Вы тут

«Нярэдка праблему ўдаецца вырашыць на месцы». Качанава аб прыёмах грамадзян


Людзі прыходзяць на прыём да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай пераважна пасля таго, як яны ўжо прайшлі пэўныя інстанцыі і не атрымалі адказу на пытанні, з якімі звярталіся, бо вераць, як неаднаразова даводзілася ад іх чуць, у яе чалавечнасць і справядлівасць. На прыёмы па асабістых пытаннях, якія праводзіць Наталля Качанава, як правіла, запрашаюцца службовыя асобы, кампетэнтныя ў рашэнні абазначаных праблем, а колькасць жадаючых трапіць на аўдыенцыю значна перавышае вызначаны на гэта ў рабочым графіку час. Тым не менш, старшыня заўжды працуе, пакуль не выслухае ўсіх, і гэты прыём не стаў выключэннем.


Цікава, што некаторыя пытанні людзей вырашаюцца, варта ім толькі запісацца на прыём да Наталлі Качанавай. Двое з заяўнікаў не прыйшлі менавіта з гэтай прычыны: пытанне аднаго ўрэгулявалі яшчэ да сустрэчы са старшынёй, а другому паабяцалі вырашыць намаганнямі ведамства, у якім працуе чалавек, які шукаў дапамогі на высокім узроўні.

— Часта мы нават не накіроўваем людзей далей, а вырашаем праблемы, якія ў іх узнікаюць, тут, на месцы, каб гэта было аператыўна і хутка. Аднак для сябе робім вывад, што нам трэба больш уважліва глядзець на заканадаўства, якое дзейнічае, і тыя нормы, якія, магчыма, ужо трэба недзе карэкціраваць. У прыватнасці, гэта датычыцца маёмасных адносін, пытанняў, якія датычацца прыватнага бізнесу. Абсалютна правамерна, што сёння пільная ўвага існуе і да пытанняў аховы здароўя, якія датычацца не толькі лячэння, але і рэабілітацыі. Гэта пытанні, пра якія міністэрства аховы здароўя ведае і ўжо займаецца сістэмай рэабілітацыі, якая павінна быць створана як на рэспубліканскім узроўні, так і ў нашых гарадах і раёнах, каб людзі маглі атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і аднавіцца пасля хваробы, якую яны перанеслі, — абазначыла Наталля Качанава.

Вырашылася і праблема пажылой жанчыны, якая ў 2016 годзе купіла ў Мінску кватэру за суму, эквівалентную 40 тысячам долараў, 30 з якіх яна прыдбала ад продажу сваёй старой кватэры, а 10 тысяч — збірала сама. Кватэру жанчына падарыла свайму непаўналетняму ўнуку. Са снежня 2022-га яе пачала пераследаваць падатковы інспектар, і вось ужо дзевяць месяцаў органы правяраюць даходы бабулі, паскардзілася яе дачка, якая прыйшла на прыём разам з маці. Апошняя вельмі хацела асабіста трапіць на прыём да старшыні Савета Рэспублікі.

— Прычапілася да маёй пенсіі, і я не разумею, чаму. Яна (жанчына з падатковай) не верыць у памер маёй пенсіі, прыслала мне даведку, дзе пенсія ў беларускіх рублях, але ж я атрымліваю расійскую пенсію, бо працавала там. Мы з дачкой паехалі ў Пскоў, атрымалі там даведку, а ў яе ўсё роўна пытанні, — паскардзілася жанчына.

— Мы ўжо сабралі ўсе даведкі, каб паказаць, што яна сама зарабіла ўсе гэтыя грошы і адкуль яна іх узяла, і што на пенсіі працягвала працаваць. Няўжо яна не магла сабраць за жыццё дзесяць тысяч долараў?! Аднак яе вымушаюць заплаціць пяць тысяч падаткаў за кватэру. Зараз мы яе афіцыйна здаём, — падтрымала матулю яе дачка.

У адказ на гэтую гісторыю Ігар СКРЫНІКАЎ, намеснік міністра па падатках і зборах папрасіў у жанчыны прабачэння і заўважыў, што падатковая не павінна была была распачынаць кантрольныя мерапрыемствы ў дачыненні да яе:

— Такія катэгорыі грамадзян увогуле не павінны трапляць у поле зроку кантролю. Па літары закона ў нас пытанні, канешне, былі. Але іншы момант, што не зусім карэктна нашы патрабаванні былі даведзены да заяўніка, і за гэта выбачаемся.

Наталля Качанава рэзюмавала, што на гэтым праверкі жанчыны скончыліся, і з падатковай яе больш з гэтым пытаннем непакоіць не будуць.

— Я са снежня, як гэта пачалося, спаць нармальна не магу, а сёння хоць засну спакойна, — з удзячнасцю сказала бабуля.

З чым яшчэ прыходзілі людзі да спікера верхняй палаты парламента, «Звязда» падрабязна раскажа ў наступным выпуску «Мясцовага самікіравання».

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.