Вы тут

Важна, як і кім будуць данесены духоўныя каштоўнасці да кожнага дзіцяці


Рэспубліканскі маладзёжны праваслаўны патрыятычны праект «Малюся за Беларусь», абласная патрыятычная акцыя «Марафон памяці», дэкада бацькоўскай любові, Пакроўскі кірмаш, Калядны і Велікодны балі, конкурс творчых эсэ «Сто слоў пра веру», конкурс па стварэні макетаў храмаў «Храм як крыніца духоўнасці», акцыя «Ангелы Раства», тэлеграм-канал «Паспяховае бацькоўства»... Усё гэта прыклады эфектыўнага педагагічнага вопыту па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення на аснове традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа і духоўнай спадчыны Беларускай праваслаўнай царквы. Ім дзяліліся ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У цэнтры ўвагі была дзейнасць рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні. Прычым абмяркоўваўся не толькі вопыт, але таксама праблемныя моманты ў іх рабоце і перспектывы.


Хрысціянскі погляд на асобу і сям'ю

Трэба адзначыць, што цяпер у Беларусі рэалізоўваецца ўжо пятая Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой па развіцці і ўмацаванні духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Аб цесным узаемадзеянні адукацыйнай галіны і Праваслаўнай царквы сведчаць шматлікія разнастайныя сумесныя мерапрыемствы: канферэнцыі, конкурсы, форумы, адукацыйна-асветныя чытанні, інавацыйныя праекты і г. д. У новым навучальным годзе духоўна-маральнае выхаванне вучняў застаецца адным з прыярытэтаў выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі.

У сваім выступленні перад педагогамі рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег ДЗЯЧЭНКА ахарактарызаваў тэндэнцыі сучаснай рэлігійнай і канфесійнай самаідэнтыфікацыі насельніцтва Беларусі.

— У нашай шматканфесійнай краіне дзейнічае 25 рэлігійных кірункаў, а ўсяго рэлігійных арганізацый налічваецца больш як 3,5 тысячы. У гэтых умовах надзвычай важная роля належыць дзяржаве як галоўнаму рэгулятару развіцця канфесійных працэсаў, гаранту захавання міжканфесіянальнага міру і грамадзянскай згоды на аснове рэалізацыі замацаванага ў нацыянальным заканадаўстве права грамадзян на свабоду сумлення.

Так гістарычна склалася, што з эпохі Полацкага княства і да сёння праваслаўе адыгрывае вядучую ролю ў фарміраванні духоўных, культурных, нацыянальных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Гэта тлумачыць, чаму менавіта з Праваслаўнай царквой мы сёння вельмі цесна працуем у плане рэалізацыі выхаваўчых праграм для дзяцей і моладзі.

Паводле розных сацыялагічных апытанняў, пазіцыянуе сябе як рэлігійныя звыш 60 працэнтаў беларусаў, астатнія прытрымліваюцца іншых поглядаў на рэлігію. І гэта зусім не абавязкова атэісты, бо сапраўдных атэістаў у грамадстве зусім няшмат — у межах аднаго працэнта. Ёсць скептыкі, агностыкі, ды ўвогуле абыякавыя да рэлігійных пытанняў людзі... Але нам трэба ўлічваць светапоглядныя інтарэсы і рэлігійныя перакананні ўсіх законных прадстаўнікоў нашых выхаванцаў. Мы павінны захаваць міжканфесійны мір і павагу да ўсіх рэлігій, якія падтрымліваюць нашу дзяржаву, і ў першую чаргу да Беларускай праваслаўнай царквы, — падкрэсліў Алег Дзячэнка. — Наша мэта — далучыць дзяцей да высокіх маральных канонаў, якія з'яўляюцца жыццесцвярджальнымі, агульначалавечымі для ўсіх (і для рэлігійных людзей, і для свецкіх) і знаходзяцца ў адзінай крыніцы нацыянальных беларускіх традыцый. Выхаваўчая работа з навучэнцамі накіравана на азнаямленне з каштоўнасцямі і духоўнымі традыцыямі праваслаўя, якія рэтрансліруюцца ў грамадства, кожную сям'ю і кожнаму чалавеку.

Задача — праз школу, праз рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні далучыць кожнае дзіця да традыцыйнай духоўнасці, выхаваць духоўна багатага і гарманічнага чалавека. А далей няхай кожны сам для сябе вырашае, заставацца яму на пазіцыях свецкага светапогляду ці не. Але праз усё жыццё чалавек пранясе павагу да праваслаўя як да захавальніка сістэмы высокіх маральных хрысціянскіх стандартаў.

Алег Дзячэнка заўважыў, што ва ўмовах новых знешніх выклікаў, у тым ліку ідэалагічных, актуалізавалася задача па ўзмацненні духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі. У сувязі з гэтым на новы ўзровень выходзіць супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквы, якія ў рамках сацыяльнага партнёрства ажыццяўляюць шырокі комплекс ідэалагічных і выхаваўчых мерапрыемстваў.

Праз эмоцыі і пачуцці

«Духоўна-маральнае выхаванне павінна быць арганічна ўплецена ў адукацыйны працэс і складаць яго неад'емную частку, — лічыць рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — На развіццё духоўнасці, захаванне сямейных традыцый накіравана дзейнасць бацькоўскіх універсітэтаў, факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Асаблівую актуальнасць набывае дзейнасць рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні. За апошнія два гады іх колькасць павялічылася больш як у паўтара раза і дасягнула 65. Стварэнне цэнтраў працягваецца, іх развіццё ідзе эвалюцыйным шляхам з улікам рэгіянальных канфесійных асаблівасцяў, грамадскіх запытаў і мясцовых традыцый. Дынаміка росту станоўчая. Разам з тым трэба выпрацаваць адзіныя падыходы і патрабаванні да іх работы, забяспечыць адпаведнасць зместу мерапрыемстваў дзяржаўнай праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і ідэалогіі беларускай дзяржавы».

— Фарміруючы гарманічна развітую асобу, мы клапоцімся аб нашай будучыні, — падкрэсліў Алег Дзячэнка. — У сваёй рабоце нам трэба выкарыстоўваць сучасныя падыходы, укараняць новыя формы і метады. Патрэбная прафесійная і светапоглядная падрыхтоўка педагогаў. Важна, як і кім будуць данесены духоўныя асновы да кожнага дзіцяці. Педагогі павінны індывідуальна падыходзіць да кожнага дзіцяці, абавязкова ўцягваць у сваю работу бацькоў. У дапамогу нам усім — рэлігійны інструментарый, які праз эмоцыі, пачуцці і высокія словы дапаможа замацаваць хрысціянскі погляд на асобу, сям'ю і краіну.

У каштоўнаснай спадчыне праваслаўе назапасіла вялікі вопыт, і яго трэба выкарыстоўваць у выхаванні падрастаючага пакалення. Але хачу папярэдзіць: нельга ўсю работу перакладваць на плечы святароў. Работнікі рэсурсных цэнтраў павінны мець сваё прафесійнае бачанне, як акуратна падысці да вырашэння ўсіх пытанняў, не напужаць і не адштурхнуць дзяцей і іх бацькоў.

Верныя словы і верныя сэнсы

Фота аўтара

Дыстанцыйна да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат багаслоўя протаіерэй Фёдар ПОЎНЫ.

— Пачынаючы навучальны год, запаліце ў сабе агеньчык (нават калі ён тлее ці згас) у прадчуванні нязведанага, творчага, новага. У апошні час мы ўсё ўскладнілі, мы разбілі жыццё на працэсы, на сферы дзейнасці, так бы мовіць, разбілі чашу, а сабраць яе не можам. Навучанне і выхаванне — гэта не асобныя кірункі дзейнасці чалавека. Мы не выпадаем з жыцця на восем гадзін у суткі. І калі чалавек, тым больш настаўнік, педагог, не любіць сваю работу, сваё служэнне дзецям, значыць, ён не любіць і сваё жыццё. Неяк мне падумалася, а хіба дзеці ў школе вучацца? Не, не і яшчэ раз не. Дзіця ў школе пражывае свае найлепшыя гады, і, напэўна, цалкам натуральна, што ён хоча ўсяго самага сапраўднага, яркага і ідэальнага.

Магчыма, не ўсе падзяляюць маю думку, але я лічу, што дзеці даюць настаўнікам намнога больш, чым тыя — дзецям: яны аддаюць ім сваё дзяцінства, энергію, свой чысты погляд на свет. А мы, дарослыя, часта, вобразна кажучы, трансліруем ім свае шэрыя штампы, раўнадушша і асабістыя крыўды на жыццё. Між іншым, мы павінны вучыць мудрасці, накіроўваць іх энергію, а не падаўляць, павінны вучыць выбіраць праведны шлях. Праведны азначае правільны... Калі кожнае слова педагога будзе несці ў сабе ўнутраную сілу, перакананне, ідэю, яно будзе дзейсным.

Фёдар Поўны падкрэсліў, што рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні створаныя для таго, каб быць свяцільнямі, крыніцамі энергіі, творчасці і ініцыятыў. «Кажучы сучаснай мовай, рэсурсныя цэнтры — гэта батарэйкі, сервер, таму запальвайце перш за ўсё свае душы, — параіў ён. — Няхай агеньчык свеціцца ў вашых вачах, адчуваецца ў вашым жыцці. А як падтрымліваць агонь, спытаеце вы. Адказваю: ва ўзаемадзеянні, бо акумулятар аўтамабіля зараджаецца падчас руху. Калі пакінуць фары ўключанымі без работы рухавіка, акумулятар хутка разрадзіцца. А яшчэ святло гасне, калі адно са звёнаў у электрычным ланцугу рвецца. Вось і хачу пажадаць нам усім у новым навучальным годзе больш цеснага супрацоўніцтва і канструктыўных плённых зносін адзін з адным: з Царквой, з прадстаўнікамі мясцовай улады, ідэолагамі, педагогамі з розных школ, з сем'ямі дзяцей. Нам вельмі не хапае ўзгодненай работы рэсурсных цэнтраў і епархіяльных аддзелаў рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. Аддзелы гатовыя дапамагаць педагогам і прапаноўваць ім свае напрацоўкі. Плануйце сваю работу разам, і вы знойдзеце верныя словы і верныя сэнсы, менш будзе памылак. Думайце найперш пра людзей, так вашы справы стануць больш чалавечнымі, а мерапрыемствы, якія прапануеце моладзі, больш прыцягальнымі. Дэвіз сённяшняга дня — «Раіцца, раіцца і яшчэ раз раіцца!»

Беларускі народ — праваслаўны па поглядах, толькі гэта зусім не азначае, што мы недружалюбна ставімся да іншых нацый і канфесій, наадварот, толькі пры праваслаўнай большасці квітнее ў Беларусі міжканфесійны мір і дыялог. Гэта пераканаўча даказвае наша гісторыя. Я хачу ўсіх папрасіць — не ўкладвайце ў духоўнасць тое, што не з'яўляецца ёй. Не зводзьце рэлігію да абрадавасці. Раскрывайце яе дух, жывіце ім. Давайце самі будзем жыць тым, чаму мы вучым...»

Фота Яўгена Пясецкага

Ад практыкі — да навукі

На дзейнасці бацькоўскіх універсітэтаў спынілася ў сваім выступленні кансультант Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК:

— Мы не можам выхоўваць нашых дзяцей без шанавання сям'і, без захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, сфарміраваных у нашым грамадстве. Таму ставім задачу актывізаваць і ўдасканальваць дзейнасць бацькоўскіх універсітэтаў. Яны з'яўляюцца нашым бацькоўскім усенавучам, выконваюць ролю бацькоўскай асветы і сёння вельмі актуальныя. Нацыянальным інстытутам адукацыі і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам праведзена вялікая работа па распрацоўцы інфармацыйных матэрыялаў, сцэнарыяў правядзення бацькоўскіх універсітэтаў на ўсіх узроўнях адукацыі. Задачы прыцягнення мам і тат да дзейнасці школы павінны ставіцца перад усімі маладымі педагогамі. Бацькоўскі ўніверсітэт не можа дапускаць фармалізму, ён павінен быць жывым і практыка-арыентаваным.

Па словах Ларысы Емяльянчык, летась ва ўстановах адукацыі ствараліся асветніцкія саветы: «Задача на бягучы год — удыхнуць у іх свежае дыханне, пазначыць іх ролю і месца ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Як мы бачым, гэта павінны быць грамадскія кансультатыўныя саветы, куды ўвойдуць педагогі, бацькі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, святары».

Закранаючы дзейнасць рэсурсных цэнтраў, Ларыса Емяльянчык падкрэсліла, што яна павінна быць больш сістэмнай і мэтанакіраванай. Каардынацыяй работы па стварэнні і функцыянаванні рэгіянальных цэнтраў будзе займацца Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні, які дзейнічае на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Жыццё пастаянна дыктуе нешта новае, і трэба своечасова ўлавіць, што адбываецца, што неабходна развіваць і маштабіраваць на ўсю краіну. Практыка падштурховае да сур'ёзнай навуковай работы, звязанай з дзейнасцю рэсурсных цэнтраў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Запаліць сэрцы і душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.