Вы тут

Сенатар Алег Дзячэнка расказаў асіповіцкім школьнікам пра экстрэмізм


У Магілёўскай вобласці працягваюцца сустрэчы навучэнскай моладзі са спікерамі з ліку парламентарыяў, грамадскіх дзеячаў, ветэранаў у фармаце ШАГ (школа актыўнага грамадзяніна). На гэты раз яна адбылася ў сценах асіповіцкай сярэдняй школы № 1. Яе ўдзельнікамі сталі вучні старшых класаў. Перад імі выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка.


Напачатку размовы сенатар прапанаваў сваім слухачам самім сфармуляваць, што азначае слова экстрэмізм і якія яно выклікае асацыяцыі. Прагучалі меркаванні, што гэта небяспека, прыхільнасць да радыкалізму, крайніх метадаў дзеяння.

— А ў вашым жыцці прысутнічае экстрым? — пацікавіўся спікер. — Напрыклад, зняць для сацыяльных сетак які-небудзь здымак, каб займець як мага больш лайкаў?

Пытанне выклікала ў зале гоман. Які ж малады чалавек не жадае папулярнасці? Але ж хапае прыкладаў, калі спроба зрабіць экстрэмальнае фота заканчваецца трагічна.

— Балансіроўка на краі заўсёды вельмі небяспечная, — аргументаваў Алег Дзячэнка. — Экстрэмізм можа быць у розных сферах — рэлігійнай, палітычнай, сацыяльнай, этнічнай. І ў кожнага свае метады, свае інструменты дасягнення эпатажнасці. Сэнс у тым, што яны крайнія. Палітычны экстрэмізм, напрыклад, пераследуе мэты разгайдаць палітычны лад. І дзейнічаюць радыкалы шляхам парушэння заканадаўства.

Сенатар нагадаў, што Беларусь шматнацыянальная краіна. У ёй пражывае каля 130 народнасцяў і нацыянальнасцяў. І ўсе яны суіснуюць у міры і сяброўстве. Гэта наш нацыянальны брэнд.

— Сутыкаць паміж сабой народы, гэта і ёсць экстрэмізм, — падкрэсліў ён. — Нацыянальныя і рэлігійныя пачуцці самыя найглыбейшыя. Мэта рэлігійнага экстрэмізму парушыць міжканфесійны і грамадзянскі мір і згоду, падарваць дзяржаўную бяспеку і тым самым разбурыць нацыянальную згоду краіны.

Выступоўца падзяліўся сваімі разважаннямі наконт парламенцкіх выбараў у Сербіі, дзе ён прысутнічаў у якасці міжнароднага назіральніка.

— Я бачыў тыя сілы, якія разгойдвалі там абстаноўку, фінансавалі незадаволеных, падбухторвалі на радыкальныя дзеянні, — паведаміў ён.

Небяспека крыецца ў тым, што экстрэмісцкія ідэі распаўсюджваюцца ў тым ліку і праз сацыяльныя сеткі. Аднаму нешта спадабалася, ён лайкнуў, звярнуў увагу на пост сваіх сяброў. І гэтак далей па ланцужку. Потым высвятляецца, што інфармацыя была экстрэмісцкай і забароненай для распаўсюджвання.

— Ты ўжо і не памятаеш, што лайкнуў, а гэта было злачынства, — аргументаваў дакладчык. — Рэпост ужо расцэньваецца як распаўсюджванне. Справакаваць можа хто заўгодна, але заўсёды ў сеціве застаецца след. У мабільніку ўсё празрыста. І прыйдзецца адказваць перад законам.

Сенатар параіў слухачам быць больш разважлівымі і пільнымі.

— У кожнай масавай бязладзіцы ёсць рэжысёр і свае правілы гульні, — удакладніў ён. — Ёсць вонкавыя экстрэмісцкія пагрозы і ўнутраныя. Тыя ж тэрарыстычныя акты для падрыву абстаноўкі ўнутры. Распаўсюджванне экстрэмісцкіх ідэй ідзе праз «Тэлеграм», «Цік-ток», іншыя сацсеткі. Тыя, хто жадаюць разваліць краіну, актыўна дзейнічаюць у тым ліку і праз месенджары.

Спікер паведаміў таксама, якія ў краіне выпрацаваны меры супрацьдзеяння экстрэмізму, якая існуе адказнасць.

— Каб быць паспяховымі, трэба добра вучыцца і развівацца, — падкрэсліў ён. — І нельга дапускаць таго, каб быць уцягнутымі ў сумнеўныя гульні. Іншымі словамі, трэба навучыцца быць годнымі грамадзянамі нашай краіны, сапраўднымі патрыётамі.

— Каштоўнасць праекта «Школа актыўнага грамадзяніна», які існуе ў краіне ўжо не першы год, садзейнічаць палітычнай сацыялізацыі маладых грамадзян, — рэзюмаваў Алег Дзячэнка. — У рамках праекта арганізуюцца сустрэчы з вядомымі палітычнымі, грамадскімі дзеячамі, ветэранамі вайны і працы. Для моладзі вельмі важна падсілкоўвацца ідэямі, якія садзейнічаюць выхаванню патрыятызму, пачуцця высокай грамадзянскай адказнасці, знаёмству з палітычнымі і гістарычнымі традыцыямі беларускага народа. Тэма экстрэмізму была абрана невыпадкова. Апошнім часам узрастае яго праяўленне ў маладзёжным асяроддзі. Таму мэтазгодна як мага часцей праводзіць такія сустрэчы з навучэнцамі, каб дэталёва пазнаёміць са зместам законаў аб супрацьдзеянні экстрэмізму і аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, якія былі прынятыя парламентам і ўступілі ў юрыдычную сілу ў 2021 годзе. Мы расказваем навучэнцам на канкрэтных прыкладах пра формы і метады дэструктыўнага ўздзеяння на іх свядомасць з боку інфармацыйных рэсурсаў, якія размешчаны ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, паказваем, што сёння з’яўляецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам экстрэмізмам, паказваем яго прыкметы і на канкрэтных прыкладах ілюструем, як гэта можа праявіцца ў іх жыцці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Асіповічы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.