Вы тут

Як раённае мястэчка ператварылася ў горад атамшчыкаў


 Нягледзячы на больш як пяцісотгадовую гісторыю, Астравец — самы малады ў краіне горад, які атрымаў гэты статус дзякуючы будаўніцтву Беларускай АЭС. Цяпер былы шараговы райцэнтр на Гродзеншчыне вядомы далёка за межамі Беларусі і мае асаблівы твар ды асаблівы рытм жыцця. На выхадных горад атамшчыкаў адзначыў сваё 555-годдзе. Карэспандэнт «Звязды» паўдзельнічала ў свяце.


«Мы жывём у Астраўцы і мы жывём Астраўцом»

555-гадовая дата — сімвал адзінства розных пакаленняў астраўчан, свята, якое аб'ядноўвае не толькі жыхароў горада, але і тых, хто лічыць яго радзімай сваіх продкаў, хто адчувае повязь, знаходзячыся за сотні і тысячы кіламетраў. Аднак найперш гэта свята людзей, якія тут выраслі і працягваюць сваёй штодзённай працай фарміраваць паспяховую будучыню Астраўца. Юбілей — добрая нагода яшчэ раз успомніць слаўную гісторыю сваёй малой радзімы, усвядоміць сябе патрыётамі і грамадзянамі, адчуць гонар за сваіх землякоў — вялікіх працаўнікоў і мужных абаронцаў айчыны, выказаўся, віншуючы гараджан, старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін:

— У 2008-м Астравец выцягнуў шчаслівы білет, менавіта наша пляцоўка была вызначана прыярытэтнай для будаўніцтва першай АЭС, што паслужыла прагрэсу не толькі раёна, але і ўсяго рэгіёна. Сёння Астравец — гасцінны, добраўпарадкаваны, сучасны горад, зручны для жыцця, дзе ёсць усе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання і працы. Упэўнены, што ў нашага горада — вялікія перспектывы, а ў яго працавітых і клапатлівых жыхароў — багатыя магчымасці для самарэалізацыі і здзяйснення самых смелых праектаў. Мы жывём у Астраўцы і мы жывём Астраўцом, нашымі агульнымі каранямі, гісторыяй, традыцыямі, і мы іх працягваем.

Старшыня райвыканкама асобна падзякаваў Дзяржкарпарацыі «Расатам», з дапамогай якой у раёне ажыццяўляецца не толькі самы маштабны інвестпраект у краіне (будаўніцтва БелАЭС), але і здзейснена каля 150 сацыяльных праектаў. Вядома ж, актыўна ўдзельнічала кампанія і ў святкаванні. Ужо пяты год запар тут ладзяць навукова-пазнавальны фестываль «Дзень атамнага горада», дзе сіламі «Расатама», Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі і пры садзейнічанні мясцовага райвыканкама сёлета было арганізавана больш за 40 разнастайных актыўнасцяў для дарослых і дзяцей. Гэта розныя інтэлектуальныя віктарыны і гульні, фізічныя шоу, «атамныя» эксперыменты і флэшмобы. Агульнымі намаганнямі госці свята збудавалі машыну Голдберга. Дарослыя і дзеці ў захапленні бегалі праз браму, якая распырсквала ваду (што было вельмі дарэчы ў спякотную святочную суботу). А чарга з жадаючых убачыць горад з вышыні, узняўшыся на пад'ёмніку, ды яшчэ і атрымаць крэатыўнае 360-градуснае фота на фоне гарадской панарамы, не меншала да самага вечара.

— За 11 гадоў будаўніцтва АЭС Астравец стаў для нас родным. Гэта малады і суперсучасны горад, і для нашай кампаніі вялікі гонар быць часткай гісторыі яго развіцця, — падзяліўся эмоцыямі Віталь Палянін, дырэктар праекта па стварэнні БелАЭС.

Эканамічны і сацыяльны эфекты

Па выніках 2022-га (гэтаксама як і ў 2018-м, 2019-м і 2021-м) Астравецкі раён занесены на Рэспубліканскую дошку гонару за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сэрца Астраўца — яго жыхары: энергічныя, высокаадукаваныя, таленавітыя, якія не толькі самааддана працуюць, але і аддаюць яму частку свайго сэрца, перакананы Ігар Шалудзін, які згадаў, што ў пачатку будаўніцтва АЭС цяперашні райцэнтр быў гарадскім пасёлкам, дзе пражывала восем тысяч чалавек, і меў адзін мікрараён жылой забудовы:

— Цяпер там, дзе былі палі і ўскраіны, з'явіліся новыя мікрараёны шматпавярховай забудовы з камфартабельнымі кватэрамі. З'явіліся тры новыя мікрараёны (збудавана больш як чатыры тысячы кватэр агульнай плошчай звыш 340 тысяч м2), якія злучаюць праспект Энергетыкаў, насельніцтва павялічылася да 14,8 тысячы чалавек, а да 2025 года, як прагназуецца, тут стане больш за 15,5 тысячы жыхароў. У 2012-м па ўзроўні зарплаты Астравецкі раён займаў 12-е месца ў вобласці, а цяпер па гэтым паказчыку ўваходзім у топ-дзясятку раёнаў краіны, бюджэт раёна стаў бездатацыйным.

2023-ы, аб'яўлены Годам міру і стваральнай працы, для астраўчан багаты на падарункі. Год пачаўся з адкрыцця рэканструяванай кінаканцэртнай залы «Астравец» на 298 месцаў, дзе з'явілася найноўшае светлавое і лічбавае абсталяванне ў фармаце 2D і 3D. Напярэдадні Дня Перамогі адкрылася новая двухпавярховая лядовая пляцоўка з хакейнай каробкай 30 на 60 метраў, разлічаная на 300 гледачоў.

— Непасрэдна перад 555-годдзем горад атрымаў пасля рэканструкцыі чатыры корпусы раённай паліклінікі з сучасным абсталяваннем. Гэта шэраг кабінетаў для аказання дыягнастычнай і лячэбнай дапамогі. Мы будзем працягваць будаваць яе. А яшчэ адзін падарунак да свята ў межах праекта «Спорт для ўсіх» — шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка, якая стала вельмі запатрабаванай у жыхароў, — удакладніў старшыня райвыканкама. — Сёлета пачынаецца будаўніцтва новай школы ў трэцім мікрараёне на 510 месцаў.

Шмат праектаў з дапамогай «Расатама» рэалізавана ў Беларусі і ў галіне ядзернай медыцыны. Створаны тры рабочыя групы з Міністэрствам аховы здароўя: па пастаўках медабсталявання цяжкага класа; па рэалізацыі буйных інфраструктурных аб'ектаў; па стварэнні інфраструктуры для выкарыстання радыефармпрэпаратаў і па стварэнні інавацыйных радыефармпрэпаратаў (РФП).

— У ліпені беларускія анколагі наведалі Тульскі анкацэнтр, дзе паглядзелі, як працуе медыцынскі выраб «Брахіум» для кантактна-прамянёвай тэрапіі. Цяпер мы разумеем, у які бок трэба развіваць наш прадукт, і ўжо налета плануюцца пастаўкі ў Беларусь. У напрамку рэалізацыі буйных інфраструктурных аб'ектаў разглядаецца апёкавы цэнтр пры бальніцы хуткай меддапамогі ў Мінску. Праект будзе рэалізоўвацца сумесна з беларускім партнёрам — кампаніяй «Еўрафармінтэграцыя». На фінальнай стадыі сумесная прапанова па распрацоўцы новага РФП у рамках праекта Саюзнай дзяржавы (налета мяркуецца пасля заключэння дзяржкантрактаў выйсці на рэгістрацыйныя выпрабаванні гатовага прэпарату), — пракаментаваў Станіслаў Лявіцкі, дырэктар краінавага офіса Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі. — Рэалізоўваецца таксама праект па ўкараненні сучасных трэнажораў на аб'ектах цеплагенерацыі. Ён дазваляе навучаць персанал, выкарыстоўваючы канцэпт лічбавага двайніка. Падобнымі інавацыйнымі трэнажорамі плануецца аснасціць усе аб'екты энергасістэмы Беларусі.

Двума энергаблокамі АЭС сёння ўжо выпрацавана больш за 18 млрд кВт·г электраэнергіі, якія дазволілі замясціць каля пяці мільярдаў м3 газу, што прынесла значны эканамічны эфект, а на яго фоне — і сацыяльны, заўважыў Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі:

— Мы зрабілі правільны выбар адносна стратэгічнага партнёра праекта будаўніцтва станцыі — Дзяржкарпарацыі «Расатам» і месца для яе будаўніцтва — Астраўца. Першапачаткова разглядалася 76 пляцовак, і пераможцам выйшаў ваш горад. Згаданы праект, рэалізаваны ў рамках Саюзнай дзяржавы, — самы значны ў межах СНД і, пэўна, у Еўропе. Сёння дзякуючы БелАЭС Астравец ведаюць у любой краіне свету. З уводам другога энергаблока, які знаходзіцца на фінальнай стадыі рэалізацыі, у Беларусі будзе вырабляцца 18 млрд кВт·г штогод. Гэта дазволіць з часам паступова замяшчаць энергаблокі на традыцыйных відах паліва.

Атамны клас, кава з жалудоў, горад на вышыні

Астравец для Гродзенскай вобласці стаў драйверам развіцця. З'явілася АЭС — і ў вобласці, і ў краіне пачалі мадэрнізавацца лініі электраперадачы. Грамадзяне падлічылі, што выгадна ацяпляць жыллё электрычнасцю, а каб граматна і рацыянальна выкарыстоўваць яе, з'яўляюцца разумныя гаджэты. Новыя прадпрыемствы ў суседніх раёнах выкарыстоўваюць электраэнергію АЭС, расказаў Віктар Пранюк, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— На Гродзеншчыне з'явіліся прадпрыемствы, якія сталі вырабляць інавацыйныя абагравальныя элементы. З'явіліся элементы разумнага дома, сталі праграмаваць працэсы, якія паскараюць вытворчасць. У вобласці адкрываюцца інжынерныя класы, і цікавасць вучняў стала прадметнай, бо яны былі ў музеі, бачылі, як уладкавана АЭС, і ім хочацца вывучаць рэальную навуку.

У рамках праграмы «Атамкласы», якую рэалізоўвае «Расатам», у астравецкай школе № 3 створаны такі клас, дзе школьнікі паглыблена вывучаюць прадметы прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, займаюцца робататэхнікай і даследчай дзейнасцю.

У Астраўцы з'явіліся сацыяльныя аб'екты, якім могуць пазайздросціць і ў абласных цэнтрах. Напрыклад, шматфункцыянальны комплекс сацыяльна-культурнага прызначэння і для творчасці моладзі, які з'явіўся ў 2021-м. На першым паверсе размясціліся трэнажорная зала, харэаграфічны клас, 3D-кінатэатр, боўлінг і музей. На другім — бібліятэка, кніжны фонд якой амаль 40 тысяч, яна стала месцам правядзення розных афіцыйных і культурных сустрэч. Чытачам, дарэчы, прапануюць брэндавую астравецкую каву з жалудоў. На гэтым жа паверсе глядзельная зала на 300 месцаў і загс. У дзень 555-годдзя тут пабраліся шлюбам шэсць пар. На трэцім паверсе — Цэнтр культуры і народнай творчасці і Цэнтр рамёстваў, дзе працуюць сем майстроў, расказала Вольга Баяровіч, загадчыца сектара культуры Астравецкага райвыканкама:

— Пакуль мама ў «трэнажорцы», а бацька ў кіно, дзеці — у бібліятэцы, так што ўсім ёсць дастойны занятак. Да стварэння адзінага комплексу аб'екты былі раскіданыя па горадзе, а цяпер яны ўсе ў адным месцы і аснашчаныя найноўшым абсталяваннем. У першай зале музея знаходзіцца пастаянная гісторыка-этнаграфічная выстава. У другой — зменныя экспазіцыі: тут мы плануем паказаць праект развіцця Беларусі канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Тэматыка трэцяй залы прысвечаная генацыду.

Новая бальніца — адзін з самых сучасных у краіне медыцынскіх комплексаў, дзе функцыянуюць 18 аддзяленняў, 12 з якіх маюць статус міжраённых. Працуюць два рэсурсныя цэнтры: для пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту і пацыентаў з вострымі інфарктамі. Мясцовы кабінет МРТ мае аналагі толькі ў Гродне і Ваўкавыску. А ПЛР-лабараторыя, падораная некалі бальніцы «Расатамам», вельмі дапамагла ў час пандэміі, кажуць тут.

Для здаровага спосабу жыцця ў горадзе створаны спартыўна-аздараўленчы комплекс «Імпульс», вяровачны гарадок, вулічны скаладром; рэалізавана шмат магчымасцяў для заняткаў як дзяцей, так і тых, каму за 70.

Як сведчыць статыстыка, адна сям'я атамшчыкаў стварае 5-7 дадатковых рабочых месцаў для тутэйшых: у горад падцягваюцца ўрачы, настаўнікі, прадаўцы. Адным словам, у горадзе ёсць усё для камфортнага жыцця, таму сюды пераязджаюць многія спецыялісты, што пацвярджае, у прыватнасці, сям'я, якая сем гадоў таму пераехала ў Астравец жыць (Ганна — з Мінска, Дзмітрый — з Магілёва). Цяпер у іх падрастае трохгадовая дачка Валерыя, так што жыхароў у горадзе атамшчыкаў большае, а сам горад застаецца на вышыні ва ўсіх сэнсах.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.