Вы тут

З дыпламатам Алегам Івановым гутарым... аб прыродзе


Звычайна тэмамі размоў з дыпламатамі бываюць розныя пытанні сусветнай палітыкі або глабальныя эканамічныя праекты, а вось пра прыроду, любімае хобі і каштоўнасці адпачынку на свежым паветры згадваюць даволі рэдка. Зрэшты, гэта не дзіўна. Спецыфіка работы такая, што вольнага часу ў рабочых камандзіроўках вельмі мала, а калі ён з'яўляецца, то тут ужо кожны сам вырашае, на што яго выдаткаваць. Для дыпламата, начальніка ўпраўлення Расіі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алега Іванова, магчымасць выбрацца на прыроду — сапраўднае свята, якое ён імкнецца ладзіць для сябе заўсёды, як толькі з'яўляецца такі шанц.


— Алег Мікалаевіч, вам давялося пабываць у многіх краінах, на розных кантынентах. Дзе прыроднае хараство ўразіла больш за ўсё?

— Падарожнічаў я сапраўды шмат, аднак палюбавацца мясцовымі славутасцямі ўдавалася далёка не заўсёды. У час кароткатэрміновых візітаў не да адпачынку. Але ў доўгіх камандзіроўках (на тры і больш месяцы) на выхадныя стараўся выбрацца з гарадской мітусні, каб лепш даведацца пра краіну знаходжання, мясцовыя звычаі, людзей, прыроду. Так, дастаткова працяглы час я быў у Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША, Японіі, Расіі, Таджыкістане, Афганістане.

Без сумнення найбольш яркімі і запамінальнымі сталі пейзажы з элементамі вады і гор. Гэта ўніверсальная прыгажосць. Вада ў любой праяве валодае асаблівай энергетыкай. Зараджае пазітывам, здымае негатыўныя эмоцыі. Вадаспады і шматметровыя марскія хвалі... зачароўваюць. Усюды, дзе вада ў дынаміцы, ёю можна доўга любавацца. Возьмем хоць бы горныя вадаспады — невялікія, як у Таджыкістане, або калі паток падае з вялізнай вышыні ў ф'ёрд, як у скандынаўскіх краінах... У нас падобнага няма, таму ўдвая цікава.

Вядома, акіянічныя прыбоі ці адлівы — таксама ўнікальнае відовішча. Неяк на ўсходнім узбярэжжы ЗША мне давялося назіраць за «жывымі» хвалямі. Увосень і ўзімку з прылівам да берага даволі часта падыходзяць вялізныя касякі селядца. Валы жывога срэбра, якое пераліваецца, набягаюць на бераг, а затым скочваюцца назад у акіян. Уражвае.

Гледзячы на горныя пікі, адчуваеш моц прыроды і сам зараджаешся энергіяй. Я бачыў такія горы ў Швейцарыі, Таджыкістане, у Афганістане. Гэта сапраўды прыгожа і велічна.

— А ёсць мясціны, якія хацелася б яшчэ ўбачыць або куды варта было б вярнуцца?

— Ведаеце, пытанне не такое простае, як здаецца. Зразумела, што ў свеце шмат прыгожых і дзіўных мясцін, але калі ўжо нямала бачыў, ёсць што ўспомніць і з чым параўнаць, разумееш, дзе якія асаблівасці, умовы, няма таго «голаду навізны», што ўласцівы маладосці, то выбіраеш паездкі па іншых крытэрыях. Многае залежыць ад унутранага настрою і ад таго, якія ўражанні хочацца атрымаць. Пачынаеш прыслухоўвацца да гучання струн сваёй душы.

Жадаў бы я вярнуцца туды, дзе ўжо быў? Хутчэй, не. Я гэта ўжо бачыў, таму праводзіць там кожны свой водпуск не буду. У безумоўным прыярытэце ў мяне наша Беларусь.

Разумееце, шматлікія сусветныя топавыя славутасці без сумнення вартыя таго, каб на іх палюбавацца. Але гэта не паўнавартасны адпачынак. У ЗША ёсць вельмі прыгожыя месцы, напрыклад, нацыянальны парк «Мядзведжая гара». Невысокія ўзгоркі, зялёныя горы, блакітныя горныя азёры, яркі восеньскі лес. Там усюды чыста, акуратна. Аднак ідзеш па лесе паўгадзіны, а ён пусты: напрыклад, побач вада, але не чуваць усплёску, маўчаць жабы, няма назойлівых лятучых казурак. Уся гэтая прыгажосць нейкая мёртвая.

Дзіўна, столькі лясоў у Штатах, а грыбоў і ягад, лічы, і няма. Неяк калегам, якія таксама настальгуюць па родных баравіках і падасінавіках, падказалі адно месца для «ціхага палявання». Вярнуліся з вёдрамі лісічак. Але якіх! Амерыкан сайз — з чайны сподак. Пры гэтым самыя буйныя браць засцерагліся. На наступную раніцу я ў калег пытаюся: «Як грыбы?» — «Не паверыш, супчык атрымаўся ярка-фіялетавым. Каштавалі. Усе жывыя. Але да раніцы рэшткі грыбочкаў пачарнелі, таму вырашылі лёс не выпрабоўваць і вылілі прэч».

Або іншы выпадак: неяк далі мне тэлефон адной жанчыны, якая ў тутэйшых лічыцца спецыялістам па грыбах, пастаўляе белыя ў рэстараны. Аказалася, вельмі пажылая дама, падобна, польскай крыві, адзіная, якая мае ліцэнзію на «грыбныя туры», арганізавала такі бізнес — вадзіць па запаветных месцах. Праграма простая: са сцяжынкі не сыходзіць, грыбы пакажуць, пра іх усё раскажуць. На ўдакладненне «ці можна дадому грыбы браць?» адказала, што можна, але навошта? Маўляў, гатаваць жа я іх не ўмею, а гэта ж вельмі складана. Таксама ў тур уваходзіць рыбалка з лукам. Ды і рыбу рэдка каму атрымліваецца здабыць — пад стралу часцей трапляюць жабы, з якіх затым гатуюць барбекю. Ну вось не камфортна мне неяк ад такога.

Убачыць блакітны акіян, белы пясок, велічныя горы, вялізныя вадаспады варта кожнаму, каб не было ўнутраных комплексаў. І я ўпэўнены, што большасць потым будзе інакш глядзець на нашу родную прыроду і шанаваць тое, што ў нас ёсць.

— Да пачатку дыпламатычнай службы вы былі медыкам і нават абаранілі дысертацыю. Як урач як бы ацанілі важнасць якаснага адпачынку?

— Яшчэ савецкія медыкі па-эмпірычнаму вызначылі, што чалавеку неабходна адпачываць два, а лепш тры тыдні запар, таму якраз на такі тэрмін давалі пуцёўкі ў санаторыі. Сёння многія фізіёлагі перакананыя, што менавіта эрытрацыты нясуць стрэсавую памяць і для абнаўлення іх пула патрэбна мінімум два тыдні. Гэта значыць, бесперапынна адпачываем мінімум два тыдні, пажадана раз на паўгода і са зменай дзейнасці. Калі пераважае разумовая праца,
то ў адпачынак варта ўключыць заняткі з фізічнымі нагрузкамі. І, наадварот, калі ў вас праца фізічная, то ў рэлаксу павінен быць інтэлектуальны складнік. Пераход з рабочага камп'ютара на хатні зменай дзейнасці не лічыцца!

Абавязковая ўмова паўнавартаснага адпачынку — эмацыянальны кампанент: візуальны рад, асяроддзе, чаргаванне ўздзеянняў на органы пачуццяў. У гэтым плане незаменны адпачынак на прыродзе. Чалавек першапачаткова з'яўляецца часткай прыроды. Аднаўленне гармоніі з навакольным светам — неабходны працэс. У нашай геаграфічнай паласе, дзе мы нарадзіліся і да чаго адаптаваны нашы гены, пераважаюць сіні і зялёны колеры. Першы дзейнічае ўлагоджвальна, расслабляе і прыносіць адчуванне лёгкасці, другі супакойвае і настройвае на пазітыў. А вось стальныя шэрыя ці люстраныя каробкі гарадоў, няхай і прыгожыя па форме, не мяняюць успрыманне. Таму так важна выбірацца на рэчку, у лес, у палі.

— Што для вас з'яўляецца сапраўдным рэлаксам?

— Рыбалка. Калі я быў маленькі, мяне часта прывозілі ў вёску Слабада на Бярэзіне на выхадныя, ну а ўлетку — на канікулы. Непадалёк тры старыцы. Адна ў самім пасёлку, другая на лузе, а трэцяя літаральна каля нашай хаткі. І дзед, і бацька былі заўзятымі рыбаловамі. Вядома, не застаўся абыякавым і я. Мы хадзілі на ранішнія і вячэрнія зоркі, сядзелі каля вогнішча, варылі юшку, зімой круцілі лункі. Там я злавіў свайго першага шчупака, упершыню самастойна ставіў кружкі (прынада для лоўлі шчупакоў. — Заўв. аўт.), асвойваў асновы зімовай рыбалкі. Сёння для мяне гэта адзін з самых цёплых успамінаў — рака Бярэзіна, хатка, дзед, маё дзяцінства...

Фізіёлагі раяць часцей перачытваць кнігі і глядзець фільмы сваёй маладосці, якія зрабілі найбольшае ўражанне. Нібыта ў гэты момант нейроны ў мозгу выстройваюцца ў тыя ж самыя ланцужкі, якія былі гадоў 30—40 таму, і гэта амалоджвае арганізм. Я з гэтым згодзен, таму што, калі я прыходжу ў месцы, што асацыіруюцца ў мяне з юнацкім запалам, энтузіязмам, я зараджаюся ўнутранай энергіяй, адпачываю душою і целам. Таму найлепшае баўленне часу для мяне — прайсціся з вудай уздоўж ракі, пакідаць спінінг, пасядзець на беразе каля вогнішча.

Фота: pixabay.com

— Як вы думаеце, чаму многія любяць падарожнічаць, але, як правіла, з радасцю вяртаюцца дадому?

— У снежні 1994 года мяне запрасілі ўзяць удзел у першай Канферэнцыі па біяразнастайнасці, якую праводзілі на Багамах. Багамы — сімвал раскошы і сінонім зямнога раю: беласнежныя пляжы, празрыстыя воды акіяна, пальмы. Плюс у дадатак да дзелавой праграмы арганізавалі рыбную лоўлю ў марскім нацыянальным парку. Уяўляеце, у нас зіма, а там сонца, цеплыня, акіян...

Рыбалка ўдалася. Як клявала! А якая рыба! Яркая, папугайных расфарбовак. На любы густ і памер. Уражанняў — мора. Аднак літаральна на другі дзень асноўныя славутасці былі даследаваны (астравы невялікія), спякота надакучыла, ды і рыбалкі як у акварыуме ўжо не хочацца — разумееш, што дома будзе больш камфортна.

Атрымаць новыя ўражанні — добра і неабходна. Але жыць трэба там, дзе ты нарадзіўся, дзе табе ўсё знаёма, да чаго прывык твой арганізм. Да таго ж чалавеку, як правіла, падабаецца займацца тым, што ён ведае. А я ведаю, чаго можна чакаць у нас. Я разумею, што такое мурашнік, што такое рэчка, з задавальненнем гляджу на страказу. У іншых краінах, асабліва экзатычных, без дасведчанага правадніка можна трапіць у непрыемную сітуацыю. У выніку ўвесь час пачуваеш сябе там у гасцях, а добра нам толькі дома. Згадайце радкі з песні: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». На мой погляд, вельмі правільна сказана.

— Нядаўна ў выдавецкім доме «Звязда» выйшаў зборнік вашых апавяданняў і баек «Пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы». Там шмат пацешных і павучальных гісторый, удзельнікам або сведкам якіх вы былі. Яны паказваюць, што ўсюды ёсць розныя людзі, традыцыі, асновы. У той жа час нямала ўвагі ўдзелена і нашай сінявокай Беларусі. Пра нешта пішаце са шкадаваннем, пра нешта — з радасцю, але адчуваецца, што з любоўю да Радзімы і яе прыроды. Вось напрыканцы і хацелася б спытаць, што ж трэба зрабіць, каб гэтае пачуццё было ў кожнага з нас?

— Я перакананы: каб выхаваць чалавека, які шчыра любіць Радзіму, яе павінны любіць і твае бацькі. Таму што, калі ў сям'і з дзяцінства абмяркоўваюць, куды найлепш пераехаць жыць — у Канаду ці ЗША, то дзіцяці будзе складана вырасці патрыётам. У мяне і бацька, і дзед імкнуліся прывіць любоў да прыроды праз цікавасць, праз разуменне, што гэта тваё, роднае, таму і ставіцца да навакольнага свету трэба як да свайго — беражліва, рупліва.

За мяжой свае падыходы да прыроды. Некаторыя, лічу, карысныя былі б і нам. Напрыклад, у Вялікабрытаніі падтрымліванне традыцый абавязковае для ўсіх слаёў грамадства. Неяк мяне запрасіў да сябе ў загарадны дом англічанін, які больш за паўстагоддзя быў дылерам і прадаваў трактары «Беларус». Яго домік размяшчаўся каля бухты, дзе мясцовая рачулка ўпадае ў мора. Да вады літаральна некалькі метраў. Надышоў вечар, чую, «б'ецца» рыба. Галаўні! Велізарныя! Плаўнікі чырвоныя, луска блішчыць — цуд! Я зачаравана пытаюся: «А лавіць тут можна?» — «Не, нельга». — «Забаронена?» — «Не, рэчка грамадская, штрафаў няма, але гэта ж прыгожа — трэба любавацца відам. А лавіць прынята ў моры, там рыбы на ўсіх хопіць. Інакш у рэчцы да наступнага года нічога не застанецца».

Дзіўна і нязвыкла для нас успрыманне прыгожага ў Японіі. Гэта проста іншая цывілізацыйная мадэль, якая фарміруе зусім іншае мысленне. Я назіраў за японцамі, якія атрымлівалі асалоду ад відаў мандарынаў, якія вісяць на галінках. Спытаў, ці ядомыя, суразмоўцы моцна здзівіліся, маўляў, імі ж любуюцца. І на пытанне, ці бываюць на сакуры ягады, мясцовыя адказалі, што так, але яны не вельмі прыгожыя. А ўжо аб тым, каб іх з'есці, нават гаворкі няма.

У 1994 годзе я праходзіў стажыроўку ў акадэміі замежнай палітыкі ў Японіі. Пасля заканчэння арганізавалі выпускны. У прызначаны дзень нас запрасілі ў залу, дзе квадратам стаялі сталы — дзесьці 7 х 7 м. На іх былі ўзняты двухметровыя фігуры, высечаныя з лёду, якія дэманструюць фрагмент марскога дна. Сярод гэтага хараства размясцілі крабаў, грабеньчыкаў, ласося, тунца. Гэта былі ўжо прыгатаваныя і нарэзаныя на кавалачкі морапрадукты, але аформленыя як жывыя прадстаўнікі падводнага царства. Такога больш я нідзе не бачыў — ні да, ні пасля. Пасля афіцыйнай часткі прыёму нам прапанавалі пахадзіць вакол, палюбавацца лядовай кампазіцыяй. Пасля чаго японцы — гаспадары прыёму — раскланяліся і пакінулі залу. Мы здзівіліся, маўляў, цэлы дзень галодныя, а перакус адмяняецца? Але не, мы, еўрапейцы, можам прыступаць да трапезы, а вось японцы есці такую прыгажосць не могуць. Вядома, іншы менталітэт, іншыя традыцыі, але ўсё ж такое трапяткое стаўленне да прыгожага, да прыроды дзівіць.

На мой погляд, у нас пакуль яшчэ моцныя спажывецкія традыцыі да прыродных багаццяў. Гэта вытлумачальна і заканамерна. За кошт лясоў, вадаёмаў цэлыя пакаленні выжывалі. Крытычны пік нагрузкі на прыроду супадае з крызісамі ў грамадстве. Як толькі паляпшаецца дабрабыт, змяншаецца і ціск на флору і фаўну. Можна згадаць многія краіны Заходняй Еўропы, тую ж Чэхію, Германію, дзе жывёльны свет выбіваўся да мінімуму, але потым, з паляпшэннем эканомікі, дастаткова хутка біяразнастайнасць аднаўлялі.

Таксама вялікую ролю іграе культурны і адукацыйны ўзровень насельніцтва. Адукаваныя людзі, якія аб'ектыўна ацэньваюць працэсы, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі, могуць рацыянальна планаваць выкарыстанне прыродных рэсурсаў і не кідацца з крайнасці ў крайнасць. Правільныя традыцыі і іх культываванне спрыяюць выхаванню пакалення, якое будзе ведаць і шанаваць навакольнае асяроддзе. Я перакананы, што павышэнне дабрабыту і культурнага ўзроўню без форс-мажорных узрушэнняў вядуць да прагрэсу. А любоў да Радзімы ў генах, трэба толькі ўмець разумець і адчуваць унутраны свет.

Гутарку вёў Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.