Вы тут

Падводзім вынікі спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы


Рэдка здараецца такое, што з важнага міжнароднага старту беларускія гімнасткі вяртаюцца без узнагарод. ІІ Гульні краін СНД выключэннем не сталі. Спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы адкрылі праграму Гульняў і задалі пераможны настрой астатнім відам спорту. Усяго ў актыве беларускай каманды дзесяць медалёў! Калі ў кожным медалі ёсць і доля падтрымкі гледачоў, то аматары мастацкай гімнастыкі ўнеслі значны ўнёсак у поспех дзяўчат. Тры дні трыбуны сталічнага палаца мастацкай гімнастыкі былі забітыя поўнасцю. Жадаючых было настолькі шмат, што Палац не мог умясціць усіх, хто хацеў убачыць спаборніцтвы. Але арганізатары не разгубіліся і ўстанавілі проста на вуліцы экран, на якім трансліраваўся турнір. І нават спякотнае надвор’е не напалохала аматараў мастацкай гімнастыкі. Не проста цёпла, а нават горача было і ў спаборніцкім зале.


У першую чаргу — ад колькасці зорак. Мастацкая гімнастыка стала адным з пяці відаў праграмы ІІ Гульняў, у якім удзельнічалі дарослыя спартсмены. На родным дыване выступала бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў у Токіа, лідар беларускай зборнай Аліна Гарнасько. Канкурэнцыю ёй складала расіянка Лала Крамарэнка, трохразовая чэмпіёнка свету сярод юніёраў. Ажыятаж выклікала і выступленне другой расійскай гімнасткі, шматразовай чэмпіёнкі свету і Еўропы Арыны Аверынай.

А на трыбунах за выступленнямі дзяўчат сачылі тыя, на каго сённяшнія спартсменкі калісьці марылі стаць падобнымі. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка, шматразовая чэмпіёнка свету Яўгенія Канаева заўважыла, што арганізатарам удалося зрабіць свята, а не проста спаборніцтвы. «Беларусы ўвогуле славяцца сваёй душэўнасцю, хатняй абстаноўкай, шчодрасцю на ўвагу, таму вельмі рада тут знаходзіцца. На спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы ІІ Гульняў краін СНД дастойная канкурэнцыя, глядзець іх вельмі цікава. Часцей бы так!», — падзялілася спартсменка.

Госцяй спаборніцтваў стала і сярэбраная прызёрка Алімпіяды ў Рыа, шматразовая чэмпіёнка свету Яна Кудраўцава. Яна падкрэсліла, што такія спаборніцтвы сёння неабходныя спартсменкам: «З прычыны тых абмежаванняў, якія ёсць, любыя спаборніцтвы вельмі карысныя і з’яўляюцца штуршком наперад. Таму лічу, што праводзіць іх трэба і важна. Тут, на ІІ Гульнях краін СНД, сур’ёзная канкурэнцыя, так што гэта сапраўды рух уверх. Мне тут вельмі падабаецца ўсё — ад арганізацыі да дзяўчынак. Даўно не прысутнічала на турнірах, а тут убачыла і заквітнела. Таксама хочацца выступіць».

Галоўнай госцяй заключнага дня спаборніцтваў стала легендарная гімнастка, алімпійская чэмпіёнка Аліна Кабаева. «Я вельмі люблю беларускую зборную, вельмі люблю Ірыну Юр’еўну Ляпарскую. І люблю даўно. Калі ў 2000 годзе я прайграла Алімпійскія гульні, праводзіла з імі шмат часу, бо мне было вельмі складана знаходзіцца ў сваёй камандзе, і беларускія дзяўчынкі тады мяне падтрымлівалі», — падзялілася яна. Аліна Кабаева таксама расказала, што дарогу ў вялікі спорт ёй дала менавіта Ірына Ляпарская. «У 1998 годзе я першы раз прыехала на чэмпіянат Еўропы. І мая трэнер Ірына Аляксандраўна Вінер сказала, што трэба трапіць у трыццатку. І так здарылася, што я там выйграла. Калі я добра зрабіла скакалку, Ірына Аляксандраўна сказала, што высокі бал мне не паставяць, бо там судзіць Ірына Юр’еўна Ляпарская з Беларусі. Я была радая і другому месцу. Але Ірына Юр’еўна паставіла мне вышэй ад сваёй вучаніцы, бо я зрабіла вельмі добра, і я ёй за тое вельмі ўдзячная», — расказала чэмпіёнка. Атмасферу, якая панавала на ІІ Гульнях краін СНД, яна параўнала з атмасферай чэмпіянату свету. «І выдатна, што мы разам развіваем наш выдатны від спорту. Цяпер чакаю беларускіх гімнастак на сваім турніры ў Шанхаі», — падкрэсліла Аліна Кабаева.

З такой падтрымкай спартсменкі проста не маглі не паказаць прыгожай гімнастыкі. І яны яе паказалі. У індывідуальных спаборніцтвах па мнагаборстве перамагла расійская гімнастка Лала Крамарэнка. На другім месцы — беларуская гімнастка Аліна Гарнасько. Замкнула тройку прызёрак расіянка Арына Папова. Беларуская гімнастка Лізавета Зоркіна спынілася за крок ад п’едэстала. «Я ўвогуле люблю гімнастак з Беларусі, яны вельмі музычныя, выконваюць цікавыя знаходкі. У іх заўсёды адметная праграма. Уся зборная такіх балерын», — адзначыла Яўгенія Канаева.

Беларускі гімн у гонар «зборнай балерын» у палацы мастацкай гімнастыкі гучаў неаднаразова. Першы раз у гонар нашых дзяўчат, якія перамаглі ў групавых практыкаваннях. Беларускія юніёркі набралі 69,35 бала. Трэнер юных спартсменак Марына Ганчарова выступленнем сваіх падапечных засталася задаволеная. Па яе словах, дзяўчаты рваліся на дыван, у іх было каласальнае жаданне, яны адчувалі свой шанц.

«Групавічкі» — Ганна Шакун, Валерыя Мальковіч, Таісія Ярчак, Агнія Селіванава, Злата Бучанкова і Кір’яна Шаўцова таксама сталі пераможцамі ў практыкаванні з пяццю мячамі. А ў кампазіцыі з пяццю скакалкамі дзяўчаты занялі другое месца.

«Напэўна, у практыкаванні са скакалкай нам была патрэбная тая страта, каб на практыкаванні з мячамі мы выйшлі з вялікім азартам і „рванулі“ так, каб ва ўсіх пайшлі мурашкі па скуры! У нас саміх яны былі. Гэта старт, да якога мы ішлі два гады. Ён быў вельмі важны для нас. У сувязі з тым, што адбываецца па-за спортам, мы не можам выступаць на буйных спаборніцтвах, таму для нас ІІ Гульні краін СНД — самыя буйныя і важныя спаборніцтвы на гэтым этапе. Мы вельмі рыхтаваліся да іх — і слёзы, і радасць былі, і лаяліся, і мірыліся. Усё дзеля гэтых трох дзён, на якіх мы вылажыліся на максімум. Была адна невялікая страта, але пасля сабраліся і зрабілі мячы так, што апладзіравала ўся зала. Нам было вельмі прыемна. Мы кажам пра гэта ў кожным інтэрв’ю, можа, і банальна, але падтрымка проста неверагодная. Там сядзяць нашы сяброўкі — старэйшыя спартсменкі. Алімпійскі састаў хварэў за нас — нерэальна прыемна! Заўзятары былі не толькі з Мінска — да нас падышлі дзяўчынка з мамай, якія прыехалі з Гомельскай вобласці, каб пахварэць за нас», — падзяліліся сваімі ўражаннямі «залатыя» дзяўчаты.

«Эмоцыі яшчэ не хутка прыйдуць у норму»

Яшчэ перад пачаткам спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Ірына Ляпарская сказала, што асноўная барацьба разгорнецца паміж камандамі Беларусі і Расіі. Усе гэта ўбачылі падчас спаборніцтваў сеньёрак у асобных відах. Аліна Гарнасько заваявала «золата» ў практыкаванні з мячом, «серабро» — у кампазіцыі з булавамі. Бронзавыя медалі Аліне прынеслі выступленні з абручом і стужкай.

«Вельмі складаны быў старт. Вельмі шмат эмоцый, і яны яшчэ не хутка прыйдуць у норму. Задаволеная сваім сённяшнім выступленнем. У мнагаборстве ў мяне былі памылкі, але я выйшла і выправіла іх. Трэнеры мною задаволеныя», — падзялілася Аліна Гарнасько сваімі ўражаннямі пасля цырымоніі ўзнагароджання.

Беларуская спартсменка Лізавета Зоркіна стала бронзавай прызёркай у выступленні з мячом. «Вопыт, вопыт і яшчэ раз вопыт», — такім чынам спартсменка ахарактарызавала выступленне на ІІ Гульнях краін СНД. Лізавета Зоркіна выступала і на І Гульнях краін СНД, дзе была першай у практыкаванні з мячом. Але тады яна была яшчэ юніёркай, а сёння выступае на дарослым узроўні. Як адзначыла сама спартсменка, у 2021 годзе спаборніцтвы былі зусім іншыя. «Дома, у такой атмасферы, пры такой неверагоднай падтрымцы я спаборнічала ўпершыню. Было вельмі прыемна», — падзялілася Лізавета.

Расійскі гімн на цырымоніі ўзнагароджання гучаў у гонар Арыны Аверынай, якая перамагла ў практыкаванні з абручом. «Турнір атрымаўся насычаны, яркі, грандыёзны. Публіка падтрымлівала вельмі моцна, гэта адчувалася. У апошні дзень асабліва: была сапраўдная бітва, да апошняга не было зразумела, хто выйграе. На самай справе я перад сабой не ставіла мэты абавязкова перамагчы, але не хацела падводзіць каманду, трэнераў, сябе. Хацела паказаць тое, што ўмею, падарыць радасць гледачам», — падзялілася Арына з журналістамі. Яшчэ адна расійская гімнастка Лала Крамарэнка стала найлепшай у практыкаванні з булавамі і стужкай.

Аднак пры ўсёй прыгажосці спаборніцтваў па спартыўнай гімнастыцы знайшліся ў іх і мінусы, на якія ўказала двухразовая алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Святлана Хоркіна. «Акрамя гэтых спаборніцтваў, яшчэ нічога не паспела паглядзець — мастацкая гімнастыка не адпускала! Яна заўсёды паглынае ўсю маю ўвагу — гэта ж так прыгожа», — сказала яна.

Па словах чэмпіёнкі, Гульні краін СНД — спаборніцтвы цудоўнага фармату: «Нашы спартсменкі паказваюць сваё майстэрства на выдатных пляцоўках. Шкада, што ў пераліку відаў спорту, уключаных у праграму, няма спартыўнай гімнастыкі. Спадзяюся, на ІІІ Гульнях краін СНД будзе прадстаўлена і яна!».

А пакуль да ІІІ Гульняў краін СНД яшчэ ёсць час, беларускія гімнасткі сыходзяць у невялікі водпуск. А затым пачынаюць плённую падрыхтоўку да Кубка Рэспублікі Беларусь.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.