Вы тут

Максім Лужанін: У справах мастацтва не ўсё вырашаюць лічбы...


З матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія так ці іначай звязаны з гісторыяй літаратурнага працэсу, дзейнасцю Саюза пісьменнікаў Беларусі, цікавасць выклікае і стэнаграма рэспубліканскай нарады ідэалагічных работнікаў ад 17 красавіка 1963 года.


Максім Лужанін

Хацелася б звярнуць на адно з найболей красамоўных выступленняў на гэтай нарадзе — на выступленне Максіма Лужаніна... 

Некалькі слоў, хутчэй — для чытачоў маладзейшых пакаленняў, пра Максіма Лужаніна. Сапраўднае імя і прозвішча — Аляксандр Амвросьевіч Каратай. Нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Прусы Слуцкага павета (цяпер Салігорскі раён) на Міншчыне. Памёр у 2001 годзе. Паэт, празаік, кінадраматург, перакладчык. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975). Шмат чаго ўмясцілася ў вялікае жыццё гэтага творцы. І кніг выдаў нямала. Першы зборнік вершаў — «Крокі» — пабачыў свет у 1928 годзе. І ва «Узвышшы» працаваў, і сакратаром Якуба Коласа быў. І Збор твораў у чатырох тамах выдаў. І высокіх дзяржаўных узнагарод за літаратурную працу атрымаў нямала, сярод іх — і ордэн Леніна, і Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа за кнігу «Колас расказвае пра сябе». Даволі часта меркаванні Лужаніна, яго выступленні насілі крытычны характар... 

А што ж на нарадзе 1963 года... 

З выступлення пісьменніка: «...Я, таварышы, патрапіў у складанае становішча. Па-першае, мне давядзецца закрануць працу двух творчых саюзаў: літаратараў і кінематаграфістаў. Я гэта гавару не для таго, каб задобрыць старшыню і выпрасіць мінуту звыш рэгламента. Па-другое, цяжкасць майго становішча ў тым, што я не магу аперыраваць лічбамі. Што рабіць? У справах мастацтва не заўсёды вырашаюць лічбы. Можа быць выдадзена адна і другая сотня дрэнных кніг, і раптам з’явіцца „Новая зямля“. Можа быць патрачана сотня тысяч метраў плёнкі для шэрых звычайных фільмаў, і нечакана-негадана з’явіцца „Балада аб салдаце“. Цяжка рэгламентаваць гэты працэс, але неабходна асэнсоўваць яго пэўным чынам і накіроўваць. 

Перш за ўсё трэба сказаць, што робяць і думаюць зрабіць нашы літаратары і кінематаграфісты, як яны збіраюцца адказаць на клопат, трывогу, на папярэджванні партыі, каб у нас з’явіліся творы высокаідэйныя, глыбокія, каб яны былі сапраўды народнымі, партыйнымі, каб яны доўга радавалі многія пакаленні людзей. Аднак я павінен зрабіць некаторае адступленне...» 

Даволі цікавае, між іншым, адступленне... Пісьменнік далей расказвае пра сваю паездку ў суседнюю краіну. У Польшчы, у Гданьску, Максім Лужанін зайшоў у касцёл... Паслухаем самога выступоўцу: «...Не дзеля таго, каб скласці акт з ксяндзом, як рабілі настаўнікі, пра якіх гаварыў Васіль Піліпавіч...» Лужанін згадаў выступленне В. Шаўры і яго заўвагу пра настаўнікаў, якія зазіраюць у касцёл... «...а каб паглядзець адзін з лепшых у свеце нефаў...» І далей: «У гэтым касцёле... убачыў абвестку <...> гэта не звычайная абвестка. Тры старонкі машынапіснага тэксту, і такія радкі, якія мы прагаворваем з гэтай трыбуны: „Кіно ёсць сродак моцнага эстэтычнага ўздзеяння на масы“. Я спярша ўзрадаваўся. А далей ішлі такія словы: „Таму ворагі бога імкнуцца выкарыстоўваць кіно ў сваіх мэтах“. Пасля ішла літаральна рэцэнзія на фільмы, якія ў гэты дзень ці на гэтым тыдні дэманстраваліся ў Гданьску. 

Кадр з фільма «Трэцяя ракета»

Якім жа чынам Ватыкан рэцэнзаваў гэтыя фільмы? „Парыжанка“ Чапліна падвяргаецца цалкам анафеме. 

У вельмі змрочных фарбах ацэньваў ватыканскі рэцэнзент такую карціну, як „Бывай, зброя!“ па Хэмінгуэю. Пра нашу карціну „Паласаты рэйс“ было напісана, што гэты фільм варта глядзець юнакам разам з дарослымі, паколькі там ёсць фрывольныя сцэны. Увогуле, фільмы падзелены на некалькі раздзелаў: „Гэты фільм можна глядзець юнакам з дарослымі; гэты нельга глядзець ні дарослым, ні юнакам; гэты можна глядзець толькі дарослым, але параіўшыся з духоўным айцом“. 

Калі я прачытаў гэтыя рэцэнзіі, то падумаў, — і вы пагодзіцеся са мною, што не дарэмна Ватыкан пачаў мышыную вазню. Нашы кнігі, нашы кінематаграфічныя творы павінны ў сэнсе ідэалогіі быць наступальнымі, баявымі, сцвярджаць наш лад жыцця. Менавіта гэта забяспечыць ім пераможнае шэсце па свету, а не падладжванне пад густы асобных снобаў, а то і клерыкалаў». 

Будзем лічыць, што ўступ атрымаўся, а мо крыху і заінтрыгаваў партыйны актыў і запрошаную творчую інтэлігенцыю... Далей Максім Лужанін пераходзіць да крытыкі ўласна саміх пісьменнікаў... «Мне не хацелася б паўтарацца, гаварыць пра асобныя памылкі, пра іх дастаткова гаварыў тут тав. Шаўра. Гэта памылкі нашых літаратараў — тав. Кулакоўскага, болей маладых таварышаў Наўроцкага, Чыгрынава і асабліва маладых крытыкаў. Мы разбіраліся, гэтаму быў прысвечаны ўжо адзін сход і адбудзецца 25–26 пленум Праўлення Саюза пісьменнікаў, на якім мы канчаткова абмяркуем гэтыя пытанні. Зараз было б няправільна злоўжываць увагай аўдыторыі. 

Мы глыбока ўспрынялі крытыку гэтых памылак і жадаем знайсці платформу, такую платформу, якая б нашу працу падняла на болей высокі ідэйны ўзровень, каб не было паўтарэння, рэцыдываў гэтых памылак, а каб былі перадумовы для стварэння новых твораў, высокаідэйных, сапраўды глыбокіх. 

Мяне толькі на гэтым сходзе здзівіла крыху нечаканая, „зямляцкая“, крытыка сакратара Гомельскага абкама партыі ў адрас Івана Навуменкі. Я не думаю, што трэба адводзіць крытыку ад гэтай кнігі. Кожную кнігу варта крытыкаваць. Але гэтая кніга не пра тое, пра што тут гаварылася. Яна не пра тых, якія разгубіліся і не ведалі, што рабіць. Яна пра тых, хто ведаў, што рабіць, і выстаяў. Менавіта пра маладое пакаленне, якое ў той час было зусім яшчэ маладым, не ўмела змагацца, і зараз „службу галоўную нясе“. Можа быць, крытыка была занадта катэгарычнай». Відаць, размова — пра раман Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе», які пабачыў свет у 1962 годзе і паклаў пачатак выдатнай трылогіі вядомага беларускага празаіка... 

З выступлення Максіма Лужаніна: «...некалькі слоў пра творчую садружнасць паміж беларускімі пісьменнікамі і кінематаграфістамі. 

Мы працуем на кінастудыі над пяццю карцінамі, якія ажыццяўляюцца па творах нашых беларускіх пісьменнікаў: гэта „Крыніцы“ па рамане Івана Шамякіна, „Рагаты бастыён“ па п’есе А. Макаёнка (я не гавару пра змест, гэтыя творы шырока вядомыя), „Песня пра Вераніку“ Алеся Кучара, твор, які прысвечаны Веры Харужай, „Трэцяя ракета“ па аповесці В. Быкава. Працуе студыя над сцэнарыем Губарэвіча „Да Леніна“ — гэта для дзіцячага фільма. 

Мне здаецца, што гэта не так ужо і дрэнна, нам дасягнуць гэтага было не так лёгка. Цяпер мы ўзялі за мэту новы раман Брыля, праўда, аўтар усё яшчэ не выпускае рукапіс з рук, раманы Лобана, Мележа, Чарнушэвіча. Перанос гэтых твораў на экран дазволіць стварыць як бы кінабіяграфію нашага народа ад 1905 года да нашых дзён». 

Максім Лужанін робіць вартую і для сённяшняга часу выснову (а прайшло, між іншым, 60 гадоў!): «Пісьменніцкая арганізацыя і студыя абавязаны і будуць рабіць гэта, распрацоўваць тэмы сучаснасці. Нас у першую чаргу будуць цікавіць з’явы сацыяльнага парадку, з’явы, накіраваныя на пераабсталяванне нашага жыцця, свядомасці. 

Некалькі гадоў таму назад у вёску прыйшла тэхніка, яе прывялі людзі. Гэта адразу павысіла ўзровень калгаснай вёскі, змяніла адносіны. Факт істотны, сведчыць пра сціранне межаў паміж горадам і вёскай. Гэта адзін прыклад, а вось другі. Не так даўно прабілі шахты, вырас новы горад Салігорск. Там жывуць хімікі і шахцёры, гэта прафесіі новыя, незнаёмыя ў нашай рэспубліцы. У выніку змяняюцца не толькі эканамічныя зносіны, а і чалавечыя, змяняецца твар прыроды. 

Гэтыя людзі не толькі дапамаглі нам, а засталіся ў Салігорску жыць і працаваць. Вось вам збліжэнне нацый у імя агульнай нашай мэты, пра што гаворыцца ў Праграме КПСС. Мы спадзяёмся адлюстраваць гэты працэс у недалёкай будучыні ў нашых творах...» 

І яшчэ адзін цікавы момант з выступлення Максіма Лужаніна: «Распрацоўваючы тэмы інтэрнацыянальнага гучання, ніхто не збіраецца адмаўляцца ад мовы, ігнараваць нацыянальныя асаблівасці, нацыянальны каларыт...» 

Відавочна, што аўтарытэтны літаратар гаварыў пра даволі актуальныя клопаты не толькі творчага жыцця, але і жыцця грамадства, увогуле жыцця краіны. Лейтматывам выступлення Максіма Лужаніна было перакананне ў тым, што і пісьменнікі, і кінематаграфісты павінны выразна адлюстроўваць сучаснасць... Ішоў 1963 год. Наперадзе былі новыя творы, новыя публікацыі, новыя кінафільмы, знятыя ў тым ліку і па раманах і аповесцях беларускіх пісьменнікаў. 

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.