Вы тут

Чытачам Гарадка і Гарадоччыны — падарунак ад пісьменнікаў


Новая кніжная ініцыятыва стартавала ў пярэдадзень правядзення XXX Дня беларускага пісьменства ў Гарадку, які адбудзецца 2-3 верасня 2023 года. У новую сталіцу традыцыйнага свята прыехала дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі з бібліятэкай кніг у падарунак ад літаратараў краіны. 


Удзел ва ўрачыстай цырымоніі ў Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прыняў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар БУЗОЎСКІ. Выступаючы перад гаспадарамі і гасцямі кніжнага свята, Ігар Іванавіч адзначыў ролю друкаванай кнігі ў патрыятычным, духоўным выхаванні грамадства. Расказаў пра шырокамасштабную працу дзяржавы, непасрэдна Міністэрства інфармацыі ў плане падтрымкі айчыннага кнігавыдання. Намеснік міністра інфармацыі выказаў надзею, што Дзень беларускага пісьменства ў Гарадку прыўнясе шмат новага, самыя неспадзяваныя культурна-асветніцкія навацыі ў жыццё Гарадка, Гарадоцкага раёна. Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Міхайлаўна Палякова, дырэктар Гарадоцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Ада Вітальеўна Абрамава падзякавалі за такі шчодры, знакавы кніжны падарунак ад пісьменнікаў літаральна ўсёй краіны.

Каменціруючы асветніцкую падзею, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч адзначыў, што ў горад — новую сталіцу Дня беларускага пісьменства літаратары прывезлі болей 400 кніг, калі быць дакладнымі — 417 экзэмпляраў кніг сучаснай паэзіі, прозы, публіцыстыкі, краязнаўства. У бібліятэчцы, якая дастаўлена з Мінска, — кнігі з аўтографамі. Свае пажаданні выклалі Мікалай Чаргінец, Іна Фралова, Алена Стэльмах, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Сяргей Трахімёнак, Генадзь Аўласенка, Ганна Чыж-Літаш, Алесь Бадак, Віктар Шніп, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі, Ірына Карнаухава і шмат хто яшчэ. Паэты, празаікі, публіцысты пакінулі самыя цёплыя, сардэчныя словы пажаданняў у адрас чытачоў такога прыкметнага куточка Віцебскай старонкі. Акцыя такога характару ў наступныя гады пройдзе і ў іншых сталіцах Дня беларускага пісьменства. А яшчэ кіраўнік творчай арганізацыі паабяцаў, што пісьменнікі краіны часцей будуць прыязджаць у Гарадок не толькі ў святочныя дні. У верасні і ў наступныя месяцы 2023 года з прэзентацыямі і аўтограф-сесіямі ў Гарадоцкі раён наведаюцца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Генадзь Аўласенка, Ганна Чыж-Літаш, Іна Фралова, Віктар Шніп і іншыя пісьменнікі, чые кнігі карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў Беларусі. 

Расказваючы гасцям пра характар сённяшняй працы з чытачом, кіраўнік бібліятэкі Ада Абрамава звярнула ўвагу на тое, што ў наведвальнікаў ёсць асаблівая запатрабаванасць на адкрыццё новых кніг, якія носяць светлы, духоўны характар. Чытачы розных узроставых груп цікавяцца праваслаўнай літаратурай. Удзел у акцыі дарэння прымалі і супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда». Спецыяліст аддзела рэалізацыі кніжнай прадукцыі Людміла Драздова звярнула ўвагу на тыя кніжныя навінкі, якія выйдуць у «Звяздзе» у бліжэйшыя месяцы. У прыватнасці, размова ішла пра кнігу гродзенскага краязнаўцы Святланы Кошур «Праз паціну часу: сцежкамі Свіцязянскай зямлі», публіцыстычную кнігу рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктара педагагічных навук Андрэя Караля «Дарогі vs сэнсы: адукацыйныя заметкі», працяг мемуарнага цыкла «Цяжкія дарогі жыцця» Мікалая Чаргінца, павінны пабачыць дзве кнігі народнага пісьменніка Беларусі, зборнік вершаў маладога паэта Рагнеда Малахоўскага, кніга нарысаў журналісткі Ірыны Аўсеп’ян «Ведаем, ганарымся!», зборнік фантастычных апавяданняў Алены Беланожкі «Дзіця Зямлі»... Безумоўна, усе гэтыя выданні патрапяць і ў Гарадок. Дарэчы, на XXX Дні беларускага пісьменства ў Гарадку будзе прэзентавана новая кніга Уладзіміра Ліхадзедава з серыі «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» — «Ад Віцебска да Полацка», у якой сабраны рэпрадукцыі старых паштовак пра гарады і іншыя паселішчы Віцебшчыны. Ва ўдзельнікаў свята будзе магчымасць, адкрыўшы старонкі філакартычнага альбома, ажыццявіць віртуальнае падарожжа па розных куточках Віцебскай вобласці. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.