Вы тут

«Гляджу на боты, ножкі, брук... Як падшыванец, як хлапчук...»


Божухна, як пралятае час! З гадамі толькі тое і робіш, здаецца, што прыбіраеш ёлку ды разбіраеш…

Карацей — хутка зноў у лазню.

Туды, як вы памятаеце, вельмі шмат хто ходзіць 31 снежня, бо гэта ўжо традыцыя. Цяпер, яна, праўда, трохі змянілася: з таго ж 31-га шмат хто ходзіць без... грошай. Што, напэўна, заканамерна — святы, падарункі, госці. Нехта да нас, да некага мы — пехатой, на кані, на машыне, у новых боціках (для жанчын гэта, кажуць, лекі, а на леках не эканомяць!), у валёнках…

Вы ўжо глянулі на верхні здымак і зразумелі, што сёння гутарка (а павядуць яе, ну, вядома ж, чытачы «Звязды»!) пра самае галоўнае! («Рух — гэта жыццё», — пачула адна жанчынка і пайшла на каток. Пакаталася там на каньках, потым — на каленях, потым — тварам па лёдзе, а ўрэшце — на «хуткай» — у бок найбліжэйшай бальніцы.)

Але ж зараз не пра яе.


Фота Яўгена Пясецкага

«Модна цяпер праводзіць розныя тэсты, — у першых радках свайго ліста піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Ну, вось напрыклад: кампаніі маладых (ці не вельмі) прапануецца „набор“ з адмысловых рознакаляровых фігур. Нехта выбірае сабе чорны квадрат, нехта — жоўты круг, чырвоны трохкутнік, зялёны авал... І такім чынам „гаворыць“ іншым, што ён за чалавек, які ў яго настрой, як ён можа павесці сябе ў пэўных абставінах...»

Нешта падобнае, як лічыць Валерый Мікалаевіч, прапануецца і на здымку, што, згадзіцеся, цалкам лагічна:

Калі на спаднічку

ты глядзіш ўпарта,

Значыцца, сяброўку

ўжо заводзіць варта.

А калі спачатку

позірк на валёнкі,

Каб нацерла спіну,

папрасіся ў жонкі.

Калі ж ты вачыма

выбіраеш колы,

То — чакай —

даішнік

спыніць невясёлы.

Ён цябе адпусціць, —

ты паедзеш з сумам,

Не да цешчы ў госці —

на замену гумы.

Што трэба, тое трэба. Ніхто з тым не спрачаецца: спадар Юрый Вінаградаў з Докшыцкага раёна проста канстатуе факт:

Завядзёнка — на машынах

Пад зіму мяняць рызіну...

Яно б лепш па халадзіне

У валёнках і дзяўчыне:

Яе роўненькія ножкі

Больш не мерзлі б на дарожках.

Чыстая праўда (у Аўцюках — сталіцы беларускага гумару — бывае чыстая брахня): у валёнках, ну, вядома ж, цяплей, але…

Грош такі — у ім два бакі: з тога ж канверта і пра тую ж (?) дзяўчыну:

Вельмі смелая Аленка

Паказала ўсім каленкі...

Хлопцы

елі іх вачамі

Не маглі заснуць

начамі!

А ў Ганны —

справы швах:

Дзеўка

ходзіць у штанах —

Ніхто вокам не вядзець,

Бо няма на што глядзець.

Спрэчная выснова, бо штаны цяпер бываюць такія, што ўсе «міні» адпачываюць! (Адна дзяўчына ў такое прыбралася, пакруцілася перад люстэркам, перад хлопцам, пытаецца: «Слухай, калі я нахіляюся, трусікі не відаць?» — «Не, — адказвае той, — але магла б і надзець».)

Гэта — вы здагадаліся — быў анекдот. Зноў жа чыстая праўда ад спадарыні Соф’і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне:

На гулянку

сёння Бэла

Порткі-клёшыкі

надзела.

Гала хітрая была:

У чым стаяла,

у тым пайшла:

Хлопцам,

ведала, «у модзе»,

Калі голая па «годзе».

Зрэшты, гэта ўсё — што называецца — за кадрам.

А шкада — у прыватнасці спадару Аляксандру Матошку з Расоншчыны:

Фотку, дзе валёнкі-колы,

Хтось абрэзаў для прыколу.

Той, хто цалкам бы глядзеў,

Далібог, памаладзеў!

Якраз гэта ўжо і праверана, прытым — найлепшым чынам, то-бок — на сабе: з таго самага «канверта» (у двукоссі, — бо па электроннай пошце):

Гляджу на боты,

ножкі, брук...

Як падшыванец,

як хлапчук!

А за плячыма —

голас жонкі:

— Пара б табе

купіць валёнкі.

Наша показка: не заглядвайся на чужых жанок — не скасееш, дык здурнееш. А здрурнеўшы, паводле спадара Івана Янкава з Мінска, чаго толькі не зробіш:

Перахоплівае дых,

Калі бачыш маладых!..

Каб суставы не мяняў,

Так, здаецца б, і дагнаў!

Амаль гэткія ж думкі і ў спадара Цімошкі з Валожыншчыны:

На падворку ў Міколы

Брукаванка і два колы,

Ножкі...

Шкода — састарэў,

Без валёнак бы сагрэў!

Як той казаў, волас сівее — розум шалее. Ну дагнаў (паводле спадара Янкава — з рызыкай для суставаў, а то і жыцця), ну сагрэў: далей — болей, як той казаў, а вось лепей ці не — пытанне.

Адказ ад класіка:

Мы гэткіх шлюбаў

многа знаем:

На кветках жэняцца карчы.

І тым карчам мы спачуваем,

Але не можам памагчы.

Зрэшты, мы крыху адхіліліся: час вярнуцца да нашых бараноў, то-бок да здымка — з валёнкамі, коламі, дзеўкамі: чаго яны там стаяць, ляжаць ды ходзяць, дакладна ведае спадарыня Войцік з Гродна:

Гаспадар тут!

І «з вусамі»:

Колы — памяняў на сані,

Зараз — боты

на валёнкі...

Вось і до...

Трымайся жонкі!

Добрая парада!

Пра тое ж, толькі здалёк і гледзячы на здымак, — спадар Мікалай Старых з Гомеля:

Янка ўвосень сані

ўзяўся рыхтаваць —

Колы без патрэбы

на траве ляжаць.

Нейкі Бураціна

выставіў валёнкі...

Ды шыбуе міма

дзеўка-незнаёмка,

Бо, падобна, з ёю

ідзе яе жаніх?

...Я, здаецца, сцяміў,

што «звязала» ўсіх:

І разгадка, людцы,

простая такая:

Кожны на тым здымку 

пару сваю мае.

А вось як знаходзіць, — пытанне.

Спроба адказу ў лісце спадара Валерыя Гаўрыша, які, гледзячы на здымак, міжволі ўспомніў нашу класіку і, вядома ж, Класіка — Янку Купалу. Данінай павагі яму радкі:

У гэткім строі

на хвілінку

Не ўяўляецца

Паўлінка!

Яе б

Якім не пакахаў...

Быкоўскі б —

хіба пакатаў...

Вось толькі б 

сватацца ці стаў?

Пра тое ж толькі іншымі словамі спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:

Зранку ўдумала Маруся

Стаць какеткаю-спакусай,

Агаліла ножкі файна...

Ні спакусы ўжо,

ні тайны.

Бывае: хацела, мусіць, як лепей, атрымалася, як заўсёды. І каб толькі ў Марусі, а то ж (паводле спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка):

Прапануюць дзеўкі смела

Скарыстацца іхнім целам,

Але ўсё ж, зазначыць мушу:

Людзі болей

цэняць душы.

Што яшчэ? Ды відавочна, як лічаць сужэнцы Астроўскія з Мінска:

Тут —

музей пад чыстым небам...

Нам такія

вельмі трэба,

А то ж возьмем ды забудзем,

Як жылі калісьці людзі...

У цяжкай працы,

у горкім горы

Агаляцца?

Ганьба! Сорам...

На вазах усё вазілі,

У валёначках фарсілі...

Дай бог, помніць, разумець,

Гэта значыць — розум мець!

У Аўцюках вельмі трапна казалі: не лічы сябе разумным — будзь ім!

Гэтым прыгожым заклікам можна было б завяршыць сённяшні агляд, але ж ёсць у пошце яшчэ адзін — і не менш патрэбны. Як піша спадар Янкаў:

Я за модай не ганюся —

Мне яе

не даганяць...

Я да моладзі звярнуся,

Каб адно ёй пажадаць:

Ёсць галовы ў вас і сіла,

Можна шчасце будаваць...

Толькі б розуму хапіла

У міры жыць, не ваяваць!

Актуальнае пажаданне! А ўжо на фінішы года... Анекдот: «Фіма, ты ўжо нешта купіў да святочнага стала?» — «Такі-так!.. Адну бутэлечку белага віна, адну баначку чырвонай ікры і многа семак». — «Ой-вэй, а навошта?» — «Віно — каб выпіць, ікру — каб закусіць, а семкі — для таго, каб напляваць на ўсе магчымыя цяжкасці!»

Вось гэтага — аптымізму — хацелася б пажадаць усім чытачам «Звязды», усім удзельнікам конкурсу «Хто каго?».

А напрыканцы яшчэ і нагадаць, што на папярэднім здымку (гл. «Звязда», 25 кастрычніка г. г.) былі аматары плавання (на прыгожай рацэ, на мастках...) і найлепшыя радкі пра іх склалі мінчанка Любоў Чыгрынава і Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, спадары Іван Янкаў з Мінска, Віктар Сабалеўскі з Узды, Мікалай Камароўскі з Оршы, Аляксандр Матошка з Расоншчыны.

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем многіх чытачоў, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае.

Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету на першы квартал 2024 года накіроўваецца ў вёску Янкавічы Расонскага раёна.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас, тады варыянтаў два: першы — своечасова аформіць падпіску (на месяц, на два, на квартал ці паўгоддзе), другі — уважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх (пажадана — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.

Шанс на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые варыянты не трапілі на старонкі газеты — на гэты раз. Затое ў наступны…

Адзінае — пры ўмове, што аўтары будуць не толькі нешта пісаць, рыфмаваць, але і перачытваць тое, што атрымалася, думаць: а ці добра ж, ці ўдала, ці нельга лепей? То-бок — трошкі працаваць.

Усім, хто гэта рабіў, робіць і нават хацеў бы ў новым 2024-м — найшчырэйшы дзякуй! Ад чытачоў — таксама! З надыходзячым! І пішыце!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.