Вы тут

«Полымя»: надрукавана ў жніўні


У «тоўстым» літаратурна-мастацкім часопісе штонумар чакаеш, які раман ці аповесць прапануюць да сустрэчы з табой, чытачом, на гэты раз. Не выключэнне і восьмы, жнівеньскі, нумар. Працягваецца публікацыя рамана-версіі Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго...» Твор, хаця і спалучае ў сабе розныя часіны, вельмі блізкі да нашага сённяшняга жыцця, якое сапраўды не абыходзіцца без інфармацыйнага супрацьстаяння, без болю і сардэчнай трывогі. «...— А тое, што гэта ж, што б ні казалі, таксама была апрабавана новая інфармацыйна-прапагандысцкая тэхналогія. Менавіта так уздзейнічаюць на нашу моладзь, безаглядна „залазяць“ у іх мозг. Для нашых апанентаў галоўнае — уцягнуць іх, маладых, у такія акцыі. А потым — што будзе, тое і будзе! Пра законы ў такі час, калі мысленне ў натоўпу адключаецца поўнасцю, забываюцца. Да чаго зводжу: вось і сёння, калі з зямлі сыходзяць у нябёсы апошнія сапраўдныя ветэраны вайны, франтавікі і партызаны, некаторыя маладыя ды гарачыя нават не хочуць задумвацца: чаму ж менавіта зараз гэтак актыўна стала абмяркоўвацца тэма паліцаяў?..», — задаецца пытаннямі палітолаг на тэлебачанні ў рамане У. Гаўрыловіча. 


У раздзеле «Паэзія і проза» — публікацыя падборкі вершаў Генадзя Пашкова пад агульнай назвай «У памяці маёй». «Я гляджу на жнівеньскія зоры./ Ўсё жыве і рухаецца там./ Тых гірляндаў яркія узоры/ аніколі не спасцігнуць нам./ І я ўвесь, прасветлены, без ценю,/ у сяйве шматмільярдных зор/ думаю пра наша атачэнне —/ гэткае бязмернае вакол!..» З вершамі выступае ў жнівеньскім нумары і Аліна Легастаева: яе падборка носіць назву «У дарозе лёгка думаць». Надрукавана ў часопісе апавяданне Аляксандра Быкава «Кропка сінгулярнасці». Вядомы празаік Георгій Марчук узяўся за асваенне неспадзяванага для сябе і для яго чытачоў жанру — «Полымя» друкуе падборку «Байкі» слыннага раманіста. 

«Навуковыя публікацыі» (нагадаем, што часопіс носіць і ВАКаўскі характар, друкуе выступленні маладых і сталых вучоных, апсірантаў і часам нават магістрантаў) прадстаўляюць артыкул Міколы Мікуліча «З сяўнёю, поўнаю зярнят...» (у падзагалоўку: «Творчая індывідуальнасць Міхася Машары»). «Успаміны» знаёмяць з працягам «нарыса памяці» паэта Казіміра Камейшы «Па літфондаўскай пуцёўцы». Аўтар рэльефна, вобразна, з багатымі дэталямі вымалёўвае партрэты Анатоля Вялюгіна, Піліпа Пестрака, Міхася Лынькова, Якуба Коласа і іншых літаратурных знакамітасцяў у інтэр’еры Каралішчавіцкага Дома творчасці, які яшчэ называлі і так: «Камарышчавічы».

Часопіс апошнім часам усё болей увагі надае бягучаму рэцэнзіраванню свежых кніжных навінак. У нумары — водгукі доктара філалагічных навук Таццяны Шамякінай на «Эстэтыку творчасці Максіма Багдановіча» Валерыя Максімовіча («Жыватворныя крыніцы літаратурнай класікі»), Таццяны Сідаравай на зборнік аповесцяў «Дараванне» з серыі «Сучасная беларуская проза» выдавецтва «Аверсэв» («Шляхамі ісціны праз свет беларускай прозы»). Дарэчы, пра серыю... «Сучасная беларуская проза» абяцае быць шматтомнай. Наперадзе — выхад новых тамоў суачснай беларускай прозы. 

А напрыканцы агляду застаецца параіць усім аматарам даўніны абавязкова прачытаць артыкул доктара фізіка-матэматычных навук Уладзіміра Паўловіча «Буквіцы і два выбітныя творы Францішка Скарыны: тытульны ліст да „Бібліі рускай“ і аўтапартрэт». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.