Вы тут

«Беларусы жывуць у раі, таму наша задача — захаваць яго для нашчадкаў»


XVІІ Рэспубліканскі экалагічны форум, прымеркаваны да Году міра і стваральнай працы, прайшоў на Століншчыне 25—26 жніўня. Асноўнымі дыскусійнымі тэмамі сталі актуальныя пытанні дасягнення экалагічных Мэт устойлівага развіцця (МУР) на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, аспекты распрацоўкі мінеральна-сыравіннай базы Брэсцкага Палесся, падыходы да развіцця і папулярызацыі экатурызму, а таксама праблемы экавыхавання.


У шматпланавым мерапрыемстве ўзялі ўдзел высокія службовыя асобы, замежныя госці, прадстаўнікі айчынных тэрытарыяльных органаў, падпарадкаваных арганізацый Мінпрыроды, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх аб'яднанняў, маладзёжныя экаактывісты і іншыя.

Як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, забеспячэнне камфортнага і здаровага навакольнага асяроддзя, спрыяльных умоў жыцця цяперашніх і наступных пакаленняў — асноўныя ўмовы для рэалізацыі ўстойлівага развіцця нашай краіны. Галоўныя падзеі Экалагічнага тыдня (ECOLOGY EXPO — 2023 і XVІІ Рэспубліканскі экалагічны форум) «накіраваны не толькі на прэзентацыю вынікаў, дасягнутых у прыродаахоўнай галіне, але і выяўленне новых перспектыў яе далейшага развіцця... Агучаныя падчас форуму цікавыя ідэі і прапановы лягуць у аснову канкрэтных мерапрыемстваў па вырашэнні экалагічных праблем, што будзе садзейнічаць далейшаму ўстойліваму развіццю нашай краіны».

У сваю чаргу, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР Валерый Бельскі адзначыў: «XVІІ Рэспубліканскі экалагічны форум адпавядае мэтавым устаноўкам дзяржавы. Нават на нашым сцягу ёсць зялёная паласа, гэта значыць, для нас важная прырода і яе багацце. Шмат маіх калег з паўднёвых краін пасля знаёмства з нашай прыродай прызнаваліся, што беларусы жывуць у раі, таму наша задача — захаваць яго для нашчадкаў, а для гэтага неабходны абмен досведам, тэхналогіямі, якія дазваляюць забяспечыць пераапрацоўку адходаў. Мы — індустрыяльная краіна з развітым спажываннем». У якасці прыкладу Валерый Бельскі прывёў багаты айчынны вопыт, атрыманы падчас даследаванняў наступстваў радыеактыўнага забруджвання для жывёльнага і расліннага свету, і падкрэсліў гатоўнасць айчынных навукоўцаў да дыялогу з замежнымі калегамі.

Цырымонія адкрыцця завяршылася ўзнагароджаннем супрацоўнікаў прыродаахоўных ведамстваў, грамадскіх экаактывістаў, прадстаўнікоў тэрытарыяльнай улады за дасягненні на ніве аховы навакольнага асяроддзя. Так, былі ўручаны падзякі Старшыні Савета Рэспублікі, ганаровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, падзякі прэм'ер-міністра, нагрудны знак Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь «Ганаровы эколаг» і г. д. Атрымалі дыпломы і пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу на найлепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб'екта, рэспубліканскіх конкурсаў на найлепшага грамадскага эколага і найлепшую публікацыю на экалагічную тэматыку ў 2023 годзе.

Дэлегатам была прапанавана насычаная разнапланавая праграма: правядзенне патрыятычнага мітынгу-рэквіема памяці ахвяр фашызму ва ўрочышчы Стасіна; закладка алеі; адкрыццё заказніка мясцовага значэння «Пойма Львы»; дыскусійныя пляцоўкі (навукова-практычная канферэнцыя «30 гадоў Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь», круглыя сталы «Развіццё экалагічнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь» і «Аб перспектывах развіцця мінеральна-сыравіннай базы Брэсцкага Палесся»).

Адной з самых значных падзей стала канферэнцыя «Міжсектаральнае супрацоўніцтва ў кантэксце дасягнення МУР». На працягу трох сесій выступоўцы разам з кіраўніком прыродаахоўнага ведамства Андрэем Худыком і намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР Валерыем Бельскім абмяркоўвалі сучасны стан і сістэмныя кліматычныя рашэнні ў кантэксце ўстойлівага развіцця, пытанні фінансавання такой дзейнасці. У прыватнасці, былі агучаны меры, якія прымаюцца для забеспячэння ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных і сучасных крыніц энергіі, стварэння спрыяльных умоў для жыцця грамадзян і аховы навакольнага асяроддзя, змякчэння наступстваў змены клімату, а таксама вынікі выканання хуткай комплекснай ацэнкі мерапрыемстваў дзяржаўных праграм з пазіцыі МУР, новыя інструменты фінансавання выдаткаў на біяразнастайнасць на прыкладзе метадалогіі ПРААН, экаініцыятывы ад Маладзёжных паслоў МУР і іншае.

Падчас форуму адбылося зарыбленне вадасховішча Вялікія Арлы (Дубянецкае), дэлегаты наведалі экалагічную сцежку «Альманскія балоты», фестываль коней «Палеская ніва — 2023», што стаў фінальным акордам форуму. У гарадскім парку праходзілі экавіктарыны, гульні і майстар-класы (у тым ліку ад супрацоўнікаў Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь), у якіх з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі не толькі дэлегаты, але і месцічы; выстава дасягненняў і навацый прадстаўнікоў дзіцячых і падлеткавых экааб'яднанняў, Горад майстроў з традыцыйнымі беларускімі і экавырабамі — жыхары Століншчыны розных узростаў імкнуліся зрабіць свой унёсак у вялікае экалагічнае свята раёна. Як адзначыў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Бельскі, такія неабыякавыя адносіны і наогул мода на экалагічны лад жыцця, якая існуе сёння ў беларускім грамадстве, — вынікі велізарнай экаасветнай работы з насельніцтвам, значнай часткай якой з'яўляецца і XVІІ Рэспубліканскі экалагічны форум.

Александрына ПАРШЫНА

Фота Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.