Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Дэвізам у аграпрамысловым сектары з гэтага часу стане жалезная безумоўная дысцыпліна


Асноўным пытанням, якія стаяць перад айчыннай жывёлагадоўляў, быў прысвечаны семінар-нарада, які прайшоў у Салігорску. Эксперты і адказныя асобы дэталёва разгледзелі ўсе аспекты галіны, абмеркавалі перадавы досвед, абмяняліся меркаваннямі. У пленарным пасяджэнні семінара-нарады прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 


Абмеркаванне сельскагаспадарчых задач пачалося яшчэ па прылёце кіраўніка дзяржавы. Найперш ён пацікавіўся, як ідзе сяўба азімых ячменю і рапсу ў Мінскай вобласці. З верталёта Аляксандр Лукашэнка паспеў ацаніць ход работ, і ў яго ўзнік шэраг пытанняў да кіраўніцтва рэгіёна па тэрмінах уборкі кукурузы. Прэзідэнт даручыў віцэ-прэм’еру Леаніду Зайцу ўзяць гэтыя пытанні ў Мінскай вобласці на асаблівы кантроль.

Не сядзець склаўшы рукі 

Рэспубліканскія семінары па найбольш праблемных пытаннях асобных сфер эканомікі сталі ўжо сталі карыснай традыцыяй. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, жывёлагадоўля — важная для аграпрамысловага комплексу сфера, дзе назапасілася нямала праблем. «Упэўнены, знойдзем новыя кропкі прыкладання намаганняў для павышэння эфектыўнасці. Далей мірыцца з сітуацыяй, якая склалася ў жывёлагадоўлі нельга, трэба дзейнічаць, павышаць адказнасць кадраў за вынікі і галоўнае — узмацняць дысцыпліну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, жывёлагадоўля, у эканоміцы вёскі займае ключавую пазіцыю. У гэтым сектары вырабляецца больш за палову ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі, тут фарміруецца наш экспартны патэнцыял. «Усё, што мы робім у вёсцы, — значыць працуем на жывёлагадоўлю», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заўважыў, што пэўныя поспехі ў гэтай сферы ёсць. Уласную харчовую бяспеку мы забяспечваем цалкам, а летась на экспарце харчавання краіна зарабіла звыш 8 мільярдаў долараў, а за 8 месяцаў гэтага — больш за 4 мільярды. Але гэта далёка не тыя лічбы, якія мы можам мець. «Попыт на прадукты харчавання ў свеце, як усе вы ведаеце, вялізны, цэны растуць і будуць расці, адкрываюцца новыя рынкі. І сядзець склаўшы рукі ў такой унікальнай сітуацыі — проста злачынства», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Але, ён звярнуў увагу, што для таго, каб зарабляць больш, нам жыццёва неабходна падняць нашу сельскую гаспадарку на новы ўзровень. 

Прэзідэнт нагадаў, што тактычны план развіцця галіны распрацаваны яшчэ ў 2019 годзе. Былі прыняты важныя дакументы па напрамках развіцця, былі агучаны планы павелічэння прадукцыйнасці да 2025 года. «Прайшло больш за тры з паловай гады. Засталося зусім няшмат да абяцанага тэрміну. Глядзім, які вынік», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Фермы не патрэбныя, нам патрэбныя малочна-таварныя комплексы

Размову пачалі з малака. Тэмпы нарошчвання яго вытворчасці вельмі нізкія. За 2022 год дадалі ўсяго 1 працэнт да ўзроўню 2021-га (7,6 мільёна тон). «І, калі меркаваць аб’ектыўна, нават гэты сціплы рост забяспечылі Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Што да ўдояў, то сярэдняя прадукцыйнасць малочнага статка па рэспубліцы за 2022 год склала 5518 кілаграмаў. Павелічэнне ўсяго толькі на 2 працэнты за кошт тых жа трох абласцей. У Гомельскай і Магілёўскай ледзь-ледзь за 4000 перавалілі, а Віцебская і да 4000 не дацягнула (3960 кілаграмаў). Амаль чвэрць усіх вытворцаў малака па краіне і палова ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях надаілі ў сярэднім ад каровы менш за 3000 кілаграмаў. У 22 арганізацыях не дацягнулі да 1500.

Ёсць і асобныя рэкардсмены, якіх назваў Прэзідэнт: «Прадпрыемствы «Стаўбунскі» Веткаўскага раёна надаіла за год 1310 кілаграмаў ад каровы, «Сасновы бор» Чавускага раёна — 1187. І абсалютны антычэмпіён — «Пціч-Агра» Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Там увогуле 1018 кілаграмаў. «Гэта ўжо нават карова, а каза. Раз яе да такога стану давялі, дзе ж яна будзе малако даваць», — заўважыў Прэзідэнт. 

Статыстыка бягучага года таксама не дае аптымізму. Ён звярнуў увагу, што наплявацельскае стаўленне да справы на месцах можа звесці на нішто ўсе намаганні, якія робіць дзяржава для развіцця малочнай вытворчасці. Аў мадэрнізацыю галіны ўкладзены каласальныя інвестыцыі. Палова ўсіх малочнатаварных ферм (1600) аснашчана самымі сучаснымі тэхналогіямі, там размешчана больш за 65 працэнтаў дойнага статка і вырабляецца больш за 70 працэнтаў малака. «Значыць, падцягваць да такога ўзроўню будзем і астатніх, як бы яны не ўпіраліся. Мадэрнізацыю жывёлагадоўчых аб’ектаў неабходна працягваць. У гэтых мэтах прыняты Указ аб будаўніцтве (рэканструкцыі) у 2023–2024 гадах па 10 малочнатаварных комплексаў у кожнай вобласці. То бок мы павінны пабудаваць у кожнай вобласці 10 малочнатаварных комплексаў», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

Але мала пабудаваць добры будынак і ўстанавіць найноўшае абсталяванне. Трэба ўкамплектаваць комплекс. І тут, як ён звярнуў увагу, ёсць некаторая неразбярыха: «Ферм быць не павінна, мы павінны фермы пераўтвараць у малочна-таварныя комплексы, дзе будзе комплекснае абслугоўванне гэтай каровы, дзе ее доім, дзе яе асемяняюць, дзе цялят атрымліваюць, тут жа цялят ставім. Яны не дохнуць, як зараз, а ставім асобна, дарошчваем і адпраўляем кудысьці. І тут жа магчыма ўзнаўленне гэтага статку. То бок комплекс мерапрыемстваў. І гэтым усё адрозніваецца ад ферм, якія ў нас зараз ёсць», — растлумачыў ён для тых, хто яшчэ не разумее. 

«Старшыні аблвыканкамаў, з сённяшняга дня будзем лічыць, што гэтыя новыя малочнатаварныя комплексы — вашыя асабістыя інвестпраекты. Паглядзім на аддачу», — папярэдзіў ён. 

Пастаўлены канкрэтныя задачы. Выконвайце!

Наступным пытаннем стала мясная жывёлагадоўля. За мінулыя 10 гадоў пік поспеху прыпаў на 2020 год — мы атрымалі амаль 1,76 мільёна тон мяса і птушкі. Але ў далейшым чамусьці не змаглі ўтрымаць дасягнутую планку. У 2022 годзе вытворчасць буйной рагатай жывёлы знізілася ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Павысіць тэмпы вытворчасці малака і мяса без павелічэння пагалоўя немагчыма, а яно зніжаецца: за 5 гадоў больш як на 100 тысяч галоў, у тым ліку ў 2022 годзе — амаль на 22 тысячы. 

Асноўная прычына — падзеж жывёлы. У 2021 годзе ён склаў па краіне 102,8 тысячы галоў. У 2022-м — 111 тысяч галоў. «Гераічна змагаліся», — іранічна заўважыз Прэзідэнт. У мінулым годзе рост гэтага паказчыка — у 69 раёнах усіх абласцей рэспублікі. Прычым самыя высокія лічбы былі ў Старадарожскім (рост у 3 разы і Салігорскім (у 2,2 раза) раёнах Мінскай вобласці, Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці (у 2 разы). І сёлета рост падзяжу дапушчаны ў 53 раёнах рэспублікі, а ў 14 раёнах ён перавысіў леташні ўзровень у 1,5 раза! Напрыклад, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці падзеж вырас амаль у 3 разы, у Краснапольскім раёне Магілёўшчыны — у 4! 

Па заключэнні ўсіх кантралюючых органаў, прычыны банальныя: парушэнні тэхналогій утрымання, безгаспадарчасць і адкрытае разгільдзяйства. Жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, адсутнічае падсцілачны матэрыял, не ўбіраецца своечасова гной, не выконваюцца рацыёны кармлення і тэмпературны рэжым. Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе даручаў ураду сумесна з губернатарамі распрацаваць план па кожным раёне, распісаць, як і ў якія тэрміны ў іх будзе наведзены парадак. «Але складваецца ўражанне, што меры прыняты толькі на паперы», — заўважыў Прэзідэнт. Летась узбуджана 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу. Сёлета — ужо 205. «Думаю, разумна ў далейшым кожную ферму замацаваць за канкрэтным работнікам райвыканкама, а раён — за работнікам аблвыканкама. Паіменна. Каб у далейшым адразу было зразумела, каго ўзнагароджваць, калі справы ідуць добра, і з каго пытацца, калі дрэнна. У прынцыпе, гэта вашы праблемы, як вы будзеце арганізоўваць гэты працэс», — прапанаваў беларускі лідар.

Ён таксама заўважыў, што ёсць праблемы і ў свінагадоўлі, якія былі дэталёва разгледзелі нядаўна на нарадзе. «Пастаўлены канкрэтныя задачы. Выконвайце! Спытаем сур’ёзна!», — папярэдзіў Прэзідэнт. «Бракуе адказнасці, але яна будзе. Не хочаце ваяваць — працуйце. Усё з гэтага пачынаецца», — заўважыў ён.

«Калі не ўкамплектуеце комплексы, я „разукамплектую“ ваш састаў»

Што да буйной рагатай жывёлы, то па словах Аляксандра Лукашэнкі, кульгае пытанне ўзнаўлення статка. Па яго словах, павышэнне прадуктыўнасці павінна быць забяспечана ў тым ліку і за кошт сістэмнай селекцыйна-племянной работы. «Навукоўцы лічаць, што эфектыўнае ўзнаўленне можа быць пры нараджэнні 95 цялят на 100 кароў. І калі ў 1990 годзе ў Беларусі гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 90 цялят, у тым годзе, калі ў нас не было такіх магчымасцей і тэхналогій — 90. То апошнія гады мы атрымліваем толькі 72 — 75 цялят на 100 кароў. Ды і тых зберагчы не можам», — сказаўАляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргею Барташу скааперыравацца з Акадэміяй навук, і распрацаваць у краіне эфектыўную і даступную тэхналогію. «Павялічвайце племянны статак. Ну не справа, што да гэтага часу застаюцца не ўкамплектаваны жывёлай пабудаваныя і рэканструяваныя фермы. Асобныя — ужо больш за 5 гадоў. Комплексы пабудавалі, а 6 гадоў не можам укамплектаваць. Гэта што такое?», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. 

Паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю недаўкамплектавана амаль 16 тысяч жывёла-месцаў. «Навошта будавалі», — запытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён паставіў задачу пад персанальную адказнасць міністра, урада і губернатараў да канца 2023 года ўкамплектаваць фермы і забяспечыць прырост малочнага статка. «Калі вы гэта не зробіце, калі не ўкамплектуеце гэтыя комплексы, я вам абяцаю: я „разукамплектую“ ваш састаў. Рашучасці ў мяне хопіць. Заігрываць з вамі я гэтага ніколі не рабіў і не буду, якія б электаральныя кампаніі перад намі не стаялі. Інакш пахаваем краіну. Скацімся да таго, што не 8 мільярдаў экспарту, а свой народ не будзе чым накарміць», — папярэдзіў Прэзідэнт.

Малако ў каровы на языку

«Ні адна жывёла не зможа быць прадуктыўнай і рэалізаваць генетычны патэнцыял без паўнавартаснага, падкрэсліваю, паўнавартаснага харчавання, нават пры ідэальных умовах утрымання», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у мінулым годзе нарыхтоўку кармоў адкрыта завалілі. У гэтым сітуацыя яшчэ горшая. На 1 верасня нарыхтавана каля 7 мільёнаў кармавых адзінак, або менш за 90 працэнтаў да леташняга ўзроўню. Пакуль на 10 працэнтаў адстаём ад мінулага не самага лепшага года. Забяспечанасць кармамі на ўмоўную галаву жывёлы склала 16,2 цэнтнера кармавых адзінак супраць амаль 19 цэнтнера ў мінулым годзе. Найгорш ідуць справы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. 

«Мужыкі, зіма побач. Такога верасня ў кастрычніку не будзе, Бог не падорыць нам такое надвор’е. І такая дынаміка нарыхтоўкі кармоў прывядзе да таго, што на асобных фермах карміць проста не будзе чым. Я ж разумею, што ў верасні ўжо цяжка паправіць тое, што ўпусцілі за лета. Дык вы падумайце, як забяспечыць тыя гаспадаркі кармамі і якімі кармамі, каб зімой не перакідваць, каб гераічна караваны не ішлі і мы не вазілі паветра з аднаго рэгіёна ў іншы, я маю на ўвазе сянаж або сілас», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Навукоўцы сумесна з Мінсельгасхарчам распрацавалі больш за 50 рэгламентаў для ўсіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі. Але, як заўважыў, Прэзідэнт, чамусьці на практыцы няма ні рэгламентаў, ні кармоў, ні збалансаваных рацыёнаў. У выніку мы ўпускаем выгаду ў мяса-малочнай сферы.

«Патрабую ад кожнай вобласці прытрымлівацца распрацаванай структуры пасеваў, выканання тэрмінаў і тэхналогій нарыхтоўкі кормаў. А іх высокую пажыўнасць можна атрымаць, толькі працуючы сістэмна. Усім разам. Хай стараецца ўся вертыкаль — ад агранома да адказных чыноўнікаў, замацаваных у аблвыканкаме, каб паўтарагадовы запас кармоў быў у кожнай гаспадарцы. Жалезна. І забяспечце на ўсіх фермах паўнавартасны рацыён з дастатковай колькасцю пажыўных дабавак. Для гэтага ўсё ёсць», — канстатаваў беларускі лідар. Ён нагадаў, што ў краіне пабудавана сучасны БНБК — комплекс па вытворчасці амінакіслот і камбікармоў проста касмічнага ўзроўню. «Ён цалкам у вашых руках. Рэгулюйце ўсё, пачынаючы ад кадраў і заканчваючы цэнамі. Толькі трэба збалансаваць рацыёны. Канцэнтраты нельга раздаваць уручную, „на вока“. Інакш будуць і страты ў пагалоўі, і прадуктыўнасць на мінімуме, і перарасход дарагіх прэміксаў», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з тых гаспадарак, дзе не могуць утрымаць жывёлу ў належным стане, трэба перакідваць скаціну туды, дзе гэта могуць рабіць і дзе не хапае галоў. Асабліва гэта важна ў зімне-стойлавы перыяд. «Я апошні раз вас папярэджваю. Гэта ж элементарна. У нас жа дыктатура, у нас яшчэ калгасы, саўгасы, у нас яшчэ няма гэтай рынкавай разбэшчанасці. Дык прымайце рашэнні і дзейнічайце. Дзе старшыні райвыканкамаў? Ну да гэтага звяна мы яшчэ вернемся, прынцыпова і сур’ёзна. Старшыні райвыканкама за губернатарамі ўвогуле не відаць, кругавая парука», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. 

Гэта наша шчасце, што ў нас ёсць перапрацоўка

Ключавой задачай птушкагадоўлі Аляксандр Лукашэнка назваў неабходнасць знізіць залежнасць галіны ад імпарту — да гэтага часу не маем альтэрнатывы імпарту куранят для вытворчасці інкубацыйных яек. Па яго словах, неабходна забяспечыць сябе ўласнай племянной прадукцыяй. Ён даручыў стварыць селекцыйна-генетычны цэнтр, як гэта ёсць у жывёлаводаў. «Паўгода вам на распрацоўку бізнес-плана, і у наступным годзе гэта трэба зрабіць. Давайце збяром гэтыя капейкі і пабудуем гэты цэнтр, у рэшце рэшт і птушкафабрыкі ў нас нябяденыя». 

«Менавіта ў жывёлагадоўлі, а дакладней, у перапрацоўцы сёння сканцэнтраваны рэзервы беларускай вёскі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, узровень, загрузкі вытворчых магутнасцяў па мясе і каўбасе ў 2022 годзе склаў усяго каля 70 працэнтаў, па натуральнамалочнай прадукцыі — толькі 60. «Колькі тон малака, мяса і мільярдаў рублёў мы недаатрымалі ў выніку?», — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Гэта шчасце нашае, што ў нас ёсць перапрацоўка. Гэта значыць, што мы ад зямлі можам атрымаць колькі заўгодна прадукцыі і яе перапрацаваць», — сказаў ён.

Будуць нармальныя кадры — будзе вытворчасць

Сістэмаўтваральнай праблемай усёй галіны кіраўнік дзяржавы назваў кадравы дэфіцыт. Па яго словах, да рашэння кадравай праблемы трэба падключыць усіх. «Прэзідэнт падкрэсліў, што праца кіраўніком на зямлі — гэта вельмі добрая праца. Але трэба ўпірацца самому і прымушаць іншых працаваць. «Трэба, каб жыллё было і зарплата нармальная. Не можа быць такой сітуацыі, каб мы не маглі ў гаспадарцы зарплаты нармальнай заплаціць 8-10 работнікам. Не можа гэтага быць. Не можаце, няхай няхай губернатары і старшыні райвыканкамаў са свайго фонда, са сваіх кішэняў падтрымліваюць гэтыя гаспадаркі. Кадравую праблему трэба вырашаць», — заявіў Прэзідэнт. Па яго словах, гэта не справа, калі ў ВНУ рыхтуюць мэтавікоў, а на месцах застаецца не больш за палову маладых спецыялістаў. Прэзідэнт даручыў камітэту дзяржаўнага кантролю гэтую праблему падняць і праверыць, дзе гэтыя людзі і хто дазволіў ім не працаваць. 

«Трэба працаваць са школьнікамі і студэнтамі, тым больш жадаючых дастаткова. Акрамя адміністрацыйных мер у кожнай гаспадаркі павінна быць сістэма замацавання кадраў. Думайце, чым прыцягнуць і ўтрымаць моладзь — ад жылля да ўзорна-паказальных умоў працы. Калі не вырашым праблему дэфіцыту кваліфікаваных кадраў, эканоміка вёскі так і будзе асядаць», — акрэсліў задачы кіраўнік дзяржавы. 

«Дэвізам у аграпрамысловым сектары з гэтага часу стане жалезная безумоўная дысцыпліна. Працоўная, фінансавая і тэхналагічная. Калі трэба пасеяць да 20-25 чысла — памрыце, але пасейце. Не трэба шалтай-балтай: „заўтра-паслязаўтра будзе яшчэ цёпла“. Не будзе цёпла. Пасля гэтага цяпла будуць калі не лютыя маразы, то будзе такая тэмпература, што ніякія расліны расці і развівацца не будуць. Своечасова трэба пасеяць, — сказаў Прэзідэнт, — Зімой адпачнем, такую нашу сялянскую працу, цяпер адпачываць нельга», — дадаў ён. Дысцыпліну ў аграпрамысловым комплексе беларускі лідар назваў элементарным, чаго можна дасягнуць. 

Якія даручэнні даў Прэзідэнт адказным за жывёлагадоўлю?

Ураду сумесна з Мінсельгасхарчам, старшынямі аблвыканкамаў, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі пад жорсткім кантролем праваахоўных і кантралюючых органаў Прэзідэнт даручыў забяспечыць: 

Першае — жорсткае выкананне патрабаванняў заатэхнічных і ветэрынарных норм утрымання і кармлення жывёлы і птушкі; Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што не ў кожнай гаспадарцы, асабліва адсталай, ёсць ветэрынарная служба ці ветурач і зацягнуць іх туды складана. Але ён прывёў прыклад Віцебскай вобласці, дзе стварылі інтэграцыйныя структуры, аб’яднаўшы некалькі гаспадарак і сканцэнтраваўшы на галаўным прадпрыемстве спецыялістаў, асабліва ветурачоў. І гэтыя спецыялісты аб’язжаюць усе гаспадаркі. «Шукайце формы і метады падтрымаць гаспадаркі тыя, у якія мы заўтра на аркане не зацягнем спецыялістаў. Яны павінны працаваць», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Другое — недапушчэнне непрадукцыйнага выбыцця (падзяжу) жывёлы.

«Мужыкі, не крыўдуйце, апошняя размова на гэтую тэму. У вас ёсць чацвёрты квартал, вы ўваходзіце ў зімова-стойлавы перыяд. З 1 студзеня будзе вельмі цяжка тым, хто мяне не пачуў або зрабіў выгляд, што не пачуў», — папярэдзіў Прэзідэнт. 

Трэцяе — нарыхтоўку кармоў пад поўную патрэбу грамадскай жывёлагадоўлі з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў і галіновых рэгламентаў.

«Галоўнае — гэта якасць. Вы можаце зараз скасіць кукурузу, здрабніць яе добра, але калі вы яе не ўтрамбуеце і кансерванту не ўнясеце як след па тэхналогіях, у вас будзе не сілас, не сянаж, а гнілаж — а гэта злачынства», — заявіў беларускі лідар.

Чацвёртае — павышэнне эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўлі на аснове селекцыйна-племянной работы. 

Пятае — пастаўкі жывёлы на перапрацоўку ў мэтах загрузкі сыравінай вытворчых магутнасцей мясакамбінатаў, выключэнне злачынных схем пры рэалізацыі жывёлы.

«Так, як вы, губернатары са старшынямі райвыканкамаў, „намалявалі“, так павінна быць. Для вас няма дзяржаўных прадпрыемстваў, кааператываў або прыватных — усё гэта ваша. Усе павінны быць у аднолькавых умовах», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Шостае — навядзенне ў гаспадарках парадку ў бухгалтарскім уліку, у тым ліку ў першасным уліку руху жывёлы, і статыстычнай справаздачнасці.

Сёмае — укамплектаванне сельскагаспадарчых арганізацый зоаветэрынарнымі спецыялістамі і працоўнымі кадрамі;

«Апошняе трэба аддаць, але 5-6 кіраўнікоў, галоўны аграном, галоўны заатэхнік, ветурач — павінны быць забяспечаны ўсім неабходным», — патрабуе беларускі лідар. 

Восьмае — няўхільнае выкананне работнікамі сельгасарганізацый правіл унутранага працоўнага распарадку, працоўнай дысцыпліны, устаноўленых патрабаванняў да працэсаў вытворчасці і якасці прадукцыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў кіраўнікоў павінна быць сістэма. І ўсе спецыялісты павінны працаваць столькі, колькі патрэбна. Прэзідэнт таксама запатрабаваў берагчы тэхніку, паводле яго слоў, гэта шалёныя грошы і ў будучым сельгаспрадпрыемствам ніхто столькі грошай даваць не будзе, дзяржаве трэба займацца сваімі пытаннямі. «Дысцыпліна, працоўны дзень, распарадак — гэта аснова ўсяго», — заявіў беларускі лідар.

Гэта наш брэнд — чысціня і парадак

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праблемы, якія ён абазначыў, спецыялісты сельскай гаспадаркі ведаюць лепей, бо яны сутыкаюцца з імі кожны дзень. «Вы бліжэй да гэтага. Дзейнічайце. Калі нехта перашкаджае — да мяне вельмі проста дастукацца», — сказаў ён. Прэзідэнт таксама параіў новаму міністру сельскай гаспадаркі і харчавання разгортвацца вельмі актыўна, нягледзячы ні на што. Ён параіў Сяргею Барташу нікога баяцца. 

Парада кіраўнікам гаспадарак: вучыцца ў больш паспяховых калег, пытацца, абменьвацца досведам, рыхтаваць маладыя кадры. 

«На нас усё глядзяць і захапляюцца. Дык давайце будзем падтрымліваць гэту марку. Мы гэта не павінны страціць. Гэта наш брэнд — чысціня і парадак, і нармальная прадукцыя. Давайце, мужыкі, гэта зробім», — сказаў беларускі лідар.

Закопваць грошы ў зямлю ніхто не будзе

Намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц прадставіў вынікі работы і стратэгіі развіцця галін жывёлагадоўлі. Задачы, пастаўленыя перад галіной, віцэ-прэм’ер лічыць рэальнымі і дасягальнымі, асабліва з улікам існуючай матэрыяльна-тэхнічнай базы ў жывёлагадоўлі. «Кожны год мы прыбаўляем новымі комплексамі, пагалоўем і прадуктыўным пагалоўем. Так, ёсць недахопы, і іх нямала. Але мы разумеем, што неабходна з імі змагацца і ўсе настроены на тое, каб гэтыя паказчыкі былі пацверджаны. Гэта не касмічныя, не зааблочныя паказчыкі, а сярэднестатыстычныя па галіне вынікі — 2, 1 млн т мяса, я лічу, цалкам рэальна мы можам вырабіць, як і 10, 5 млн т малака», — сказаў ён.

У сваю чаргу губернатар Гродненскай вобласці Уладзімір Каранік звярнуў увагу, што цэны на малако на міжнародным рынку падаюць і для таго, каб забяспечыць рэнтабельную перапрацоўку, трэба зніжаць закупачны кошт. Таму, па словах кіраўніка рэгіёна, адкорм і утрыманне жывёлы павінна быць эканамічна абгрунтаваным. Прэзідэнт пагадзіўся і падкрэсліў, што галоўнае, каб быў вынік. Ён настойвае на тым, што сёння трэба лічыць грошы, тым больш, што яны неабходныя на розныя важныя рэчы. 

«А бачыце, як сёння бамбяць Расію? Бачыце, беспілотнікі лётаюць туды-сюды. Найцяжкае, новае пытанне... Вось я і думаю: меліярацыю праводзіць, апрацоўваць, новыя землі ўводзіць (вы зараз не можаце апрацаваць тое, што ёсць) або змагацца з гэтымі беспілотнікамі. Страшная зброя. Вось з Пуціным абмяркоўвалі. гэта шалёныя грошы! Але жыццё ж даражэйшае», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што падтрымліваць сельскую гаспадарку ў краіне, вядома ж, будуць, але проста так закопваць грошы ў зямлю не стануць. «І справу мець з тымі з вас, хто працаваць не хоча, мы таксама не будзем. Не таму што я злы чалавек. Таму што іншага няма шляху: трэба захаваць краіну», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Яшчэ здзіўляюся, як нам удаецца, — вакол бушуе ўсё — сёння сядзець і разважаць на тэму свінагадоўлі. Як шашлыкі падсмажыць, яшчэ чагосьці. Людзі пра гэта ўжо забыліся, нават у багатых краінах. Вазьміце: „Польшча, ах, Польшча!“ Ну і што Польшча? Вось Юрый Вітольдавіч і Уладзімір Сцяпанавіч (губернатары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей) там побач, яны ведаюць. Ну што Польшча? Дык гэта ж амерыканцы ўвальваюць шалёныя грошы», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што цяпер польскі бок пачаў канфліктаваць з Украінай. Спачатку Польшча падтрымлівала Уладзіміра Зяленскага, а зараз рэзка крытыкуе партнёраў. «Вы думаеце, што Польшча проста так сёння цісне гэту бедную Украіну? Ды не, ужо з-за акіяна адмашку далі: трэба ўжо зліваць гэтага Зяленскага, надакучыў ён. Заўтра выбары ў Амерыцы, ніхто і глядзець не будзе на гэта. А нам трэба абараніцца. Таму што мы не ведаем, што чакаць ад гэтых шалёных палітыкаў Польшчы», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Таму вы зразумейце: грошай лішніх няма. І за кожную капейку спытаем. Я не кажу, што мы там нешта не зробім. Мы руплівыя людзі. Але сёння, мужыкі, гэтага мала. Я не патрабую ад вас космасу ў сельскай гаспадарцы. Вось ліквідуйце тыя вузкія месцы, якія сёння ёсць. Вырашыце тыя праблемы, якія на паверхні. І для нашага пакалення з вамі будзе дастаткова. І калі паабяцалі — рабіце. Дзейнічайце далей», — паставіў задачы кіраўнік дзяржавы.

«Трэба як дзіця насіць гэту карову і цялятка»

Аб навуковым суправаджэнні галін жывёлагадоўлі расказаў Дзмітрый Багдановіч, генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі. Па яго словах, айчынная малочная жывёлагадоўля валодае патэнцыялам да 2030 года вырабіць малака ў аб’ёме 10,5 мільёна тон. Дзмітрый Багдановіч расказаў, што пачаты комплекс работы па стварэнні новай пароды чырвонай малочнай беларускай селекцыі. «Тлустасць малака ў гэтай пароды на ўзроўні 4,6 працэнта, утрыманне бялку не менш за 3,8 працэнта», — далажыў вучоны. Па яго словах, каровы гэтай пароды разводзяцца ў чатырох гаспадарках краіны. Адна з іх — «Вусце» ў Аршанскім раёне.

Прэзідэнт нагадаў, што на першай стадыі рэалізацыі праекта ўзнікла шмат праблем. «Вы ўзялі грошы, навукова абгрунтавалі, завезлі жывёлу, комплекс папрасілі вам зрабіць... Зрабілі ідэальна, я быў, калі яго адкрывалі. Усё там па тэхналогіі. Тое, што скаціна нядрэнная, я ў гэтым пераканаўся сам. І малако ў іх добрае. Але іх трэба як дзіця насіць, гэтую карову і цялятка. Там няма спецыялістаў нармальных. Паставілі — і будзем карміць, як кармілі ў гэтым „Вусці“ заўсёды. А „Вусце“ арыентавана больш на лён, чым на скаціну. І так вось загубім жывёлу. Таму займіцеся прынцыпова гэтым пытаннем. Патрэбен добры спецыяліст, які б там дняваў і начаваў для таго, каб гэтую не загубіць пароду», — паставіў беларускі лідар. 

«Пакуль мы безгаспадарліва да гэтага ставімся. Добрую справу пачалі, але на стадыі рэалізацыі загубілі: не туды павезлі, не так кармілі, не так утрымлівалі. А чаму? Не маглі? Маглі! Жалезная павінна быць дысцыпліна! Сказана карміць сенажом — карміце! Сказана столькі канцэнтратаў — дадавайце! Сказана саломай карміць — карміце! А там гэтага няма», — рэзюмаваў ён. 

Дзмітрый Багдановіч таксама звярнуў увагу, што для рэалізацыі генетычнага патэнцыялу і прадуктыўнасці малочнай жывёлы неабходна нарыхтоўку травяных кармоў давесці да 45 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Пакуль у сярэднім нарыхтоўваецца каля 20 цэнтнераў і гэта асноўны стрымліваючы фактар развіцця малочнай прадукцыі.

На Міншчыне будзе пабудавана 10 малочна-таварных комплексаў

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын далажыў аб развіцці галіны ў Мінскай вобласці. У прыватнасці, ён спыніўся на малочнатаварных комплексах. Па словах Аляксандра Турчына, сярэдні кошт будаўніцтва малочнатаварнага комплексаў Мінскай вобласці ацэньваецца ў 8-9 мільёнаў рублёў. Ён таксама расказаў, пра структуру фінансавання комплекса. Дзяржаўная падтрымка складае амаль 7 мільёнаў рублёў. Астатняя частка гэта ўласныя сродкі прадпрыемства. Губернатар удакладніў, што Указ нумар 442 па кожнай вобласці вызначае будаўніцтва дзесяці МТК, пад гэтыя праекты выдзяляюцца рэсурсы. «Мы прапануем, каб у рамках гэтага ўказа кожны год на працягу пяці гадоў рэсурсы з рэспубліканскага бюджэту выдзяляліся на аналагічных умовах», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, колькі будзе ўласных сродкаў, крэдытных рэсурсаў і якой будзе бюджэтная падтрымка. «Як мінімум каля 30 працэнтаў ад агульнай сумы (1,7 мільярда рублёў) — гэта бюджэтная падтрымка. Пакуль у большым аб’ёме разлічваем на бюджэт вобласці. Калі мы гаворым пра свінагадоўлю — гэта могуць быць у адным выпадку крэдытныя рэсурсы КНР. Калі гаворым аб птушкагадоўлі — гэта крэдытныя рэсурсы і ўласныя сродкі. Асноўная бюджэтная падтрымка ў нас накіроўваецца на будаўніцтва малочнатаварных комплексаў», — далажыў Аляксандр Турчын.

Сакрэт поспеху — чатыры «к»

Сітуацыю з жывёлагадоўляй у адным з самых паспяховых у гэтай сферы Гродзенскім раёне акрэсліў яго кіраўнік Валерый Хельскі. Тут ад каровы надаілі 9 тысяч тон малака. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, у чым прычыны такіх добрых паказчыкаў. Валерый Хельскі адказаў, што першая прычына — гэта штогадовая добрая кармавая база, другая — стабільныя кадры і трэцяя — вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна. Як заўважыў Прэзідэнт, нават на звычайнай базе можна расці, не прыбягаючы да складаных навуковых метадаў. «Галоўнае своечасова карміць, своечасова даіць і на работу прыходзіць у час», — канстатаваў ён. 

Аб тым як развіваецца галіна малочнай і мясной жывёлагадоўлі ў ААТ «Астрамечава» Брэсцкага раёна расказаў дырэктар прадпрыемства Алег Бурак. Гэта прадпрыемства — адзін з лідараў жывёлагадоўлі не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў краіне. Па словах кіраўніка прадпрыемства, сакрэт заключаецца ў «чатырох к»: кадры, карова, кармы і камфорт. «Калі адзін з гэтых фактараў выпадае, то аб далейшай эфектыўнай рабоце ў галіне можна забыцца. Таму ў нас у асноўным упор робіцца на гэтых чатырох фактарах», — сказаў Алег Бурак. 

Прэзідэнт заўважыў, што ў краіне павінна быць як мага больш такіх прадпрыемстваў як «Астрамечава», іх трэба трымаць на ўвазе асабліва і прадумаць, як іх падтрымаць. «Тым больш дзяржава ў гэтым зацікаўлена. Калі яны ўзялі пад нейкую праграму крэдыт, яна будзе рэалізавана і мы атрымаем у канчатковым выніку малако і мяса. У рэшце рэшт яны заслужылі, каб да іх ставіліся па-асабліваму», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

На семінары-нарадзе выступіў і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. У прыватнасці, была закранута тэма завяршэння ўборачнай кампаніі і нарыхтоўкі кармоў. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў паскорыць тэмпы правядзення работ, пакуль гэтаму садзейнічаюць умовы надвор’я. Што тычыцца праблемы з падзяжом ската, было прапанавана ў асобных гаспадарках выкарыстоўваць так званую практыку перакідкі жывёлы. Міністр расказаў, што такая схема ўжо адпрацавана. «Я не настойваю ні на чым. Гэта ваша справа. Калі не можаш і відаць, што загіне жывёла, тады трэба забіраць імем рэвалюцыі і аддаваць туды, дзе яна захаваецца. Але калі ёсць іншыя метады або шляхі , калі ласка, выбірайце любы», — адказаў на гэта Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што вырашаць гэтую праблему любым спосабам павінны вырашаць кіраўнікі на месцах. Але падзяжу жывёлы ні ў якім разе быць не павінна.

«Мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць»

Падводзячы вынікі пленарнага пасяджэння семінара-нарады кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акрэсліў асноўныя задачы і даручэнні. Ён заўважыў, што спецыяльна не запрашае да размовы ні старшыню камітэта дзяржкантролю, ні генеральнага пракурора, якія прысутнічаюць на семінары. Яны б «перцу падкінулі», але праблемы з падзяжом жывёлы, дысцыплінай, кадрамі ў жывёлагадоўлі вядомыя. «Але я вас проста папярэджваю: і міністр унутраных спраў, і генеральны пракурор, і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю мною зарыентаваны на навядзенне парадку ў краіне і перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ненармальна, калі не выконваюцца прынятыя ўладамі рашэнні. «Я вас проста папярэджваю так па-сяброўску: ціск у зімова-стойлавы перыяд з боку праваахоўных, кантрольных органаў будзе шалёны. І вы тут не крыўдуйце», — сказаў Прэзідэнт. Ён гэтак жа папрасіў кантралёраў: перш чым дакладваць аб парушэннях яму, паведамляць аб іх губернатарам, каб яны валодалі сітуацыяй і ўдзельнічалі ў рашэнні гэтых праблем.

Таксама кіраўнік дзяржавы зрабіў адпаведныя высновы з размовы, якая працягвалася больш за тры гадзіны:

Малочнатаварным комплексам быць, заявіў беларускі лідар. У бліжэйшую пяцігодку, як бы ні было цяжка, неабходна ўсю жывёлу перавесці ў комплексы. «Але гэта ня значыць, што мы будзем раскідваць грошы. Не, будзем акуратна падыходзіць да гэтага пытання», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У краіне працягнецца праца і па будаўніцтве свінагадоўчых комплексаў, якія таксама павінны быць высокатэхналагічнымі. Дзяржава будзе падтрымліваць іх будаўніцтва, але варушыцца ў гэтым напрамку павінны ўсе. І гэтую праблему трэба хутка вырашыць. 

Работа з кадрамі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што кваліфікаваных работнікаў у сельскагаспадарчых арганізацыях трэба забяспечыць дастойным заробкам і жыллём. «Па кадрах — выпрацоўвайце да канца года любыя мерапрыемствы, якія вы лічыце патрэбнымі. Вызначайце фонд заробку для кіраўнікоў і спецыялістаў. Спецыялістам трэба плаціць. Пытаемся мы найперш са спецыяліста за вынік. І гэта ж невялікая колькасць людзей у маштабах раёна ці вобласці. Кадры — гэта аснова ўсяго», — сказаў ён. Асобна Прэзідэнт нагадаў пра работу з мэтавікамі. На нядаўняй нарадзе па ўдасканаленні сістэмы адукацыі абмяркоўвалася, што мэтавыя накіраванні на вучобу трэба выдаваць матываваным абітурыентам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падтрымлівае такі падыход. Прычым гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі.

Дысцыпліна. «Дысцыпліна — гэта не проста кулаком стукнуў. Кулаком можна стукаць, калі ў цябе выпрацавана сістэма. Але калі ў вас няма разумнай сістэмы гаспадарання і кіравання, тады што стукаць? Ніхто не зразумее. Старшыні гар-, райвыканкамаў з губернатарамі, выпрацоўвайце стройную, выразную сістэму і дзейнічайце, не чакайце ніякіх указанняў. Памыліцеся (галоўнае, каб фатальных не было памылак) — за памылку чалавека можна заўсёды прабачыць, калі ён імкнуцца зрабіць добра. Але калі ён бяздзейнічае, растапырыўся і сядзіць, не ведае, а то і ведае і нічога не робіць — навошта патрэбен такі кіраўнік? Таму дзейнічайце. Вы — генералы на месцах», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт папярэдзіў, што гэтыя гады будуць няпростымі для вертыкалі ўлады. Асабліва для «тройкі» ў рэгіёнах: упаўнаважанага кіраўніка дзяржавы па вобласці, губернатара і памочніка Прэзідэнта. «Вам праводзіць там электаральныя кампаніі. Мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў удзельнікам семінара-нарады за сустрэчу: «У асноўным бачу, што вы мяне разумееце, дзейнічайце! Я вас вельмі прашу: дзейнічайце, не спыняйцеся. Калі ёсць нейкая праблема, давядзіце яе да мяне. Вы ведаеце, як гэта зрабіць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО

Салігорск

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.