Вы тут

Ад «Малюнкаў» пачатак...


З заходнебеларускіх пісьменнікаў (а іх у беларускай літаратуры — цэлая кагорта: вядомых, пачынаючы ад народнага паэта Беларусі Максіма Танка, меней вядомых — як, напрыклад, Сяргей Новік-Пяюн ці Анатоль Іверс) і ў паэта, празаіка і публіцыста Міхася Машары (1902–1976) сваё асаблівае месца. Добраахвотна ўступіўшы ў 1920 годзе ў Чырвоную Армію, разам са сваёй вайсковай часцю быў інтэрніраваны ў Германію. Каля года правёў у лагеры Зальцвель у Саксоніі. Калі быў падпісаны Рыжскі мір, ваеннапалонны быў перададзены Польшчы. Яшчэ болей як паўгода знаходзіўся ў лагеры «Шчыпёрна». Будучаму пісьменніку пашчасціла. Тысячы салдат, якія былі ўзяты ў палон падчас вайны Польшчы з Савецкай Расіяй у 1919–1921 гады, загінулі, знайшоўшы апошні прытулак у невядомай старонцы...


Вярнуўшыся ў родныя мясціны, Міхась Машара меў за плячыма пэўны жыццёвы, сацыяльны вопыт. Палітычныя ўрокі ён праходзіў дзякуючы ўласным выпрабаванням. Вярнуўшыся, працаваў на вясковай гаспадарцы. Бачыў усе складанасці жыцця пры «польскім парадку»... У 1923–1925 гады служыў у польскім войску. А пасля дэмабілізацыі арганізоўваў гурткі БСРГ на сваёй роднай Шаркаўшчыне. Нагадаем, што створаная ў 1925-м Беларуская сялянска-рабочая грамада за кароткі тэрмін вырасла ў буйную рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю ўсёй Еўропы. Колькасць удзельнікаў налічвалася ад 100 да 150 тысяч чалавек. Фактычна БСРГ устанавіла свой грамадскі кантроль над многімі раёнамі Заходняй Беларусі, якая была акупавана палякамі. Грамада ў сваёй палітычнай праграме патрабавала канфіскацыі панскіх земляў і раздачы іх сярод беззямельных сялян, стварэння рабоча-сялянскага ўрада, а самае галоўнае — самавызначэння Заходняй Беларусі. Польскія гаспадары доўга такую разбуральную для ўлады дзейнасць вытрымаць не маглі. І ўжо ў другой палове 1920-х пачаліся арышты актывістаў...

Міхась Машара на той час быў вядомы як актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў сваіх Шаркаўшчынскіх мясцінах, у заходніх раёнах Віцебшчыны. Малады чалавек ужо і друкаваўся ў дзіцячым часопісе «Заранка». А яшчэ рэдагаваў газету «Наша воля» Праўда, з 4 да 12 сакавіка 1927 года выйшла ўсяго чатыры нумары. З іх два былі канфіскаваны. У газеце паспелі размясціць матэрыялы з крытыкай адносін польскіх улад да жыхароў Заходняй Беларусі, з крытыкай несправядлівай падатковай сістэмы, паланізацыі беларускай школы... У сваіх родных мясцінах на Шаркаўшчыне Міхась Машара сябраваў з Язэпам Драздовічам, Янкам Пачопкам... У 1928 годзе маладога чалавека арыштавалі. Трапіў у віленскую турму Лукішкі. «Злацешна краты пазіраюць, // Няволі песні запяваюць // Для госця новага свайго, // А госць не цяміць аднаго: // Нашто трывожаць вязням сон // Абцасы найміта-салдата, // Нашто і краты ля вакон, // Калі ўвесь край сядзіць за кратай» (гэтыя радкі іншы вязень Лукішак паэт Алесь Салагуб напісаў яшчэ ў чэрвені 1927 года; у саміх Лукішках).

...Пакуль паэт і журналіст сядзеў у астрогу, у Вільні пабачыла свет яго першая кніга — зборнік вершаў «Малюнкі». Творы, напісаныя ў зняволенні, вынесла з Лукішак і выдала асобным зборнікам Зоська Верас... У турме Машара праседзеў каля чатырох гадоў. Выйшаўшы на волю, актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё. Адна за другой да 1939 года выйшлі яго кнігі — «На сонечныя берагі», «Напрадвесні»... Напісаў і шэраг паэм і п’ес — «Вяселле», «Мамчына горка», «Вось тут і зразумей», «Лёгкі хлеб»... Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. З канца 1939 года кіраваў аддзелам народнай асветы Шаркаўшчынскага раёна. З 1940 года — член Саюза пісьменнікаў СССР.

У Вялікую Айчынную вайну Міхась Машара працаваў у газетах, на радыё. У 1944 годзе выйшла кніга яго паэзіі «Беларусі», у 1945 годзе — зборнік «Выбраная лірыка»... Пасляваеннае жыццё пісьменніка звязана з Мінскам. З 1945 да 1947 года працаваў у часопісе «Полымя», затым — у «Настаўніцкай газеце», на творчай рабоце... Займаўся мастацкім перакладам. Пераўвасобіў на беларускую мову «Мёртвыя душы» М. В. Гогаля... І болей працаваў у галіне прозы. Назвы яго раманаў гавораць самі за сябе: «Крэсы змагаюцца», «Сонца за кратамі», «Лукішкі»...

А ў душы творца болей заставаўся паэтам. Пра гэта сведчыць і яго ліст, ці заява ў Камітэт па друку пры Савеце Міністраў БССР ад 1 лютага 1971 года. «Ад пісьменніка Міхася Машары, пражываючага: г. Мінск, Чарнышэўскага, дом 7, кв. 29. Тэлеф. 32 −06-42». Дакумент захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь... Чытаем у заяве: «У 1972 годзе мне споўніцца 70 год. Выдавецтва „Беларусь“ плануе да выдання мой раман „Ішоў дваццаты год“.

Па заўвагах рэдакцыі „Полымя“, дзе раман друкаваўся часткова, першая частка рамана патрабуе дапрацоўкі. Таму я прасіў Выдавецтва перанесці раман для выдання ў 1973 годзе, а замест яго запланаваць і выдаць у маім юбілейным годзе двухтомнік вершаў, як гэта рабілася ў адносінах іншых маіх таварышаў. Аб выданні вершаў хадайнічаў перад Выдавецтвам Саюз пісьменнікаў, і ў перспектыўным плане Выдавецтва вершы мае на гэты год запланаваны.

Мне хочацца выдаць у юбілейным... (годзе. — К. Л., В. С.) двухтомнік вершаў яшчэ і па іншай прычыне. Усё сваё жыццё я пісаў вершы, лічыўся паэтам, толькі восем апошніх год я пішу прозу і вершы. Мне было б болей прыемна, каб маё сямідзесяцігоддзе адзначылася выданнем вершаў, а не прозы. У сваім запасе маю арыгінальных вершаў каля 3000 радкоў, напісаных у апошнія гады.

Шчыра прашу Камітэт падтрымаць маю просьбу пры зацвярджэнні тэматычнага плана на 1972 год».

Старшыня Камітэта па друку накладвае рэзалюцыю: «...Для разгляду і прапаноў...» Рэзалюцыя датавана праз дзень пасля даты, пазначанай у заяве, — «2 лютага 71 г.» Роўна праз тыдзень, 9 лютага, супрацоўнік Дзяржкамдруку Аляксей Гардзіцкі дапісвае напрыканцы пісьменніцкай заявы тлумачэнне: «Пры абмеркаванні плана ў Галоўвыдаце вырашана: планаваць на 1972 г. аднатомнік вершаў М. Машары, а раман „Ішоў дваццаты год“ уключыць у план 1973 года.

Выдавецтва згодна з такім вырашэннем. Загадчык рэдакцыі тав. Салавей А. А. паведаміў, што М. Машара таксама згодзен.

9 лютага я таксама паведаміў па тэлефоне М. Машару аб такім рашэнні...»

Што ж атрымалася ў выніку гэтага пісьменніцкага звароту? Дзяржкамдрук не падвёў. Яшчэ ў 1971 годзе пабачыў свет томік Міхася Машары «Вершы». А раман выйшаў, як і абяцалі, у 1973 годзе...
Міхась Антонавіч пайшоў з жыцця 7 чэрвеня 1976 года. З часу, калі ён пісаў заяву ў Дзяржкамдрук, яшчэ былі выдадзены яго раман «І прыйдзе час...» (1975) і кніга ўспамінаў «Старонкі летапісу» (таксама ў 1975 годзе). Прайшло амаль паўвека з тых дзён. Ніводнай іншай кнігі Міхася Машары свет не пабачыла... Шкада... Творчая спадчына ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі — добрая ілюстрацыя перыяду нашай гісторыі, на які не след забывацца. Дарэчы, цікавы факт, які сёння таксама з’яўляецца творчай характарыстыкай зробленага ў літаратуры Міхасём Антонавічам... У 1967 годзе ў перакладзе А. Шарапава мінскае выдавецтва «Беларусь» выдала казку М. Машары «Кукушкины слёзы». Кнігу праілюстраваў народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі. Класічныя графічныя малюнкі, які нагадваюць пра вопыт расійскіх кніжных графікаў пачатку XX стагоддзя (напрыклад, работы Івана Якаўлевіча Білібіна ці Уладзіміра Міхайлавіча Канашэвіча). А тыраж кнігі «Кукушкины слёзы» — 400 000 (!) экзэмпляраў... Дык, можа быць, сённяшнія кнігавыдаўцы вернуцца да творчай спадчыны Міхася Машары?..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.