У Верхнядзвінскім раёне ствараецца новы турыстычны маршрут па бязлюдным востраве Ду. Уласна, і сёння экскурсію на яго можна заказаць у Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Асвейскі», што знаходзіцца на самай поўначы Беларусі. Гэтую тэрыторыю часам называюць мядзведжым кутом. Не толькі таму, што тут сапраўды сустракаюцца мядзведзі. У час падарожжа па раёне адразу ўздоўж дарог можна ўбачыць, як на палях гарцуюць маладыя журавы, якія яшчэ не абзавяліся ўласнымі сем'ямі. Казулі заходзяць да вяскоўцаў у агароды, алені ж наогул сталі вялікай бядой для тутэйшых садоў.
Тэрыторыя Асвейскага заказніка складаецца з вялікага комплексу азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот. У хуткім часе для аматараў адпачынку на прыродзе тут пабудуюць гламурны кемпінг — камфортныя палаткі, у якіх стаяць ложкі, засцеленыя бялізнай. Безумоўна, цікавыя будуць і пешая вандроўка па ўзбярэжжы Асвейскага возера, аўтамабільныя і водныя маршруты. Напрыклад, «Асвейскі круіз» дазваляе больш даведацца пра другое па велічыні ў нашай краіне возера (яно саступае толькі Нарачы). Плошча Асвейскага возера — 5280 гектараў! Водная вандроўка праходзіць пад шоргат крылаў палахлівых белых чапляў. У час яе можна ўбачыць вялікую колькасць вадаплаўных птушак, у тым ліку чырванакніжнікаў. З 2002 года асвейскія водна-балотныя ўгоддзі атрымалі статус міжнароднага значэння, а з 2017-га ўваходзяць ў трансгранічную асабліва ахоўную тэрыторыю «Запаведнае Паазер'е».
Дзе-нідзе па возеры вецер ганяе плывуны — барадатыя «снапы» чароту, адарваныя воднымі хвалямі. Праз некаторы час пасля дрэйфу яны могуць зноў прыставаць да берага і там зачапіцца. Адно з цудаў Асвейскага возера — плывучы востраў Гаспадар. Уявіце: звыш гектара зыбкай зямлі плавае туды-сюды. Кажуць, нястрымны востраў нядаўна прышвартоўваўся на некаторы час да берага, і мясцовыя жыхары пасеклі на ім усе кусты.
І ўсё ж сапраўдным цэнтрам прыцягнення турыстаў у Асвею можа стаць бязлюдны востраў Ду. Гэта самы вялікі востраў у нашай краіне. Яго плошча — 480 гектараў. Раней тут жылі людзі, была ўласная электрастанцыя, працаваў калгас, засяваліся палі. Але ў пасляваенныя гады жыхары пачалі яго пакідаць. Можа, на гэта паўплываў запыт на больш камфортнае жыццё — у тыя гады якраз па ўсёй краіне назіраўся адток вясковага насельніцтва ў гарады. А можа, астраўляне хваляваліся за долю сваіх дзяцей, хацелі даць ім адукацыю. Дастаўляць малых з вострава ў школу было няпроста, часам дзяцей пакідалі ў спецыяльных прышкольных інтэрнатах. Калі адсюль пачалі з'язджаць сем'і, лёс вострава быў прадвызначаны. Сёння засталіся толькі рэшткі дамоў, зарастаюць старыя могілкі, а кінутыя сады ломяцца ад нікому не патрэбных яблык. Дарэчы, галінкі ўжо густа ўсыпаныя пладамі. Можа, калі-небудзь сюды дабяруцца вучоныя, каб вывучыць, што за сарты растуць на закінутым востраве, і нават скарыстаюць іх у селекцыі. Сям-там сярод высокай лугавой травы вырастаюць і малыя пладовыя дрэўцы. Іх ужо «садзілі» не людзі: разносіць насенне, магчыма, дапамагаюць і ўсёедныя янотападобныя сабакі, якія нярэдкія ў гэтых краях. Цяпер на востраве гаспадараць казулі і ласі, часам яны цікуюць з берагоў за рыбакамі. Па ўсім востраве відаць іх сляды і лёжкі. Нядаўна да вострава дабраліся алені. Ці то заплылі, ці то перабраліся зімой па лёдзе.
Пейзажы тут незвычайныя. Узгоркі, што ўзвышаюцца над вадой на 18-20 метраў, змяняюць яры, шчодра абсыпаныя ў часы ледавіка камянямі. Нават не верыцца, што такія пейзажы можна ўбачыць у Беларусі. І што толькі адзінкі авантурыстаў, з тых, хто любіць пажыць дзікунамі, карыстаюцца там магчымасцю хоць на нейкі час пабыць астраўлянамі. Нядаўна ў межах экалагічнага праекта, накіраванага на развіццё тэрыторый заказнікаў, маладыя людзі прапанавалі стварыць сайт, прысвечаны востраву — Ду.Бай, і наогул запусціць рэкламу пра «беларускі Дубай». Не ўпэўненая, што такая «раскрутка» дазволіць вярнуць жыхароў на востраў. А вось з наплывам турыстаў тут ужо не сустрэнеш такой цішыні і наўрад ці зможаш ўбачыць, як з берага за няпрошанымі гасцямі назіраюць казулі.
Калі ж наважыцеся аднымі з першых прайсціся па будучай экасцежцы, улічвайце, што вандроўку трэба ўдакладняць загадзя. Не толькі таму, што ў непагадзь на востраве няма куды схавацца. Асвейскае возера раскінулася ў нізіне, побач з ім вялікую тэрыторыю займаюць балоты, ветру тут ёсць дзе разагнацца. Часам можна бачыць, як баранчыкі бягуць па вадзе. Пры хуткасці ветру ў 6-7 метраў у секунду на возеры могуць быць хвалі ў 50-60 сантыметраў, але тут бывала і такое, што яны сягалі нават праз кабіну катара.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.