Вы тут

Новы ўнікальны экзэмпляр. Гісторыя «Вянка» Максіма Горкага


Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча працягваюць святкаванне 110-годдзя адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў «Вянок». Мы вельмі радуемся кожнай новай-старой знойдзенай кнізе, пашырэнню інфармацыі пра ўжо вядомыя зборнікі, а таксама чакаем ад чытачоў газеты дапамогі ў нашай навукова-пошукавай працы. Хацелася б пазнаёміць з кнігай, пра якую мы ўжо ведалі пэўны час, але без падрабязнасцей. Магчыма, святкаванне юбілею якраз і стала нагодай для таго, каб даведацца больш пра яшчэ адзін «Вянок» М. Багдановіча, выдадзены ў Вільні, у 1913 годзе. Пакуль гісторыя яго даволі заблытаная і не ўсе таямніцы падарожжаў кнігі раскрыты, але… мы ўжо на шляху.


Фота: pixabay.com

Упершыню пра гэты зборнік «Вянок» мы пачулі ад сябра музея, вядомага беларускага тэлежурналіста канала АНТ Аляксандра Мацяса, які, у сваю чаргу, даведаўся пра яго ад Ларысы Маторынай, дырэктара Дзяржаўнага музея А. М. Горкага (Ніжні Ноўгарад, Расія). Мы адразу звязаліся з калегамі, але, на жаль, па тэхнічных прычынах атрымаць інфармацыю пра кнігу не змаглі. У ліпені гэтага года супрацоўніца музея Максіма Горкага Алена Агафонава прымала ўдзел у святочных імпрэзах, арганізаваных Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Але знайшла час і разам з дырэктарам беларускага музея Ірынай Мацяс завітала ў госці ў музей Багдановіча.

Неўзабаве пасля вяртання А. Агафонавай у Ніжні Ноўгарад мы атрымалі інфармацыю пра «Вянок» М. Багдановіча. Такім чынам, сёння месцам захавання кнігі з’яўляецца муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры «Дзяржаўны ордэна Пашаны музей А. М. Горкага». Кніга паступіла ў фонды музея 17 кастрычніка 1968 года праз закупку (але кошт сімвалічны) ад Пешкавай Надзеі Аляксееўны, нявесткі Максіма Горкага, жонкі яго адзінага сына Максіма. Пасля прыёму ў фонды кніга атрымала нумар захавання, а пазней нумар па Дзяржкаталогу Расійскай Федэрацыі (на жаль, на сённяшні момант сайт каталога недасяжны для беларусаў).

Захаванасць кнігі сведчыць пра тое, што ёю актыўна карысталіся, бо вокладка пацёртая, забруджаная, верхні і ніжні лісты яе адарваны ад кніжнага блока, старонкі кнігі пажаўцелі, забруджаны, абтрапаны. На кнізе няма аўтографаў, дароўных ці ўладальніцкіх надпісаў, якія маглі б даць дадатковую інфармацыю. Маюцца штампы, яны, на думку супрацоўнікаў ніжагародскага музея, маглі быць зроблены з адбітка штампа маскоўскага музея-кватэры А. М. Горкага, якім маркіравалі мемарыяльныя прадметы, у прыватнасці фатаграфіі, дакументы, часткова друкаваныя матэрыялы. На штампах праглядаюцца літары «А. П.», якія азначаюць «Аляксей Пешкаў», верагодна, кніга паходзіць з уласнай бібліятэкі Максіма Горкага.

 Фатаграфія А. Я. Багдановіча з дароўным надпісам М. Горкаму на адвароце. Фота з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (Мінск).

Пра тое, што кніга беларускага пісьменніка магла быць у яго рускага калегі, мы ведаем з перапіскі Адама Багдановіча з Максімам Горкім. У лісце ад 12 ліпеня 1925 года Адам Ягоравіч піша сябру: «…Максім [Багдановіч — І.М.] у 13 ці 14 годзе пісаў вам і верагодна пасылаў кніжку сваіх вершаў. Ці не захаваўся ў вас яго ліст? Ці не дадзіце Вы пра яго ці яго вершы караценькага водгуку? Беларусы былі б вельмі ўзрадаваны…» У адказ на гэты ліст М. Горкі піша з Сарэнта 4 жніўня 1925 года: «Максім не пісаў мне, і кнігі сваёй не дасылаў». Радкі з ліста Аляксея Максімавіча на дзесяцігоддзі спынілі пошук у гэтым кірунку аўтографаў і кнігі М. Багдановіча.

І, як паказала жыццё, дарэмна. У 2018 годзе пры падрыхтоўцы сумеснага выдання «М. Горкі і А. Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі», прысвечанага 150-годдзю з дня нараджэння класіка рускай літаратуры, намеснікам дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры Дар’ей Маскоўскай у Архіве А. М. Горкага (Масква, Расія) быў выяўлены рукапісны сшытак М. Багдановіча з перакладамі ўласных вершаў на рускую мову. Сшытак не трапіў да М. Горкага, захоўваўся ў архіве таварыства «Знание», верагодна, таму такі адказ атрымаў Адам Багдановіч ад сябра. А вось з кнігай сітуацыя больш складаная, М. Горкі мог забыць пра зборнік беларускіх вершаў, улічваючы велізарны аб’ём карэспандэнцыі, якую яму дасылалі. 1913—1914 гг. — гэта час вялікіх падарожжаў рускага пісьменніка, калі ён пасля працяглага пражывання на Капры вярнуўся ў Расію, знаходзіўся пад наглядам паліцыі, жыў у Фінляндыі і Санкт-Пецярбургу, займаўся актыўнай літаратурнай і выдавецкай дзейнасцю.

Вядома, што М. Горкі меў багатую бібліятэку, ва ўспамінах Адам Багдановіч згадваў, што падчас жыцця ў Ніжнім Ноўгарадзе паміж імі ішло пэўнае спаборніцтва па фарміраванні ўласных фондаў з «каштоўных, важных і рэдкіх выданняў». Праз некалькі гадоў такое спаборніцтва было ўжо немагчыма, як піша Адам: «…он меня перешиб числом книг, красотой переплетов и ценностью своей библиотеки». Даследчыкі жыцця і творчасці М. Горкага, праўда, удакладняюць, што «ён любіў кнігі, збіраў іх, даражыў імі, але шмат надзвычай рэдкіх кніг раздарыў тым, каму яны падабаліся, каму былі, на яго погляд, больш патрэбнымі». Шмат кніг перадаў пісьменнік у розныя бібліятэкі, вялікую частку кніг атрымала ў спадчыну яго нявестка — Надзея Пешкава.

У 2004 годзе прадстаўнікі Аўкцыённага дома «Гелас» паведамілі аб букіністычным стрынгу, дзе сярод лотаў была і калекцыя кніг з асабістай бібліятэкі Н. А. Пешкавай. Эксперты пісалі аб рэдкіх выданнях канца XVIII — пачатку XX стст., якія ўяўлялі сабою мастацкую і калекцыйную каштоўнасць, мелі гістарычнае і культурнае значэнне. На наша шчасце, зборнічак вершаў геніяльнага беларускага паэта Максіма Багдановіча «Вянок» (1913 г.) ужо знаходзіўся на захаванні ў ніжагародскім музеі.

Ірына МЫШКАВЕЦ,  вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.