Вы тут

Архітэктурная спадчына Магілёўскай вобласці варта ўвагі падарожнікаў


Адкрыць для сябе сваю радзіму, якая значна шырэйшая за межы вашага горада ці пасёлка, можна самым прыемным спосабам — праз вандраванні. Беларусь — невялікая еўрапейская краіна са старажытнай гісторыяй і багатымі традыцыямі, цудоўнай прыродай і дзіўнай архітэктурай, якая па культурнай і гістарычнай каштоўнасці не саступае сусветным шэдэўрам. Найбольш значныя аб’екты апісаны ва ўсіх даведніках, і турысты выбіраюць менавіта іх.


Блакітная крыніца. Слаўгарад.

Але ў Беларусі шмат цікавых і не менш прывабных месцаў, пра якія ведаюць нямногія. Яны здольныя здзівіць нават спрактыкаванага вандроўцу.

Магілёўская абласная бібліятэка збірае інфармацыю пра найбольш цікавыя месцы рэгіёна і на іх аснове стварае паўнатэкставыя базы даных, якія знаёмяць гасцей з турыстычным патэнцыялам Магілёўшчыны. Рэсурсы размешчаны на сайце абласной бібліятэкі і ўсіх публічных бібліятэк Магілёўскай вобласці.

Краязнаўчая база даных «Турыстычная карта Магілёўшчыны» прадстаўляе ўнікальны ў геаграфічных, гістарычных і культурных адносінах усходні рэгіён Беларусі: населеныя пункты з найбагацейшай гісторыяй, помнікі ваеннай гісторыі і радавыя сядзібы, старажытныя манастыры і храмы, музеі і этнаграфічныя вёскі, маляўнічыя прыродныя ландшафты, чым жыхары Магілёўшчыны бясконца ганарацца і жадаюць прадэманстраваць сваім гасцям.

Палац Пацёмкіна. Крычаў.

Архітэктурная спадчына ўсходняй Беларусі, безумоўна, варта ўвагі падарожнікаў: ансамбль СвятаМікольскага манастыра XVII ст. у Магілёве, Бабруйская крэпасць XIX ст., Ратуша XVIII ст. у Шклове. Асаблівую цікавасць выклікае велічны палацава-паркавы комплекс у аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна, поўнасцю адрэстаўрыраваны да 2023 года. Гэта адзіны стопакаёвы палац на беларускіх землях, які па сваёй прыгажосці і маштабе не саступаў Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў. Спадчыну старажытнага роду Булгакаў прадстаўляе база даных «Жыліцкі Версаль», пасля знаёмства з якой вы абавязкова захочаце пабываць у палацы.

Немагчыма абысці ўвагай палац князя Пацёмкіна ў Крычаве, студэнцкі гарадок Беларускай дзяржаў­най сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, узведзены ў 40-я гады ХІХ ст. пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара Анджэла Кампіёні, выбітны помнік духоўнасці XIV ст. — Пустынскі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр у Мсціславе...

Імкліва набывае папулярнасць экалагічны турызм, а на Магілёўшчыне ёсць унікальныя помнікі прыроды і культурна-этнаграфічныя тэрыторыі: Трафімава крыніца, размешчаная на малой радзіме Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь недалёка ад аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна, найстарэйшы батанічны сад і дэндрапарк Еўропы, закладзены ў Горках у 1849 годзе мастаком і архітэктарам Анджэла Кампіёні, самая буйная крыніца Беларусі — Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім раёне, масавае паломніцтва да якой адбываецца на Мядовы Спас — 14 жніўня. Тысячы людзей з усіх куткоў Беларусі і Расіі жадаюць апрабаваць на сабе цудадзейную сілу святой вады і гэтага жыватворнага месца.

Партызанскі лагер. Усакіна.

У міжрэччы Ольсы і Друці на тэрыторыі Клічаўскага і Бялыніцкага раё­наў размешчаны заказнік «Астравы Дулебы». Гэта ўнікальнае месца для Еўропы, дзе на тэрыторыі ў 26 600 гектараў прырода захавалася ў перша­родным выглядзе!

У гады Вялікай Айчыннай вайны тут базіраваліся Магілёўскі падпольны абкам партыі Беларусі, штаб ваенна-аператыўнай групы партызанскіх злучэнняў. У вёсцы Усакіна створаны мемарыяльны комплекс, які ў жніўні 2021 года адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі.

Магілёўшчыну неафіцыйна называюць фестывальнай. У кожным раёне распрацаваны ўласныя культурныя брэнды: музычныя і тэатральныя форумы, фестывалі народнай культуры, старажытных рамёстваў і нацыянальнай кухні, велікасвецкія балі і рыцарскія турніры, незвычайныя экалагічныя святы.

Помнік агурку. Шклоў.

На беразе Чыгірынскага вадасховішча ў Быхаўскім раёне традыцыйна ў ліпені праводзіцца міжнароднае музычна-спартыўнае свята «Вялікая бард-рыбалка», куды прыязджаюць вядомыя аўтары і выканаўцы, аматары рыбнай лоўлі, лазні і актыўнага адпачынку з Беларусі і Расіі.

У старажытным Мсціславе, які называюць беларускім Суздалем, арганізоўваецца свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» — увасабленне старажытнасці і традыцый рыцарства на тэрыторыі Беларусі. У аграгарадку Радамля Чавускага раёна на месцы паселішча славянскага племя радзімічаў штогод праводзіцца аўтэнтычны этнафестываль «У госці да радзімічаў». Яркім відовішчам свята з’яўляецца тэатралізаваная праграма, дзе прадстаўляецца побыт радзімічаў ІХ стагоддзя з песнямі, карагодамі, здабычай жывога агню, стральбой з лука, рэканструкцыямі старажытных абрадаў.

У якасці дадатку да «Турыстычнай карты Магілёўшчыны» створаны цыкл відэаролікаў: «Храм Казанскай іконы Божай Маці ў Баркалабаве», «Замкавая гара — гарадзішча ў Мсціславе», «Пакуцце — зямля шапавалаў», «Крычаўскі канёк», «Александрыя збірае сяброў», «Боркі: месца памяці і смутку», якія размешчаны на YouTube-канале бібліятэкі. Рэсурс дапоўнены фатаграфіямі і каардынатамі размяшчэння аб’екта на Яндэкс-карце.

Рыцарскі фэст. Мсціслаў.

Праект «Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй» знаёміць з той матэрыяльнай і духоўнай спадчынай, якую нам пакінулі продкі ў сельскіх населеных пунктах Магілёўшчыны, якія наўрад ці ўвойдуць у асноўныя турыстычныя маршруты, але, безумоўна, будуць цікавымі.

Напрыклад, у некалі вялікай вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна дзейнічае ўнікальны праваслаўны храм — царква Дзмітрыя Растоўскага, пабудаваная без адзінага цвіка. Праектаваў храм архітэктар Барталамеа Растрэлі — аўтар архітэктурнага ансамбля Смольнага манастыра і Зімняга палаца ў Пецярбургу. Цікава, што ў 1986 годзе прыхаджане заўважылі на вобразе прападобнага Серафіма Сароўскага светлую пляму, якая нагадвала клубісты дым, і палічылі гэта дрэнным знакам. У хуткім часе здарылася трагедыя на Чарнобыльскай АЭС. Вакол Выдранкі ўтварылася зона адсялення, хаця сама вёска не так моцна пацярпела, там да гэтага часу жыве больш за 40 сем’яў.

Усё большую папулярнасць набывае гастранамічны турызм. Знаёмства са стравамі народнай кухні, спосабамі і прыёмамі іх прыгатавання, народным застольным этыкетам становіцца важнай часткай праграмы знаходжання замежных турыстаў у нашай краіне і жыхароў Беларусі ў іншым рэгіёне. З кулінарнымі традыцыямі Магілёўскай вобласці знаёміць база даных «Гастранамічны турызм». Напрыклад, з раздзела «Кулінарныя фестывалі. Гастрафэсты» можна даведацца, што ў Шклове — агурочнай сталіцы Беларусі — амаль дваццаць гадоў запар у жніўні праводзіцца рэгіянальнае «Свята агурка». У горадзе нават устаноўлена бронзавая скульптурная кампазіцыя «Агурок» — своеасаблівы талісман горада. Каб забяспечыць сабе фінансавы дабрабыт, дастаткова пацерці кішэню агурка.

У базе даных «Гастранамічны турызм» прадстаўлены кулінарныя брэнды, аўтэнтычныя рэцэпты страў кожнага рэгіёна Магілёўскай вобласці, а таксама літаратурная гастраномія: стравы нацыянальнай кухні і старадаўнія рэцэпты іх прыгатавання, зафіксаваныя ў творах мастацкай літаратуры.

Фестываль. Радомля.

Адзін з самых важных набыткаў, які ёсць у кожнага чалавека, —успаміны. Мы самі ствараем моманты, з якіх складаецца наша жыццё. Падарожжы робяць яго цікавым і насычаным, даюць магчымасць адысці ад паўсядзённай руціны, убачыць унікальныя мясціны, архітэктурныя і прыродныя помнікі, лепш даведацца пра гісторыю, культуру рэгіёна і краіны, атрымаць яркія эмоцыі і новыя ўражанні. Віртуальныя праекты Магілёўскай абласной бібліятэкі раскрыюць для вас турыстычны патэнцыял Магілёўшчыны, дапамогуць вызначыцца з маршрутам, з карысцю правесці вольны час і атрымаць асалоду ад падарожжаў.

Сардэчна запрашаем на Магілёўшчыну!

Галіна ДЗЯТЛАВА, галоўны бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.