Вы тут

ІІ Гульні краін СНД дэманструюць усім вядомы прынцып «спорт па-за палітыкай»


ІІ Гульні краін СНД — гэта не толькі спартыўная, але і грамадска-палітычная падзея. Сваім меркаваннем наконт неспартыўнага значэння спартыўнага форуму падзяліліся члены Савета Рэспублікі.


Фота: БелТА

Па словах Дзмітрыя Дзямідава, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, ІІ Гульні краін СНД — яркі прыклад таго, як спорт можа гуртаваць народы, умацоўваць міжнародныя адносіны і садзейнічаць міжкультурнаму дыялогу. Ён падкрэсліў, што Гульні, якія праходзяць у Беларусі, даюць удзельнікам і гасцям маштабнага форуму магчымасць адчуць гасціннасць і ветлівасць нашага народа, паказваюць нашу адкрытасць і добрасуседства. «Прыемна, што ў ліку тых, хто змагаецца за месцы на п’едэстале, — 12 наваполацкіх атлетаў. Падставы для гонару нам ужо падарылі Генадзь Лапцеў, які заваяваў „золата“ ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы, а таксама дзюдаісткі Кацярына Вішняк і Віялета Фёдарава, якія сталі бронзавымі медалісткамі ў складзе змешанай каманды Беларусі. Выдатна выступілі Вераніка Шчарбянок, якая апынулася на другой ступені п’едэстала гонару ў кіданні молата, і Рыгор Вярцінскі, ён паказаў трэці вынік у цяжкай атлетыцы», — сказаў сенатар.

Аляксей Нявераў, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, падкрэсліў, што ІІ Гульні краін СНД дэманструюць усім вядомы прынцып «спорт па-за палітыкай». «Гульні праходзяць у Мінску, Гомелі, Жлобіне, іншых гарадах нашай краіны на высокім арганізацыйным узроўні, што адзначаюць многія калегі з замежных краін, у тым ліку спартыўныя функцыянеры. Гаворка не толькі аб традыцыйнай гасціннасці беларусаў, але і аб выдатнай базе, сучасных аб’ектах, якія адпавядаюць усім сусветным стандартам», — сказаў ён. Сенатар заўважыў, што сам форум набірае абароты. Калі І Гульні ў Татарстане два гады таму сабралі паўтары тысячы ўдзельнікаў з дзевяці краін, то ў Беларусь з’ехалася ўжо больш за дзве тысячы спартсменаў з 22 краін. «Для Саюзнай дзяржавы, усіх дружалюбных нам краін вопыт правядзення такіх маштабных спаборніцтваў вельмі важны. Такое спартыўнае свята, безумоўна, чарговы раз дасць зразумець Міжнароднаму алімпійскаму камітэту, што манаполіі на спорт у свеце не існуе, а палітызацыя спорту заўсёды будзе ўспрымацца сусветнай супольнасцю ў негатыўным ключы», — рэзюмаваў Аляксей Нявераў.

Ала Смаляк, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці назвала ІІ Гульні краін СНД сапраўдным святам сяброўства і адзінства: «Наша Беларусь даўно пацвердзіла статус спартыўнай, адкрытай, гасціннай краіны, якая ўмее арганізаваць усё на самым высокім узроўні. ІІ Гульні краін СНД пераконваюць у гэтым чарговы раз. Водгукі дэлегацый гучаць самыя станоўчыя. Прыемна, што гарачыя баталіі разгортваюцца на спартыўных пляцоўках ва ўсіх рэгіёнах. Гэта дае магчымасць яшчэ большай колькасці людзей стаць сведкамі відовішчнай, напоўненай яркімі момантамі падзеі. І мы бачым, які накал эмоцый пануе не толькі на спаборніцкіх арэнах, але і на трыбунах, каля фан-зон. Нашы балельшчыкі цёпла падтрымліваюць усіх спартсменаў, падзяляючы з імі і радасць перамог, і горыч паражэнняў».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.