Вы тут

«Караткевіч напісаў кінасцэнарый...»: год 1963


Падыходзіла да завяршэння «эпоха Хрушчова». Многія ілюзіі разбіваліся аб цвёрды і халодны лёд савецкай рэчаіснасці. Але ж жыццё не стаяла на месцы. І ў беларускай літаратуры — таксама.

Пра тое, што было зроблена пісьменнікамі за 1963 год, сведчыць папера, адрасаваная Аддзелу навукі і культуры ЦК КПБ. Аўтар — адказны сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Мікола Ткачоў. Дакумент, датаваны 6 студзеня 1964 года, захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Ёсць у ім самім пэўная інтрыга...


Сярод пытанняў, якія разглядаў Прэзідыум СП БССР 60 гадоў назад,  быў і раман У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі»,  які выйшаў асобнай кнігай пад новай назвай толькі ў 1982 годзе.

Па-першае, чаму так хутка, у самым пачатку года, лічы, адразу пасля навагодніх свят, патрэбна было здаваць гадавую справаздачу?! Па-другое, саюзам на той час кіраваў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка (1905 — 1980). З 1954 да 1980 гг. «на другіх ролях» (а часам — і на самых першых па сутнасці, калі не па пасадзе) знаходзіўся Іван Пятровіч Шамякін (праўда, народным пісьменнікам Беларусі ён стаў крыху пазней — у 1972 годзе)... А вось справаздачу за год у ЦК падпісаў усё ж Мікола Ткачоў (1918 — 1979), празаік, перакладчык, журналіст. Аўтар некалькіх кніг прозы і публіцыстыкі, рамана «Згуртаванне». У 1957 — 1959 гг. — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». У 1959 — 1972 гг. — адказны сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, у 1972 — 1979 гг. — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Заўважым, што Мікола Ткачоў — першы дырэктар гэтага выдавецтва... Яшчэ адзін народны, ужо народны, паэт Беларусі Рыгор Барадулін пакінуў у сваіх успамінах такі радок: «... Мікола Ткачоў, а пасля Міхал Дубянецкі годна і рупліва дырэктаравалі ў выдавецтве, стараючыся хоць як вырвацца з-пад нядрэмнага кантролю ЦК...»

А ў запісцы ў ЦК адказны сакратар Праўлення СП БССР Мікола Ткачоў з самага пачатку дакладвае наступнае: «Паведамляем аб праробленай Саюзам пісьменнікаў БССР арганізацыйнай і творчай працы на працягу мінулага, 1963 года. Уся праца за гэты перыяд праводзілася ў святле задач, якія вынікалі з сустрэч кіраўнікоў партыі і ўрада з дзеячамі літаратуры і мастацтва і з рашэнняў чэрвеньскага Пленума ЦК КПСС. Саюзам пісьменнікаў БССР былі праведзены наступныя мерапрыемствы...»

І далей ідзе пералік — амаль на дзве старонкі... Па пунктах...

«1. Сход пісьменнікаў па выніках першай сустрэчы дзеячаў культуры з кіраўнікамі партыі і ўрада.

2. Сход пісьменнікаў па выніках другой сустрэчы...»

З вышыні сённяшняга дня, відавочна, трэба хоць бы сёе-тое растлумачыць пра той перыяд. Менш чым за год ад часу напісання ці датавання запіскі, 7 сакавіка 1963 года, у Свярдлоўскай зале Крамля адбылася знакамітая сустрэча кіраўнікоў партыі з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў выступіў са сваёй даволі жорсткай прамовай. Лічыцца, што кіраўніка партыі і краіны на адпаведную стылістыку справакавала сустрэча Андрэя Вазнясенскага і Васіля Аксёнава, які пазней эмігруе з Савецкага Саюза, з польскімі журналістамі. У час сустрэчы польскія журналісты задалі пытанне: «Ці сапраўды адзіны стыль у савецкім мастацтве — сацыялістычны рэалізм?» Адказ быў наступны: «Не адзіны. Ёсць яшчэ...» Публікацыя інтэрв'ю трапіла на вочы легендарнай Вандзе Васілеўскай, якая інтэрпрэтавала прачытанае наступным чынам: «Мікіта Сяргеевіч, у вашай краіне жывуць такія пісьменнікі, якія перашкаджаюць будаваць сацыялізм у Польшчы...» ...Настрой маскоўскіх абмеркаванняў не мог не перадацца і далей, у рэспублікі. Зразумела, і ў Мінск... Напружанасць патрабавала, вядома, і справаздачы...

Далей ідзе наступны пералік мерапрыемстваў, якія б сведчылі, што пісьменнікі, творчы саюз працуюць, «выпраўляюцца»: «... 3. Сход, прысвечаны разгляду творчасці маладых беларускіх пісьменнікаў.

4. Сумесны сход драматургаў і тэатральных работнікаў з разглядам надзённых праблем беларускай драматургіі.

5. Пасяджэнне Прэзідыума разам з секцыяй паэзіі, на якім абмяркоўваліся першыя зборнікі многіх маладых паэтаў, у тым ліку паэтаў (А. Наўроцкі), якія ў сваёй творчасці дапусцілі памылкі фармалізму.

6. Абмеркаванне Прэзідыума сумесна з секцыяй прозы рамана маладога празаіка Ул. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» — твора, які моцна крытыкаваўся і які адхілены ад асобнага выдання.

7. Сход пісьменнікаў рэспублікі, прысвечаны вынікам чэрвеньскага Пленума ЦК КПСС і вынікам рэспубліканскай нарады актыву творчай інтэлігенцыі.

8. Дзесяцідзённы семінар маладых і пачынаючых літаратараў Беларусі, у час якога была разгледжана творчасць 40 чалавек.

9. Месячны семінар кінадраматургаў (20 чалавек), на якім абмяркоўваліся і дапрацоўваліся новыя кінасцэнарыі.

10. Разгляд на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума работы часопіса «Полымя» за 1963 год. У бліжэйшы час будзе разгледжана і работа іншых літаратурных часопісаў, а таксама газеты «Літаратура і мастацтва».

11. Сістэматычны разгляд новых твораў пісьменнікаў на сходах і пасяджэннях усіх творчых секцый.

12. Тыдзень літоўскай кнігі ў Беларусі, у час якога адбылося шмат сустрэч пісьменнікаў з працоўнымі рэспублікі.

13. Літаратурныя вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў-далёкаўсходнікаў (паездкі групы пісьменнікаў з Далёкага Усходу па рэспубліцы на працягу 20 дзён, сумесна з беларускімі пісьменнікамі).

14. Удзел вялікай групы пісьменнікаў у Тыдні савецкай літаратуры сярод пагранвойск Заходняй акругі.

15. Сотні літаратурных выступленняў на заводах, новабудоўлях, у калгасах і навучальных установах, перад слухачамі ўніверсітэтаў культуры, у час якіх прапагандаваліся рашэнні нашай партыі па ідэалагічных пытаннях, лепшыя здабыткі беларускай і ўсёй савецкай літаратуры, расказвалася, над чым працуюць зараз пісьменнікі, што робяць, каб выканаць свой высокі і пачэсны абавязак перад народам...»

Але ж літаратура, мякка кажучы, — гэта не толькі і далёка не колькасць мерапрыемстваў, сходаў і пасяджэнняў. І зусім не колькасць сустрэч... Мастацкая літаратура — гэта самі творы, раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п'есы, напісаныя ў цішыні кабінетаў альбо ў іншых умовах, створаныя дзякуючы таленту і натхненню адораных асоб... Чым жа найперш у гэтым плане мог пахваліцца Саюз пісьменнікаў Беларусі? Якія мастацкія здзяйсненні характарызавалі літаратурны працэс Беларусі за 1963 год?..

Чытаем у дакладной запісцы Міколы Ткачова: «У часопісах надрукаваны вялікія падборкі новых вершаў Петруся Броўкі, Максіма Танка, Анатоля Астрэйкі, Сяргея Грахоўскага, Кастуся Кірэенкі, Міколы Аўрамчыка, Антона Бялевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Еўдакіі Лось, вершы многіх маладых паэтаў. Паэт Анатоль Вялюгін закончыў паэму аб юначых гадах Ул. І. Леніна «Вецер з Волгі». Паэму аб людзях і справах нашай сённяшняй навукі «Асенняя аповесць» змясціў Алесь Бачыла. Пра гераічнае мінулае ў барацьбе працоўных расказвае Алесь Бажко ў сваёй паэме «Татры».

Кароткае адступленне... Алесь Бачыла, часопісную публікацыю паэмы якога згадвае Мікола Ткачоў, літаральна праз пару гадоў, у 1966-м, напісаў сапраўды «праграмны» верш — «Аматарам літдыскусій». Дазволім сабе яго працытаваць: «Пустога шуму не выношу. / Чым пляскаць пугай па вадзе, — / Білет у рукі і на пошук. / Жыццё ні ў чым не падвядзе. / Для новых фактаў частаколу / Не ўзводзь дарэмна без пары. / Сабе ў падмогу, як геолаг, / Разлікі цвёрдыя бяры: / Што адкладалася па эрах, / Ў якіх разрэзах і пластах, / Каб не ліпела ўсё на веры, / Як той дзядоўнік на хвастах. / Мы часта гонімся за модай, / Нібы яна ўжо — соль зямлі; / Сядзім, наседжваем на сходах/ На мяккім месцы мазалі. / Узводзім спрытна маўзалеі / Пустапарожняе хвалы / Ці коцім нуднага ялею / Нам непатрэбныя валы. / Ці славім шэрасць пад сурдзінку — / На лаўры кожны з нас хіцёр — / Перахварэць не ўспеем свінку, / Як схопім коклюш ці адзёр. / Слупок пад сорак узлятае, / А ўсё шуміць, гудзе Парнас, / Ад бурных спрэчак аж хістае. / Паглядзіш збоку: божа мілы, / На людзях твару не відаць, / І... усміхнешся: тыя б сілы / На творы новыя аддаць».

І хоць пошуку «новых твораў» шмат што замінала, 1963 год усё ж прынёс свой плён... З дакладной запіскі Міколы Ткачова: «Новыя апавяданні, аповесці, раманы напісаны беларускімі празаікамі. Вось некаторыя з гэтых твораў:

Раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» — пра ўчарашні і сённяшні дзень нашага народа, у прыватнасці, нашай інтэлігенцыі.

Раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», у якім аўтар вырашае праблемы патрыятызму нашага народа, любві да роднага краю, да Радзімы, асуджае ненавісны чалавецтвву фашызм.

Раман Піліпа Пестрака «Серадзібор» пра справы калгаснай вёскі, пра вучоных сельскагаспадарчай навукі.

Раман Алеся Савіцкага «Жанчына» — твор, напісаны на матэрыяле жыцця рабочага калектыву Полацкага завода шкловалакна.

Раман Міколы Лобана «Шэметы» (другая кніга) — з барацьбы беларускага народа за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Аповесць Рамана Сабаленкі «Былое застаецца ў сэрцы» — пра мужнасць савецкіх людзей, пра іх адданасць сваёй Радзіме.

Новыя аповесці Лідзіі Арабей, Алеся Асіпенкі, Уладзіслава Нядзведскага і Міколы Ваданосава прысвечаны тэмам удзелу моладзі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сённяшніх стваральных справах народа...»

Трэба адзначыць і разумнасць аўтара, і яго жаданне не накручваць, скажам так, сітуацыю... Бо па тым часе, пасля згаданых «хрушчоўскіх» сустрэч, пэўна ж,
і ў беларускім ЦК чакалі канкрэтных прозвішчаў... Аўтар дакладной запіскі спярша абышоўся агульнымі фразамі: «...Над новымі творамі працавалі пісьменнікі, у творчасці якіх былі адзначаны нашай крытыкай асобныя недахопы. Надрукаваныя імі творы паказваюць, што яны ўлічваюць справядлівую партыйную крытыку». А пасля ўдакладніў, што ўсе, хто трапіў пад нож крытыкі, сталі на шлях «мастацкага выпраўлення»... «Добрыя навелы і нарысы з жыцця шахцёраў Салігорска змясціў у друку Аляксей Кулакоўскі. Пісьменнік наладзіў сувязь са сваімі героямі і натхнёна піша пра іх.

Новыя вершы, апублікаваныя Алесем Наўроцкім, сведчаць, што паэт набывае страснае грамадзянскае гучанне.

Уладзімір Караткевіч напісаў кінасцэнарый пра мужнасць савецкай жанчыны, які прыняты да пастаноўкі кінастудыяй «Беларусьфільм». Пісьменнік таксама працуе над новым раманам на гістарычную тэму.

Пісьменнікі Барыс Сачанка, Іван Пташнікаў і Іван Чыгрынаў, якія ў свой час дапусцілі ў сваіх творах пэўныя памылкі, напісалі новыя рэчы і здалі да друку. Як паведамляюць з рэдакцый, гэтыя творы пакідаюць добрае ўражанне, сведчаць, што іх аўтары ўлічылі крытычныя заўвагі».

На гэтым Мікола Ткачоў паставіў кропку. Наперадзе былі новыя часіны. Ужо ў 1964-м да беларускага чытача прыйшлі зусім новыя раманы, убачылі свет новыя кнігі. Сярод іх — і легендарная мемуарная аповесць Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе», аповесць Івана Пташнікава «Лонва», кніга прозы Барыса Сачанкі «Зямля маіх продкаў»... У перыядычным друку з'явіліся паэтычныя творы Рыгора Барадуліна, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Алеся Бачылы, Аркадзя Русецкага — творы, якія знаходзяць свайго чытача і сёння, якія і цяпер служаць мастацкімі арыенцірамі для наступнікаў па беларускіх літаратурных сцяжынах...

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.