Вы тут

Падрабязнасці сустрэчы Прэзідэнта з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы


Па прыбыцці кіраўніка дзяржавы ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, дзе адбылася размова са свяшчэннаслужыцелямі, Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі наведаў храм Сабора Усіх Беларускіх святых. Прэзідэнт і Мітрапаліт Веніямін запалілі свечкі. Па запрашэнні ўладыкі кіраўнік дзяржавы пабываў у бібліятэцы, дзе азнаёміўся з рэдкімі экзэмплярамі кніг, а таксама ў кабінеце, у якім працаваў Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Мітрапаліту Веніяміну за тое, што ўсё захавана ў першапачатковым выглядзе, і ўзгадаў свае сустрэчы з Філарэтам. 


Перад тым, як звярнуцца да Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, Аляксандр Лукашэнка выказаў словы падзякі Уладыку Веніяміну за запрашэнне прыняць удзел у Сінодзе, які з’яўляецца найвышэйшым органам упраўлення Беларускай праваслаўнай царквой. У склад Сінода па пасадзе ўваходзяць архіерэі, якія кіруюць праваслаўнымі епархіямі, размешчанымі на тэрыторыі нашай краіны. Узначальвае Сінод Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. 

«Міжканфесійны мір — найгалоўнейшае дасягненне Беларусі»

Як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у нашай краіне закладзены трывалыя асновы ўзаемадзеяння Беларускай праваслаўнай царквы і дзяржавы. «Інакш і быць не магло: гісторыя праваслаўя на беларускіх землях непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення нашай дзяржаўнасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тут, на стыку цывілізацый, не раз разгортвалася арэна ваенных дзеянняў. У такіх умовах вельмі складана было сфарміравацца і заявіць аб сабе асобнаму народу, не кажучы ўжо аб стварэнні дзяржавы. У беларусаў гэта атрымалася. Шмат у чым дзякуючы духоўнаму стрыжню продкаў. Таму ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат кропак судакранання». 

Прэзідэнт з жалем адзначыў, што сёння сусветнае праваслаўе перажывае няпростыя часы, і мы гэта вымушаны прызнаць. «Немагчыма без болю глядзець на рэлігійнае супрацьстаянне ў нашай брацкай Украіне: захоп храмаў, крымінальны пераслед святароў, барацьба за галоўную святыню нашага праваслаўя — Кіева-Пячэрскую лаўру, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Трагедыя разгараецца і на Святой Зямлі, якая мае сакральнае значэнне для ўсіх сусветных рэлігій. На жаль, мы бачым спробы ўцягнуць у гэты канфлікт як мага больш іншых краін і народаў».

Па словах Прэзідэнта, асаблівасцю Беларусі з’яўляецца тое, што цэнтры кіравання традыцыйных канфесій размешчаны за межамі краіны. «Як мы бачым, сёння шэраг з іх апынуліся ў эпіцэнтры ўзброеных канфліктаў, — дадаў ён. — Усе самыя кровапралітныя войны на зямлі пачыналіся на глебе рэлігійных рознагалоссяў. Гэтую карту і сёння разыгрываюць ідэолагі каляровых рэвалюцый і мецяжоў».

У такіх умовах, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, важна захаваць роўнасць правоў і дыялог паміж прадстаўнікамі ўсіх веравызнанняў. «Бо яшчэ Уладыка Філарэт адзначаў, што міжканфесійны мір — найгалоўнейшае дасягненне Беларусі, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Складаны знешнепалітычны кантэкст, на шчасце, не адбіўся на традыцыях добрасуседства і верацярпімасці беларусаў. Этнаканфесійныя адносіны ў нашай краіне характарызуюцца ўстойлівасцю і стабільнасцю».

Прэзідэнт адзначыў, што ў той жа час наша грамадства адчувае беспрэцэндэнтны ціск на ўзроўні ідэй і каштоўнасцяў. «З аднаго боку, гэта звязана з небывалымі тэмпамі развіцця тэхналогій (маю на ўвазе перш за ўсё ўкараненне штучнага інтэлекту, сучасныя сродкі камунікацый і іншае), — удакладніў ён. — З іншага, нам навязваюць загадзя дэструктыўныя, разбуральныя для грамадства і дзяржавы ідэі ўсёдазволенасці, спажывецтва, бяздзетнасці, ЛГБТ і іншыя».

«Справа Царквы — задаваць маральныя хрысціянскія арыенціры»

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што грамадства не паспявае выпрацоўваць агульнапрынятыя нормы паводзін, чалавеку складаней зрабіць правільны маральны выбар. «Многія шукаюць і не знаходзяць адказы на вечныя пытанні: хто я, навошта я, якое ўвогуле маё прызначэнне, — заўважыў ён. — На жаль, усё радзей за гэтымі адказамі людзі ідуць у царкву. Царква чакае, што людзі самі прыйдуць да Бога. Мне здаецца, што гэта працэс сустрэчны — і царква павінна зрабіць крок насустрач простаму чалавеку. Трэба вучыцца несці слова Божае так, каб яно было зразумела кожнаму. У грамадстве ёсць запыт на жывое дзейснае слова пастыра».

Дзяржава высока шануе агульнапрызнаны аўтарытэт нашых праваслаўных іерархаў. «Да вас прыслухоўваюцца мільёны нашых суайчыннікаў, — звярнуўся да прысутных кіраўнік краіны. — Таму сённяшняя сустрэча мае вялікае значэнне ў сучасных геапалітычных умовах і напярэдадні важных палітычных падзей і ўнутры нашай краіны. Мы памятаем, як у 2020 годзе некаторыя святары, на жаль, некаторыя і праваслаўныя, заняліся, мякка кажучы, палітыкай. Скажу, для гэтага ў дзяржаве ёсць спецыяльныя інстытуты і падрыхтаваныя людзі. Справа Царквы — задаваць маральныя хрысціянскія арыенціры».

Беларускі лідар прапанаваў пастарацца адказаць на пытанне: ці ўсё мы робім для таго, каб чужыя людзі з нядобрымі думкамі не ступілі ў нашы храмы, не сталі мяняць нашы ўстоі, дыктаваць, як нам жыць? «Як Прэзідэнт і кіраўнік шматканфесійнай дзяржавы, у якой Беларускай праваслаўнай царкве адведзена не галоўная, а асаблівая роля, хацеў бы пачуць, чаго не хапае Царкве і што яшчэ трэба зрабіць дзяржаве, дзе мы, магчыма, упусцілі сітуацыю, — дадаў ён. — Па-гаспадарску падысці да тых пытанняў, якія сёння трэба вырашаць. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: па-гаспадарску». 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якую практычную частку работы па лячэнні хвароб нашага грамадства святары гатовы ўзяць на сябе, і ці гатова сама Царква мяняцца, не змяняючы пры гэтым духоўным ідэалам і каштоўнасцям? Кіраўнік дзяржавы заклікаў членаў Сінода да грунтоўнай размовы. Пры гэтым акрэсліў галоўную ўмову — дыялог павінен быць сумленным, шчырым і адкрытым. 

«Царква робіць і будзе рабіць усё магчымае, каб зберагчы тое, што стагоддзямі вызначала сутнасць нашага народа»

Сваім бачаннем сучаснага свету падзяліўся і Мітрапаліт Веніямін. Таксама ён засяродзіў увагу на пытаннях, ад якіх, па яго меркаванні, залежыць будучыня нашай краіны і беларускага народа. 

Мітрапаліт Веніямін падкрэсліў, што асновай унутранай сілы нашага народа з’яўляецца хрысціянства. А для большасці — праваслаўе, якое прынесла на нашы землі не толькі высокія маральныя каштоўнасці, але і вызначыла саму ідэю дзяржаўнасці як агульнага служэння кожнага на сваім месцы. Патрыяршы Экзарх указаў на важнасць устанаўлення даверлівых адносін паміж уладай і народам, адзінства і імкненне да ўзвышэння маральнага і духоўнага жыцця як асновы міру і згоды ў грамадстве. Ён падкрэсліў, што царква робіць і будзе рабіць усё магчымае, каб зберагчы тое, што стагоддзямі вызначала сутнасць нашага народа, — традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, разумеючы, што іх разбурэнне прывядзе да страты духоўнага стрыжня, унікальных асноў нашай дзяржаўнасці. 

Патрыяршы Экзарх звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі шмат зроблена для таго, каб супрацьстаяць розным негатыўным з’явам. Ён выказаў удзячнасць Прэзідэнту за ўвагу да пазіцыі Беларускай праваслаўнай царквы ў пытанні замацавання палажэнняў аб духоўных асновах нашага грамадства ў Асноўным законе краіны, а таксама за запрашэнне прыняць удзел у абмеркаванні праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

«Супрацьстаянне ў духоўнай сферы — гэта барацьба на нябачным фронце, дзе нам прапануюць ідэі, сутнасць якіх часта схавана пад знешняй прывабнасцю, нават набожным ўбраннем, — перакананы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі. — Распазнаецца іх сапраўдная сутнасць часта толькі тады, калі з’яўляецца іх плён, неспрыяльны для нас, для грамадства».

У сувязі з гэтым Уладыка звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай — пры канчатковай дапрацоўцы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі яшчэ раз паглядзець на духоўную сферу нашага грамадства, яе абарону ад пагроз, што ўзнікаюць. Бо тут, як падкрэсліў Мітрапаліт Веніямін, неабходна працаваць на апярэджанне.

«Важна выхаваць сваіх яркіх, прывабных і нашых па духу маладзёжных лідараў»

Закрануў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і тэму патрыятычнага выхавання, якая глыбока хвалюе Царкву. «Перад дзяржавай і Царквой стаіць няпростая задача — выхаваць маладога чалавека так, каб у яго душы на ўсё жыццё зацвердзіліся ідэалы любові да бліжняга, вернасці, адданасці, ахвярнасці, — патлумачыў ён. — Такі падыход, несумненна, прынясе нам добры плён, дазволіць выхаваць сапраўдную, глыбокую, бескарыслівую любоў да Радзімы».

Мітрапаліт Веніямін расказаў аб тым, што ў апошнія гады Беларуская праваслаўная царква актывізавала ўзаемадзеянне з Міністэрствам адукацыі, Узброенымі Сіламі, іншымі сілавымі структурамі ў справе духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання. Па меркаванні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, калі гэта дзейнасць не будзе цесна ўвязана са сферай культуры і СМІ, то будзе вельмі цяжка абараніць нашу моладзь. Пры гэтым ён з жалем канстатаваў, што сучасныя дзеці, асабліва ў падлеткавым узросце, знаходзяць прыклады для пераймання не ў сям’і або школе, а сярод герояў TikTok ці куміраў масавай культуры. Мітрапаліт Веніямін падкрэсліў, што асаблівай увагі патрабуе інтэрнэт з яго ўнікальнымі магчымасцямі ў гульнявой, прывабнай форме прапагандаваць сярод дзяцей і моладзі як пазітыўныя, так і негатыўныя ўзоры паводзін.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адзначыў, што прыкладам сённяшняга дня з’яўляюцца спробы адраджэння паганства, якое, як правіла, актывізуецца ў перыяды нявызначанасці, няўпэўненасці ў будучыні і здольнае хутка ператварыцца з бяскрыўднага баўлення часу ў псеўдарэлігійны рух са стварэннем арганізаваных і нават ваенізаваных структур. Падобнае ўжо назіраецца ў суседніх краінах. Таму, па яго словах, так важна прапанаваць моладзі добрыя прыклады, выхаваць сваіх яркіх, прывабных і нашых па духу маладзёжных лідараў. На думку мітрапаліта Веніяміна, значным крокам для гэтага стала б вызначэнне маральных крытэрыяў у стварэнні тэлевізійных праграм, правядзенні масавых мерапрыемстваў, асабліва для дзяцей і моладзі. 

«Пазітыўную ролю закліканы адыграць і Грамадскі савет па маральнасці, які нядаўна аднавіў сваю дзейнасць па ініцыятыве Беларускай праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі, — дадаў Уладыка. — Хацелася б, каб яго больш актыўна падтрымалі дзяржаўныя органы». Мітрапаліт Веніямін звярнуў увагу на тое, што за апошнія гады ўзаемадзеянне дзяржавы, Царквы і грамадства істотна пашырылася, і запэўніў, што Беларуская праваслаўная царква і ў далейшым будзе прыкладаць намаганні для ўмацавання духоўнасці ў грамадстве.

Пра духоўную пандэмію, напаўняльнасць храмаў і жывое слова 

У размове з кіраўніком дзяржавы члены Сінода Беларускай праваслаўнай царквы закранулі шырокі спектр пытанняў. У прыватнасці, архіепіскап Феадосій, ганаровы настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Неспадзяваная Радасць» (г. Наваполацк) указаў на праблему брыдкаслоўя ў сучасным грамадстве. Па яго словах, гэта духоўная пандэмія, з якой неабходна змагацца.

Святар расказаў, што рос у пасляваенныя гады ў ваенным гарадку, але ні ў сям’і, ні ў вайсковай часці сярод салдат, ні ў школе ён не чуў брыдкаслоўя. «Цяпер гэта духоўная пандэмія, — падкрэсліў ён. — Лаюцца і мужчыны, і жанчыны, і старыя, і дзеці. І ў гэтым вялікая духоўная небяспека. Гэта няпростая сацыяльная і духоўная з’ява. Гэтае разводдзе разліваецца па нашай святой зямлі. Пара б звярнуць на гэта пільную ўвагу».

Архіепіскап Феадосій выказаў удзячнасць Прэзідэнту за ўвагу да Беларускай праваслаўнай царквы. Пры гэтым адзначыў, што цяпер няпросты час, які патрабуе ад кіраўніцтва краіны, усяго дзяржапарату, беларускага народа вялікіх намаганняў, каб захаваць стабільнасць і дабрабыт. «У гэты час выпрабаванняў на трываласць нашай дзяржавы Царква была і будзе побач з вамі», — запэўніў святар і нагадаў словы Уладыкі Філарэта, які казаў, што дзяржава — гэта цела народа, а царква — яго душа.

Закранулі падчас сустрэчы і тэму царкоўнай адукацыі. «Я ўвогуле прыхільнік адукацыі, асабліва царкоўнай, яна вельмі моцная, — заўважыў беларускі лідар. — Я не дарма казаў, што гэта не справа, калі ў нас стыпендыі — рубель — у вашых навучэнцаў і ў міру. Мы неяк ураўноўвалі і дагэтуль я кожны год падпісваю рашэнне аб даплатах выкладчыкам і нашым хлопцам, якія вучацца ў духоўных школах. Гэта вельмі важна. Я заўсёды падтрымліваў і буду гэта падтрымліваць, бо гэта вельмі добрая адукацыя. Там, акрамя адукацыі, яшчэ і выхаванне добрае — тое, чаго не хапае часам у мірскіх школах». 

Прэзідэнт звярнуў увагу і на тое, што не ўсе храмы напоўнены прыхаджанамі. «Ëсць праблема, давайце яе хаваць не будзем, — канстатаваў ён. — Тут нам трэба актывізавацца. Таму калі з’яўляюцца пытанні аб будаўніцтве новых храмаў, я задаю пытанне ўраду: «А мы тыя, дзясятак, пабудавалі?» «Не». У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы заклікаў святароў падумаць над тым, як прыцягваць людзей да храмаў. Проста размовамі, на яго думку, не атрымаецца. «Трэба быць бліжэйшымі да народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сітуацыя ў свеце няпростая. «Нам з людзьмі трэба размаўляць і даводзіць усё гэта, мала таго, і ў душу заглянуць, — канкрэтызаваў ён. — Акрамя Царквы, тут складана будзе камусьці гэта зрабіць. Таму я ўдзячны вам за гэтую сустрэчу, гэтую размову. Не бачу тут непераадольных праблем. Думаю, Уладыка, мы з імі справімся. Паглядзім, як гэта лепш зрабіць».

Па словах Прэзідэнта, перад грамадствам стаяць вельмі сур’ёзныя праблемныя пытанні. «Мы павінны іх аб’ектыўна глядзець і бачыць свае недахопы, — скіраваў ён. — Хочуць хаос стварыць, бо не хочацца шматпалярнага свету. Хочацца амерыканцам кіраваць светам, як раней. Але нам трэба прайсці гэты шлях. Мы прарвёмся. З Божай дапамогай». Але і самім варта рухацца, паведаміў беларускі лідар, і нагадаў вядомае: «На Бога спадзявайся, але і сам старайся».

У памяць аб сустрэчы, з удзячнасцю за шчырую і даверлівую размову, Уладыка перадаў у дар Прэзідэнту Біблію. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за падарунак і пагадзіўся, што ў сучасных умовах вельмі важнае жывое слова. «Яно нас уратуе і ад штучнага інтэлекту і іншага. Нам трэба размаўляць з людзьмі. Ад вас многае залежыць. Як ніколі жывое слова запатрабавана», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.