Вы тут

Чым жыве Кіраўшчына і якія мэты ставіць перад сабой


Кіраўскі раён вядомы тым, што на яго тэрыторыі знаходзіцца некалькі знакавых для краіны аб’ектаў: адна з перадавых аграгаспадарак краіны ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага», названая ў гонар яе славутага пасляваеннага кіраўніка — Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага; шыкоўны палац XІX стагоддзя ў Жылічах, які ў свой час па пышнасці спрачаўся з багатымі маёнткамі Радзівілаў; маштабны мемарыяльны комплекс у гонар спаленых вёсак Магілёўшчыны ў Борках — жудасныя падзеі, якія тут адбыліся ў 1942 годзе, ляглі ў аснову самага жорсткага фільма пра вайну «Ідзі і глядзі». Жыхары раёна шануюць памяць продкаў і імкнуцца трымаць высокую планку. Пра тое, чым жыве Кіраўшчына і якія мэты ставіць перад сабой, чытайце ў нашай гутарцы са старшынёй Кіраўскага райвыканкама Галінай Слабоднікавай.


— Кіраўскі раён перш за ўсё сельскагаспадарчы. Жніво ўжо на фінішы, наколькі паспяховай была сёлетняя ўборачная кампанія?

— На тэрыторыі раёна працуе дзевяць сельскагаспадарчых арганізацый, з якіх у тройку лідараў па ўраджайнасці ўваходзяць ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» (48 ц/г), КСУП «Чырвоны баец» і «Ніва-Барсукі». Уборачная кампанія прайшла ў сціслыя тэрміны, але вынікі яе, на жаль, не тыя, на якія мы спадзяваліся. Май і чэрвень былі вельмі засушлівымі і гэта паўплывала на ўраджай. Найбольш высокіх паказчыкаў ва ўборцы дабіліся камбайнеры ААТ «Світанак» — чатыры экіпажы намалацілі па дзве тысячы тон збожжа. У перадавіках браты Мікалай і Анатоль Дразды-старэйшыя, Валерый Піскуноў і Ігар Гаўрылюк, а таксама паасобку Мікалай Белакурскі і малады камбайнер Юрый Асташоў. Белакурскі і Асташоў паставілі свае рэкорды на айчынных камбайнах «Палессе». Сёлета на ўзбраенні гаспадарак з’явілася пяць новых беларускіх камбайнаў. З шасці кіроўцаў, якія перавезлі па дзве і тры тысячы тон збожжа, пяць таксама з ААТ «Світанак», яшчэ адзін з «Ніва-Барсукі».

Можна таксама адзначыць, што мы дабіліся добрых вынікаў па асобных культурах. Напрыклад, азімага рапсу сабралі нават крыху больш ад леташняга. Ужо прыступілі да сяўбы азімага рапсу на насенне, падрыхтоўваем глебу для сяўбы іншых азімых культур. Пачалі займацца ўборкай кукурузы на сілас, якой у нас засаджана каля 8 тысяч гектараў. Працягваецца ўборка саломы, хутка возьмемся за ўборку гародніны, у тым ліку цукровых буракоў.

— На нядаўніх ІІ Гульнях краін СНД бліскучае выступленне кіраўскіх гульцоў у складзе нашай зборнай па пляжным футболе выклікала сапраўднае захапленне і гонар за спартсменаў. Чэмпіёнамі сталі адразу трое кіраўчан Вадзім Бокач, Юрый Пятроўскі і Арцемій Дрозд…

— Так, пляжныя футбол і валейбол — тыя віды спорту, дзе кіраўскія спартсмены маюць вялікі патэнцыял. Пацвярджэнне таму — высокія вынікі на нядаўніх Алімпійскіх днях, першынствах і спартакіядах, якія прахадзілі ў Мінску і Магілёве. Выхаванцы раённай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву паказвалі там вельмі высокія вынікі.

А яшчэ мы ганарымся нашымі веласіпедыстамі. Гэты від спорту ў нас развіваецца з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У памяць аб нашым славутым Кірыле Арлоўскім праводзіцца велатурнір. За гады змянілася не адно пакаленне спартсменаў, шмат хто з тых, хто потым сталі чэмпіёнамі, шліфаваў майстэрства ў нас. Гэта алімпійскі чэмпіён 1976 года Уладзімір Камінскі, чэмпіёны Алімпіяды 1980 года і чэмпіёны свету Алег Логвін і Валерый Моўчан ды іншыя.

Высокі клас паказвае сённяшняе пакаленне выхаванцаў Кіраўскай СДЮШАР Васіль Бяляўскі, Раман Цішкоў, Ганна Васількова, Паліна Конрад. На нядаўніх спаборніцтвах на трэку ў рамках Алімпійскіх дзён у Мінску нашы веласіпедысты заваявалі 12 медалёў, з якіх чатыры залатыя і тры сярэбраныя. Ёсць перамогі і на міжнародным узроўні. Юніёрка Паліна Конрад заваявала сёлета на спаборніцтвах у Санкт-Пецярбургу Гран-пры, сярэбраны і бронзавы медалі ў розных відах гонак. 

А на спаборніцтвах у Маскве стала пераможцай у пяці відах праграмы.

Развіваем іншыя спартыўныя кірункі. Ёсць дасягненні па цяжкай атлетыцы, а ў секцыю футбола запісваюцца нават самыя маленькія жыхары раёна, пачынаючы з 5 гадоў. Умацоўваем спартыўную базу, у планах будаўніцтва басейна.

— У раёне знаходзяцца цікавыя турыстычныя аб’екты, але Кіраўск пры гэтым — адзіны ў вобласці райцэнтр, дзе няма краязнаўчага музея…

— Кіраўск з’явіўся на карце Магілёўскай вобласці адносна нядаўна — у 1935 годзе. Так, музея ў горадзе няма, але па розных кірунках у нас сапраўды магутныя гістарычныя прывязкі. Калі казаць пра Вялікую Айчынную вайну, то гэта комплекс Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі. Адкрыццё цалкам абноўленага мемарыяла адбылося ў 2020 годзе. Па новым праекце быў пабудаваны комплекс, які выклікае ў наведвальнікаў вельмі моцныя эмоцыі. Гукавыя і відовішчныя эфекты — усё гэта разлічана на тое, каб дастукацца да сэрца чалавека. Шмат хто з’язджае адсюль са слязамі на вачах і ўзрушэннем у сэрцы. Пра гэтую трагедыю наогул нельга ўспамінаць без слёз. І мемарыял — як напамін людзям пра тое, што такое ніколі больш не павінна паўтарыцца.

Побач з Боркамі знаходзіцца яшчэ адно свяшчэннае для нас месца — Залітобічы, адкуль пачыналася вызваленне раёна і дзе загінула шмат чырвонаармейцаў. Тут былі магутныя ўмацаванні фашыстаў і паліцаяў. Мы рэканструявалі брацкую магілу, і сёння гэта яшчэ адно месца смутку, куды прыязджаюць турыстычныя групы.

Калі казаць пра развіццё раёна, наведваем Мышкавічы — цэнтральную сядзібу аграгаспадаркі «Світанак імя К. П. Арлоўскага». Музей, які там ёсць, прысвечаны не толькі развіццю гаспадаркі, але і сельскагаспадарчаму напрамку ўсяго Кіраўскага раёна.

У Любонічах ёсць цудоўны музей народнага быту, створаны дзякуючы нашым жыхарам Івану і Марыі Салановічам. Яны перадалі на выстаўку ў Дом культуры ўнікальныя экспанаты. Там ёсць і невялічкі званочак, які вешалі на карову, каб яна не згубілася, лодка з суцэльнага дрэва, мэбля, прадметы быту. Стаўка робіцца на аднаўленне абрадаў ткацтва, хлебапячэння. І мы гэта выкарыстоўваем у рабоце з навучэнцамі і гасцямі раёна. Вузкая накіраванасць нашых устаноў дазваляе шырока развіць кожную з тэм. Раён малады, але мясціны багатыя сваёй гісторыяй. Той жа санаторый ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» — адзіны, дарэчы, у вобласці, а магчыма, і ў краіне, які знаходзіцца на балансе аграгаспадаркі, размяшчаецца на землях былога маёнтка Качэрычы. Месца ўнікальнае! Санаторый прымае не толькі работнікаў гаспадаркі, сюды прыязджаюць адпачывальнікі нават з замежжа. І потым яшчэ не раз вяртаюцца.

Ну а палац у Жылічах — жамчужына нашага раёна, ён заўсёды запатрабаваны турыстамі. Цікавы яшчэ і тым, што пастаянна абнаўляецца, і ў людзей ёсць жаданне ўбачыць, што яшчэ змянілася. Сёння там праведзена вялікая музеефікацыя, у залах антыкварныя экспанаты, рэдкія карціны з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Прыцягваем да палаца ўвагу тургруп. Ёсць дагаворы з турыстычнымі агенцтвамі, якія вязуць нам турыстаў. Сёлета Жыліцкі палац святкуе сваё 200-годдзе, рыхтуецца шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да згаданай падзеі.

Турыстычнай прывабнасці раёна і развіццю культурных традыцый садзейнічае і шэраг брэндавых мерапрыемстваў, якія карыстаюцца папулярнасцю як у яго жыхароў, так і гасцей. Да іх адносіцца традыцыйны фестываль «Сенафэст», які арганізоўваецца штогод на беразе Чыгірынскага вадасховішча. На ім адраджаюцца традыцыі касьбы, каманды ўдзельнічаюць у спаборніцтвах на хуткую і ювелірную касьбу, на стагаванне сена. Свята прэзентуе стравы нацыянальнай кухні, адзенне з прыродных матэрыялаў. Шмат людзей збірае Яблычны Спас, які адбываецца на Водасвяцільным комплексе Святога Аляксандра Неўскага паміж Кіраўскам і вёскай Пацава Слабада. Наш раён, лічы, цалкам адзіны музей пад адкрытым небам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Кіраўск

Фота з архіва Кіраўскага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.