Вы тут

Маёмасныя падаткі: заплаці і спі спакойна


Беларусам да 15 лістапада трэба заплаціць тры віды маёмасных падаткаў — транспартны, зямельны і на нерухомасць. Каму неабходна ўнесці ў бюджэт названыя плацяжы? Якія льготы прадугледжаны для грамадзян? Якія спосабы выплаты прапануюцца плацельшчыкам? На гэтыя актуальныя пытанні падаткаабкладання зямельных участкаў, нерухомасці і транспартнага падатку адказаў падчас прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.


Плацельшчыкам усё паведамяць

Многія, мабыць, ужо атрымалі такія апавяшчэнні: падатковыя органы пачалі накіроўваць фізічным асобам паведамленні аб выплаце маёмасных падаткаў — транспартнага, зямельнага і на нерухомую маёмасць. У іх адлюстравана дэталёвая інфармацыя аб аб'ектах падаткаабкладання, ільготах, разліку падаткаў і сумах, якія падлягаюць да выплаты. Паведамленне павінна быць дастаўлена плацельшчыкам не пазней за 1 верасня, а заплаціць падаткі неабходна да 15 лістапада.

«Падатковымі органамі ўжо вызначана 3,5 мільёна ўнікальных плацельшчыкаў, якім у гэтым годзе неабходна заплаціць маёмасныя падаткі. З гэтай колькасці 500 тысяч паведамленняў ужо накіраваны ў асабістыя кабінеты плацельшчыкаў на партале падатковых органаў, каля 3 мільёнаў цяпер накіроўваюцца паштовай сувяззю. Усе паведамленні плацельшчыкі атрымаюць ва ўстаноўлены тэрмін — да 1 верасня. Падатковыя органы самастойна вылічаюць падаткі адносна ўсіх аб'ектаў падаткаабкладання па краіне незалежна ад таго, дзе знаходзіцца нерухомасць, дзе зарэгістраваны транспартны сродак. І на ўсе тры віды падаткаў прадугледжана адзінае паведамленне, што вельмі зручна. Там ёсць агульныя сумы, рэквізіты для плацяжу», — сказаў Андрэй Кавалеўскі.

А можа такое быць, калі апавяшчэнне не паступіць па нейкай прычыне? Што рабіць грамадзянам у такім выпадку? У маёй сям'і, напрыклад, падобная сітуацыя здарылася летась. Тады заўсёды можна звярнуцца ў падатковы орган па месцы жыхарства і атрымаць копію паведамлення. Або тлумачэнні, чаму плаціць не трэба, як у нашым выпадку. Другі варыянт — зарэгістраваць асабісты кабінет плацельшчыка, калі раней гэтага не рабілі, і ў спецыяльным функцыянале сфарміраваць паведамленне. Калі зарэгістраваць асабісты кабінет у верасні — кастрычніку, то, нягледзячы на тое, што паведамленне выходзіла на паперы, функцыянал дазволіць сфарміраваць яго на падставе даных інфармацыйных рэсурсаў падатковых органаў і азнаёміцца ў рэжыме анлайн. «У паведамленні зручна прыведзены спосабы выплаты падаткаў, у прыватнасці, размешчаны QR-коды, кароткія коды для плацяжу АРІП. Выплата можа рабіцца датэрмінова або некалькімі плацяжамі», — заўважыў Андрэй Кавалеўскі.

Калі ёсць пытанні па прад'яўленых да выплаты сумах па падатку на нерухомую маёмасць і зямельным падатку, можна звярнуцца ў падатковы орган па месцы размяшчэння аб'екта нерухомай маёмасці або зямельнага ўчастка, па транспартным падатку — у падатковы орган па месцы жыхарства (месцы рэгістрацыі). Інфармацыя аб кантактных тэлефонах падатковых органаў для атрымання кансультацый па маёмасных падатках фізічных асоб размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах.

Каму і якія належаць ільготы

Шэраг грамадзян маюць ільготы па выплаце маёмасных падаткаў. Так, шматдзетныя сем'і вызваляюцца ад выплаты падаткаў на ўсе аб'екты нерухомай маёмасці. Але пры ўмове, што на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца тры і больш дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў. Калі старэйшыя дзеці ўжо дасягнулі 18-годдзя і ў сям'і менш чым тры непаўналетнія дзіцяці, сям'я для мэт падаткаабкладання ўжо не разглядаецца як шматдзетная і льгот няма.

Акрамя таго, за адну кватэру не трэба плаціць падатак, калі яна належыць асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (мужчыны — 63 гады, жанчыны — 58 гадоў), інвалідам першай і другой групы, непаўналетнім дзецям. Усе астатнія грамадзяне робяць выплату падатку нават за адну кватэру.

Пенсіянеры па ўзросце, інваліды першай і другой групы і шэраг іншых катэгорый таксама вызвалены ад падатку на адзін жылы дом. А калі ў пенсіянера ва ўласнасці адзін жылы дом і адна кватэра, абодва аб'екты не абкладаюцца падаткам. А калі дзве кватэры, то за другую трэба выплачваць падатак. Пры гэтым у падатковым заканадаўстве прапісана, што ў дадзеным выпадку ад падатку на нерухомасць вызваляецца тая кватэра, кошт якой вышэйшы.

Акрамя таго, для такіх катэгорый фізічных асоб вызваляецца ад падаткаабкладання любая колькасць садовых домікаў, гаражоў, машынамесцаў, лецішчаў. «А іншыя аб'екты нерухомасці — скажам так, камерцыйная нерухомасць — абкладаюцца падаткам для ўсіх катэгорый фізічных асоб», — заўважыў Андрэй Кавалеўскі.

Аналагічныя льготы прадугледжаны адносна зямельнага падатку. Калі па нейкай прычыне льгота не выдзелена плацельшчыку, які мае на яе права, трэба звярнуцца ў падатковы орган і ўдакладніць, якія дакументы трэба прад'явіць для пацвярджэння права на льготу. Практыка папярэдніх гадоў паказвае, што такія выпадкі адзінкавыя, гэта вынік збояў у апрацоўцы вялікага аб'ёму даных. Калі фізічная асоба звяртаецца, падатковыя органы разбіраюцца і ліквідуюць недахопы».

Асобна Андрэй Кавалеўскі спыніўся на нюансах па транспартным падатку. «Ім абкладаюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя за фізічнымі асобамі ў органах ДАІ. Праводзілася актыўная кампанія, каб тыя, у каго ёсць так званы аўтахлам, які не выкарыстоўваецца, даўно разабраны або згніў, маглі ў спрошчаным парадку зняць такія транспартныя сродкі з уліку. Галоўная ўмова — транспартны сродак сапраўды не эксплуатуецца, не ўдзельнічае ў дарожным руху», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб міністэрства.

Па транспартным падатку крыху іншы парадак атрымання льгот. Так, ад падатку вызваляюцца транспартныя сродкі, выпушчаныя да 1992 года, а таксама электрамабілі, якія рухаюцца выключна электрычным рухавіком. Ільгота для электрамабіляў даецца да канца 2025 года. Стаўка падатку паніжаецца на 50 працэнтаў, калі транспартны сродак зарэгістраваны ў органах ДАІ на пенсіянера па ўзросце, інваліда першай і другой групы, аднаго з бацькоў у шматдзетнай сям'і. Але і тут ёсць адна ўмова: у такой асобы павінна быць сапраўднае вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі. Для інвалідаў трэцяй групы стаўка транспартнага падатку паніжаецца на 25 працэнтаў пры той жа ўмове.

Да пені справу лепш не даводзіць

«Пені налічваюцца за любую нявыплату падаткаў. Агульны памер прывязаны да стаўкі рэфінансавання. На дадзены момант памер пені за месяц — менш за адзін працэнт ад сумы падатку. Гэта невялікія сродкі. Але мы ўсё ж арыентуем нашых плацельшчыкаў на тое, што неабходна рабіць выплату ва ўстаноўлены тэрмін — да 15 лістапада, каб не дапускаць пені, мер адміністрацыйнага спагнання і не даводзіць да прымусовага выканання падатковых абавязацельстваў», — адзначыў Андрэй Кавалеўскі.

Падатковыя органы аналізуюць паўнату і своечасовасць выплаты маёмасных падаткаў і пры неабходнасці прымаюць меры па іх спагнанні. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюць толькі ў крайнім выпадку. У першую чаргу падатковыя органы працуюць на папярэджанне. Асобы, якія не заплацілі падаткі своечасова, атрымліваюць СМС-паведамленні папераджальнага характару. Прычым прадугледжана некалькі хваляў рассылкі. Калі прэвентыўныя меры не прынеслі жаданага выніку, падатковыя органы па заканадаўстве абавязаны праводзіць працэдуры па прымусовым выкананні падатковых абавязацельстваў.

Што адметнага ёсць сёлета?

«З 2021 года ў Беларусі замест дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ўведзены транспартны падатак. І ў тым годзе грамадзяне ўносілі авансавы плацеж, а ў 2022 годзе ішла даплата за 2021-ы. У бягучым годзе фізічныя асобы правядуць паўнацэнную выплату транспартнага падатку за 2022 год. «Натуральна, сумы ў 2021-2022 гадах былі меншыя ў параўнанні з тымі, якія адлюстраваны ў цяперашніх паведамленнях. Тады падатак выплачваўся часткова, а цяпер поўнасцю», — распавёў Андрэй Кавалеўскі.

Раней падатак на нерухомую маёмасць і зямельны падатак выплачваліся на працягу года за бягучы год. Пасля было прынята рашэнне, што гэтыя падаткі будуць выплачвацца пасля завяршэння года. 2022-ы стаў пераходным перыядам. Грамадзяне ў 2022-м заплацілі авансавы плацеж у памеры 50 працэнтаў ад сумы. А да лістапада 2023 года яны зробяць канчатковую даплату да гадавой сумы. Далей падатак будзе выплачвацца за папярэдні год, гэта значыць, у 2024-м за 2023-ы.

Такім чынам, у наступным годзе адбудзецца паўнацэнны пераход на выплату падаткаў пасля завяршэння года, гэта значыць, у 2024-м усе віды маёмасных падаткаў будуць выплачвацца за 2023 год. Пераходныя перыяды скончацца, авансавых плацяжоў не будзе, дастанецца паўнацэнная выплата.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.