Вы тут

Хто каго? «Порткі доўга праціраў Пеця ў кабінеце...»


Заўважалі, не, — паветра ў жніўні вельмі адметнае: пахне прафуканым летам.

Зрэшты, яно вось такое, як сведчыць пошта «Звязды», не ва ўсіх. «Хапіла сёлета клопатаў: то халады, то спёка, то месяц без дажджу, а ў мяне пад вокнамі кветкі, гарод, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч. — Палівала ўсё вадой з калодзежа, змагалася з пустазеллем — старалася дагледзець, вырасціць, каб потым спарадкаваць... А па вечарах дазваляла сабе адпачыць на пару са «Звяздой», пачытаць, дзе што робіцца, як людзі жывуць. І пра конкурс не забывалася. Часам, бывала, не сплю, аб нечым думаю, а потым сама ў сябе папытаюся: «А што гэта я час марную? Магу ж на здымак паглядзець — яшчэ адзін подпіс прыдумаць».


Трэба сказаць, што Валянціне Апанасаўне (і, на шчасце, не толькі ёй) тое добра ўдаецца. Чытайма!

Ад каго ўцякае Янка?

Мо пагналі ад каханкі?

Даўся некаму ў знакі?

Порткі знішчылі сабакі?

...З тога ляку-пераляку

Прэ ў кабіну небарака.

Апошнім часам і на паверхні, што называецца, яшчэ адна прычына, здольная загнаць немаведама куды. Ну згадзіцеся, калі чалавеку холадна, — ён глядзіць, каб нешта апрануць, калі горача... Правільна: цудоўна разумее, чаму жанчыны ў Афрыцы носяць толькі пацеркі.

У нас трохі іншы клімат, але ж... Парада ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Ну і жнівень гэтым летам:

Спёчна так —

не бачыш свету!

Ледзь не пекла ў нас 

пад небам,

А рабіць жа неяк трэба?!..

Выйсце тут адно, без слоў:

Раздзявайся да трусоў!

І тады, дай бог — у ваду: у рэчку, у басейн, пад душ... Ці якраз наадварот, як лічыць спадарыня Гудачкова:

Так дастане часам 

спёка, —

Што й да смерці недалёка!

...Шчасце — 

калі новы трактар

І там спраўны вентылятар:

Сцёпа — куляй да кабіны!

Не жыццё у ёй — маліна.

Часам і сапраўды — пару крокаў да шчасця.

«Помню, як пасля развалу Саюза ў нашу Беларусь паваліла тэхніка замежных вытворцаў: амерыканскія камбайны, нямецкія і шведскія грузавікі, легкавікі, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Нашы кіроўцы наперабой хвалілі іх, казалі, што працаваць — адно задавальненне! І сярод галоўных плюсоў адзначалі камфортую тэмпературу ў кабінах. Летам яна трымалася за кошт кандыцыянераў, зімой — каларыфераў. Прайшло нейкіх 30 гадоў і…

На айчынных трактарах

Ёсць усе ўмовы,

Едзь, кіруй

(хоць у трусах)

Як не безгаловы!

Такіх, хочацца верыць, няма сярод нашых кіроўцаў ды механізатараў. А вось гэты, са здымка, паводле спадара Віктара Сабалеўскага з Узды, дык і наогул — ледзь не герой:

Позна легчы, 

рана ўстаць —

Гэта пра Антося:

Дзядзька любіць 

працаваць —

Змалку прывялося…

Дранік з’есці не паспеў,

І адзенне потым:

Да капалкі паляцеў:

Дайце мне работу!

Зрэшты, прычынай аголенасці можа быць не толькі працавітасць, але і банальная спешка. На думку спадарыні Гудачковай, механізатар са здымка прыслухаўся да парады медыкаў: у спёку — больш піць і…

Чаркаваў Антось 

са сватам,

Потым

спаў сабе з прыхрапам…

Прабудзіўся — 

познім ранкам,

Добра —

трактар побач з ганкам.

Няма часу адзявацца:

Трэба ў полі паказацца.

Амаль такую ж выснову робіць спадар Мікалай Камароўскі з Оршы:

Калі парушыў свой рэжым,

Дык паспяшайся, братка:

Кулём на трактар!..

Хоць у чым —

Паспей на разнарадку!

Бо інакш…

Актуальны анекдот: спёка дала зразумець, што ў пекле я не выжыву. Значыць, трэба неяк мяняцца, спяшацца рабіць дабро. Адкуль, паводле спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Фермер тэхніку прыдбаў.

І цяпер не да забаў:

То касьба,

То зноў пасеў…

Нават порткі не надзеў.

А ўсё таму, што:

Ясь капаў рыдлёўкай 

змалку,

Йшоў за плугам — 

за канём.

А прыдбаў 

бульбакапалку —

Стаў у вёсцы каралём!

Просяць людзі — 

і з паклонам:
— Колькі градак — 

разгані!

Хоць і горкі пот,

салёны,

Ясь не скардзіцца — ані.

Так пра героя здымка піша спадар Віктар Сабалеўскі. Ад яго ж радкі:

Робу шылі ўсім,

з бавоўны:

Байку

ды камбінезон…

Ясь прыбраўся і ўмомант

Да ўсіх падобны ён!..

Хіба дома, па прыездзе

(Прызнаваўся неяк сам),

Пазнаюць яго суседзі

Па «педалях» ды трусах.

І гэта пра іх (можна яшчэ раз глянуць на здымак) такія трапныя радкі ад спадарыні Любові Чыгрынавай:

Шчыры дзякуй вам, 

кітайцы,

Што абулі нас у сланцы.

Беларус цяпер у сланцах

І на трактар, і на танцы.

Бо гэта, напэўна, зручна? Як і абеды ў полі, а то ж неяк (паводле спадара Мікалая Камароўскага),

Пакуль дома Ясь абедаў —

Ад адзення —

ані следу.

Скрала нейкая галота!

Але ж дзядзька

без маркоты:

Хай сабе і у трусах,

Ён працуе

на палях.

Жыццё ёсць жыццё: нехта выбірае кабіну, нехта…

Порткі доўга праціраў

Пеця ў кабінеце,

Ён канторай кіраваў

У курортным месце:

Вочкі бачылі, што ўзяць,

Ручкі заграбалі…

Мог бы й далей 

працаваць,

Ды пад с... далі.

Што (згадзіцеся са спадарыняй Войцік з Гродна) цалкам лагічна. Бо, перафразуючы, нас выбіраюць, і мы свае шляхі, як быццам, таксама:

Шукае рыба, дзе глыбей,

А чалавеча —

дзе цяплей:

На МАЗе у ліцейку

Ўстроіўся Андрэйка,

Малодшы брат Змітрок —

На цёплы трактарок…

Не падумаўшы, Абрам.

Склад халодны

выбраў сам.

Напісаў так, потым перачытаў і падумаў, ці не патыхае тут ксенафобіяй? — прызнаецца спадар Мікалай Старых з Гомеля і дадае, што паважае іншыя народы, ведае іх адметныя рысы і ўпэўнены, што да ўсяго і дай бог усіх трэба ставіцца з разуменнем і з гумарам.

З жыцця бландзінак: «Люся, глянь, якая тэмпература на вуліцы». — «Нармальная: 36, 6». — «Значыць, сёння зноў мне спаць з адчыненым акном... Вельмі баюся, каб ніхто не залез, бо жыву на першым паверсе па адрасе бульвар Перамогі, дом 12, другі пад’езд, кватэра 3.

...Вось так, паступова, ад працоўных будняў мы пераходзім да свят.

Калі жанчына

па характары, —

За шчасце ў лес 

яе звазіць…

А ўжо на ровары 

ці трактары,

Не прынцыпова 

можа быць.

Галоўнае тады (паводле спадара Камароўскага) — раздзецца загадзя, каб нішто не замінала, каб тая ўпадабаная, адразу ўбачыла, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! (Дарэчы, каб назапасіць, адзін мужчына стаў замест солі падсыпаць яго ў ежу і адчуў сябе значна лепш! У выніку пражыў 108 гадоў, пакінуў пасля сябе 10 дзяцей, 28 унукаў, 44 праўнукі і 5-метровую варонку на месцы крэматорыя).

Але ж гэта потым, пасля жыцця, а пры…

З дыялогаў дарослых: «Як жыццё, Зяма?» — «Ой, дрэнна... Толькі раз у месяц». — «Я не пра тое: як справы, як дома?» — «Дома яшчэ радзей, а то і зусім...»

Адкуль праўдзівая гісторыйка (і зноў жа не адна) ад спадарыні Любові Чыгрынавай:

Падкаціў

Хадок да Ядзі

Быў фарсовы,

Пры парадзе…

Раптам —

муж…

Такі аблом…

Палічыў

Прыступкі лбом.

Пра тое ж і спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны:

Ад раз’юшанага мужа

Уляпётваў Янка вужам.

Надта ж сківіца балела…

Услед гучала, 

што «за дело!»

...Ані блізка:

Ён не вінен!

Зразумець той муж 

павінен:

Ясь зайшоў

папіць кваску…

Ой, жыццё на валаску…

А ўсё таму (зноў спадарыня Чыгрынава), што

Ані ноччу, ані днём

Не гуляў бы ты з агнём,

Не падкочваў б да суседкі,

Бо здадуць бабулі-сведкі.

Яны, згадзіцеся, могуць, яны — а тым больш у восень — ветраныя, а ў непагадзь яшчэ і парывістыя, ім часцяком не дагадзіць!

З маналогаў мужчын: «На 8 сакавіка я спаць не клаўся: у шэсць гадзін раніцы ўжо віншаваў, дарыў ёй вялізны букет незабудак у форме сэрца, залаты пярсцёнак з брыльянтам, торт са свечкамі... Так, па „Вайберы“... Так, з рыбалкі. І гэта што — падстава для істэрыкі?

Дарэчы, у мужчын, паводле спадарыні Іны Алісевіч, яны таксама бываюць:

Як настане дзень

зарплаты, —

Хоць ты, брат,

не йдзі дахаты!

Жонка просіць 

справаздачу

Потым —

выявіць нястачу...

Адусюль

і як цыркачка,

Яна выцягне заначку.

Гэтым летам — быў замах:

Адшукала у трусах.

Амаль пра тое ж, праўда, іншымі словамі, і спадар Эльяш Банель з Мінска:

Не сказаць, 

каб Янка п’яны...

Проста дужа раззлаваны:

Агаліўшы да трусоў,

Адшукала жонка схоў.

Вечна грошай ёй замала:

Да капеечкі забрала!

(Прыкмета часу: даходы ў нашых сем’ях нармальныя — шмат каму ўдаецца адкладваць: куплю вопраткі, мэблі, падарожжы...
З дыялогаў: «Як лічыш, чорная паласа ў маім жыцці калі-небудзь скончыцца?» — «Ну вядома: жыццё ж не вечнае»).

Зрэшты, не будзем аб сумным, будзем — аб мінулым (з падачы спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка): «Паглядзеў я на чарговы конкурсны здымак, і ўспомнілася дзяцінства, песні на вячорках. Здаецца, адтуль

... Качагара я любіла

Ля старой чыгункі,

З тыдзень потым 

адмывала

Буські-пацалункі!

На здымку, праўда, механізатар, прадстаўнік зусім іншай прафесіі, — піша Мікалай Мікалаевіч, — але ж работа ў яго таксама брудная, а таму:

Трактарыста 

ў прымы ўзяць —

Трэба рыхтавацца:

Мыйных сродкаў 

накупляць

А пасля —

кахацца.

Мо так, мо не так: хітрык (сёння кажуць — лайфхак) ад спадара Віктара Сабалеўскага:

Многім збрыдзела 

спякота...

Ясь —

не слухае ныцця:

Менш адзення — 

меней поту,

І ў жонкі менш мыцця!

Лагічна! А вы думалі, чаму на вуліцах столькі жанчын у «топіках» і мужчын у шортах. А разгадка была простая.

Можна не мудрыць і з подпісам да здымка, палічыў спадар Цімошка з Валожыншчыны і прозай (а чаму б і не?!) выдаў: «Нашы людзі ў булачную на таксі не ездзяць. Нашым людзям булкі прывозяць на трактарах».

З тога ж «канверта» красамоўнае: «Сыходзіш (пытанне, чаму ў трусах?!) — не азірайся... Бо азірнешся — успомніш, успомніш — пашкадуеш, пашкадуеш — вернешся. Вернешся — усё пачнецца спачатку».

Мы так рабіць не будзем. А таму напрыканцы праўдзівыя радкі ад спадарыні Гудачковай: (часта ёй не спіцца)

І ў спёку, і ў дождж

Працаваць патрэбна!

Часам —

нават у майтках,

Тады й будзе хлебна!

Вось на гэтай аптымістычнай ноце можна б і завяршыць чарговы агляд, але…

Трэба нагадаць, што на папярэднім конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 17 мая) была красамоўная абвестка: «Куплю рогі» і найлепшыя радкі пра яе, паводле вялікага чытацкага журы, напісалі спадары Аляксандр Матошка з Расоншчыны, Мікалай Старых з Гомеля, спадарыні Соф’я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Святлана Міхайлоўская з Узды, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч і сужэнцы Клімовічы…

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, згадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае, таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал 2023 года накіроўваецца ў Мядзел.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас, тады варыянтаў два: альбо своечасова афармляць падпіску, альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанс на выйгрыш мае кожны. Поспехаў!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.