскія не ўдакладнілі.

Амфары, падобныя на тыя, што былі выяўленыя на борце, звычайна выкарыстоўваліся для перавозкі вадкасцяў, напрыклад алею, віна ці рыбнай запраўкі. Такія артэфакты шырока распаўсюджаныя ва Усходнім Міжземнамор’і. Лічыцца, што па моры раскіданыя тысячы патанулых караблёў часоў Антычнасці.

У 2018 годзе каля ўзбярэжжа Балгарыі адшукалі грэчаскае гандлёвае судна, якое ляжала на баку і затанула больш за 2400 гадоў таму. Яго афіцыйна прызналі найстарэйшым з вядомых караблёў у свеце, выяўленых у добрым стане. У тым жа годзе ў Эгейскім моры знайшлі дзясяткі патанулых караблёў, якія адносяцца да грэчаскай, рымскай і візантыйскай эпох.

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.